Вы тут

Даніна павагі класікам


Традыцыйныя Дні беларускай культуры ў Таліне сёлета прысвячаліся 115‑м угодкам народнага паэта Беларусі Пятра Глебкі ды ягонай творчасці


Ніна Пээрна з вучнем-дыпламантам

У Таліне 12 снежня завяршыліся Дні беларускай культуры “Беларускі калейдаскоп”, што праходзілі ў шосты ўжо раз. Ладзіць іх Цэнтр па справах нацыянальных меншасцяў “Радзіма”, і штогогод мы прысвячаем дні аднаму з беларускіх паэтаў-юбіляраў. Знаёмілі раней жыхароў Эстоніі з творчасцю Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Пімена Панчанкі, Паўлюка Пранузы, Еўдакіі Лось. А сёлета ўшанавалі памяць Пятра Глебкі: цэнтр “Радзіма” з падтрымкай Амбасады Беларусі ў Эстоніі правёў тэматычныя імпрэзы. У верасні мы абвясцілі анлайн-конкурс юных чытальнікаў “Радзіма добрая мая…” ды конкурс юных мастакоў “Вершы беларускага паэта Пятра Глебкі ў малюнках”.

Вядома ж, такія імпрэзы патрабуюць немалой арганізацыйнай дзейнасці. Аднак у нас ёсць напрацаваны досвед, надзейныя партнёры — і гэта дае добры плён. 5 снежня ўжо быў заключны этап работы журы: ацэньваліся ўсе 22 дасланыя відэасюжэты юных чытальнікаў з Эстоніі, Беларусі ды нават Іарданіі. Было тры ўзроставыя катэгорыі: 10–12, 13–14 і 15–16 гадоў. Сабралася журы ў нашым цэнтры ў Таліне, праца была цікавай ды няпростай: бо цёплыя, душэўныя відэа мы праглядвалі. Каб вызначыць лепшых, звярталі ўвагу на дэталі: узровень выканальніцкага майстэрства, артыстызм, аб’ём верша з улікам узросту чытальніка, выяўленча-выразныя сродкі, уменне перадаць мастацкую каштоўнасць твора.

І ўжо 7 снежня завяршыўся конкурс юных мастакоў: дзеці, падлеткі з Эстоніі, Расіі, Беларусі ды Італіі перадавалі ў малюнках (паступіла 90 работ!) свае пачуцці, думкі, асацыяцыі, што ўзнікаюць пры чытанні вершаў Пятра Глебкі. Колькі розных, непаўторных твораў атрымалася ўрэшце! Выдатную калекцыю малюнкаў паводле вершаў ваеннага часу даслалі нам з Дзіцячай мастацкай школы Новауральска (Расія). Італьянскія дзеці малявалі прыгожыя беларускія краявіды. Шмат работ эстонскіх школьнікаў прысвечаны прыродзе, порам года — і гэта ж тэматыка паэзіі майстра.

У складзе журы конкурсаў вочна ды анлайн працавалі Аляксей Зубко (Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Эстоніі), Марына Качанава (жонка Амбасадара Беларусі ў Эстоніі), Кэтлін Балабуха (старшыня праўлення ЦНМ “Радзіма”), Генадзь Яльцоў (жывапісец, чалец Кохтла-Ярвскай суполкі мастакоў, Аб’яднання рускіх мастакоў Эстоніі ды чалец Асацыяцыі рускіх мастакоў Парыжа), Алена Міронава-Яльцова (мастачка, сябар таварыства “Причудье”), Вольга Канановіч (выкладчыца рускай мовы з 48‑й школы Мінска), Кацярына Крываручка (выкладчыца рускай мовы з эстонскай школы), Алена Пээрна (прадстаўніца бацькоўскага камітэта Беларускай нядзельнай школы “Буслікі”, Эстонія), а таксама Святлана Мінтус ды Наталля Федарук.

Завяршальнай імпрэзай дзён стала Музычна-паэтычная вечарына “Мой родны край, мая калыска…” — яна праходзіла ў Цэнтры культуры Нымме ў Таліне. На жаль, з‑за пандэміі мы змаглі на свята запрасіць толькі пераможцаў конкурсаў з бацькамі ды педагогамі-кіраўнікамі. Адкрыццём выставы дзіцячых малюнкаў пачалося беларускае свята. З вітальным словам на вернісажы выступіў дыпламат Аляксей Зубко, ад імя беларускай Амбасады ўручыў граматы, кнігі пераможцам конкурсу юных чытальнікаў. Ад ЦНМ “Радзіма” пераможцам у конкурсе малюнкаў былі ўручаны граматы, сувеніры.

На вечарыне я знаёміла гасцей з жыццём і творчасцю Пятра Глебкі, прычым прэзентацыя ілюстравалася конкурснымі малюнкамі. Пранікнёна гучалі вершы юбіляра з вуснаў пераможцаў конкурсу чытальнікаў з Эстоніі: Арыны Ражковай, Ларэнза Пукка (Беларуская нядзельная школа “Буслікі”), Максіма Заазёрскага (Талінская асноўная школа), Вікторыі Шапавал (Клаагаская школа Хар’юскага павета). Упрыгожылі свята й музычныя нумары нашых беларускіх сяброў з Эстоніі: ансамбля Беларускага таварыства “Ялінка” (Маарду), Людмілы Далговай (Тартускае беларускае таварыства “Спадкі”). Хораша выступілі й дзеткі з Беларускай нядзельнай школы “Буслікі”.

Завяршылі мы свята дэгустацыяй страў беларускай кухні, якія прыгатавалі Кэтлін Балабуха ды яе сяброўкі. Дзякуй вам, шаноўныя гаспадынькі! Усе змаглі адведаць і дранікі, і бабку, і каўбасы.

Дзякуем усім канкурсантам, іх педагогам-кіраўнікам, удзельнікам, гасцям, бацькам ды арганізатарам за актыўную цікавасць да творчасці народнага паэта Беларусі Пятра Глебкі. Спадзяемся, традыцыя Дзён беларускай культуры ў нас прадоўжыцца, так што майце тое на ўвазе — і далучайцеся ў наступным годзе да нашых творчых праектаў.

Ніна Пээрна, Цэнтр нацыянальных меншасцяў “Радзіма”, Эстонія

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Распачынаецца сезон атракцыёнаў. Хто і як сочыць за іх станам?

Распачынаецца сезон атракцыёнаў. Хто і як сочыць за іх станам?

У Беларусі адпрацавала 65 % атракцыёнаў (160 штук), а многія працуюць і звыш 30 гадоў.

Эканоміка

Як выбраць кватэру на другасным рынку

Як выбраць кватэру на другасным рынку

За апошнія некалькі месяцаў рынак другаснага жылля прыкметна ажывіўся. 

Грамадства

Каб набываць тавар бяспечна, ці Як абараніць правы спажыўца

Каб набываць тавар бяспечна, ці Як абараніць правы спажыўца

У краіне на 11 % знізілася агульная колькасць зваротаў грамадзян, звязаных з парушэннем правоў спажыўцоў. 

Грамадства

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

Працягваецца навуковае даследаванне ДНК-вакцыны супраць раку ў рамках беларуска-амерыканскага праекта.