Вы тут

Перадкалядная выстава — люстэрка “Мары”


У Ліепайскім беларускім доме прадстаўлены цікавыя матэрыялы пра беларусаў, якія жывуць у Ліепаі, а таксама прыгожыя вырабы таленавітых мясцовых супляменнікаў


Вырабы з лазы Васіля Жарыкава

Адкрылася выстава ў Ліепайскім беларускім доме суполкі “Мара” 16 снежня. На ёй прадстаўлены звесткі пра вядомых у Ліепаі беларусаў, іх фотаздымкі. Матэрыялы сабралі ў мінулым годзе й належным чынам аформілі ўдзельнікі праекта “Латвія і Беларусь. Насустрач адзін аднаму” — навучэнцы агульнаадукацыйных і прафесійных навучальных устаноў горада. Дарэчы, гэтыя матэрыялы былі ўжо прадстаўлены на юбілейным канцэрце суполкі “Мара” летась у снежні.

Чые гісторыі жыцця ёсць на выставе? Гэта ветэранка Вялікай Айчыннай вайны, партызанка Ганна Астапава (у дзявоцтве — Вялюга, нарадзілася 7 снежня 1927 года ў вёсцы Дзёмаўшчыне Полацкага раёна Віцебшчыны. Пра яе Анжэла Фаміла трохі раней пісала — гл. “Ушанавалі ветэранаў”. — ГР, 29.07.2020. — Рэд.); настаўніца матэматыкі Ліепайскай сярэдняй школы “Лиедага” Таццяна Курдзека; хімік-тэхнолаг, начальніца лабараторыі на заводзе Наталля Фёдарава; хірург Уладзімір Тэн; капітан далёкага плавання Валеры Майсяюк; сувязіст з 46‑гадовым стажам, удзельніца ансамбля “Паўлінка” з часу яго заснавання Таццяна Данілюк; саветнік старшыні Ліепайскай думы па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва Наталля Вецвагарэ; музыкант, настаўнік музыкі Васіль Яршоў; прадпрымальнік, палітык Юры Хадаровіч. Ёсць аповед і пра Героя Савецкага Саюза Пятра Купрыянава (1926–1944), які па-геройску загінуў, закрыўшы сабой амбразуру варожага дзота, і пахаваны ў Скрундскім краі. Мастацкі кардон з інфармацыяй пра Героя ўпрыгожылі яловымі лапкамі, ёсць і фатаграфія Пятра Іванавіча ў рамцы.

Цікава разглядаць вырабы ручной работы ўмельцаў з суполкі “Мара”. Гэта ўзоры лозапляцення Васіля Жарыкава; розныя лялькі (абрадавыя, гульнявыя, абярэгі) удзельніцы ансамбля “Паўлінка” Ірыны Бяляевай; вышытыя з бісерам ніткамі мулінэ ды аформленыя ў рамкі карціны Марыны Ляпуновай. Ёсць і дзіцячыя працы — юным рукадзельнікам ад 5 да 13 гадоў, працуюць яны пад кіраўніцтвам Ірыны Янцэвіч. Дарэчы, усе ахвочыя могуць наведваць (у адрамантаваным Беларускім доме) гурток па пляценні з лазы, а дзеці — гурток па стварэнні сувеніраў з розных матэрыялаў.

Васіль Васільевіч выдатна спраўляецца з лазой. Калі пляце, кажа, то цалкам у справу паглыбляецца, і атрымлівае асалоду, калі створаная ім праца прыйдзецца даспадобы яму самому ды іншым. Яшчэ больш радасці майстру, калі дорыць ён свае вырабы. А Ірына Янцэвіч так распавядае аб працы ў дзіцячым гуртку: “Вядома ўсім, што дзеці — наша будучыня. І таму я лічу, што кожны, хто ўмее што-небудзь рабіць, павінен сваё рамяство, майстэрства перадаць у спадчыну дзецям. А мы з ім робім розныя рэчы. Дзеці могуць сабраць цацку з падрыхтаваных частак, нешта пашыць альбо склеіць. Цацка, зробленая сваімі рукамі, усім падабаецца й шануецца, бо ты ўклаў у яе душу: яна табе ўсміхаецца, паказвае хвосцік, у яе ёсць гузічак… Вось так і выхоўваем у дзяцей любоў да працы. Калі заняткі заканчваюцца, я пытаю: ці спадабалася ім тое, што мы рабілі, расказваю, што будзем рабіць іншым разам”.

Пра ляльку-абярэг Ірына Бяляева даведалася ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я — на Бацькаўшчыне, у Полацку. Вярнуўшыся ў Ліепаю, вывучала тэхналогію стварэння лялек і навучылася рабіць іх сама: “Калі ты робіш з любоўю ляльку-абярэг і думаеш пра тое, для каго яе робіш, то яна сапраўды становіцца абярэгам! Таму лялькі цікава рабіць як для дзяцей, так і для дарослых”.

На адкрыцці выставы кіраўніца ансамбля “Паўлінка” беларускай суполкі “Мара” Жанна Буйніцкая адзначыла: беларуская грамада ў Ліепаі — працуе й развіваецца. Прычым Беларускі дом адкрыты для ўсіх супляменнікаў. Актывістка суполкі павіншавала ўсіх з надыходзячымі Навагоднімі святамі са словамі: “Радуйцеся таму, што ўсё прадаўжаецца!”.

Выстава зладжана дзякуючы фінансавай падтрымцы Мінкультуры Латвіі.

Анжэла Фаміна, г. Ліепая

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».