Вы тут

Уцяпліцца, каб не журыцца. Эксперты — пра ўменне дамаўляцца і разам сачыць за якасцю жылля


Камунальна-жыллёвая гаспадарка краіны — адна з самых галоўных галін, якія датычацца ўмоў жыцця чалавека, і менавіта яна прымае большасць нараканняў, калі гэтыя ўмовы не вытрымліваюцца. Супрацоўніцтва дзяржавы і ўласнікаў нерухомасці ў доглядзе жылля дагэтуль застаецца невысокім, хоць пэўныя захады ў Беларусі дзеля гэтага робяцца. У студзені 2020 года ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса, у ліпені — новая рэдакцыя Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП)». На працягу года дзейнічае Указ Прэзідэнта № 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў» з удзелам уласнікаў жылля. Карэспандэнт «Звязды» разам з экспертамі паспрабавала падсумаваць вынікі бягучага года па энергаэфектыўных мерапрыемствах і крыху зазірнуць у 2021-ы.


Навошта рабіць дом энергаэфектыўным

Калі трэба ўцяпляць дом і ці варта гэта рабіць увогуле? Як пераканаць уласнікаў, што ўдасканаленне стану будынка ў цэлым будзе выгадна для кожнай кватэры ў прыватнасці? Навошта ўкладваць грошы сёння, каб атрымаць выгаду ў будучыні? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні, звязаныя з прафесійным кіраваннем жыллём і ўзаемадзеяннем паміж жыхарамі і ўладамі, шукалі і абмяркоўвалі анлайн і афлайн спецыялісты з Беларусі, Германіі, Эстоніі, Латвіі, Азербайджана, Казахстана, Узбекістана, Украіны, Расіі на семінары FpB-19018 «Узаемадзеянне паміж сектарамі ў энергетычнай мадэрнізацыі жылых дамоў», якую зладзіла Міжнародная асацыяцыя менеджменту нерухомасці (МАМН).

Праводзіць энергетычную санацыю жылля трэба правільна, з улікам індывідуальных асаблівасцяў будынкаў у кожнай краіне. У Савецкім Саюзе выкарыстоўваліся адны матэрыялы, а ў Германіі іншыя, так што проста інтэграваць вопыт санацыі адной краіны ў іншую немагчыма. Трэба адаптавацца пад мясцовыя ўмовы і разглядаць уцяпленне з эканамічнага боку, бо не ўсе дзеянні апраўданыя, а празмерная санацыя нясе непатрэбныя выдаткі, упэўнены Вернэр МЕРКЕЛЬ, старшыня праўлення МАМН.

— Часам, праводзячы санацыю дома, можна згубіць больш грошай, чым калі яе зусім не рабіць. Перш чым пачынаць цепларэнавацыю будынка, трэба праводзіць папярэдні аналіз стану дома і аналізаваць эканамічную мэтазгоднасць усіх мер па санацыі, каб загадзя разумець, што трэба рабіць і якія сродкі можна сэканоміць за кошт уцяплення. Здараецца, што лепш нічога не рабіць з эканамічнага пункту гледжання, чым пачынаць работы, бо яны стануць дарэмнымі. І такім чынам атрымаецца сэканоміць больш грошай, калі нічога не рабіць і не ўкладваць ва ўцяпленне, бо прасцей будзе замяніць будынак іншым, чым ратаваць яго з дапамогай санацыі.

Нямецкі эксперт параіў не толькі праводзіць папярэдні аналіз стану будынка, але і паведамляць уласнікам пра магчымасці санацыі дома і даведвацца ў жыхароў, чаго яны хочуць. Часам уцяпленне патрабуе вялікіх сродкаў, якіх ва ўласнікаў проста няма, і дзяржава павінна дапамагчы людзям у гэтым, лічыць ён.

У Беларусі дапамога дзяржавы пры цеплавой мадэрнізацыі дамоў ужо аказваецца, запэўніў удзельнікаў канферэнцыі Генадзь ТРУБІЛА, першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які расказаў, што робіцца для гэтага:

— У ліпеньскай рэдакцыі закона «Аб абароне правоў спажыўцоў ЖКП» асноватворнай прызнана паслуга па кіраванні агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання, што мае на мэце арганізацыю аказання асноўных і дадатковых камунальных паслуг, у тым ліку энергаэфектыўных мерапрыемстваў, упаўнаважанай асобай на падставе дагавора. А Указ № 327 якраз і прадугледжвае стварэнне ўмоў для ўдзелу грамадзян у рэалізацыі мерапрыемстваў па цеплавой мадэрнізацыі будынкаў з дзяржпадтрымкай.

Умовы для энергаэфектыўных мерапрыемстваў у Беларусі досыць памяркоўныя. Фактычна усё, што цяпер патрабуецца ад уласнікаў жылля ў нашай краіне, — сабрацца на сход і прагаласаваць за прапанаванае рашэнне для энергетычнай санацыі падчас капрамонту, каб зменшыць расходы на агульныя работы, лічыць Генадзь КАЛЁНАЎ, выканаўчы дырэктар МАМН:

— Ужо прыкладна пралічана, што растэрмінаваныя на дзесяць гадоў выплаты за работы па ўцяпленні для трохпакаёвай кватэры складуць 30-40 рублёў у месяц. Каля 20 рублёў на працягу 15 гадоў будуць плаціць малазабяспечаныя сем'і. Аднак уласнікі ўсё роўна не хочуць у гэтым удзельнічаць, хоць у перспектыве сума камунальных плацяжоў будзе памяншацца за кошт праведзенай мадэрнізацыі і, адпаведна, памяншэння затрат на эксплуатацыю будынка.

Чаму няма згоды

У Беларусі існуюць планы капітальнага рамонту на пяцігодку. На кожны год даводзяцца дакладныя лічбы па правядзенні капітальнага рамонту. Па даручэнні ЖКГ абласнымі выканкамамі і Мінскім гарадскім выканкамам складзены пералікі дамоў, якія падлягаюць цеплавой мадэрнізацыі. Пры гэтым тэарытычна ў чаргу на капрамонт ставяцца дамы, якім споўнілася 30-35 гадоў, зыходзячы з іх тэхнічных характарыстык і фізічнага стану. Аднак ёсць выпадкі і «маладзейшыя», калі тэхнічнае і інжынернае начынне будынка «састарэла» раней.

Тым не менш за год дзеяння Указа № 327, які прапануе рабіць дом энергаэфектыўным падчас капрамонту па прынцыпе 50 % укладанняў з боку дзяржавы, 50 % — ад уласнікаў жылля, на такія ўмовы пагадзіліся жыхары 24 дамоў у краіне. І толькі адзін будынак у Дрыбіне Магілёўскай вобласці зроблены.

Генадзь Трубіла лічыць, што гэта не той паказчык, якім трэба хваліцца, але гэта ўжо лепш, чым на пачатку дзеяння Указа № 327, калі ўласнікі проста рэагавалі на прапановы з пазіцыі «дзяржава ўсё павінна», бо ўсе так прывыклі.

— Цяпер мы бачым ужо дакладныя моманты, як працаваць з людзьмі. У прыватнасці, Мінжылкамгас зацікаўлены ў дапамозе міжнародных экспертаў пры распрацоўцы тэхніка-эканамічнага абгрунтавання эфектыўнасці мерапрыемстваў, якія прапаноўваюцца да рэалізацыі, — заўважыў Генадзь Трубіла. — Неабходна таксама распрацоўка методыкі папярэдняй ацэнкі кошту работ па кожным відзе энергаэфектыўных мерапрыемстваў.

Меркаваннямі, чаму ўласнікі жылля не пагаджаюцца на энергаэфектыўныя мерапрыемствы, падзяліліся спецыялісты, якія непасрэдна ведаюць, як праводзяцца сходы з уласнікамі жылля перад пачаткам капрамонту.

— Сходы праводзіць складана, бо, па-першае, на іх прыходзяць звычайна толькі 30—40 % жыхароў. Па-другое, згодна з пастановай Саўміна № 324, не ўсе работы па капрамонце цяпер праводзяцца за кошт адлічэнняў на капрамонт. Работы падраздзяляюцца, і далёка не ўсе грамадзяне хочуць удзельнічаць у гэтым. Тым больш што чаканні ад капрамонту ва ўсіх розныя, і многія памятаюць часы, калі падчас капрамонту выконваліся ўсе работы і па доме, і па інжынерных сетках, і будынак выходзіў як з карцінкі. Цяпер гэтыя работы абмежаваныя нарматыўнымі дакументамі, — выказаўся Вячаслаў БАТУРА, намеснік генеральнага дырэктара па эксплуатацыі жыллёвага фонду і вытворчых пытаннях Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі.

Уцяпленне дома цяпер праводзіцца за бюджэтны кошт, калі ёсць заключэнне праектнай арганізацыі, што вонкавыя канструкцыі маюць патрэбу ва ўцяпленні. Калі такога дакумента няма, уцяпліцца ўласнікам прапануюць за ўласны кошт, падкрэсліў ён.

Галоўная задача работнікаў ЖКГ — давесці да ўласнікаў, што іх фінансавы ўдзел у энергазберагальных мерапрыемствах на іх доме патрэбен найперш ім самім, бо гэта і камфорт павысіць, і выдаткі на камунальныя плацяжы ў далейшым паменшыць, упэўнены Павел ВЯСЁЛКА, намеснік начальніка абаненцкага аддзела Жыллёва-камунальнай гаспадаркі № 1 Маскоўскага раёна Мінска:

— Трэба дакладна расказваць людзям пра мерапрыемствы, пра тэрмін акупнасці і іншае, і зрабіць гэта проста каля пад'езда цяжка, тым больш у час пандэміі і ўзімку. З 24 сходаў запланаваных удалося правесці 18 па тых дамах, якія налета мяркуецца капітальна рамантаваць. Ніводнага станоўчага рашэння з жыхарамі прынята не было. Хоць з'яўляюцца свядомыя жыхары і мы стараемся схіліць іх да супрацоўніцтва, каб ужо яны расказвалі іншым уласнікам пра карысць мерапрыемстваў.

Чым карысны энергааўдыт

Уласнікі жылля ва Украіне пагаджаюцца на энергаэфектыўныя работы ў доме значна часцей, чым беларусы. Магчыма, таму, што і кошт за ацяпленне тут вышэйшы, чым у Беларусі, і праграмы распрацаваны на розных узроўнях. Аднак тамтэйшыя эксперты маюць і ўласную практыку работы з жыхарамі.

Перш чым праводзіць капрамонт, на сходзе членаў праўлення АСШД (аб'яднання саўладальнікаў шматкватэрнага дома — так ва Украіне называюцца таварыствы ўласнікаў) прымаецца рашэнне аб правядзенні энергааўдыту дома за ўласныя сродкі, расказала пра ўкраінскі вопыт Любоў КАРПЕНКА, старшыня праўлення Запарожскага рэгіянальнага цэнтра асветы і тэрмамадэрнізацыі і стварэння АСШД «Круг»:

— Гэта не надта вялікія грошы. Аднак на рукі вы атрымліваеце дакументы, дзе паказаны стан дома, рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі. Таксама мы ствараем рабочую групу, куды ўваходзяць таксама актыўныя саўладальнікі жылля, якія хочуць, каб дом стаў больш камфортным і жыццяздольным. Толькі пасля гэтага мы разам з кансультантам рыхтуем прэзентацыю, дзе робім дакладны разлік для кожнага віду кватэр і па грашовых укладаннях, і па рэальных выніковых лічбах эканоміі. І толькі пасля гэтага ідзём на агульны сход да ўсіх уласнікаў, кожны з якіх на прыкладзе ўбачыць магчымасць эканоміі.

Магчыма, менавіта такі падыход трэба рабіць і ў Беларусі, каб уласнікі бачылі разлікі па сваім доме і кватэры, а не прыблізныя ўсярэдненыя лічбы па абстрактным будынку, мяркуе Генадзь Калёнаў.

— У Беларусі шмат дамоў аднолькавых серый. Магчыма, мае сэнс браць інфармацыю па зробленым пілотным будынку і, разумеючы, што разлікі, пэўна, будуць не вельмі адрознівацца ў падобным жыллі, паказваць уласнікам больш дакладныя лічбы, якія яны могуць атрымаць. Тады і пагаджацца псіхалагічна жыхарам будзе лягчэй.

Вопыт энергазберагальнай санацыі ў Берліне ў раёне Марцан-Хелерсдорф (гэта панэльная забудоўля са 100 тысяч кватэр, 90 % з якіх саніраваны) сведчыць, што мае сэнс ствараць тыпавыя рашэнні для санацыі дамоў серыйнай забудоўлі, пагадзіўся Бернхард ШВАРЦ, дырэктар праектаў Ініцыятывы «Жыллёвая гаспадарка ва Усходняй Еўропе» (Берлін, Германія):

— Хоць, вядома, кожны будынак усё роўна мае свае асаблівасці, аднак перавага такога падыходу ў тым, што мы атрымліваем сумы, неабходныя для санацыі дома ў адным раёне.

Яшчэ адна праблема стасункаў з жыхарамі ў Беларусі ў тым, што ў старых будынках пераважна жывуць пенсіянеры, якія маюць невялікую пенсію і адразу апелююць супраць укладанняў: «А колькі мне жыць засталося?» Тым больш што на сходах каля пад'езда адзінае, што чуюць людзі, — трэба плаціць, і далей ужо не ўнікаюць у сутнасць, кажуць старшыні айчынных таварыстваў уласнікаў. Пэўна, схіліць іх да ўцяплення можа толькі адчувальнае павелічэнне тарыфаў на энерганосьбіты або, магчыма, разуменне, што ў будучыні мадэрнізаванае цяпер жыллё, якое застанецца ў спадчыну дзецям-унукам, будзе больш прывабным па кошце.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Уцяпліцца, каб не журыцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.