Вы тут

Зоркі беларускай эстрады будуць спяваць свае песні у эфіры канала «Беларусь 1»


Праводзіць стары год і сустракаць новы пад гукі любімых мелодый для многіх з нас — добрая сямейная традыцыя, без якой не абыходзіцца ніводнае гэтае свята. І таму тэлеканал «Беларусь 1» падрыхтаваў для сваіх гледачоў падарунак ад творчай каманды медыяхолдынга і любімых артыстаў беларускай эстрады. У апошнія гадзіны адыходзячага года нас чакае музычна-харэаграфічная шоу-праграма «Новы год на Беларусь 1».


Здымкі яе праходзілі ў найбуйнейшым павільёне кінастудыі «Беларусьфільм» на працягу некалькіх дзён на спецыяльна спраектаванай сцэне. Аляксандр Саладуха, Ірына Дарафеева, Юлія Быкава, Вікторыя Алешка, Жанэт, Алена Ланская, сёстры Груздзевы, Святлана Агарвал і многія іншыя артысты будуць гэтым вечарам спяваць для беларусаў свае найлепшыя песні ды сусветна вядомыя хіты і агучваць святочныя віншаванні.

— Гэты год быў насычаны і запомніцца мне рознымі падзеямі, але самая яркая — гэта мая спраўджаная мара трапіць на дзіцячы конкурс песні «Еўрабачанне-2020», — дзеліцца прадстаўніца Беларусі на конкурсе Арына Пехцерава. — Я шчыра хачу пажадаць усім, каб і вашы мары здзяйсняліся. Смела ідзіце да сваіх мэт і ніколі не здавайцеся. І яшчэ вельмі моцна верце ў сябе!

Усе два дні здымак у сценах кінастудыі чуліся музыка, смех і гучалі радасныя галасы. Якраз на такіх канцэртах часам можна сустрэцца з калегамі-журналістамі і з выканаўцамі, пад чые песні заўсёды хочацца марыць пра добрае і светлае свята, каханне, цуд... Пасля аднаго з такіх выступленняў «перахапіла» спявачку Юлію Быкаву, якую многія ведаюць як салістку гурта Aura. Вырашыла запытаць, як яна ўспрымае навагодняе свята і дзе плануе пачуць бой курантаў.

— Думаю, сёлета Новы год мы сустрэнем дома ў сямейным коле. Я гэтаму вельмі радуюся, бо ў нас цудоўныя дзеці, з якімі мне хочацца праводзіць як мага больш часу. Мы з імі ўпрыгожылі ёлачку і дом. Зараз жывём у прадчуванні свята, — кажа артыстка. — З дзяцінства ў мяне Новы год асацыюецца з чымсьці чароўным... Пах хвоі, мандарынаў, любімая ежа — усе гэтыя рэчы ствараюць атмасферу свята. Таксама я веру ў прыкмету: як Новы год сустрэнеш, так ён і пройдзе. Таму імкнуся ні з кім не пасварыцца ў гэты дзень. Але калі нейкія непрыемнасці і трапляюцца, то, думаю, не варта адразу думаць пра дрэннае. Заўсёды лепш канцэнтравацца на пазітыве, што б ні здарылася. З уласнага вопыту скажу, што лепш за ўсё сустракаць Новы год дома — тады свята атрымліваецца па-сапраўднаму душэўнае. Жадаю ўсім нам у Новым годзе дабрыні, шчасця (яно ў кожнага сваё), кахання і здароўя! Умейце ва ўсім заўважаць добрае і светлае!..

Трэба заўважыць, што кампанію артыстам складуць вядомыя асобы на Беларускім тэлебачанні — усе тыя, хто на працягу года кожную раніцу зараджаў тэлеаўдыторыю бадзёрасцю і добрым настроем на ўвесь дзень, хто першы расказваў пра галоўныя падзеі ў краіне і свеце, хто дзяліўся праверанымі рэцэптамі здароўя і прыгажосці і хто быў тэлегідам у свеце высокага і прыгожага.

Кампазіцыі і артысты на сцэне змяняюцца з невялікімі перапынкамі, а мы з фатографам не марнуем час і вітаемся за кулісамі з маладой артысткай і тэлевядучай праекта «ПІН_КОД» Хеленай Мерааі. Цікаўлюся, можа, яна ведае нейкі рэцэпт, як выратаваць сітуацыю і стварыць сабе навагодні настрой, калі здаецца, быццам уся гэтая святочная мітусня больш раздражняе, чым радуе? Мая суразмоўніца пагаджаецца, што з узростам навагодняе свята пачынае ўспрымацца ўжо не так, як у дзяцінстве, калі асацыюеш яго з цудамі і падарункамі.

— Ведаеце, у мінулым годзе мы прапусцілі бой курантаў. Усяго некалькі хвілін, і ўсё — магія знікла. І вось тады я і задумалася аб тым, якой чароўнай сілай мы надзяляем гэты, здавалася б, звычайны дзень. Таму, калі так атрымаецца, што святочны настрой знікне, то перш за ўсё не варта сядзець пад пледам і шкадаваць сябе. Бяром паперу і аловак і пішам свае мэты на наступны год. Прычым вельмі важна рабіць гэта мінавіта ад рукі. Гэта запускае творчы працэс, бо спачатку ты думаеш, чаго хацелася б, потым абдумваеш, як дасягнуць пастаўленых мэт. І ў выніку і настрой прыходзіць, бо ўжо заматываваў сябе на штосьці, — кажа Хелена Мерааі. — А вось калі задумацца пра нейкую атрыбутыку свята, то я не асабліва люблю і надаю значэнне ялінцы, аздабленню дому і іншым рэчам, але аліўе прыгатаваць і пачысціць усім мандарынкі для мяне ў радасць! Таму жадаю ўсім, каб вашы мары і жаданні спраўджваліся. Галоўнае, дзейнічайце!

...Што ж, і праўда, час завяршаць святочную падрыхтоўку. Настройцеся на свята і ўспомніце ў гэтыя дні пра тых людзей, якім вы ўдзячныя. Новы год вось ужо амаль перагарнуў чарговы лісток календара. Але без вашага добрага настрою, душэўных пажаданняў і пазітыўнай энергіі гэта будуць проста лічбы. Таму напішыце і стварыце сваімі рукамі тую казку, якая зноў верне вам веру ў цуд навагодняй ночы. І паглядзіце канцэрт — там дакладна пачуеце тую музыку, якую захочацца зрабіць саўндтрэкам да 2021-га.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Настройцеся на пазітыў, прапішыце мэты і святкуйце ад душы!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».