Вы тут

Сімвалам наступнага года абраны дамашні як


На гэтую ролю тут было некалькі прэтэндэнтаў, у тым ліку зубр. Выбар на карысць дамашняга яка абумоўлены некалькімі прычынамі. Па-першае, яго афарбоўка. Па сваім знешнім выглядзе Дымок як ніхто іншы адпавядае 2021 году, а гэта год Белага Металічнага Быка. Па-другое, які — парнакапытныя жывёлы з роду сапраўдных быкоў.


У Гродзенскім заапарку стала традыцыяй выбіраць сімвал года. Дымок прыйдзе на змену папярэдняму сімвалу — пацуку па мянушцы Гаечка. Хатні як яшчэ даволі малады — яму няма і пяці гадоў. У заапарк яго прывезлі з Карэліі. Аднак, Дымок ужо паспеў абзавесціся нашчадкам — сёлетнім летам у яго і самкі Жэі нарадзіўся першынец, якога ў заапарку назвалі Жуком. Усё сямейства знаходзіцца ў адным вальеры і аддае перавагу свежаму паветру, хоць для ўсіх парнакапытных у заапарку ўстаноўлены домікі з бярвення.

Дзякуючы тоўстай поўсці я́кі вельмі добра пераносяць нізкія тэмпературы, мароз і холад для іх больш спрыяльныя, чым, напрыклад, гарачае лета. У дзікай прыродзе гэтыя жывёлы здольныя ўзбірацца на высокія вяршыні і нават сярод снегу адшукваць сабе ежу. Дамашнія які — сапраўдныя памочнікі для жыхароў высакагорных раёнаў.

Вось і ў гродзенскага Дымка дружалюбны характар. Тым не менш ён не будзе пакідаць межы вальера, як гэта было з іншымі сімваламі года — парсючком, сабакам і пацуком. Затое ўсе наведвальнікі могуць пачаставаць новага сімвала года і загадаць жаданне. Пачастункі, а гэта ў асноўным агародніна, трэба пакідаць на варце альбо перадаць супрацоўнікам заапарка. Самастойна карміць Дымка забаронена — як, дарэчы, і ўсіх астатніх жывёл.

Трэба сказаць, што нядаўна ў заапарку з'явілася самка лемура з «навагодняй» мянушкай Санта. Яна нарадзілася ў Іспаніі чатыры гады таму, а ў Гродна прыехала з Вільнюса. Дарэчы, яе прыезд доўгі час адкладваўся з-за пандэміі, і вось, нарэшце, гэта падзея адбылася. Санту набылі для пары лемуру Глобусу. Лемуры — жывёлы, якія адносяцца да атрада прыматаў і лічацца аднымі з самых загадкавых істот. У дзікай прыродзе яны жывуць толькі на Мадагаскары.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Дымок з ганаровым статусам

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

На якіх банкаўскіх укладах заробіш больш

На якіх банкаўскіх укладах заробіш больш

Самыя вялікія працэнты — у рублёвых дэпазітах.

Грамадства

Які глыбінны сэнс змяшчае фраза «Хрыстос уваскрос!»

Які глыбінны сэнс змяшчае фраза «Хрыстос уваскрос!»

Вялікдзень для хрысціян — сімвал і сведчанне перамогі жыцця над смерцю.

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.