Вы тут

Стратэгія інтэграцыі — да 2025 года


Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое прайшло ў анлайн-фармаце, стала фінальным акордам старшынства Беларусі ў органах ЕАЭС.


Так, з‑за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі лідары Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана былі вымушаныя мець зносіны ў фармаце відэаканферэнцыі. Гэтым разам да іх далучыліся ганаровы старшыня Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, першы Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон, а таксама Прэзідэнты Узбекістана і Кубы Шаўкат Мірзіёеў і Мігель Дыяс-Канель. Забягаючы наперад, можна адзначыць, што Узбекістан і Куба на гэтым саміце атрымалі статус дзяржаў-назіральніц.

На абмеркаванне саміту лідараў краін Еўразійскага эканамічнага саюза было вынесена 28 пытанняў, 24 з якіх удзельнікі разгледзелі ў пашыраным складзе. Яшчэ чатыры пункты парадку дня (стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2025 года, ахоўныя антыдэмпінгавыя і кампенсацыйныя меры, падаўжэнне тарыфнай ільготы ў авіясферы і пытанне па кадравым складзе ЕЭК) абмеркавалі ў закрытым фармаце ў вузкім складзе.

У парадак дня пасяджэння таксама быў уключаны блок пытанняў міжнароднага супрацоўніцтва ЕАЭС. Прэзідэнт Беларусі растлумачыў, аб чым ідзе гаворка:

— Мы павінны прыняць рашэнне аб пачатку працы Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю ЕАЭС з Сербіяй, а таксама вызначыцца па тэрмінах пачатку падрыхтоўкі Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з Іранам. Гэта знакавыя дакументы, якія пацвярджаюць цікавасць да нашага саюза ў свеце. Таму прапануем камісіі актывізаваць перамовы таксама з іншымі дзяржавамі.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, пара разгарнуць прадметную працу па выкананні артыкула 41 Дагавора аб ЕАЭС, а менавіта па сумеснаму развіццю экспарта тавараў, якія вырабляюцца ў краінах-удзельніцах.

Але спачатку Аляксандр Лукашэнка падвёў некаторыя вынікі беларускага старшынства ў ЕАЭС, падкрэсліўшы, што мэты, якія пазначыў Мінск у сваёй праграме, маюць універсальны характар і выгадныя ўсім удзельнікам:

— Пандэмія як лакмус раскрыла сутнасць эканамічных саюзаў і інтэграцыйных аб’яднанняў. Яна на практыцы пераканала нават самых заўзятых скептыкаў, што толькі разам мы зможам быць мацней. Адначасова каранавірус таксама паказаў сапраўдную цану невыканання раней дасягнутых дамоўленасцяў.

Між тым, пазітыўныя зрухі ёсць, і іх нямала. Напрыклад, у гэтым годзе прыкметна актывізавалася праца па ліквідацыі бар’ераў, скарачэння выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку саюза. Зроблены крокі па пераходзе да адзінай палітыцы ў сельскай гаспадарцы, энергетыцы, транспарце, пашырэнні выкарыстання нацыянальных валют ва ўзаемных разліках. Прыняты рашэнні ў сферы тэхнічнага рэгулявання. Прасоўваецца лічбавы парадак, фарміруецца сістэма адпаведных транспартных калідораў, аказваецца садзеянне ў працаўладкаванні і занятасці грамадзян дзяржаў — членаў ЕАЭС.

На знешнім контуры ўсё таксама выглядае нядрэнна. Дзейнічаюць пагадненні аб гандлі з Кітаем, В’етнамам і Іранам. Працягваюцца перамовы па заключэнні гандлёвых дагавораў з Егіптам, Ізраілем і Індыяй. Вядзецца падрыхтоўка да пачатку перамоў па лібералізацыі гандлёвых рэжымаў з Інданэзіяй і Манголіяй.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што патэнцыял ЕАЭС павінен быць задзейнічаны не толькі для развіцця ўнутранага рынку, але і для прасоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі на рынкі трэціх краін. Мінск таксама ініцыяваў пытанне па ўзмацненні паўнамоцтваў Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Не ўсё з пазначанага ў праграме беларускага старшынства ўдалося выканаць у сілу аб’ектыўных абставін, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Частка мерапрыемстваў запатрабавала на рэалізацыю значна больш часу, чым адзін год. Аднак сумесная праца па прапанаваных напрамках працягнецца і ў наступным годзе. Тым больш што задачы беларускага старшынства, скіраваныя на ўмацаванне і развіццё ЕАЭС, шмат у чым сугучныя з ідэямі Казахстана, які прыняў эстафету старшыні ў органах саюза на наступны год.

Як лічыць старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч, стратэгія развіцця ЕАЭС да 2025 года — гістарычная падзея ў рамках інтэграцыйных працэсаў. Гэты дакумент дасць магчымасць па-новаму вырашаць многія пытанні. Дагавор, які быў падпісаны ў 2014 годзе, на думку Міхаіла Мясніковіча, шмат у чым вычарпаў сваю кінэтычную энергію, і, безумоўна, патрабуюцца больш дасканалыя падыходы. Асаблівая ж навізна стратэгічных напрамкаў інтэграцыі да 2025 года ў тым, што яны датычацца ў большай ступені чалавека — адукацыі, аховы здароўя, перамяшчэння грамадзян.

Васіль ХАРЫТОНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».