Вы тут

​Як дапамагчы скуры ў халады?


​Са зменай сезону змяняецца не толькі гардэроб і настрой, але і стан скуры. Зіма — гэта халады і маразы, а значыць, адбываецца змена гідраліпіднага балансу, выпрабаванням падвяргаюцца імунная сістэма і гарманальны фон. А наша скура першай рэагуе на любыя змены ўнутры і вакол нас.

Як правільна клапаціцца пра скуру твару ў халодны час года? Пра хатні догляд і прафесійныя працэдуры мы пагаварылі з урачом-касметолагам Юліяй СТАНКЕВІЧ.


— Кожная жанчына хоча выглядаць заўсёды дагледжанай, мець здаровую, зіхатлівую скуру. Зімовы перыяд патрабуе падвышанай увагі да догляду за тварам. З якіх лакальных крокаў складаецца гэты працаёмкі працэс?

— Хачу пачаць з таго, што клапаціцца пра скуру твару ў зімовы перыяд трэба не толькі звонку, але і знутры. У першую чаргу, памятаць пра водны баланс. Паколькі наш арганізм на 70 % складаецца з вады, немагчыма дамагчыся зіхатлівай скуры без падсілкоўвання яе знутры. Якасць харчавання тут таксама адыгрывае важную ролю. Узімку ў рацыёне абавязкова павінныя быць прадукты, багатыя на амега-3 кіслоты. Гэта тлустыя гатункі рыбы, арэхі, шпінат, авакада, аліўкавы, соевы алей. З-за недахопу вітаміна Д у халодную пару года ў рацыёне павінныя абавязкова прысутнічаць прадукты, якія спрыяюць яго выпрацоўцы. Гэта яечны жаўток, сметанковае масла, тунец, пятрушка. І, вядома ж, вітаміны. Самім сабе прызначаць комплексы не варта. Перш за ўсё, трэба здаць аналізы і пракансультавацца з лекарам. Не забываем пра паўнавартасны начны сон і рухомы лад жыцця. Гэта таксама важныя складнікі нашай прыгажосці.

— Ці можна сцвярджаць, што здаровы і дагледжаны твар жанчыны — у прамым сэнсе слова ў яе руках?

— Безумоўна, знешні выгляд скуры залежыць перш за ўсё ад хатняга догляду. Штодзённы базавы догляд складаецца з некалькіх этапаў: ачышчэнне, танізаванне, увільгатненне (сілкаванне). Касметычныя сродкі, якія вы выкарыстоўваеце, могуць адрознівацца ў залежнасці ад сезону. Напрыклад, калі ў вас тлустая скура, то ўлетку для яе вы ўжываеце сродкі для тлустай скуры. Узімку гэта могуць быць сродкі для камбінаванай скуры. Калі скура камбінаваная, то ў зімовы перыяд выдатна падыдуць лінейкі для сухой скуры. Пры выбары касметычных сродкаў ўлічваем не толькі тып скуры, але і маркер ўзросту.

  • ВАЖНА: пры доглядзе за тварам не павінна быць адчуванняў дыскамфорту.

Ачышчэнне. Як правіла, пачынаецца з дэмакіяжа. Пры дапамозе вяршкоў альбо міцалярнай вады, нанесеных на ватны дыск, прыбіраем з твару дэкаратыўную касметыку. Асобна здымаем макіяж з вачэй. Для гэтай адчувальнай зоны ідэальна падыдзе двухфазны сродак. Абмываць твар гарачай вадой нельга, каб не перасушыць скуру. Пры выбары сродкаў для мыцця ў зімовы перыяд аддаем перавагу пенкам альбо сродкам на аснове алеяў. Напрыклад, гідрафільны алей. Пры ачышчэнні твару ў зімовы перыяд неабходна звесці да мінімуму выкарыстанне абразіўных пілінгаў з буйнымі часціцамі. Калі ў вас на скуры ёсць сасудзістая сетачка, то такія пілінгі выкарыстоўваць нельга.

Танізаванне. У зімовы перыяд аптымальнымі будуць ласьёны для сухой скуры.

  • ВАЖНА: пры куплі касметычных сродкаў для халоднага часу года выбіраць тыя, у складзе якіх змяшчаецца спірт.

Увільгатненне (сілкаванне). Існуе меркаванне, што летам трэба выкарыстоўваць увільгатняльны крэм, а зімой пажыўны. Нібыта ў складзе ўвільгатняе крэму змяшчаецца вада і таму зімой пры мінусовай тэмпературы ён замярзае, крышталізуецца і можа нашкодзіць нашай скуры. Гэта не зусім так. Любы крэм у сваім складзе ўтрымлівае ваду. І ні адзін крэм не можа змерзнуць на скуры зімой, так як пастаянная тэмпература нашага цела 36,6, а пры такой тэмпературы гэта фізічна немагчыма. Узімку наша скура схільная да большай страты вільгаці, і, адпаведна, трэба аддаваць перавагу крэмам, у складзе якіх больш пажыўных і абарончых кампанентаў, чым увільгатняючых.

  • ВАЖНА: выбіраючы касметычныя сродкі на зіму ўважліва чытайце склад. На першым месцы ў ім павінны быць раслінныя алеі.

Што тычыцца крэмаў, на першым месцы ў складзе павінны быць раслінныя алеі. Гэта алей шы, карытэ, алей авакада, жажаба, вітамін Е. Выдатна, калі ў складзе будуць гіалуронавая кіслата, мачавіна, гліцэрын.

У крэмах таксама могуць утрымлівацца прадукты нафтахіміі. Напрыклад, вазелін, парафін, мінеральнае масла. Галоўная роля гэтых кампанентаў — абарона нашай скуры ад страты вільгаці. Адчувальнай карысці яны не прыносяць. Нароўні з крэмамі ў зімовы час года рэкамендуецца выкарыстоўваць сыроваткі. Іх склад больш канцэнтраваны, і яны напаўняюць наш твар карысцю знутры. Неабходна памятаць, пасля нанясення сыроваткі заўсёды выкарыстоўваецца крэм.

  • ВАЖНА: на вычышчаны і танізаваны твар нанесці сыроватку, а затым крэм.

Маскі для твару. У зімовы перыяд у якасці дадатковай крыніцы сілкавання да базавых этапаў хатняга догляду за тварам варта дадаць маскі. Аптымальна выкарыстоўваць 2–3 разы на тыдзень. Перавагу можна аддаць крэмападобным маскам альбо на тканіннай аснове. Яны прасцей у выкарыстанні, чым, напрыклад, альгінатныя.

Догляд за вачыма. Зона вакол вачэй — асаблівая і патрабуе да сябе падвышанай увагі. Абавязкова выкарыстоўваць крэм пад вочы раніцай і ўвечары. Узімку замяніць звычайны крэм на больш пажыўны на аснове алеяў. Калі ў вашым арсенале ліфтінг-крэм, то наносіць яго трэба за гадзіну да сну і не багата, каб не справакаваць ацёкі.

  • ВАЖНА: выкарыстоўвайце ўвільгатняльныя і пажыўныя маскі вакол вачэй, патчы пад вочы.

Догляд за вуснамі. Скура на вуснах вельмі далікатная і тонкая. Гэта вобласць, дзе няма сальных залоз, таму яна мацней рэагуе на агрэсіўнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Перад выхадам на холад не забываем наносіць гігіенічную памаду або бальзам, у складзе якіх змяшчаецца вітамін Е (увільгатняе) або воск (загойвае мікратрэшчыны). Важна таксама не аблізваць вусны на марозе. А пры выбары дэкаратыўнай памады ў халодны сезон варта пазбягаць матавых тэкстур, бо яны могуць перасушваць скуру вуснаў. Не забываемся і на начны догляд: перад сном можна нанесці алей шы або какоса.

— Існуе меркаванне, што зіма — самая спрыяльная пара года для прафесійных касметычных працэдур. Ці так гэта на самай справе?

— Гэта сапраўды так. Зіма — добры час для абнаўлення скуры твару. І калі ў хатніх умовах задача жанчыны — падтрымліваць сваю прыгажосць, то ў салонах і цэнтрах прыгажосці ў гэты час кіпіць праца па амалоджванні. Лазерныя працэдуры, фотатэрапія, разнастайныя пілінгі: ретынолавы, ТСА, на аснове фруктовых кіслот. У халодны перыяд скура менш падвяргаецца ўздзеянню сонечных прамянёў і рэабілітацыйны перыяд пасля такіх працэдур праходзіць, як правіла, без ускладненняў. Аднак не забываем выконваць меры абароны пасля правядзення працэдур: наносіць крэм з SPF-фактарам 15–20.

  • ВАЖНА: пасля правядзення амаладжальных працэдур выкарыстоўваць ахоўныя сродкі з SPF-фактарам

Калі зімой вы вырашылі паехаць на адпачынак у гарачыя краіны, то за месяц да ад'езду ніякіх амаладжальных працэдур праводзіць нельга, толькі хатні догляд.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з архіва Юліі СТАНКЕВІЧ

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.