Вы тут

Графічная спадчына гетмана Януша Радзівіла


Сярод прадстаўнікоў легендарнага роду Радзівілаў было надзіва шмат таленавітых асоб. Военачальнікі, дзяржаўныя дзеячы, яркія творцы ў розных відах мастацтва і шмат хто яшчэ… Літаральна ўсе яны імкнуліся пакінуць адметны след у гісторыі Айчыны. Адна з цікавых асоб — гетман Януш Радзівіл (1612–1655), які лічыцца адной з супярэчлівых асоб у гісторыі Рэчы Паспалітай. Ён валодаў шматлікімі маёнткамі — яму належалі Біржы, Дубінкі, Кейданы, Віжуны, Папелі, Яшуны на тэрыторыі сучаснай Літвы, Любча ў Навагрудскім павеце, Дайліды і Заблудаў у Гродзенскім павеце, Невель у Віцебскім павеце, Себеж у Полацкім павеце. Вельмі часта Януш Радзівіл уступаў у розныя канфліктныя сітуацыі, сваркі, адстойваючы ўласныя інтарэсы, нават пасварыўся з каралём Уладзіславам IV, які, праўда, праз некаторы час прабачыў магната. У палітычных адносінах Януш Радзівіл быў прыхільнікам ідэі незалежнасці Вялікага княства Літоўскага.


Менавіта яму прысвечана кніга «Абрысы розныя»: малюнкі і чарцяжы Януша Радзівіла», якая толькі што пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь». Аўтарамі тэксту выступаюць даследчыкі айчыннай гісторыі М. А. Волкаў і К. І. Карлюк.

На старонках даволі прыгожай у паліграфічным выкананні кнігі — сапраўдная калекцыя ўласнаручных малюнкаў і чарцяжоў гетмана Януша Радзівіла з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі. Кніга з’яўляецца ўнікальным зборам і не мае аналагаў ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне (дзіўна, што такога выдання не было да гэтага часу!). На чарцяжах і малюнках — велізарная колькасць архітэктурных збудаванняў, краявіды цэлых гарадоў усходніх зямель Беларусі і Украіны, якія значна пацярпелі альбо былі цалкам знішчаны ў перыяд вайны 1648–1667 гг. Збор графічнага матэрыялу з’яўляецца адлюстраваннем на паперы грунтоўных разваг, назіранняў аўтара.

На старонках выдання даецца таксама атрыбуцыя малюнкаў, разгляд тэматыкі сюжэтаў, зварот да кантэксту стварэння графічных прац. Несумненна, выданне з’яўляецца істотным дапаўненнем у бібліятэку кніг пра гісторыю і культуру Вялікага княства Літоўскага.

Набыць кнігу можна ў «Акадэмкнізе» ў Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?