Вы тут

Што падарыць? Любоў і дабрыню!


Прэзідэнт Беларусі паўдзельнічаў у акцыі “Нашы дзеці”


Кветкі ад дзяцей для Прэзідэнта

І што б мы рабілі без дзяцей? Іхняя вера ў дабрыню, любоў, міласэрнасць, спагадлівасць, добразычлівасць навакольнага свету, заўсёдную перамогу дабра над ліхам — у рэшце рэшт, якім бы цяжкім ні было змаганне! — ці ж не надаюць нам сілы, калі складана бывае несці свой жыццёвы крыж? Асабліва натхняюць нас, дарослых, юныя героі, якія ўмеюць праявіць вытрымку, цвёрды характар перад тварам хвароб, у іншых складаных абставінах і пры тым не губляюць аптымізму, радуюцца жыццю самі ды іншым тое рабіць дапамагаюць.

У свой час, помніцца, Беларускі дзіцячы фонд у Навагодне-Калядную пару пачаў больш увагі надаваць дзеткам-сіротам, дзецям з асаблівасцямі развіцця й тым, каго святы заспелі ў бальнічным ложку. Гуманная задума пра тое, што кожнае дзіця, падлетак у святочную пару не павінны быць абыдзены ўвагай дарослых была падтрымана й на самым высокім дзяржаўным узроўні. Так і стала развівацца, пашырацца, набіраць сілу па Беларусі дабрачынная, цёплая й сардэчная справа “Нашы дзеці” — з’ява, унікальная ў свеце. Гэта ж здорава й кранальна, калі дзяржаўныя людзі высокіх рангаў, кіраўнікі прадпрыемстваў ды ўстаноў наведваюць падшэфныя дзіцячыя ўстановы пад Новы год, у пару Раства Хрыстова з падарункамі. Адчуць, зразумець кожнага малога ці падлетка, які ў сілу жыццёвых абставін мае патрэбу ў клопаце, падтрымцы — гэта ж так па-людску, па-хрысціянску! І ўрэшце — па-беларуску. І прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, супрацоўнікі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў таксама ў падобных акцыях штогод удзельнічаюць — мы пра тое не раз пісалі.

Прэзідэнт Беларусі, яго родныя людзі таксама штогод — актыўныя ўдзельнікі акцыі “Нашы дзеці”. Сёлета ж Аляксандр Рыгоравіч стаў адным з гледачоў прадстаўлення “Чароўны свет”, якое прайшло ў Палацы Рэспублікі. На свята запрасілі 2370 дзяцей з усіх рэгіёнаў краіны. Большасць з іх — дзеці-сіроты, дзеці з асаблівасцямі развіцця, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Запрашэнне ў Палац Рэспублікі атрымалі кадэты, дзеці сілавікоў, якія загінулі ці атрымалі раненні, дзеці, пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС і школьнікі-пераможцы конкурсаў і алімпіяд, выдатнікі вучобы.

Вітаючы ўсіх, хто прыйшоў на свята, Прэзідэнт адзначыў, што такі дзень для яго — адзін з самых любімых і хвалюючых у годзе: бо гэта дзень сустрэчы з маленькімі беларусамі. “Хвалюешся, бо заўсёды кажаш нешта дарослым людзям, а тут — будучыня нашай нацыі, — сказаў Прэзідэнт. — Хвалюешся й таму, што тут кожны год новыя твары, але ўсіх нас аб’ядноўвае адно: мы ўсе чакаем цуда”. Пры тым падкрэсліў, што сярод гледачоў — тыя дзеці, чыя жыццёвая сітуацыя патрабуе асаблівай увагі. Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць усім, дзякуючы каму Навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі адбылося, і тым, хто ў гэтыя дні прымае ўдзел у дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”: “Паважаныя дарослыя, прадпрымальнікі, бізнесмены, проста людзі добрай волі! Дазвольце мне ад імя беларускага народа ў чарговы раз падзякаваць вам за тую дабрыню й цеплыню, якую вы дорыце ў гэтыя пераднавагоднія й навагоднія дні ўсім, хто мае патрэбу. Гэта сапраўды прыклад і паказчык нашай нацыі — добрай, талерантнай і вельмі перспектыўнай”. Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да дзяцей і падлеткаў з просьбай любіць сваіх родных і блізкіх, берагчы бацькоў, паважаць настаўнікаў і выхавальнікаў: “Гэта самыя добрыя й цёплыя людзі, што ёсць на зямлі. І памятайце: цудоўны свет, які мы ўбачым сёння на гэтай сцэне, — гэта найперш любоў і дабрыня. Дарыце ўсім любоў і дабрыню! Калі вы будзеце яе дарыць іншым, у адказ таксама будзеце любімымі, атрымаеце дабрыню”.

Ёлка ў холе Палаца Рэспублікі

…Помніцца, як хлопчык-дашкалёнак у сямейным коле гаварыў, наліваючы соку за святочным сталом, вельмі просты тост: “Няхай усім будзе добра!”. Вядома ж, некаторыя, пачуўшы такое, усміхаліся: эх, добра ўсім — толькі там… А хто ведае, што ТАМ? І ці ж не само жыццё на Зямлі ёсць шчасце? Праўда, з гэтым трэба звыкнуцца, перастаць узрошчваць крыўды-незадаволенасць у сваім розуме, сэрцы, душы. Цікава, ці памятае сваё светлае й пазітыўнае пажаданне той добры хлопчык? Ён цяпер ва “ўзросце Хрыста”, сам акунуўся ў жыццёвыя праблемы-выпрабаванні. А так жа важна — не забывацца! І хоць бы імкнуцца жыць так, каб добра было менавіта ўсім.

З Калядамі, з Новым годам, з Раством Хрыстовым вас, паважаныя чытачы!

Іван Ждановіч

Фота БЕЛТА

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.