Вы тут

Жыццё са смакам. Сакрэты дыеты ад Ірыны Яблонскай


Папулярны ўрач-дыетолаг Ірына Яблонская не лічыць калорыі і дазваляе есці ўсё, што хочацца. Акрамя цукру. Бо і без яго, перакананая доктар, можна быць абсалютна шчаслівай.


А што ж такое шчасце, спытала я ў Ірыны на пачатку размовы. Бо яе шматгранная гісторыя асабістага жыцця вядомая, як гаворыцца, на ўвесь інтэрнэт.

Ірына Яблонская — у мінулым вядомы рэдактар папулярнага часопіса Pіngouіn. Гэта быў адзін з «рэдкіх беларускіх» глянцавых выданняў, як казалі пра яго ў той час. У самой свецкай ільвіцы — так называлі Ірыну ў медыясферы — за плячыма «элітная французская школа» з залатым медалём, вышэйшая медыцынская адукацыя і праца ў хуткай медыцынскай дапамозе, паспяховая кар’ера на радыё і свой медыя-бізнес.

«Я люблю вучыцца», — расказвае пра сябе Ірына, дэманструючы ў сваім блогу, здаецца, бясконцую колькасць дыпломаў і сертыфікатаў. Урач агульнай практыкі, урач-дыетолаг, урач-псіхатэрапеўт, урач антыўзроставай медыцыны… Гэтыя шматпрофільныя веды і вялікі досвед дапамаглі Ірыне аднойчы зразумець, што актыўнае свецкае жыццё — не для яе. Высветлілася, што Ірыне куды больш важна і прыемна бачыць шчаслівыя ўсмешкі сваіх пацыентаў, якім яна дапамагла зноўку адчуць смак жыцця.

Мне захацелася пагутарыць з чалавекам, які ведае «ўсё і крыху больш» пра якаснае харчаванне і, як вынік, больш камфортнае жыццё. Пра гэтае і трохі пра асабістае — у размове з доктарам Яблонскай.

Свецкае жыццё рэдактара папулярнага "глянца" — у мінулым

— Шчасце — гэта калі здаровыя ўсе члены сям’і, — не задумваючыся, адказвае Ірына на мае першае пытанне.

— А ці ёсць сувязь паміж харчаваннем і адчуваннем шчасця?

— Вядома! Галоўнае, каб гэтае харчаванне, дакладней, рацыён быў правільным.

— Вы маеце на ўвазе бялкі-тлушчы-вугляводы, а таксама падлік калорый?

— Не! Ужо ўвесь свет даўно зразумеў, што падлічваць калорыі шкодна. Гэта шлях да анарэксіі, буліміі, кампульсіўнага пераядання. Мае пацыенты не лічаць калорыі і ядуць усё, што я ім скажу.

— Але спачатку вы іх неяк дыягнастуеце?

— Канешне. Пачынаю з біяімпедансаметрыі, які дыягнастуе склад цела. Такі апарат, на мой погляд, дае самыя дакладныя паказчыкі: працэнтнае ўтрыманне тлушчавай масы цела, цяглічнай, касцяной, мінеральнай; унутрыклеткавай вадкасці, пазаклеткавай, а таксама асноўны абмен рэчываў. Прайсці дыягностыку не складана, такія апараты ёсць у медцэнтрах усіх буйных гарадоў Беларусі. А тым, хто жыве ў райцэнтры, я раю набыць разумныя вагі. Яны, вядома, не так выразна адлюстроўваюць асаблівасці складу цела, але калі няма альтэрнатывы — падыдуць. У мяне такія таксама ёсць. Яшчэ я звяртаю ўвагу на біяхімічны аналіз крыві. Бо хтосьці пакутуе ад дэфіцыту бялку, у кагосьці ён проста не засвойваецца, хтосьці не даядае, хтосьці мала трэніруецца… Увогуле, каб зрабіць правільную выснову, мне патрэбныя вынікі поўнага абследавання.

— Ці ёсць прадукты, якія наўпрост уплываюць на выпрацоўку гармонаў шчасця?

— Так, ёсць шэраг прадуктаў, якія спрыяюць выпрацоўцы сератаніна. Напрыклад, індычка, шакалад, бананы… Але гэта ўсё вельмі ўмоўна. Калі ёсць парушэнні ў арганізме з захопам сератаніна, то аднымі прадуктамі не абыдзешся. Існуе яшчэ і сувязь з дэфіцытам вітаміна D, пра які цяпер усе амаль «крычаць». Тым не менш, у многіх і многіх павальна яго не хапае. Напрыклад, у мяне ледзь набярэцца тры працэнты пацыентаў з нормай гэтага вітаміна. Да таго ж ён часам і не засвойваецца.

— Ці можна есці ўсё, што хочацца і калі хочацца, атрымліваючы ад жыцця такім чынам асалоду, і пры тым не хварэць, не адчуваць фізічнага дыскамфорту?

— Калі казаць простай мовай, гэта называецца інтуітыўнае харчаванне. І я не падтрымліваю такі падыход да яго. Часта арганізм нас падманвае. Няправільна есці што хочацца і калі хочацца. Наадварот, часцей за ўсё гэта сігналізуе пра дэфіцытны стан з нейкімі рэчывамі або нават пра сур’ёзнае захворванне.

— У вашым публічным акаўнце ў інстаграме я знайшла рэцэпт зялёнага смузі. Яго склад мяне збянтэжыў. Назвы некаторых прадуктаў я чую ўпершыню і мяркую, што каштуюць яны нятанна. Правільнае, якаснае харчаванне — гісторыя не для бедных?

— Не ведаю, што вас так уразіла ў тым рэцэпце. Давайце яго прааналізуем. Кінза — вядомы прадукт. Кейл — гэта капуста. Учора я купіла цэлы мех яе на мінскім Камароўскім рынку і заплаціла за ўсё 8 рублёў. Гэта дорага? Думаю, не. З яе зраблю салату, нешта ў смузі дадам, частка пойдзе на квашанне. Далей глядзім: бок-чой — гэта таксама від прывазной капусты, адзін кілаграм каштуе 8 рублёў. Яго мне хапае на два тыдні: тушу, запякаю… Ківі, агурок вядомыя ўсім. Бэбі спаржа, магчыма, не досыць даступная, але яе і трэба няшмат. Насенне чыа прадаецца ў нас. Хларэла, згодная, нятанная, але аднаго слоіка хапае на год, а ўжываць патрэбна ўсяго па чайнай лыжцы. Матча — гэты папулярны напой, думаю, усе ведаюць. Што тычыцца эфірных алеяў: адна кропля вельмі часта замяняе кілаграм нейкага прадукту. Гэта ж канцэнтраванае выцісканне! Калі не жадаеце ўжываць алей — не страшна, можаце абысціся без яго. На самой справе, усё не так дорага, як здаецца на першы погляд. Здароўе — даражэй! Для мяне гэта наогул элементарныя рэчы. Да таго ж шмат усяго на роднай зямлі расце. Вось, напрыклад, карняплоды: іх у нас нямала. І я не пра буракі або моркву зараз кажу. А корань пятрушкі?.. А корань сельдэрэя, пастарнак? Яны даступныя на рынку круглы год. Можна харчавацца не толькі кабачкамі, але і цукіні, пацісонамі, гарбузом, брусельскай капустай… І цыбулі разнастайнай у нас шмат! А харчавацца няправільна, мне здаецца, даражэй.

— А як жа быць з прывазнымі садавінай і гароднінай, «нашпігаванымі» хімікатамі?

— Вось таму я і казала: купляю на рынку. І вам раю. Ёсць яшчэ фермерскія прадукты. Але не варта дужа баяцца «хімікатаў». У многіх краінах свету ўраджай збіраюць па чатыры разы на год. Вязуць іх самалётам — хутка. У Беларусі няма ні ў чым дэфіцыту. Калі хочаш харчавацца так, як хочаш, калі ёсць цікавасць пашыраць свой рацыён якаснымі прадуктамі — у нас можна купіць абсалютна ўсё.

— Вы мяса ўжываеце?

— Вядома.

— Раскажыце, калі ласка, аб сваіх перавагах у ежы…

— Мая раніца пачынаецца з рассыпістай грэцкай кашы. Вельмі яе люблю і ем кожны дзень, а бялковыя кампаненты мяняю. Пячоначны паштэт таксама люблю, сама яго гатую. Ідэальны сняданак для мяне: грэчка і паштэт!

— А каша са сметанковым масліцам?

— А як жа ж!..

— Але ж нам даводзяць розныя спецыялісты, што кальцый, які змяшчаецца ў масле, і жалеза, што ў грэчцы, — яны разам не засвойваюцца як рэчывы-антаганісты…

— Хто такое прыдумаў? Каша з маслам — гэта ж класіка! Яшчэ кажуць: кашу маслам не сапсуеш. Давярайце мудрым продкам! У масле кальцыя няма. Там ёсць вітамін D. А кальцый — у малочных прадуктах з найменшым утрыманнем тлушчу. Так што ўсё там добра спалучаецца!

— Гэта ўжо новая для мяне інфармацыя. Так, век жыві — век вучыся. Столькі міфаў, фэйкаў — а сярод іх дзесьці заблукала і праўда — пра карысць ды шкоду тых ці іншых прадуктаў. Каму верыць, як арыентавацца: дзе інфармацыйнае смецце, а што варта прыняць да ведама?

— Арыентавацца трэба на тое, што пішуць урачы. Напрыклад, я і калегі. Са мной у камандзе працуюць лепшыя спецыялісты. Бо, вы маеце рацыю, у інтэрнэце сапраўды шмат розных міфаў.

— Ад чаго лепш адмовіцца ўсім без выключэння?

— Ад цукру. У любым выглядзе, нават прыхаваным.

— Гэта складана… Чытала, нават у абястлушчанае малако дадаюць цукар.

— Больш таго, я была здзіўленая, але ў магазінным хрэне і гарчыцы ён таксама ёсць! Хоць гэта так сабе кансервант у дадзеным выпадку. Увогуле, уважліва чытайце этыкеткі.

— А як жа той факт, што салодкае карысна для мозга?

— Вы пра глюкозу? Яна ўтвараецца са складаных вугляводаў, што абавязкова павінны быць у вашым рацыёне. Гэта разнастайныя цэльназерневыя крупы, цельназерневыя макароны і гэтак далей. Выбар велізарны, дастаткова пажадаць яго ўбачыць. І, паверце, без цукру можна жыць.

— Ірына, што такое «бодзіпазітыў» з вашага пункту гледжання: прыняцце сябе з усімі сваімі недахопамі альбо прыхаванае нежаданне займацца сабой?

— На самой справе, гэта нелюбоў да сябе. Гэта спосаб прыцягнуць увагу, заслужыць тую самую любоў да сябе. Але яе апрыёры не трэба заслугоўваць! Ведаеце, я асабіста знаёмая з некаторымі «бодзіпазітыўшчыкамі». Іх усіх аб’ядноўвае недахоп любові да сябе, хоць знешне яны ўсяляк адмаўляюць гэты факт і дэманструюць адваротнае. У глыбіні душы кожны з іх хоча быць стройным і здаровым. Проста камусьці не хапае матывацыі, камусьці падтрымкі з боку, ёсць вялікі недахоп чагосьці важнага ў жыцці. Усім людзям, па вялікім рахунку, не ўсё роўна, як яны выглядаюць і як сябе адчуваюць.

— Вы сышлі ў прафесійным сэнсе са свету сродкаў масавай інфармацыі, але не перастаяце быць вядомай асобай і па-ранейшаму знаходзіцеся ў фокусе ўвагі прэсы. Таму дазвольце пару пытанняў на асабістую тэму. Чаму так кардынальна вырашылі змяніць дзейнасць? Не страшна было пачынаць усё спачатку? Дайце параду тым, хто хоча, але баіцца пачынаць сваё жыццё з чыстага ліста.

— Гэта абсалютна не страшна! Тым больш, што першапачаткова я была дыпламаваным медыкам. Калі разумееш, што «перарос» у сваёй справе, калі адчуваеш, што тое, чым займаешся, не тваё — ні ў якім узросце не страшна пачынаць усё спачатку! Але «ныраць» у новую ваду трэба рэзка. Для псіхікі вельмі карысна выходзіць з зоны камфорту. Гэта матывуе, стымулюе. А калі змяняць нешта ў жыцці плаўна, не спяшаючыся — мы проста час губляем. Нерашучасць, сумненні, асабліва, калі слухаеш не сябе, а іншых — усё гэта тармозіць развіццё. Я выходзіла з зоны камфорту і не аднойчы. Хачу сказаць, што кожны раз даволі хутка аднаўлялася ад стрэсу, падымалася. Так што ў сваім «балоце» сядзець не трэба, гэта дакладна!

— Ці ўплывае на вас псіхалагічна эпідэміялагічная сітуацыя? І калі так, што робіце для эмацыйнай разгрузкі? Гэта ўжо пытанне да вас, як дыпламаванага псіхатэрапеўта.

— Мы жывём за горадам, і я не адчуваю ў поўнай ступені гэтага ціску. Са сваякамі і сябрамі маем зносіны дыстанцыйна. Нікуды не ходзім. Прыёмы таксама дыстанцыйна вяду. Я не адхрысцілася ад знешняга свету, не. Проста, калі ў красавіку мяне «накрыла» з‑за празмернасці інфармацыі, якую я чытала ўсюды і ўвесь час, чула разважанні пра сусветную змову… Вось тады я зразумела, што больш не магу. Трэба ўмець пераключацца. Вось тут і прыходзіць на дапамогу ўсім «дакучлівы» і «руцінны» быт. Мы якраз рабілі рамонт у новым доме — сямейныя справы добра адцягваюць увагу ад іншых праблем. Раю ўсім супакоіцца і прытрымлівацца здаровага рацыёну. У прафілактычных мэтах можна прымаць цынк (ён падтрымлівае падстраўнікавую залозу, якая перш за ўсё рэагуе на стрэс) і вітамін D. Мы яго ўсёй сям’ёй перыядычна кантралюем.

— Як часта трэба здаваць такія аналізы?

— Не менш чым раз на год. Ці лепш у паўгода, але без фанатызму! Яшчэ эфірныя алеі добра дапамагаюць. І паласканні… Вядома, ад усяго не ўцячэш, не схаваешся. І ў нас некаторыя з родных цяжка хварэлі. Па тры тыдні на штучнай вентыляцыі легкіх без прытомнасці ляжалі. А мы, як высветлілася, таксама хварэлі, але бессімптомна. Выпадкова даведаліся пра гэта, калі муж стаў кантактам першага ўзроўню. Тэсты ў нас былі адмоўныя, але ж антыцелы — ёсць. І цяпер сваякі хварэюць… Дапамагаем як можам. Але навіны я не чытаю. Працую, пра сям’ю клапачуся — мне хапае.

— Якую пару года вы любіце і чаму?

— Раней думала, што мне ўсё роўна. Але цяпер зразумела, што люблю час з красавіка па кастрычнік. Калі цёпла.

Гутарыла Аліса Гюнгер.

Фота з асабістага архіва Ірыны Яблонскай.


Зялёны смузі «Здаровая  і прыгожая скура»:

150 мл фільтраванай вады

10 г кінзы

30 г кейла

20 г бок-чой

20 г ківі

20 г бэбі спаржы

1 агурок

1 ч. л. насення чыа

1 ч. л. хларэлы

1 ч. л. матчу

1 кропля эфірнага алею размарына

1 кропля эфірнага алею каляндры

1 кропля эфірнага алею чабора

 

Гародніну, зеляніну і садавіну вымыць і злёгку прасушыць. Насенне чыа замачыць на ноч. У блэндар уліць ваду, дадаць кейл, бок-чой, кінзу, спаржу, агурок, ківі, насенне чыа, хларэлу, матчу. Узбіць. Пасля дадаць па кроплі эфірных алеяў каляндры, размарына і чабора. Размяшчаць. Адразу выпіць.


«Духмяныя сырныя шарыкі»

150 г цэльназерневай мукі

200 г сыру «Маасдам»

10 перапяліных яек

150 г кунжутнага насення

Папера для выпечкі

Сыр нацерці на дробнай тарцы, змяшаць з мукой і шасцю перапялінымі яйкамі. Замясіць цеста. Падзяліць на роўныя шарыкі. Па кансістэнцыі цеста ліпкае, таму я рэкамендую змочваць рукі ў халоднай вадзе, каб шарыкі атрымаліся прыгожымі, а іх край роўным.

4 перапяліныя яйкі разбіць у посуд, памазаць з дапамогай пэндзліка шарыкі, затым абкачаць іх у кунжуце і раскласці на блясе, папярэдне выслаць яе пергаментнай паперай.

Выпякаць у духоўцы 35 хвілін пры тэмпературы 200 градусаў. Падаваць можна да гарбаты, кефіру, кавы або ягаднага морсу.

Кулінарная кніга Ірыны Яблонскай «Ад перцу да сэрца» выйшла ў 2017 годзе. Праца над ёй вялася тры з паловай гады. Сукенка, у якую апранута Ірына Яблонская на вокладцы, складаецца з дзвюх тысяч перцаў чылі. Потым яна была заяўлена аўтарам кнігі ў камітэт Кнігі рэкордаў Гінеса. Аўтар убору — дызайнер Наталля Поткіна.

«У кнізе сабраны 120 маіх аўтарскіх рэцэптаў з падлікам каларыйнасці, харчовых рэчываў — бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, з дакладным указаннем колькасці даступных інгрэдыентаў, пакрокавымі фота і апісаннем. Увесь працэс падрыхтоўкі страў, пачынаючы ад куплі прадуктаў, фотаздымкаў і напісання рэцэптаў быў зроблены мною асабіста», — піша Ірына.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.