Вы тут

Cпыталі ў спецыялістаў б'юці-сферы, як паспець прывесці сябе ў парадак да навагодняй ночы


Вечар 31 снежня — мяжа паміж мінулым і будучыняй — няўхільна набліжаецца. І калі ў апошні дзень года вы раптам зразумелі, што так і не паспелі прывесці ў парадак твар, пазногці і прычоску, то... усё яшчэ можна выправіць!


Маска, я цябе ведаю!

Непасрэдна перад Новым годам вас выратуюць сродкі, якія дазваляюць атрымаць неадкладны эфект, адзначаюць касметолагі. Перш за ўсё гэта патчы пад вочы. Гэтыя простыя SOS-сродкі павінны быць у арсенале любой сучаснай жанчыны. Працэдура ліквідуе маршчынкі, разгладзіць і падцягне тонкую скуру пад вачыма, падыме знешні край вока, прыбярэ эфект «стомленых вачэй». Выкарыстоўваюць патчы ў любы час сутак. Галоўнае, каб скура была вычышчаная і танізаваная. Лепш за ўсё выкарыстоўваць іх раніцай, калі ўвечары намячаецца святочнае мерапрыемства. Ліпкі бок патча варта накладваць непасрэдна пад ніжнія вейкі — так, каб паміж патчам і вокам было прыкладна 2 мм свабоднай скуры. Патчы павінны шчыльна прылягаць да твару. І не лянуйцеся паляжаць з імі 20-30 хвілін, інакш вынік можа быць не надта прыкметны.

Бліжэй да ўрачыстасці можна накласці на твар маску, эфект якой — сеткаваты або плёначны ліфтынг. Як правіла, такія маскі ўтрымліваюць буйныя малекулы гіалуронавой кіслаты, якія ўтвараюць нябачную сетку або плёнку на твары. Мыць твар пасля такой маскі нельга — знікне эфект: вы змываеце сродак, і скура вяртаецца да зыходнага стану.

— Добра працуюць і асвяжальныя экспрэс-маскі з дэтакс-эфектам, напрыклад, з алоэ. Як і патчы з алоэ пад вочы, — адзначае касметолаг і візажыст Таццяна Канапелька.

Яшчэ адзін варыянт — папулярныя альгінатныя маскі. Калі вы яшчэ не ў курсе, альгінатная маска — гэта белы парашок, падобны на муку або крухмал, у прыгожым слоічку. Альгінаты — гэта высокамалекулярны поліцукрыд, выцяжка з марской водарасці ламінарыя. Альгінатныя маскі здольныя справіцца практычна з любымі б'юці-праблемамі — ад акнэ да маршчын і пігментацыі, ад ацёкаў да сухасці і гіперадчувальнасці. Парашок разводзіцца вадой або касметычнымі вадкасцямі да стану кашы, падобнай на цеста для бліноў, і наносіцца на скуру. Нанасіць маску трэба хутка — яна амаль адразу застывае. І потым здымаецца, як другая скура, а ваша пад ёй — ужо значна больш прыгожая, чым першапачаткова.

Але касметолагі папярэджваюць: нанасіць альгінатную маску варта не стоячы перад люстэркам, а лежачы, і нават злёгку закінуўшы галаву! Накладваючы маску ў вертыкальным становішчы, вы рызыкуеце «сцягнуць твар уніз» і атрымаць адваротны эфект. Менавіта таму лепш за ўсё на апошні дзень у годзе запісацца на альгінатную маску ў салон прыгажосці. Перад нанясеннем маскі ў салоне вам зробяць масаж твару, які прыпадыме патрэбныя мышцы і падцягне скуру, а эфект замацуе альгінат. Але нават дома альгінатную маску можна зрабіць правільна (асабліва калі папрасіць дапамогі блізкіх у яе нанясенні), а каб узмацніць эфект — нанесці пад яе крэм або сыроватку: так яны глыбей пранікнуць у скуру.

Зразумела, калі вы не запісаліся да касметолага загадзя, патрапіць у салон 31 снежня практычна нерэальна. Але, дапусцім, вам пашчасціла. Значыць, можна зрабіць... пілінг. Непасрэдна перад святам дапушчальныя так званыя «банкетныя» пілінгі — павярхоўныя, з невысокім працэнтам AHA-кіслот. Дарэчы, такія пілінгі з фруктовымі кіслотамі можна рабіць і дома — гэтыя сродкі прадаюцца ў касметычных аддзелах магазінаў, ёсць нават беларускай вытворчасці (і досыць нядрэнныя). «Банкетныя» пілінгі не разлічаны на працяглы вынік, затое даюць кароткачасовы эфект гладкага, «фарфоравага» твару, дадаюць рысам скульптурнасць, ліквідуюць ацёкі і робяць твар маладзейшым.

— Што датычыцца мейкапа, цяпер у трэндзе свежасць, — распавядае Таццяна. — Я раіла б СС-крэм для выраўноўвання тону скуры, лёгкае скульптурыраванне (цёмнае адценне наносім пад скулы і ў складку века), дадаём трохі румян. Завяршае вобраз туш для веек і бляск для вуснаў.

Рукі ў бокі

Манікюр у салоне лепш зрабіць за некалькі дзён да ўрачыстасці — у гэтым выпадку можна выбраць шэлак (устойлівае пакрыццё пазногцяў) і больш не думаць «о красе ногтей». Калі ж з манікюрам не склалася (у майстроў, як правіла, загадзя распісаны ўвесь снежань), застаецца спадзявацца на ўласныя сілы. У гэтым выпадку на ноч з 30 на 31 снежня можна зрабіць маску для скуры рук (такія маскі таксама прадаюцца ў касметычных аддзелах і ў інтэрнэт-крамах) або нанесці пажыўны крэм і надзець баваўняныя пальчаткі, каб ён глыбей пранік у скуру. А да нанясення крэму або маскі — зрабіць пілінг скуры рук. Перад манікюрам дасць эфект пяціхвілінная ванначка для рук — напрыклад, літр цёплай вады + сталовая лыжка солі. А вось нанясенне лаку лепш адкласці на вечар — у пераднавагодняй мітусні ёсць шанц пашкодзіць пакрыццё. Дарэчы, даручыце чыстку бульбы і адмыванне патэльні ад тлушчу вашым мужчынам — інакш усе намаганні па прывядзенні ў парадак рук будуць марныя. Да вашага ведама: у наступным годзе па-ранейшаму актуальныя кароткія пазногці. Форма — авал або мяккі квадрат. У навагоднім манікюры-2021 у трэндзе бліскаўкі і бліскучыя каменьчыкі.

Педыкюр неабходны, калі ваш навагодні вобраз уключае адкрыты абутак. У іншых выпадках можна абысціся без яго.

Як Рапунцэль

Здаровыя, бліскучыя, шаўкавістыя валасы ўпрыгожаць жанчыну лепш за любую ўкладку. Тым больш што да цырульніка, як вы ўжо здагадаліся, без папярэдняга запісу перад Новым годам таксама не патрапіць. Але нават калі вы запісаныя ў салон, майце на ўвазе, што планаваць кардынальную змену вобразу на пераднавагоднія дні — неразумна. І звычайна майстры ў салонах за такія заказы не бяруцца: калі нешта пойдзе не так, выпраўляць будзе ўжо няма калі.

— Пасля 25 снежня не варта рабіць з валасамі нічога больш складанага за таніраванне, — кажа парыкмахер-стыліст, тэхнолаг касметычнага брэнда KEUNE Маргарыта (Іnstagram: margo.happyhaіr).

Плануйце эксперыменты на студзень, калі скончацца навагоднія вечарынкі. Калі да пачатку свята засталося 10-12 гадзін, можна зрабіць маску з колерам, кажа стыліст. Гэта дадасць валасам бляск, асвяжыць колер валасоў і зробіць яго ярчэйшым. Але не варта рызыкаваць, выбіраючы такую маску ў мас-маркеце: колер можа аказацца занадта інтэнсіўны або легчы плямамі. Прафесійныя маскі ў продажы ёсць паўсюдна (напрыклад, у аддзелах з прафесійнай касметыкай для валасоў у буйных гіпермаркетах), каштуюць яны не нашмат даражэй за маскі з мас-маркета, затое значна больш прадказальныя і бяспечныя, калі казаць пра вынік.

— Але калі маскі з колерам вы раней ніколі не спрабавалі, не трэба эксперыментаваць 31 снежня. Спыніцеся на якаснай масцы па доглядзе валасоў, — падкрэслівае суразмоўніца.

Што датычыцца ўкладкі, зараз у модзе натуральнасць. Але, вырашыўшы, што ў навагоднюю ноч у вас будуць, напрыклад, локаны, улічыце праграму свята. Калі вы плануеце начную прагулку на свежым паветры, то, хутчэй за ўсё, у нашым клімаце валасы яе «не перажывуць». Лепш выбраць проста дагледжаныя валасы, чым суперстыльную ўкладку, што пратрымаецца 30 хвілін, кажа майстар. І нагадвае, што любыя ўкладкі робяцца толькі на чыстыя, свежавымытыя валасы.

Лакі для валасоў з бліскаўкамі мы звычайна не выкарыстоўваем у штодзённым жыцці. Але на Новы год яны якраз тое, што трэба. Такі лак дадасць адпаведны настрой у ваш вобраз. Тым больш што бліскаўкі цяпер у модзе — і на вопратцы, і ў мэйкапе, і на пазногцях, і ў валасах. І не забудзьцеся пра ўсмешку! Вочы, што зіхацяць шчырай радасцю, робяць прыгожай любую жанчыну.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Адваротны адлік

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.