Вы тут

Кандыдат біялагічных навук Наталля Зелянкевіч: У балота свая філасофія


Балоты — гэта страшна? Нацыянальны фальклор засяляе гэтыя месцы рознымі нячысцікамі: злы балотнік, кікімары, вадзяныя, чэрці... Жудасць!

Балоты Беларусі — гэта выключна важна! Гэта лёгкія Еўропы. Выпрацоўка кіслароду на балоце ў 15 разоў больш, чым у лесе.

Балоты дапамагаюць падтрымліваць стабільнасць экасістэм і захоўваць біяразнастайнасць: змякчаюць клімат прылеглых тэрыторый, назапашваюць вуглярод, які зніжае парніковы эфект.

Балоты — гэта наш гонар, наш брэнд. Беларусь — адна з нешматлікіх краін у Еўропе, дзе захаваліся велізарныя па плошчы багны, ёсць свая Амазонія, якая прыцягвае турыстаў з усяго свету.

І, нарэшце, балоты — гэта асаблівы, вельмі цікавы свет. Пра яго нам расказвае старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Наталля ЗЕЛЯНКЕВІЧ.


Як балота стала працай

— Наталля Аляксееўна, калі і чаму вы абралі балоты прадметам свайго навуковага інтарэсу?

— Калі я прыйшла ў Акадэмію навук, я спачатку займалася вывучэннем лугавой расліннасці. Спецыялістаў па балотнай расліннасці ў пачатку 2000-х у нашым інстытуце практычна не было: гэты кірунак лічыўся вакантным. У 2004 годзе ў мяне з’явілася магчымасць папрацаваць у міжнародным навукова-даследчым праекце «Belarus Wetlands» па вывучэнні верхавых балот.

У сілу абставін мне неўзабаве давялося ўзначаліць гэты праект. Ён быў не чыста навуковым, а добраахвотніцкім, з удзелам замежнікаў. Да нас штогод сталі прыязджаць не толькі навукоўцы-батанікі, але і людзі, якія праяўляюць цікавасць да экалагічных праблем: настаўнікі, банкаўскія служачыя, прадстаўнікі тых кампаній, якія аказвалі фінансавую падтрымку: «Shell», BAT, HSBC. За 7 гадоў у праекце «Belarus Wetlands» паўдзельнічала больш за 150 валанцёраў з 48 краін свету, прычым не толькі з краін СНД, ЗША, Канады, але і з Аўстраліі, Бразіліі, Ганконга, Грэцыі, Малайзіі, Новай Зеландыі, Сінгапура, Трынідад і Табага, Філіпін, ПАР.

За гэтыя 7 гадоў было вывучана больш за 40 балот, сабраны такі велізарны матэрыял, што ён проста прасіўся стаць асновай для дысертацыі. І мая кандыдацкая была прысвечана флоры і расліннасці верхавых балот Беларусі.

— У чым асаблівасць балотнай расліннасці і флоры?

— Біятоп (натуральная, адносна аднастайная жыццёвая прастора. — Заўв. аўтара) верхавых балот вельмі спецыфічны. Там шмат вады, і звычайна яна халодная, каля +10°С нават летам, бо сфагнавая праслойка працуе як своеасаблівае футра, перашкаджае цеплаабмену: ніжнія пласты і летам не выграваюцца. Найбольш важная асаблівасць сфагнавага моху, набытая ў ходзе мільёнаў гадоў эвалюцыі, — гэта яго здольнасць убіраць і захоўваць вялікую колькасць вады: у 20 разоў больш за ўласнаю вагу. У халодных і вільготных умовах на верхавых балотах Беларусі расце каля 300 відаў сасудзістых раслін, што складае 15% ад усёй флоры Беларусі. Тут, акрамя сфагнавых імхоў, можна сустрэць падвей, верас, багун, буякі, журавіны, расянку. Каля 30 відаў раслін — ахоўныя (марошка, карлікавая бяроза, пуханос альпійскі і іншыя).

На балотах у Бярэзінскім запаведніку ў 2009 годзе навукоўцы выпадкова выявілі Офрыс насякоманосную, новы род і від раслін, які раней ніколі не фіксаваўся ў Беларусі. Гэта стала сапраўднай сенсацыяй!

Загадкавы свет

— А якімі даследаваннямі вы займаецеся цяпер?

— Ужо 5 гадоў удзельнічаю ў праекце ПРААН, які прысвечаны нізінным абалонным балотам. Яны пачалі зарастаць хмызняком, і адтуль сталі знікаць рэдкія птушкі. Самая вядомая — вяртлявая чарацянка, захаванню і абароне якой у Еўропе надаецца шмат увагі.

Зарастанне тэрыторый выклікана зменамі ў сістэме гаспадарання. Раней балоты выкарыстоўваліся для касьбы. Калі менш людзей сталі трымаць жывёлу, балоты пачалі зарастаць хмызняком. Зараз іх выкошваюць спецыяльнай тэхнікай. Мы вывучаем уплыў такіх перамен на біятопы. Практычна штогод займаемся даследаваннямі на балотах Спораўскае, Званец, Дакудаўскае, Сэрвач, Дзікае. Часта ўдзельнічаем у міжнародных праектах, куды нас запрашаюць у якасці экспертаў.

— За што вы палюбілі балоты?

— Гэта дзіўны свет! Даследуючы тарфяныя паклады, быццам на машыне часу пераносішся ў глыб часоў. Без доступу кіслароду «змесціва» балот дрэнна раскладаецца, там можна выявіць часткі старажытных раслін, якія бачылі нашы продкі, што жылі 5 тысяч гадоў таму. Гэта зачароўвае.

Памятаю, як упершыню ў 1998 годзе трапіла на верхавое балота і піцерскі калега мне паказваў маленькія з выгляду хвоі, якім на самай справе 150 гадоў, а побач — канаву (наступства меліярацыі), якая цалкам зарасла сфагнавым мохам, асноўным элементам балота і — у будучыні — торфу. То бок балота само сябе аднавіла! І гэтыя здольнасць да самарэгуляцыі, уменне адстаяць сябе мяне проста ашаламілі.

— Ці застаецца для вас як спецыяліста па флоры балот нешта незразумелае, невытлумачальнае?

— Безумоўна. Адкрытых пытанняў яшчэ шмат. Гэта і экалогія, і класіфікацыя балотнай расліннасці, і ахова. З незразумелага такі факт. На балоце Дзікае мы не раз сустракалі аўсяніцу, якая выдатна расце на сфагнавым моху. Ніколі нідзе больш не назірала падобнага. Да гэтага часу не магу знайсці тлумачэнне: як лугавы від можа расці на сфагнуме?

— Ці ёсць у вас балота-фаварыт?

— Больш за іншыя люблю Ельню. Гэта вельмі вялікае верхавое балота, дзе прадстаўлены найбольш цікавыя тыпы біятопаў. Там ёсць некалькі экасцежак. Адна з іх пракладзеная да азёраў, што ўтварыліся пасярод балота. На рэдкасць прыгожае месца, тут жыве асаблівы дух.

Людзі на балоце

— Балот становіцца ўсё менш. Чым гэта выклікана?

— Паніжаецца ўзровень грунтавых вод, назіраецца недабор ападкаў. Зараз у нас вялікая праблема — зарастанне адкрытых верхавых балот хвояй.

— То бок балоты маюць патрэбу ў абароне?

— Безумоўна. А яшчэ — у прапагандзе, папулярызацыі, у стварэнні брэнда «беларускія балоты». Памятаю, як валанцёры-замежнікі, удзельнікі «Belarus Wetlands» куплялі паштоўкі, каб напісаць невялікае паведамленне і выслаць дадому, родным і блізкім. Не было ў продажы паштовак з балотамі і прыродай Беларусі. Але ж гэта таксама папулярызацыя краіны! Большасць еўрапейцаў не здзівіш царквой XIX ці  пачатку XX стагоддзя. А вось такімі балотамі, як Ельня, Дзікае, Сэрвач, іх можна ўразіць і зацікавіць.

— Ці справядліва, на ваш погляд, называць беларусаў «людзьмі на балоце»? Ці фармуе блізкасць да балот у жыхароў нейкія ментальныя асаблівасці?

— Думаю, гэта было справядліва ў дачыненні да нашых продкаў — і перш за ўсё тых, хто жыве на Палессі. Падчас экспедыцый у палескую глыбінку мы знаёміліся з мясцовымі жыхарамі і пераконваліся: жыццё на балотах дакладна паўплывала на асаблівасці іх побыту і менталітэту. Распавядалі нам, як да меліярацыі зяць ездзіў да цешчы на бліны на лодцы, таму што інакш не дабрацца, хоць іх дамы — у адной вёсцы.

На Палессі і зараз можна сустрэць пажылых жанчын, якія праведваюць адна адну на лодках — так прасцей. Адасобленасць ад знешняга свету, безумоўна, накладвала адбітак, фарміруючы некаторую недаверлівасць, падазронасць да чужынцаў, што называецца «ведаць сваю праўду».

Балоты — гэта асобны свет, свая філасофія. Знаходзячыся тут, вельмі добра разумееш: у жыцці на самай справе па-сапраўднаму важныя не многія рэчы. Як сказаў калега: «Магчыма, балоты і патрэбныя для таго, каб прысесці на балотную купіну і падумаць, для чаго ты жывеш».

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадастаўлена Н. ЗЕЛЯНКЕВІЧ

Фота балот — з архіва лабараторыі геабатанікі і картаграфіі расліннасці Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі

Друкуецца ў «Алесе»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?