Вы тут

Адкуль паходзіць белы «воўк». Цікавыя факты пра самаедскага сабаку


Дзякуючы свайму беласнежнаму колеру і здольнасці вытрымліваць нізкія тэмпературы, самаеда можна назваць сапраўдным «зімовым» сабакай.

Самаедскі сабака (іншыя назвы – самаед, самі, самаедская лайка, арктычны шпіц) – вельмі старажытная прымітыўная (абарыгенная) парода паўночных сабак. Існуе гіпотэза, што першапачаткова яна была атрымана дзякуючы прыручэнню белых ваўкоў, але навуковых доказаў гэтаму няма.


Гісторыя пароды

Сваю назву гэтыя сабакі атрымалі па найменні старажытных плямёнаў самаедаў, якія жылі на поўначы Расіі і ў Сібіры. На працягу больш за тры тысячы гадоў яны былі кампаньёнамі ў паўночных плямёнах самадыйскай групы – іх выкарыстоўвалі ў якасці ездавых, для аховы і выпасу статкаў аленяў, а таксама для палявання на мядзведзя і маржа.

Паступова пагалоўе самаедаў было практычна згублена, і захавалася гэта парода толькі дзякуючы працам замежных энтузіястаў канца XIX-пачала XX стст. У 1930-х гадах жывёл падверглі масаваму знішчэнню. Улады лічылі, што пастуховыя і ездавыя сабакі паўночных плямёнаў моцна тармозяць прагрэс, з-за чаго ў тундры іх расстрэльвалі цэлымі запрэжкамі. Да канца дзесяцігоддзя колькасць жывёл была блізкая да нуля.

У Вялікабрытаніі першыя самаеды з’явіліся каля 1890 года. Гэтыя сабакі атрымалі сусветную вядомасць дзякуючы палярнаму даследчыку Роберту Скоту, які прадэманстраваў іх выдатныя здольнасці ў якасці перавозчыкаў цяжкіх грузаў на значныя адлегласці. З тых часоў самаеды пачалі распаўсюджвацца па многіх краінах.

Яшчэ адна версія кажа пра тое, што першыя сабакі – родапачынальнікі цяперашніх самаедаў – былі вывезены ў Еўропу англійскім капітанам Джозафам Уігенсам у часы пошукаў шляхоў гандлю з Сібірру. Але дакументальнага пацверджання гэтаму факту няма.

Некаторыя спецыялісты лічаць, што парода была выведзена штучным (завадскім) шляхам з ненецкіх лаек. Як бы там ні было, сёння рознагалоссі ёсць нават у стандартах – іх існуе цэлых 7: англійскі, FCI, амерыканскі, канадскі, аўстралійскі, новазеландскі і ПАР.

Сучасны стан

Беласнежныя, падобныя на медзведзяня (шчанюкі) і ваўка (сталыя жывёлы), сёння гэтыя сабакі карыстаюцца заслужанай папулярнасцю ў многіх краінах свету.

На думку многіх спецыялістаў і аматараў, самаед па сваіх якасцях – самы кантактны, "кампанейскі" прадстаўнік паўночных парод сабак. Дзякуючы непераборлівасці да розных кліматычных умоў, выдатнаму здароўю і фізічнай цягавітасці, актыўнаму тэмпераменту і невялікім памерам самаеды паспяхова ўжываюцца ў якасці сабак-кампаньёнаў і ездавых, паспяхова выступаюць у розных кіналагічных відах спорту, напрыклад, у гонках у запрэжках. Некаторыя прадстаўнікі пароды выкарыстоўваюцца нават у пошукава-выратавальнай службе і як павадыры.

Выхаванне і навучанне

У гэтых сабак спакойны, дружалюбны і незалежны характар. Яны поўныя ўпэўненасці ў сабе, у меру цікаўныя, актыўныя, вынослівыя, ласкавыя, таварыскія, кемлівыя, часам гарэзлівыя і завадныя.

Калі самаед будзе ўвесь час кантактаваць з гаспадаром, яны будуць выдатна разумець адзін аднаго. Дзякуючы асаблівасцям характару пры ўмове правільнага гадавання, выхавання і навучання сабака да 3-4 месяцаў можа цалкам авалодаць навыкамі выканання асноўных каманд. Пры гэтым з боку ўладальніка патрабуюцца толькі любоў, увага і цярпенне да свайго гадаванца, якога ні ў якім разе нельга падвяргаць фізічнаму пакаранню.

Самаед – адна з самых "зграйных" сабак. Ён успрымае сям'ю менавіта як сваю зграю, з адпаведнай іерархіяй, абавязкамі кожнага члена, правамі і свабодамі. А таму падрыхтуйцеся да таго, што вам прыйдзецца даволі часта тлумачыць шчанюку, хто ў "зграі" галоўны. Рабіць гэта будзе няпроста, бо гэтыя сабакі настолькі прастадушна карыстаюцца сваім абаяннем, што ўжываць плескачы газетай па носе і іншыя "шкадуючыя" меры пакарання цяжка маральна.

Самаед досыць часта падае голас, таму можа быць добрым вартаўніком у якасці гукавой абвесткі ўладальніка пра наяўнасць старонніх (але ніякіх фізічных затрыманняў "злачынцаў"!). З-за практычна поўнай адсутнасці агрэсіі ў характары гэта парода катэгарычна не падыдзе аматарам байцоўскіх ці ахоўных сабак. Больш таго, наяўнасць агрэсіі ў самаеда лічыцца бракам пароднага развядзення.

Саветы ўладальнікам

Сярэдніх памераў (рост у карку – 53-57 см, вага – 17-30 кг), магутны, энергічны і адначасова элегантны ездавы сабака, выдатна прыстасаваны да жыцця на прыродзе, у той жа час адданы, абаяльны і ласкавы – выдатны хатні кампаньён, які любіць людзей і цярпліва адносіцца да дзяцей.

Утрымліваць самаеда можна аднолькава паспяхова як у доме, так і на свежым паветры, даючы яму неабходную прастору для перамяшчэння. Але пажадана не пакідаць жывёлу ў адзіноце надоўга. Важная частка добрага ўтрымання самаедскіх сабак – забеспячэнне дастатковай колькасці фізічных нагрузак і штодзённых шпацыраў. Сядзець у будцы, доме ці кватэры – не самы лепшы варыянт для іх.

Па назіраннях спецыялістаў, самаед – адна з самых паслухмяных паўночных сабак: ніякія "ўцёкі", падкопы ці зламаныя агароджы вас, хутчэй за ўсё, не чакаюць. Прадстаўнікі гэтай пароды аддаюць перавагу гуляць і заставацца побач са сваім гаспадаром.

Спецыфічных складанасцяў у доглядзе за самаедам няма, акрамя клопату пра яго вельмі шчыльную і густую поўсць з магутным падшэрсткам, пышным "каўняром" вакол шыі, пышнымі "штанамі" на задняй частцы сцёгнаў і шчодра апушаным хвастом. Пасля купання поўсць не павінна заставацца вільготнай, яе неабходна добра прасушыць і расчасаць. Ліняюць самаеды звычайна 1-2 разы ў год, і лінька праходзіць хутка, а падшэрстак лёгка выдаляецца пры дапамозе адмысловай шчоткі. Звычайная чыстка шчоткай праводзіцца штодня.

Самаеды вельмі непераборлівыя ў адносінах да харчавання. Яны ахвотна ядуць рыбу, таму ўключайце яе ў рацыён, асабліва для шчанюка. Таксама добра даваць тварог – яго любяць сабакі ўсіх узростаў. Непажадана рэзкая змена рацыёну, яна можа выклікаць алергію.

У самаедскіх сабак добрае здароўе, зрэшты, як і ва ўсіх прадстаўнікоў "прымітыўнай" групы парод (з імі практычна не вялася селекцыйная праца). Менавіта таму ім атрымалася максімальна захаваць свае прыродныя якасці – актыўнасць, цягавітасць і працаздольнасць. Але памятайце, што самаед – сабака арктычная, паўночная. Таму ў цёплы час ніколі не пакідайце жывёлу ў машыне, нават калі аўтамабіль прыпаркаваны ў цені з прыадчыненымі вокнамі. Сабака выпрацоўвае дастатковую колькасць цяпла, якое пры густой поўсці можа прывесці да цеплавога ўдару. Па гэтай жа прычыне не рэкамендаваны ўлетку цяжкія фізічныя нагрузкі.

Магчымыя хваробы: дысплазія тазасцегнавых суставаў, катаракта, уздуцце жывата, глаўкома і атрафія сятчаткі вока, цукровы дыябет, артрыт, дэпігментацыя носа, прыроджаная глухата, інфекцыі мачавых шляхоў. Пры адсутнасці належнай вакцынацыі верагодныя розныя інфекцыйныя захворванні.

Андрэй ШКЛЯЕЎ,

інструктар-кінолаг

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?