Вы тут

Ёсць што прапанаваць адзін аднаму


Ужо другі раз за некалькі апошніх тыдняў Палац Незалежнасці сустракаў новых замежных паслоў.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і пасол КНР Се Сяоюн. Фота БЕЛТА

Цырымонія ўручэння даверчых грамат мае асаблівы дыпламатычны і палітычны сімвалізм — гэта пацвярджэнне гатоўнасці замежных дзяржаў да плённага і эфектыўнага ўзаемадзеяння па самых розных пытаннях з кіраўніцтвам краіны знаходжання сваіх упаўнаважаных прадстаўнікоў. На гэты раз удзельнікамі ўрачыстага мерапрыемства сталі паслы Кітая, Ізраіля, Бангладэш, Камбоджы, Мальтыйскага ордэна, Намібіі і Пакістана. Па вялікім рахунку, у іх асобе Аляксандр Лукашэнка на гэты раз звярнуўся да ўсёй сусветнай супольнасці:

— Наша краіна вельмі зацікаўленая ў неканфліктным і эфектыўным супрацоўніцтве з іншымі краінамі. Пры гэтым мы, безумоўна, выключаем любы палітычны і эканамічны ціск. У дыялогу з партнёрамі Беларусь прытрымліваецца прынцыпаў адкрытасці, прыстойнасці і раўнапраўя.

Па прыбыцці ў новую краіну прызначэння любы дыпламат перш за ўсё ўнікае ў асаблівасці бягучага моманту. Яго можна ацэньваць па-рознаму, але Аляксандр Лукашэнка робіць акцэнт на галоўным:

— Беларусы, як гэта заўсёды бывала ў мінулым, даказалі сваю здольнасць адстаяць суверэнітэт краіны, традыцыйныя каштоўнасці і тэрытарыяльную цэласнасць. Неаднаразова заяўляў і яшчэ раз паўтару, што толькі наш народ мае права вырашаць, як будзе развівацца ў будучыні беларуская дзяржава.

Грамадзяне краіны маюць права самі вызначаць свой лёс і будучыню сваёй дзяржавы, лічыць Прэзідэнт.

— Нам важна, каб было пачутае меркаванне кожнага. Усе канструктыўныя прапановы будуць уключаны ў парадак Усебеларускага народнага сходу, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Так, няпростая гісторыя Беларусі, яе цяперашняе геапалітычнае становішча і структура эканомікі дыктуюць неабходнасць супрацоўніцтва з усімі. Краіна сваімі ініцыятывамі на міжнароднай арэне даказала здольнасць ўносіць канструктыўны ўклад у рашэнне розных праблем. Да іх дадаліся і новыя выклікі. На фоне барацьбы з пандэміяй усё больш жорсткая канкурэнцыя ахоплівае глабальную эканоміку. Нікуды не сышлі застарэлыя канфлікты. Таму як паветра патрэбна стратэгія эфектыўнага процідзеяння выклікам і пагрозам. Значна прадуктыўней гэта рабіць разам, перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца надзейным партнёрам для кожнай з дзяржаў і ёй ёсць што прапанаваць для супрацоўніцтва. Са свайго боку Мінск разлічвае, што кіраўнікі дыпмісій будуць непрадузята і аб’ектыўна даводзіць свайму кіраўніцтву інфармацыю аб жыцці краіны.

— Мы гатовы дапамагаць вам у гэтым. Разлічваю, што вашы вопыт і прафесіяналізм стануць трывалай асновай для канструктыўнага ўзаемадзеяння, а яго практычныя вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць, — рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.

Цырымонія ўручэння даверчых грамат — гэта яшчэ і падстава зверыць гадзіннікі, абмеркаваць перспектывы далейшага супрацоўніцтва з краінамі, якія прадстаўляюць паслы. Для пачатку да кіраўнікоў дыпламатычных місій Прэзідэнт звярнуўся з трыбуны. У афіцыйнай частцы сказаў наступнае:


Аб Кітаі

— Характар нашых адносін — давернае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. І гэтым усё сказана. Гэтай філасофіяй прасякнутыя ўсе сферы нашага ўзаемадзеяння. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў кітайскай ініцыятыве «Пояс і шлях». Сёння гэта рэальна працуючы праект, які дае канкрэтную аддачу, і мы ўсяляк спрыяем і будзем спрыяць яго спалучэнню з інтэграцыйнымі працэсамі ў Еўразійскім эканамічным саюзе — наколькі гэта магчыма. Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» — адзін з паказальных прыкладаў нашага супрацоўніцтва. У ім ужо працуюць каля сямідзесяці замежных кампаній. Высокатэхналагічных кампаній. Асабліва хачу адзначыць два вельмі важных для Беларусі праекты, якія стартавалі ў гэтым годзе — будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту на сродкі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Захоўваюцца добрыя тэмпы росту беларускага экспарту ў Кітай. Паводле нашых ацэнак, у гэтым годзе аб’ём паставак сельгаспрадукцыі ў Кітай ўпершыню дасягне 200 мільёнаў долараў. І я ўпэўнены, што гэта толькі пачатак.


Аб Ізраілі

— Беларусь і Ізраіль звязвае шматвякавое сяброўства, а таксама агульная трагедыя самай кровапралітнай у гісторыі чалавецтва вайны. Нашы дзяржавы паслядоўна адстойваюць абсалютную недапушчальнасць перагляду вынікаў гэтай вайны і гераізацыі нацызму. Дарэчы, у найбліжэйшы час наш Парламент разгледзіць законапраект аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму ў Беларусі. Так званай гераізацыяй сёння грашаць вельмі многія краіны, асабліва размешчаныя побач з намі. А дарма! Перакананы, што ніякія заслугі перад Айчынай не могуць апраўдаць злачынствы супраць чалавецтва! Мы разлічваем на развіццё супрацоўніцтва ў галіне інфармацыйных тэхналогій, біятэхналогій, робататэхнікі, а таксама штучнага інтэлекту. Ёсць што вам прапанаваць. Ваш ўзровень развіцця мы ведаем.


Аб Мальтыйскім Ордэне

— Значны вопыт двухбаковага супрацоўніцтва ў нашай краіны з Мальтыйскім ордэнам, якому ўдзячныя за вялікую гуманітарную дапамогу, пастаўкі медыцынскага абсталявання, павышэнне кваліфікацыі беларускіх урачоў. Ордэн актыўна ўзаемадзейнічае з Беларуссю ў рамках міжнародных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі.


Аб Пакістане

— Асаблівае значэнне мы надаём супрацоўніцтву з Пакістанам. Пасля адкрыцця сваіх дыпмісій Мінск і Ісламабад здзейснілі сапраўдны прарыў ва ўсіх сферах узаемадзеяння. Сёння нам неабходна пісьменна выкарыстоўваць наяўныя напрацоўкі, надаўшы асаблівую ўвагу прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі, фармацэўтыцы і ахове здароўя. Галоўнае — не спыняцца. Трэба ісці наперад, нягледзячы на рознага кшталту катаклізмы. Таму мы чакаем з нецярпеннем прэм’ер-міністра Пакістана Імрана Хана з афіцыйным візітам. Пра гэта мы з ім дамаўляліся зусім нядаўна.


Аб Бангладэш

— Рэспубліка Беларусь разглядае Народную Рэспубліку Бангладэш як важнага і перспектыўнага партнёра. За апошнія гады актывізавалася наша ўзаемадзеянне ў гандлёва-эканамічнай сферы, і магчымасці тут вялікія. Мы бачым добрыя перспектывы для працы ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, адукацыі. Пазіцыі нашых краін блізкія і па асноўных пытаннях міжнароднага парадку дня.


Аб Камбоджы

— З Каралеўствам Камбоджа сёлета мы адзначылі 25‑годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. За гэты час сфарміравана дагаворна-прававая база, рабочыя органы для ўзаемадзеяння. Пара актыўна пераходзіць да канкрэтных праектаў. Мы да гэтага гатовыя. Тэхналагічныя магчымасці Беларусі, аб якіх вы ведаеце, могуць у значнай ступені задаволіць патрэбы эканомікі Камбоджы, якая дынамічна развіваецца. Акрамя паставак тэхнікі і абсталявання, нашы прадпрыемствы гатовыя актывізаваць прамысловую кааперацыю, удзельнічаць у развіцці транспартнай, энергетычнай інфраструктуры Камбоджы, здабычы карысных выкапняў. Мы гатовыя ствараць у вас патрэбныя для вас прадпрыемствы і рыхтаваць для іх працоўныя кадры.


Аб Намібіі

— У Афрыцы ў нас далёка не цалкам рэалізаваны патэнцыял супрацоўніцтва з Намібіяй. Сёння мы знаходзімся толькі ў пачатку шляху па фарміраванні нашых адносін. Я абсалютна перакананы, што нам трэба арыентавацца на дасягненне практычнага выніку на доўгатэрміновую перспектыву супрацоўніцтва. Неабходна сканцэнтравацца на павелічэнні аб’ёмаў узаемнага гандлю і рэалізацыі сумесных праектаў у сферах энергетыкі і сельскай гаспадаркі.

…Зносіны з кіраўнікамі дыпламатычных місій афіцыйнай часткай не абмежавалася і працягнуліся ўжо ў больш нефармальнай абстаноўцы. Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка мае намер асабіста сустрэцца (прычым у бліжэйшы час) з Сі Цзіньпінам, найлепшыя пажаданні ад якога новы пасол Кітая ў Беларусі Прэзідэнту перадаў перш за ўсё.

— Надышоў час пагаварыць па істотных, вельмі важных пытаннях, якія тычацца не толькі Беларусі, але больш за ўсё Кітая, — пачуў у адказ дыпламат.

СКАЗАНА

Се Сяоюн, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі:

— Палітычны ўзаемадавер паміж нашымі дзяржавамі паглыбляецца. Краіны падтрымліваюць адзін аднаго па ключавых пытаннях. Супрацоўніцтва ў эканоміцы, навуцы і тэхніцы, культуры і адукацыі таксама прынесла вельмі плённыя вынікі. Пасля ўспышкі пандэміі COVІD‑19 мы з беларускім бокам аказваем адзін аднаму дапамогу і падтрымку, абменьваемся вопытам, прапануем экстранныя супрацьэпідэмічныя сродкі. Гэта ў поўнай меры адлюстроўвае брацкія, сяброўскія адносіны паміж нашымі народамі.

Алекс Гольдман-Шайман, Надзвычайны і Паўнамоцны  Пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі:

— Я як амбасадар маю намер умацоўваць інфраструктуру, на якой мы будзем працягваць будаваць адносіны паміж Ізраілем і Беларуссю па ўсіх спектрах. Гэта і прасоўванне культурных адносін, наша агульная спадчына, памяць Халакоста, якую мы хочам умацаваць. І, вядома, супрацоўніцтва ў галіне эканомікі — павелічэнне тавараабароту і турызму. Ва ўмовах бязвізавага рэжыму краіны зацікаўлены ў павелічэнні колькасці турыстаў у абодвух напрамках. У ізраільцян ёсць вялікі інтарэс да наведвання месцаў, дзе нарадзіўся і жыў Шымон Перас, наш прэм’ер-міністр і прэзідэнт, ці Эліэзер Бен-Йехуда, які аднавіў габрэйскую мову.

Саджад Хайдэр Хан, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Беларусі:

— Беларусь — выдатная краіна. Наша супрацоўніцтва ўмацоўвалася апошнія пяць гадоў — з візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан у красавіку 2015 года. А асабліва інтэнсіўна нашы адносіны развіваліся апошні год. Закранаюць яны ўсе сферы. У нас дзейнічаюць каля васьмідзесяці пагадненняў — у галінах індустрыі, высокіх тэхналогій, вытворчасці, сельскай гаспадаркі. Прэм’ер-міністр Пакістана прыняў запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі наведаць Беларусь. Візіт адбудзецца, як толькі дазволіць сітуацыя.

Алег БАГАМАЗАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?