Вы тут

Якую функцыю выконваюць сёння бункеры часоў «халоднай» вайны


Падземны бункер часцей за ўсе асацыіруецца з кадрамі ваеннай кінахронікі. У час бамбёжкі людзі імкнуцца да аб’ектаў, на якіх вялікімі літарамі напісана «бомбасховішча». Зараз такога паняцця няма, хаця абарончыя аб’екты існуюць і прызначаны для ўкрыцця падчас надзвычайных сітуацый. У Гродне іх амаль сотня. Штогод сярод абарончых збудаванняў нават вылучаюцца лепшыя, так бы мовіць, бункеры ўзорнага ўтрымання. Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў сховішчы аднаго з гродзенскіх заводаў.


Масіўныя дзверы — як у кіно…

З прадстаўніком МНС, які будзе суправаджаць падчас наведвання аб’екта, мы сустракаемся ля прахадной завода. Мікалай Панчышны называе сваю пасаду з даволі доўгай назвай. Ён — інжынер сектара арганізацыі функцыяніравання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Гродзенскага гарадскога аддзела па НС.

Праходзім за прахадную завода і спыняемся перад дзвярнымі кратамі, за якой бачны спуск у падвал. Сюды мы накіроўваемся разам з Сяргеем Насулькам, які ўзначальвае штаб грамадзянскай абароны на прадпрыемстве. Ён папярэджвае, што аб’ект на капітальным рамонце. Так робіцца праз кожныя дзесяць год

— Не будзем забываць, што гэта падвал, тут і вільгаць можа быць, і грунтовыя воды праступаюць, абсталяванне гніе, іржавее, трэба за гэтым сачыць, фарбаваць, праветрываць, — каментуе на хаду начальнік ГА завода. 

І вось мы ўжо на глыбіні чатырох метраў пад зямлёй…

Прызнацца, бываць у падземных памяшканнях даводзілася не раз. У Гродне нямала старажытных будынкаў з глыбокімі падваламі і хадамі. Асабліва гэта датычыцца храмаў і замкаў. У некаторых нават месцяцца выставачныя экспазіцыі. Падвальчыкі ў цэнтры горада  прыстасаваныя пад кафэ ці крамы. А вось наведаць сапраўднае сховішча не даводзілася. У памяці зачапіліся, мабыць з кінафільмаў, масіўныя металічныя дзверы з такім жа металічным колам-вінтом. Здагадваюся, што ён прызначаны для герметычнага задрайвання памяшкання.  

Сапраўды, дзверы — першае, што кінулася ў вочы ў падвале. Іх тут некалькі. Яны ставяцца яшчэ і на аварыйным выхадзе, які праз тунэль вядзе на вуліцу. Начальнік ГА завода правярае механізм работы металічных дзвярэй. Усё працуе, але гума на дзвярах патрабуе замены. Гэта плануецца зрабіць у ходзе рамонту.

Мабільнік тут не цягне

Увогуле падземны бункер — даволі прасторны аб’ект, хаця і разбіты на некалькі памяшканняў. Усе яны маюць свае, строга вызначаныя функцыі. Святая святых — вентыляцыйная камера. Пункт забяспечвае сховішча чыстым паветрам, якое паступае з вуліцы, праходзіць праз фільтры і па трубаправодах ідзе ў памяшканні. Як патлумачыў Мікалай Панчышны, нават хімічна і радыяцыйна заражанае паветра тут пройдзе ачыстку.

Ёсць і нормы, у які колер фарбаваць трубы. Напрыклад, жоўтая — з неачышчаным паветрам, белая — з чыстым. Па зялёных цячэ вада. У карычневы колер пафарбавана сістэма ацяплення, у чорны — каналізацыя.

Пры запоўненым памяшканні раз-пораз трэба ўключаць вентыляцыю. Мае спадарожнікі заўважаюць, што гэты гук — з ліку таго, што можа стварыць дыскамфорт для прысутных.  А яшчэ тут няма мабільнай сувязі. Правяраю і бачу — так і ёсць. Жартую, што гэты факт якраз-такі для многіх і можа стаць надзвычайнай сітуацыяй. Між тым сувязь са знешнім светам не губляецца. Для гэтага тут ёсць дротавы тэлефон і радыёстанцыя. Але адчуванне адарванасці ад рэальнага свету даволі вострае, Не вельмі верыцца, што недзе зверху ідзе звычайнае гарадское жыццё. Сюды, праз тоўстыя сцены і чатырохметровую глыбіню, ніводны гук не пранікае.

Каб людзям было спакойна

Між тым экскурсія па бункеры працягваецца. Уражваюць рэзервуары для аварыйнага запасу пітной вады на чатыры тысячы літраў. За іх станам сочыць санэпідслужба. Аварыйнае асвятленне забяспечвае аўтаномная дызельная станцыя. Такая колькасць розных механізмаў павінная забяспечыць нармальную жыццядзейнасць 600 чалавек у замкнёнай прасторы. І нават у такіх экстрэмальных умовах прадугледжаны спальныя месцы. У асобным пакоі ўладкаваны двухпавярховыя нары. Дарэчы, спальныя месцы павінны займаць трэцюю частку аб’екта. Зараз на нарах знаходзяцца прадметы грамадзянскай абароны, у тым ліку процігазы.

 

Ёсць тут і медпункт, і санвузел, і прадуктовы склад.

— Зараз, вядома, прадуктаў тут няма. Яны заносяцца пры аб’яўленні надзвычайнай сітуацыі. На працягу 12 гадзін сховішча павінна быць падрыхтавана, усё лішняе выносіцца, з базаў паступаюць прадукты з разлікам на пяць сутак. Гэта кансервы, крупы, сухія кашы, якія можна варам заліць. На раздачы стаіць халадзільнік, тут ёсць і акенца для выдачы пайка. Для абслугоўвання на заводзе створана асобнае звяно з ліку работнікаў. Кожны адказвае за свой участак, — патлумачыў Сяргей Насулька. 

Ёсць і тыя, хто сочыць за абстаноўкай, за парадкам. Каб людзі паводзілі сябе спакойна. Згодна правілам, сюды нельга заходзіць з жывёламі. Дарэчы, з інструкцыяй можна азнаёміцца на прававым партале. Раней яна была прызначана толькі для службовага карыстання, але зараз у шырокім доступе. Такая інфармаванасць павінна супакойваць насельніцтва, лічыць Мікалай Панчышны.

У выпадку пагрозы…

Самы прасторны пакой — для знаходжання эвакуіраваных грамадзян. Зараз ён выконвае ролю класа. Тут, за сталамі праходзяць заняткі па грамадзянскай абароне работнікі завода. Раз на месяц вядзецца праверка сістэмы апавяшчэння. Такі ж сігнал будзе гучаць падчас пагрозы. Разам з ім выратавальнікі праз электронныя СМІ паведамяць насельніцтву пра далейшыя дзеянні.

Якія гэта пагрозы? Па словах супрацоўніка МНС, сюды адносяцца ваенныя дзеянні, хімічныя і радыяцыйныя аварыі на прадпрыемствах, стыхійныя бедствы.

— А ці былі сітуацыі, калі сховішча працавала па сваім прызначэнні? І якіх надзвычайных сітуацый трэба зараз баяцца? — задаю пытанне.

На шчасце, ні дадзенае, ніякія іншыя сховішчы горада не былі задзейнічаны па прамым прызначэнні, хаця будаваліся яшчэ ў 50-я гады. Так жа мірна тут перажылі і часы «халоднай» вайны. Ды і стыхійных катаклізмаў такіх маштабаў у рэгіёне не назіралася, зазначыў Мікалай Панчышны.

Уваход абмежаваны?

Гэта так. Трапіць у такое сховішча з-за цікаўнасці не атрымаецца. Між тым, закон не забараняе здаваць іх у арэнду ці выкарыстоўваць для патрэб прадпрыемства. Сховішчы могуць «працаваць» і ў мірных мэтах. Дзе-нідзе так і адбываецца. Праўда, нельга рабіць перапланіроўку.

Хтосьці ўладкоўвае там склады, дзесьці падземныя памяшканні аддаюцца пад спартыўныя залы. Есць прыклады стварэння тыра, зноў жа «трэнажоркі» і нават лазні. Некаторыя прадпрыемствы робяць бытоўкі для работнікаў з душавымі кабінкамі. На адным з самых вялікіх у горадзе сховішчаў доўгі час працаваў фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Яшчэ адзін аб’ект каля абутковай фабрыкі будзе выкарыстоўвацца для захавання прадуктаў аднаго з гандлёвых прадпрыемстваў.

Мне патлумачылі, што абарончыя аб’екты як выконвалі свае функцыі, так і выконваюць. Іх фонд дазваляе поўнасцю забяспечыць ахову насельніцтва на розныя тэрміны — ад двух да пяці сутак у залежнасці класа абароны. Сярод арганізацый нават наладжана спаборніцтва на лепшае ўтрыманне абарончага аб’екта. Па выніках конкурсу прысуджаюцца прэміі.

Экскурсія падалася мне вельмі цікавай. Дарэчы, падчас прафілактычных акцый такія экскурсіі праводзяцца і для дзяцей. А можа варта было б зладзіць такія вандроўкі для ўсіх жадаючых? Экскурсаводы — у дадзеным выпадку супрацоўнікі МНС — добра падрыхтаваныя. Можна было б уключыць у гарадскі турыстычны маршрут і такі цікавы аб’ект…

Дарэчы, такі прэцэдэнт у Гродзенскай вобласці ёсць. У Шчучынскім раёне існуе музей халоднай вайны, які створаны ў былым сакрэтным бункеры для лётчыкаў. І ёсць нямала жадаючых убачыць прылады жыццезабеспячэння падземнага каманднага пункта. Лічу, што і ў Гродне турыстам было б што паказаць у савецкім бункеры.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».