Вы тут

І ў няволі звер застаецца дзікім


У дзеючым прыродаахоўным заканадаўстве ўрэгуляваны амаль усе пытанні, якія датычацца дзікіх жывёл: ад іх знаходжання ў натуральным асяроддзі да ўтрымання ў няволі. Правільнае выкананне гэтых нормаў – важная ўмова для дабрабыту братоў нашых меншых.

Фота Андрэя Феакцістава.

Рэгістрацыя для чарапахі

Адзін з важных момантаў, які прапісаны ў беларускім заканадаўстве, – гэта парадак і ўмовы рэгістрацыі дзікіх жывёл у няволі. Так, у адпаведнасці з артыкулам 43 Закона “Аб жывёльным свеце” дзікія жывёлы, якія ўтрымліваюцца ці былі разведзены ў няволі, павінны быць зарэгістраваныя іх уладальнікамі. Гэта датычыцца як відаў, уключаных у Чырвоную кнігу ці падпадаючых пад дзеянне Канвенцыі СІТЭС, так і тых жывёл, што пражываюць у нашай краіне ў натуральным асяроддзі. На працягу месяца з моманту, як фізічная ці юрыдычная асоба купіла, атрымала у падарунак – словам, пачала валодаць жывёлай, трэба зарэгістраваць свайго новага гадаванца. Што ж тычыцца чырванакніжнікаў і ўзораў СІТЭС, іх трэба зарэгістраваць у Мінпрыроды, астатніх дзікіх жывёл у няволі рэгіструюць яго тэрытарыяльныя органы (абласныя і Мінскі гарадскі камітэты).

Як расказала кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова, папярэдне спецыялісты прыродаахоўнага ведамства разам з навукоўцамі выязджаюць на месца новай прапіскі жывёлы і правяраюць, наколькі створаныя ўмовы адпавядаюць яе відавым і індывідуальным асаблівасцям.

Яшчэ адна важная ўмова – жывёла не павінна мець магчымасці самаадвольна выходзіць з месца свайго ўтрымання. Гэта ўберажэ ад небяспекі як саму жывёлу, так і людзей, якія жывуць побач з ёй.

Фота Анатоля Клешчука.

Дзякуючы рэгістрацыі Мінпрыроды вядзе ўлік такіх гадаванцаў. Гэта дапамагае вызначыць уладальніка “ўцекача”, які трапіў на вуліцу ці ў чужую кватэру. Але здараецца, што знойдзеныя жывёлы аказваюцца незарэгістраванымі.

– Я звяртаю ўвагу такіх уладальнікаў: за несвоечасовую рэгістрацыю прадугледжана адказнасць у адпаведнасці з артыкулам 15.32 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, – кажа Таццяна Жалязнова. – Не трэба таксама ісці ў ЖЭС і спрабаваць зарэгістраваць купленую экзатычную жывёлу як хатнюю. Нягледзячы на тое, што, напрыклад, папугаі ці чарапахі жывуць у нашых кватэрах, яны не перастаюць быць дзікімі (могуць жыць ва ўмовах натуральнай свабоды). Акрамя таго, без адпаведнай рэгістрацыі ўладальнік жывёлы – узору СІТЭС – не атрымае спецыяльнага дазволу на перамяшчэнне і не зможа вывезці яе за мяжу.

Перасоўныя звярынцы забароняць?

Каб заканадаўства ўлічвала ўсе нюансы практыкі правапрымянення, Мінпрыроды ініцыявала ўключэнне ў план падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў на 2021 год унясенне зменаў у Закон “Аб жывёльным свеце”.

Так, адной са змен прадугледжваецца забараніць утрымліваць у хатніх умовах асобныя катэгорыі жывёл. Плануецца, што ў спіс увойдуць небяспечныя жывёлы (драпежнікі), некаторыя віды птушак. Поўны пералік будзе распрацоўвацца Мінпрыроды разам з НАН Беларусі.

Фота: twimg.com

– У нас былі выпадкі, калі грамадзяне хацелі ўтрымліваць у хатніх умовах ільвоў, – тлумачыць Таццяна Жалязнова. – Зразумела, гэта недапушчальна, таму што вялікая кошка не можа жыць у кватэры, да таго ж гэта рызыка для здароўя і жыцця людзей. Мы будзем выходзіць з прапановай канфіскацыі такіх жывёл, каб не дапускаць сур’ёзных праблем.

Таксама плануецца ўстанавіць забарону на выкарыстанне дзікіх жывёл у перасоўных звярынцах. Там часам там утрымліваюцца буйныя жывёлы, але для іх нельга забяспечыць неабходныя ўмовы.

– На наш погляд, перасоўныя звярынцы – гэта прыклад жорсткага абыходжання з жывёламі, і мы лічым іх недапушчальнымі на тэрыторыі рэспублікі, – кажа Таццяна Жалязнова. – Дарэчы, з ініцыятывай аб забароне звярынцаў да нас звярталіся зааабарончыя арганізацыі, і мы цалкам яе падтрымліваем.

Абмежаванні чакаюцца і ў працы кантактных заапаркаў. Як расказала прадстаўнік Мінпрыроды, разам з вучонымі плануецца распрацаваць абмежаваны пералік відаў, якія будзе дазволена ўтрымліваць у кантактных заапарках. Сярод іх – жывёлы, у найменшай ступені схільныя да стрэсу пасля кантакту з чалавекам.

Фота: foursquare.com

– Дзікія жывёлы нават у няволі застаюцца дзікімі, і калі людзі іх бяруць на рукі, гладзяць, для іх гэта заўсёды стрэсавая сітуацыя, – тлумачыць Таццяна Жалязнова. – Такое недапушчальна. Акрамя таго, немагчыма гарантаваць бяспеку і для чалавека. Таму і плануецца ўвесці абмежаванні.

Дапамагаць ці не дапамагаць?

З-за змянення клімату і іншых фактараў некаторыя птушкі застаюцца зімаваць у Беларусі. Ці трэба ім дапамагаць? Па словах Таццяны Жалязновай, калі жывёла здаровая, то яна ў стане выжыць у дзікім асяроддзі, а ў выпадку пагрозы жыццю ці пры неспрыяльных умовах надвор’я – адляцець у іншае месца.

Фота Анатоля Дрыбаса.

Пры гэтым часта негатыўна ўплывае на птушак тое, што некаторыя грамадзяне іх падкормліваюць амаль круглы год. І паколькі ежы заўсёды дастаткова і на радзіме, птушкі не ляцяць у вырай. Гэта можа стаць праблемай падчас рэзкага пахаладання, калі крылатым сапраўды неабходна дапамога, а людзі ў такі перыяд перастаюць іх падкормліваць. Каб не адвучаць птушак ад самастойнага пошуку ежы, Мінпрыроды просіць іх карміць толькі падчас значных халадоў.

Таццяна Жалязнова таксама нагадала механізм дзеяння ў выпадку сустрэчы з дзікай жывёлай, якая церпіць бедства. Неабходна патэлефанаваць на нумар аператыўна-дзяжурнай службы МНС ці МУС, расказаць пра месцазнаходжанне жывёлы і пакінуць свае кантактныя даныя. Гэту інфармацыю перададуць у спецыяльную камісію, якая дзейнічае пры кожным выканаўчым і распарадчым органе. Ветэрынар, карыстальнік зямельных угоддзяў, дзе сустрэлася параненая жывёла, прадстаўнікі тэрытарыяльных органаў Мінлясгасу, Мінпрыроды і іншыя члены камісіі выедуць на месца і высветляць, ці патрэбна жывёле дапамога. Пры неабходнасці яе перададуць у спецыялізаваную ўстанову для лячэння, а потым, калі гэта магчыма, адпусцяць у натуральнае асяроддзе ці пакінуць у месцы ўтрымання на пастаяннай аснове.

Фота Андрэя Феакцістава.

Самім грамадзянам не варта дапамагаць такой жывёле. Так можна яшчэ больш ёй нашкодзіць, бо параненая птушка ці казуля з перабітай нагой і так зазнаюць вялікі стрэс і боль, а сустрэча з чалавекам можа ўзмацніць гэтыя пакуты. Акрамя таго ў выпадку, калі звер аказваецца хворым на шаленства, гэта можа паставіць пад пагрозу і жыццё чалавека.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.