Вы тут

Вяртлявая чаротаўка на экспарт


Як птушаняты з Беларусі дапамагаюць ствараць новую папуляцыю аднаго з самых рэдкіх відаў вераб’інападобных Еўропы.

Міжнародная арніталагічная экспедыцыя, якая праходзіла ў пачатку 1990-х гадоў на Беларускім Палессі, адкрыла там існаванне вялізнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі. Гэта была сенсацыя! Знаходка дапоўніла ўяўленні навукоўцаў пра біялогію гэтага таямнічага віду і вывела нашу краіну ў лідары па колькасці рэдкай птушкі ў Еўропе.


Крылаты сімвал Беларусі

Падзея, здавалася б, цікавая толькі вузкаму колу арнітолагаў. Але гэты від птушак з'яўляўся і цяпер з'яўляецца знікаючым, таму трапляў у фокус увагі буйнейшых прыродаахоўных арганізацый не толькі Еўропы, але і ўсяго свету. Пасля дэталёвых улікаў высветлілася, што беларуская папуляцыя – самая вялікая ў свеце. Такім чынам, адна з самых рэдкіх вераб'інападобных птушак Еўропы – вяртлявая чаротаўка – нароўні са знакамітым белым буслом стала паўнавартасным крылатым сімвалам Беларусі.

Наша краіна не толькі ўтрымлівае “кантрольны пакет акцый” у справе захавання гэтага знікаючага віду, але і, як высветлілася, мае ўсе падставы стаць асноўным і адзіным донарам маладняку для паўторнага засялення тэрыторый, дзе параўнальна нядаўна чаротаўкі паспяхова гнездаваліся, але па розных прычынах зніклі.

Вяртлявая чаротаўка адносіцца да глабальна знікаючых відаў, значыць, самастойна, без дапамогі людзей, існаваць ужо не зможа. А калі ўлічыць, што сярод вераб'інападобных кантынентальнай Еўропы яна адна мае такі статус, то выратаваць гэтую птушку ад немінучай гібелі для еўрапейцаў, і ў першую чаргу для нас, беларусаў, – справа асаблівага гонару.

Патрабавальная да ўмоў жыцця

Асноўная бяда вяртлявай чаротаўкі – яе вельмі невялікая экалагічная пластычнасць. У адрозненне ад, скажам, берасцянкі альбо шэрай вароны, яна можа жыць толькі ў адным біятопе, а гнездавацца і паспяхова вырошчваць птушанят толькі пры пэўных, вельмі спецыфічных умовах. Такім біятопам для гэтага віду з'яўляюцца нізінныя балоты, колькасць якіх у апошнія дзесяцігоддзі катастрафічна зменшылася. Спрыяльныя ўмовы – гэта, у першую чаргу, аптымальны ўзровень вады; не вельмі высокая заросласць тэрыторыі трыснягом і хмызнякамі; наяўнасць пэўных відаў асакі, здольных утвараць купіны, дзе птушка будуе гнёзды. Таксама неабходна дастатковая колькасць бесхрыбетных – патэнцыйнай ежы для моладзі і дарослых птушак. Але і гэта яшчэ не ўсё. У старадаўнія часы, калі нізінныя балоты цягнуліся шырокім ланцугом амаль праз усю Еўропу, ніякай бяды не было. Дарослыя птушкі гнездаваліся ў найбольш прыдатных мясцінах, моладзь разляталася па наваколлі, а экалагічная ёмістасць вялізных забалочаных абшараў кампенсавала ваганні колькасці віду, якія ўзнікалі ў сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі.

Фрагментацыя арэалу

У нашы дні ад былой балотнай велічы ў Еўропе засталіся не больш за 400 км2 мясцін, прыдатных для гнездавання вяртлявай чаротаўкі. А выглядаюць яны як невялічкія плямінкі, нераўнамерна і на вялікай адлегласці адна ад другой раскіданыя па тэрыторыях Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі, Расіі і Венгрыі. Таму ўзнікла яшчэ адна не менш сур'ёзная праблема – фрагментацыя арэалу.

У такіх умовах кожная мікрапапуляцыя замыкаецца сама на сябе. У выпадку, калі па нейкіх прычынах яна гіне альбо змяншаецца яе колькасць, пэўная частка моладзі з суседніх мікрапапуляцый, падпарадкуючыся закладзенай з нараджэння генетычнай праграме, разлятаецца па наваколлі ў пошуках новых прыдатных для жыцця мясцін. На жаль, вельмі часта птушкі проста не дасягаюць іх, і большасць гіне. Так, за апошнія 10–15 гадоў колькасць беларускай і ўкраінскай папуляцый значна зменшылася. У Германіі, Венгрыі, Латвіі і еўрапейскай частцы Расіі, дзе чаротавак гнездавалася няшмат на вельмі абмежаваных тэрыторыях, яны зніклі зусім.

Перасяліць адтуль, дзе многа

Такім чынам, па-першае, стратэгія захавання вяртлявай чаротаўкі заключаецца ў падтрыманні асноўных месцаў гнездавання ў стане, блізкім да оптымуму. У нашай краіне гэта балоты Званец, Спораўскае і Дзікое, размешчаныя ў паўднёва-заходняй частцы краіны, дзе гняздуецца амаль палова глабальнай папуляцыі віду. Па-другое, вялікую актуальнасць набывае паўторнае забалочванне раней асушаных тэрыторый і мадэляванне там адпаведных умоў. Паколькі працэс гэты доўгі і складаны, узнікла прапанова паспрабаваць штучна падсяліць чаротавак адтуль, дзе іх многа, у месцы, дзе яны калісьці зніклі, а сучасныя ўмовы выглядаюць спрыяльнымі для гнездавання.

«Далёкі» мігрант

Ідэя перасялення чаротавак увогуле не новая. Такія эксперыменты паспяхова праводзіліся з іншымі відамі птушак – берасцянкай, стракатай валасяніцай, качкай-крыжанкай. У агульных рысах у прыродзе ўсё выглядае такім чынам: птушаняты, якія вывеліся на пэўнай тэрыторыі і пражылі там некалькі тыдняў, на ўсё далейшае жыццё замацоўваюць яе ў сваёй памяці. Яны пачынаюць лічыць гэтае месца сваім домам і наступнай вясной, пасля зімоўкі, вернуцца менавіта туды. Так яно адбываецца ў натуральных умовах. Ва ўмовах жа запланаванага эксперыменту неабходна было ўзяць зусім маленькіх птушанят у адным месцы, перавезці іх у другое і выгадаваць там. А потым выпусціць са спадзяваннем, што моладзь прыжывецца, прывыкне і пачне ўспрымаць гэтую тэрыторыю як свой дом. У нашым выпадку справа ўскладнялася тым, што ўсе папярэднія эксперыменты праводзіліся з відамі, месцы зімоўкі якіх знаходзіліся не вельмі далёка ад месцаў гнездавання, – так званымі “бліжнімі мігрантамі”. Карацей кажучы, усё ў межах Еўропы. Вяртлявая чаротаўка – мігрант “далёкі”: зімаваць лётае аж у Заходнюю Афрыку. Паспрабуй вярніся адтуль у сваю “новую кватэру”!

Чаму выбралі Жувінтас?

Зразумела, што перш чым пачынаць транслакацыю, неабходна было дэталёва вывучыць тэрыторыю, куды плануецца перасяляць птушак. Таксама высветліць, што прымусіла чаротавак пакінуць гэтыя мясціны альбо не дае ім гнездавацца тут у дастатковай колькасці, ліквідаваць праблемы і толькі потым прыступаць непасрэдна да перасялення.

Найбольш зручным палігонам для правядзення гэтага ўнікальнага навуковага эксперыменту аказалася літоўскае балота Жувінтас, якое мае ўсе ўмовы для гнездавання вяртлявай чаротаўкі. Штогод яно давала прытулак некалькім птушкам, якія там могуць і размнажацца, але іх колькасць недастатковая для ўтварэння ўстойлівай жыццяздольнай папуляцыі. Адлегласць ад Жувінтаса да Званца, асноўнага фарпосту гнездавання чаротаўкі, складае ўсяго 500 кіламетраў – не так ужо і далёка ў маштабах Еўропы. Плошча балота дастатковая для ўтварэння стабільнай мясцовай папуляцыі, у той жа час яна кампактная, што зручна для далейшага маніторынгу вынікаў транслакацыі. Нарэшце, адной з асноўных умоў выбару гэтай тэрыторыі для эксперыменту быў менеджмент Жувінтаса – ён з’яўляецца запаведнікам.

Колькі птушак спатрэбілася

Нагадаю пра яшчэ адно вельмі важнае экалагічнае правіла: для кожнага віду жывёл і раслін існуе неабходная мінімальная колькасць асобін, пачынаючы з якой можа ўтварыцца ўстойлівая папуляцыя. У выпадку з вяртлявай чаротаўкай для гэтага патрабуецца не менш за 50 актыўных самцоў. Для стварэння такога ядра спатрэбіцца перасяліць значна большую колькасць птушанят. Трэба ж улічваць і вельмі высокую (да 70 %) натуральную смяротнасць моладзі ў першы год жыцця, і тое, што назад пасля зімоўкі вернуцца (калі вернуцца ўвогуле) далёка не ўсе маладыя птушкі. Акрамя таго, у папуляцыі павінны прысутнічаць не толькі самцы, але і самкі.

Вярнуліся ў новы дом

Гняздо вяртлявай чаротаўкі

Праект па перасяленні моладзі вяртлявай чаротаўкі са Званца на Жувінтас не прадугледжваў адразу стварэння ў Літве яе новай папуляцыі. Уся гэта грандыёзная работа праводзілася, у першую чаргу, з мэтай высвятлення прынцыповай магчымасці ўжывання такіх захадаў для віду, дапрацоўкі існуючых методык і іх адаптацыі непасрэдна для гэтай птушкі. І толькі потым, пры наяўнасці станоўчых вынікаў, планавалася распрацоўка праграмы-максімум – стварэння новых папуляцый вяртлявай чаротаўкі метадам транслакацыі.

Цяпер, пасля двухгадовай работы, ужо можна ўпэўнена сцвярджаць: так, гэта магчыма, методыка транслакацыі эфектыўная і ў адносінах да адной з самых рэдкіх вераб'інападобных птушак Еўропы.

Невялікаму калектыву аднадумцаў з Літвы і Беларусі давялося займацца ўзгадненнем праекту са шматлікімі інстанцыямі абедзвюх краін, напрыклад, афармленнем дазволаў на перавозку птушак праз мяжу. А ўявіце сабе, што маладых чаротавак трэба карміць кожныя 15 хвілін. Дарэчы, падчас вырошчвання птушанят на Жувінтасе ў сувязі з дрэнным надвор’ем узнікла сур’ёзная праблема са здабычай ежы для малых. Справіцца з ёй дапамаглі валанцёры – студэнты-біёлагі, навакольныя фермеры і проста неабыякавыя людзі.

Кожная птушка атрымала каляровую метку – кольца. Потым людзі дапамагалі чаротаўкам адаптавацца да вольнага жыцця. Самы, бадай, складаны этап праекту – чакаць вынікаў: вернуцца ці не птушкі з зімоўкі.

Падчас транслакацыі 2018 года былі пераселены 50 птушанят, адаптаваны на Жувінтасе 49 (адно малое загінула). Наступнай вясной на гэтае балота вярнуліся не менш за 11 птушак – менавіта столькі актыўных самцоў удалося ўлічыць арнітолагам. А яшчэ ж ёсць і непрыкметныя самкі! У 2019 годзе перасялілі і выпусцілі таксама 50 птушанят, на гэты раз абыйшлося без стратаў. Улікі ж 2020 года на балоце Жувінтас паказалі наяўнасць там не менш за 30 прадстаўнікоў віду! Ну, а калі без лічбаў, але з эмоцыямі, то вяртлявая чаротаўка ў выніку гэтага эксперыменту атрымала вельмі сур'ёзны дадатковы шанец на выжыванне, з чым яе шчыра віншуем!

Сяргей ЗУЁНАК

Работы па транслакацыі выкананы ў рамках міжнароднага праекту праграмы LIFE ЕС “Стварэнне сеткі ключавых месцапражыванняў для забеспячэння доўгатэрміновага спрыяльнага ахоўнага статусу вяртлявай чаротаўкі ў Літве”, LIFEMagniDucatusAcrola (№ LIFE15 NAT/LT/001024) www.kamishevka.by

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.