Вы тут

Якой будзе атамная будучыня Зямлі


Праблемы перанасялення, пагроза новых эпідэмій, перспектывы чыстай энергетыкі, змяненне клімата і магчымасці перадавых тэхналогій абмяркоўвалі эксперты і моладзь з пяці кантынентаў на міжнароднай канферэнцыі NEXT 75, прысвечанай будучыні чалавечай цывілізацыі.


Спікеры мерапрыемства лічаць, што вырашаць глабальныя праблемы трэба ўсім разам і тэрмінова, пакуль не стала занадта позна. Каб чалавецтва выкарыстала шанец змяніць будучыню, знаходзіць болевыя кропкі цывілізацыі і рэагаваць на іх неабходна ўжо зараз, упэўнены эколагі, вірусолагі, біёлагі, антраполагі і энергетыкі, якія ўзялі ўдзел у каферэнцыі.

«Немагчыма спыніць рост насельніцтва на планеце, але можна прадухіліць крызіс перанасялення і барацьбу за рэсурсы, якія імкліва скарачаюцца, шляхам барацьбы з беднасцю», — лічыць доктар Тэджбір Сінгх Рана, прафесар Дэлійскага ўніверсітэта.

«Складана прадказаць з’яўленне новых эпідэмій, аднак кожная нацыя павінна быць гатовая тэрмінова прыняць самыя строгія меры, каб не дапусціць ланцуговай рэакцыі распаўсюджвання інфекцыі за межы краіны, тым самым маючы адказнасць перад усім чалавецтвам», — заклікаў вядомы вірусолаг Аевале Тамары.

«Для вырашэння экалагічных праблем неабходна не проста выкарыстоўваць безвугляродныя крыніцы энергіі, але найперш развіваць найбольш магутны від генерацыі — атамную энергетыку, інакш пад ветравыя і сонечныя станцыі прыйдзецца займаць вялізныя плошчы», — патлумачыў Томас Бліс, аўтар кнігі «Лекі для планеты».

За канферэнцыяй назірала больш як 400 тысяч чалавек з розных куткоў свету, якія мелі магчымасць у рэжыме анлайн задаваць пытанні экспертам. У Беларусі пляцоўкай для ўдзелу ў мерапрыемстве стаў Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя Сахарава БДУ. Студэнтка Джэсіка Міронава пацікавілася, ці зрабілі людзі спробу замарозіць ДНК усіх жывых і нежывых істот, стварыць гэткі своеасаблівы Ноеў каўчэг для цывілізацыі.

Эколаг і публіцыст Карл Сафіна адказаў, што на востраве Шпіцберген у Арктыцы існуе сховішча — агромністая шахта, якая сыходзіць глыбока ўніз, пад пласт адвечнай мерзлаты. Там на паліцах стэлажоў, у вечным спакоі захоўваюцца ўзоры ўсіх вядомых зерневых культур. Існуюць і іншыя спробы захаваць зямную біяразнастайнасць, аднак збіраць і захоўваць часціцы абсалютна ўсіх раслін і жывёл стала б занадта грандыёзнай задачай. Больш правільна вярнуцца да свету, які будзе здольны сам падтрымліваць біяразнастайнасць усіх жывых істот.

Падводзячы вынікі канферэнцыі, назва якой была абарана невыпадкова і прысвечана 75-годдзю атамнай прамысловасці, генеральны дырэктар дзяржкарпапрацыі «Расатам» Аляксей Ліхачоў адзначыў: «Усё, што адбываецца ў самым аддаленым куточку Зямлі, раней ці пазней закране кожнага з нас. Значыць наша агульная задача — знайсці сумеснае рашэнне для прадухілення выклікаў і пагроз. Нам не ўсё роўна, якая будучыня чакае нашу планету, і канферэнцыя дазволіла зразумець, што неабходна рабіць сёння, каб у наступныя 75 гадоў жыццё на Зямлі стала лепшым і бяспечным».

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Спорт

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Чорны пояс па таэквандо і светлы шлях па жыцці плыўца-параалімпійца.

Грамадства

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?

Штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга.