Амаль двайная прапанова, але прадаўцы не зніжаюць цэны
Істотным трэндам сёлета на другасным рынку жылля стала змяненне аб'ёму прапаноў. Так, калі ў студзені гэтая лічба была мінімальная (6200 аб'ектаў), то ў лістападзе (ды і ў снежні) колькасць людзей, якія выставілі сваё жыллё на продаж, вырасла амаль удвая (10 400 кватэр і асобных пакояў). За апошні тыдзень колькасць аб'ектаў на рынку вырасла яшчэ на 4 %.
Дырэктар агенцтва нерухомасці «БелЦТН» і ганаровы старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя «Нерухомасць» Мікалай Прасталупаў расказаў, што пачатак гэтага года не прадвяшчаў для рынку нічога дрэннага. Усе жылі вялікімі надзеямі і разлічвалі, што з надыходам вясны рынак яшчэ больш ажыве. Але ў красавіку да краіны дайшла пандэмія каранавіруса, і да мая стала зразумела, што год будзе цяжкі. У выніку ў 2020-м агенцтвы нерухомасці ў параўнанні з мінулым годам страцілі 20—30 % сваіх даходаў.
Спатрэбіўся час, каб навучыцца жыць і працаваць у складаных эпідэміялагічных умовах. Часткова пандэмічныя страхі перамаглі дзякуючы аператыўнаму ўводу анлайн-сэрвісаў, відэа- і віртуальных тураў па кватэрах. У ліпені рынак практычна аднавіўся да ўзроўню сакавіка. Аднак восень зноў унесла свае карэктывы. У верасні і кастрычніку актыўнасць на рынку ў параўнанні з сярэднестатыстычнымі штомесячнымі паказчыкамі знізілася ледзьве не ў два разы.
На думку экспертаў, на падзенне попыту паўплываў адразу «клубок» фактараў: першая хваля пандэміі каранавіруса, палітычная і эканамічная нестабільнасць у грамадстве, а потым і наступленне другой хвалі пандэміі.
Цяпер мы можам толькі канстатаваць, што на рынку ёсць танныя варыянты кватэр і можна таргавацца. Магчыма, заўтра гэтыя кватэры будуць каштаваць яшчэ танней. Прагноз да зніжэння ёсць.
Некалькі асеў і рынак першаснага жылля. Аднак прычынай таму сталі не каранавірус і палітычныя падзеі, а спыненне крэдытавання будаўніцтва банкамі.
Цэны на першаснае жыллё за бягучы год упалі на 10—15 %. Эксперты лічаць, што на гэтым падзенне скончыцца. А вось цэны на «другасным рынку» працягнуць зніжацца. Рыэлтары лічаць, што ў 2021 годзе адбудзецца гістарычная падзея: жыллё на другасным рынку ўпершыню за доўгі час стане таннейшае, чым на першасным.
У сярэднім на 10—15 % сталі танней здавацца ў арэнду кватэры з прыватнага жыллёвага фонду ў Мінску. Попыт на здымнае жыллё скараціўся, пры гэтым рынак цяпер досыць насычаны. Разам з тым далёка не ўсе ўладальнікі кватэр гатовыя да зніжэння.
Падзенне рынку нерухомасці назіраецца не толькі ў сталіцы, але і ў іншых беларускіх гарадах. Па словах аднаго з гомельскіх рыэлтараў, сярэдняя колькасць здзелак у яго скарацілася на 50—60 % за бягучы год.
Але ў рэгіёнах далёка не ўсе прадаўцы нерухомасці вераць у крызіс. Як вынік — адмаўляюцца зніжаць цэны. У сваю чаргу ў пакупнікоў стала значна менш магчымасцяў (з-за адсутнасці крэдытавання), за кошт чаго і адбываецца скарачэнне колькасці здзелак.
Смалявічы ў будоўлі, Рудзенск — у планах. Як будуюцца гарады-спадарожнікі
Сёння ў Смалявічах разгарнулася грандыёзная будоўля адразу ў двух кварталах. Калі ў квартале нумар адзін узвядзенне жылля вядзецца Мінскім аблвыканкамам для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Смалявічах, то другі квартал забудоўваецца Мінгарвыканкамам для грамадзян, якія стаяць на жыллёвым уліку ўжо ў Мінску. На тэрыторыі другога квартала прадугледжана будаўніцтва 19 жылых дамоў агульнай плошчай 146 тысяч квадратных метраў на 2200 кватэр.
Гэта ў планах, а што робіцца ў новым квартале цяпер? Тут на стадыі завяршэння знаходзіцца будаўніцтва жылога дома на 192 кватэры агульнай плошчай 14 тысяч квадратных метраў. Акрамя таго, па двух шматкватэрных дамах распрацавана праектная дакументацыя, якая ва ўстаноўленым парадку прайшла дзяржаўную экспертызу. Да канца года мінскія спецыялісты плануюць завяршыць праектныя работы з атрыманнем экспертнага заключэння яшчэ па чатырох дамах.
Мяркуецца, што кошт аднаго «квадрата» ў кватэрах новых дамоў складзе прыкладна 1100—1200 рублёў.
Пандэмія скажа наяўным грашам «не»
Разбяромся, ці такое бяспечнае «збіральніцтва» намі папяровых грошай іншых дзяржаў? Гэта, у прыватнасці, звязана з паведамленнем навукоўцаў аб тым, што банкноты спрыяюць распаўсюджванню COVІD-19.
На гэта звярнулі ўвагу медыкі. Дык чые купюры больш заразныя? Пяцірублёвыя банкноты (з айчыннага шэрагу купюр) — магчыма, самыя брудныя грошы, якія вы калі-небудзь трымалі ў руках. На самых дробных купюрах даследчыкі выявілі да 34 відаў патагенных мікраарганізмаў, якія выклікаюць пнеўманію, менінгіт і шмат іншых, мякка кажучы, непрыемных хвароб. Але, як аказалася, нашы грошы проста стэрыльныя ў параўнанні з іх «зялёнымі» братамі.
Амерыканскія аднадоларавыя купюры нашмат больш «жывыя», а значыць, і брудныя. Як устанавіла група навукоўцаў з Нью-Ёркскага ўніверсітэта, на гэтых банкнотах жыве амаль 400 відаў небяспечных мікраарганізмаў.
Хваробатворныя мікробы жывуць на купюрах даволі доўга — ад аднаго да двух месяцаў. У папяровых грашах шмат цэлюлозы, а гэта пажыўнае асяроддзе для бактэрый. На пластыкавых купюрах (напрыклад, аўстралійскіх доларах) і металічных манетах мікраарганізмаў нашмат менш, і іх жыццё кароткае — паўтара-два тыдні.
Цікава, што ў бактэрый ёсць свае перавагі сярод манет. Так, кішачныя палачкі і сальманелы асабліва часта сустракаюцца на амерыканскіх цэнтах, у якіх шмат медзі. Яны жывуць там да 11 дзён. Найбольш бяспечныя манеты з дадаткамі срэбра і золата — высакародныя металы моцна абмяжоўваюць магчымасці росту і размнажэння мікробаў. Ужо праз тыдзень пасля таго як такая манета выходзіць з абарачэння, мікраарганізмаў на ёй не застаецца.
У некаторых краінах грошы абеззаражваюць азонам і ультрафіялетам. У Японіі спецыяльная прылада ў банкаматах перад выдачай награвае купюры да двухсот градусаў. Гэтага дастаткова, каб пазбавіцца ад бактэрый, грыбкоў і цвілі. А вось еўра можна браць у рукі без усялякай боязі: на іх практычна не бывае мікробаў, паколькі купюры абаронены антыбактэрыяльнымі растворамі.
Наша моладзь грошы ў рукі амаль не бярэ прынцыпова. Дарослае пакаленне з гатоўкай больш сябруе. Нам пакуль рана хваліцца ўсеагульнай адмовай ад наяўнасці, але ў Беларусі таксама расце доля безнаяўных плацяжоў. Апошнім часам у нашай краіне шырока распаўсюдзіліся бескантактавыя плацежныя карткі, якія не прадугледжваюць увядзенне ПІН-кода. А значыць, і перадача інфекцыі пры аплаце такой карткай нязначная.
Як расказалі ў Нацыянальным банку краіны, уся грашовая наяўнасць, якая паступае ў банк, першапачаткова адпраўляецца на
14-дзённы каранцін. Пасля каранціну манеты і банкноты сартуюць па ступені зношанасці і забруджанасці. У абарачэнне паступаюць чыстыя манеты і купюры, на якіх адсутнічаюць сляды пашкоджанняў. Банкноты наміналам 5 і 10 рублёў выдаюць пераважна новыя.
Прадстаўнікі Нацбанка нагадалі аб правілах захавання гігіены пасля кантакту з купюрамі і манетамі — трэба абавязкова мыць рукі. А таксама ўдакладнілі, што ў цяперашні момант больш бяспечна карыстацца бескантактавымі плацяжамі і дыстанцыйнымі каналамі банкаўскага абслугоўвання для аплаты пакупак.
Год быў цяжкі, але не для ўсіх
Барацьба з COVІD-19 істотна паўплывала на сусветны рынак, перазагрузка прамысловага сектара ўнесла карэктывы ў жыцці многіх людзей, але... Негатыўныя тэндэнцыі на транспартным рынку аказалі мінімальны ўплыў на электрамабілі. Менавіта сёлета ў Еўропе колькасць продажаў электракараў за апошнія 2-3 месяцы перавышае колькасць прададзенага дызельнага транспарту.
У выніку новых тэндэнцый Вялікабрытанія ссунула дату адмовы ад продажаў транспарту з рухавіком унутранага згарання на 2030 год. Кітай абмяркоўвае аналагічнае рашэнне тэрмінам да 2035 года.
Наша краіна не застаецца ўбаку ад глабальнага трэнду. Раней у нас быў прыняты ўказ, які стымулюе развіццё электратранспарту. На дарогах сур'ёзна ўзрасла колькасць электрамабіляў. Сёння гэта відаць па колькасці зарадных сесій і электраэнергіі, якая адпускаецца ў электрасетцы Malanka. Таму прагноз у сто тысяч электрамабіляў на нашых дарогах да 2025 года — рэальнасць.
Калі сёлета ў чэрвені ў краіне было 400 электрамабіляў, то пасля адмены мытнай пошліны і ПДВ іх стала больш за 1600. Разам з тым больш стане і электразарадных станцый.
Налета сетка ЭЗС Malanka павялічыцца да 600 электразаправак. Прычым з'явяцца станцыі не толькі ў сталіцы і на галоўных магістралях краіны, але і ва ўсіх абласцях Беларусі. Усяго ў рэгіёнах усталююць каля 80 новых станцый хуткага тыпу.
Патанненне электрамабіляў, якое будзе працягвацца і ў наступным годзе, павысіць попыт на паслугі зарадкі. Эфектыўнае і камфортнае развіццё сеткі сёння патрабуе інвестыцый. Нагадаем, што ў новым годзе запраўка на ЭЗС Malanka стане платнай.
На цяперашнім этапе сетка Malanka знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці, і з 1 студзеня платныя зарадныя сесіі будуць запушчаны. Пры гэтым узровень тарыфаў будзе заставацца самы нізкі ў Еўропе: 39 капеек за кВт/г на хуткай зараднай станцыі і 29 капеек — на павольнай. Гэта неабходны мінімум, які дазволіць забяспечыць развіццё сеткі і зручную цану для ўладальніка электракара. Зараджаць электракар будзе ў два разы танней, чым запраўляць аўтамабіль звычайным палівам.
Malanka — не манапаліст на рынку. Развіццё сеткі электразаправак пойдзе на карысць як кіроўцам, так і прадпрымальнікам, таму што простыя павольныя запраўкі могуць стаць дадатковай крыніцай іх даходаў.
Аўтобусы адыходзяць на задні план, а апошнім часам на розных узроўнях абмяркоўваецца перспектыва замены аўтобуснага парка на электрычны, у сувязі з чым Malanka будзе развіваць зарадную сетку таксама для грамадскага электратранспарту. Гэта будуць зарадныя станцыі магутнасцю да 350 кВт, якія аснашчаны дадатковым абсталяваннем для зарадкі менавіта электробусаў.
Акрамя гэтага, Malanka сумесна з ПРААН і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацавала канцэпцыю праекта па прасоўванні электрамабіляў у Беларусі. У яго рамках плануецца ўсталяваць дзве першыя суперхуткія станцыі магутнасцю да 350 кВт. Будаўніцтва станцый плануецца пачаць ужо ў наступным годзе. У Мінску комплекс з дзвюх вельмі хуткіх ЭЗС з'явіцца на вуліцы Убарэвіча.
Сяргей КУРКАЧ
Дзяцінства — найлепшая краіна.
Тэхналогіі, што накормяць.
Гісторыя сям'і Шамехіных.