Вы тут

Магілёўскія ўрачы расказалі, як будуць сустракаць свята на рабочым месцы


Магілёўская бальніца № 1 з красавіка працуе як своеасаблівы ковідны цэнтр. Менавіта тут знаходзіцца большая колькасць хворых на небяспечную інфекцыю. І калі пацыенты сустракаюць Новы год на бальнічным ложку з вымушанай прычыны, то медыкам гэта прыходзіцца рабіць па абавязку службы.


Вік­тар Ле­лі­каў да Но­ва­га го­да ў «чыр­во­най» зо­не пад­рых­та­ваў­ся.

Урач-кардыёлаг 1-га кардыялагічнага аддзялення бальніцы Віктар Лелікаў ужо, дарэчы, на пасту і зменіцца толькі заўтра — а 8-й гадзіне раніцы. Спадзяецца, што ноч будзе адносна спакойная, калі можна так сказаць. Бо калі ў цябе 50 «сардэчных» пацыентаў у аддзяленні, які можа быць спакой. Некалькі шчасліўчыкаў напярэдадні Новага года адправіліся дадому на самаізаляцыю — свята ўсё ж такі дапамагае хутчэй стаць на ногі, аднекуль бяруцца рэзервовыя сілы, але ложкі, як правіла, доўга не пустуюць.

— Год цалкам адрозніваецца ад папярэдніх, такіх экстрэмальных яшчэ не было, — прызнаецца ўрач. — Шмат што прыйшлося памяняць у жыцці і рабоце. Пастаянна маскі, касцюмы — успрымаеш гэта ўжо як данасць. З красавіка, так жывём. І нават перадышкі не было. Калі іншыя медыцынскія ўстановы вярталіся да звычайнага рэжыму, то мы не. Пастаянна ў адным і тым жа рытме.

За 11 гадоў работы Віктар Лелікаў ужо трэці Новы год сустракае на рабочым месцы.

— А якая розніца, — паціскае ён плячыма. — Калі б не працаваў 31 снежня, прыйшлося б выходзіць 1 або 2 студзеня. Зараз адзін наш доктар на бальнічным, таму ў мяне яшчэ і 3 студзеня дзяжурства.

Работа, вядома, напружаная, трэба час ад часу разраджацца. Суразмоўнік робіць гэта з дапамогай шашак. Дарэчы, у апошнім абласным спаборніцтве сярод медработнікаў ён заняў першае месца. І павінен быў ехаць на рэспубліканскія гульні, але ковід перашкодзіў іх правесці. Адклалі спаборніцтвы да лепшых часоў.

Нават святы цяпер трэба адзначаць па новых правілах. Калі ў іншыя часы Новы год у кардыялагічным аддзяленні неяк адчуваўся — рознакаляровы дожджык на сценах, яловыя галінкі, недзе нават ёлачныя ўпрыгожанні, то цяпер ніякай мішуры. Наогул нічога лішняга, бо дэзапрацоўка ідзе пастаянна. У палатах таксама ніякіх сюрпрызаў.

— Настрой падымаем выпіскай дадому, — разводзіць рукамі ўрач.

Больш аскетычна выглядае і ардынатарская, адзіная прыкмета Новага года — маленькая елачка, якую ўпрыгожылі ў стылі мінімалізму клапатлівыя рукі жаночага медперсаналу.

— Калі пашчасціць, то імгненне, калі б'юць куранты, сустрэну тут, — усміхаецца суразмоўнік. — На змене са мной дзяжурныя медсёстры і санітаркі. Павіншуем адно аднаго, вось і ўсё свята. Дома, вядома ж, падняў бы з маці або сябрамі келіх шампанскага, але гэта можна зрабіць і іншым часам. Зараз не да гэтага. Усе чакаюць спаду другой хвалі, але мы ў сваім аддзяленні пакуль гэтага не адчуваем. Вельмі шмат звяртаецца людзей, таму і напружанасць прысутнічае. Бывае, што ў «чырвонай» зоне цэлы дзень праводзіш. Але цешыць тое, што хваробу гэтую, дзякуй богу, не падхапіў. Таму і іншым раю захоўваць асцярожнасць, насіць маскі і трымаць дыстанцыю. Мне здаецца, што яшчэ не ўсе да канца разумеюць, як гэта сур'ёзна.

Праз некалькі гадзін заступае на змену загадчык аддзялення гемадыялізу Магілёўскай бальніцы № 1 урач-нефролаг Максім Саснін. Смяецца, што на правах начальніка сам сабе зрабіў такі графік.

Мак­сім Са­снін.

— Калі шчыра, то ўсё па справядлівасці, — тлумачыць ён. — Нас, урачоў, у аддзяленні трое, і трэба чаргавацца. Улічваючы, што свят шмат, кожнаму якім-небудзь прыйдзецца ахвяраваць.

— А як наконт прымаўкі, як новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш? — пытаюся ў суразмоўніка.

— Гэта не аб нашай сітуацыі, — усміхаецца Максім. — У нас такая спецыфіка, што мы большую частку жыцця праводзім на рабоце. У нас, дарэчы, завядзёнка такая: хто працуе ў Новы год, той не працуе на стары Новы. Чуў, што калегі з іншых аддзяленняў таксама прытрымліваюцца гэтага правіла.

Урачоў такой спецыяльнасці, як у Максіма Сасніна, няшмат. Нядзіўна, што за 16 гадоў сваёй работы ён каля 10 разоў сустракаў Новы год на рабочым месцы або выходзіў на дзяжурства адразу ж 1 студзеня. Але, прызнаецца, пачуццё свята ўсё роўна прысутнічае. Сёлета, канешне, яно прытупілася прысутнасцю ковіду — нельга расслабляцца, трэба захоўваць супрацьэпідэмічны рэжым.

— У іншыя гады весялей было, — кажа ён. — Наш прафкам арганізуе конкурсы на найлепшае аздабленне аддзяленняў да Новага года і святочныя канцэрты, я часта ўдзельнічаю ў гэтых мерапрыемствах. Адпаведна, гэтым падымаю настрой сабе і іншым. Летась мы, напрыклад, першае месца ў спаборніцтвах на найлепшае афармленне занялі. Нават пацыентаў падключылі. У нас 35 пастаянных, якія лечацца на працягу некалькіх месяцаў і нават гадоў. За гэты час яны ўжо нам сталі, калі не як родныя, то як добрыя знаёмыя.

Сёлета навагодні настрой крыху адчуваецца толькі ў ардынатарскай, дзе стаіць невялічкая ёлачка з фанеры з драўлянымі цацкамі. А вось само аддзяленне засталося без ёлкі і гірляндаў. Што рабіць, калі прыходзіцца пастаянна апрацоўваць памяшканні дэзсродкамі і апраменьваць бактэрыцыднымі лямпамі.

Максім не хавае, што год быў няпросты. Вельмі моцна змянілася работа стацыянара ў цэлым і аддзялення ў прыватнасці. «Для беларускай сістэмы аховы здароўя пандэмія была не зусім чаканай, тым не менш нашы медыкі з годнасцю вытрымалі гэты экзамен на трываласць», — лічыць урач. Нагрузка вельмі ўзрасла.

Акрамя пацыентаў, якія знаходзяцца на хранічным гемадыялізе, дадаліся і новыя, так званыя ахвяры ковіду. Адным з ускладненняў каранавіруснай інфекцыі з'яўляецца, у тым ліку і нырачная недастатковасць.

— Вельмі часта хворыя на каранавірусную інфекцыю, грып, іншае вострае рэспіраторнае віруснае захворванне забываюць запіваць гарачкапаніжальныя лекі і антыбіётыкі вялікай колькасцю вадкасці, — адзначае ўрач. — У выніку пачынаюцца праблемы з ныркамі. Ускладненні адбываюцца на фоне моцнага абязводжвання.

Звычайна аддзяленне на Новы год пусцее. Але сёлета ўсё па-іншаму. Пацыенты тут асаблівыя, працэдура гемадыялізу доўжыцца каля чатырох гадзін. І нават за адным пацыентам патрэбны пастаянны кантроль. А іх тут некалькі.

— Крыху, канешне, будзе спакайней, пацыенты таксама хочуць сустрэць свята дома, — адзначае Максім Саснін. — Хоць бывала ўсякае. Больш інтэнсіўная работа пачынаецца пасля свят, таму што звяртаюцца пацыенты з прыкметамі бурнай сустрэчы Новага года.

Ле­тась ад­дзя­лен­не ге­ма­ды­я­лі­зу за­ня­ло пер­шае мес­ца  ў спа­бор­ніц­тве на най­леп­шае аздаб­лен­не да Но­ва­га го­да.

Ён згадвае той час, калі толькі пачынаў сваю ўрачэбную дзейнасць у якасці ўрача Быхаўскай ЦРБ. Бывала і такое, што людзей прывозілі нападпітку проста з ёлкі ў карнавальных касцюмах. У чалавека траўма, кроў ідзе, а яму ўсё роўна весела.

— Трапляюцца і такія пацыенты, якія, наадварот, на свята імкнуцца ў бальніцу. На выгляд цалкам дагледжаныя бабулі і дзядулі. Магчыма, ім сумна адным дома, — канстатуе ўрач.

У аддзяленні гемадыялізу, у адрозненне ад іншых, у кожнай зале, дзе пацыенты праходзяць сваё чатырохгадзіннае лячэнне, ёсць тэлевізары. Гэта хоць неяк дазваляе хворым падняць навагодні настрой.

— Ну а мы, калі ёсць вольная хвілінка, нават пад бой курантаў можам па смартфоне звязацца з роднымі, — кажа суразмоўнік. — Мая жонка таксама ўрач і ставіцца з разуменнем да таго, што свят у мяне амаль няма. Цяжэй гэта растлумачыць маім бацькам, а таксама братам і сёстрам. Дагэтуль не могуць прывыкнуць, што ў мяне дзяжурства ноч праз ноч, у святочныя дні, ды яшчэ і ў нядзелю могуць кудысьці выклікаць для кансультацыі. Але галоўнае не ў тым, пасядзеў ты за святочным сталом у навагоднюю ноч або не, а ў тым, які год будзе. Важна, каб у сям'і ўсё было добра і родныя не хварэлі. Для прафілактыкі захворванняў, у тым ліку ковіду, трэба прытрымлівацца здаровага спосабу жыцця. Я, напрыклад, бегаю. Але гэта не значыць, што кожны павінен таксама пераходзіць на бег. Можна плаваць, хадзіць або проста прагуляцца вакол дома.

— А ці ёсць у вас звычка загадваць жаданне на Новы год? Або на рабоце пра гэта забываеш? — цікаўлюся напаследак.

— Канешне, звычка такая ёсць. У мяне адно жаданне: каб сям'я расла і мацнела. Толькі ў гэтым сэнс нашага жыцця!

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіваў Віктара Лелікава і Максіма Сасніна

Загаловак у газеце: Новы год у «чырвонай» зоне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.