Вы тут

Лукашэнка: Нам трэба, чаго б гэтага ні каштавала, вытрымаць, захаваць свой суверэнітэт


У першы працоўны дзень новага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Генеральнага пракурора Андрэя Шведа.


Ён перш за ўсё павіншаваў суразмоўцу і ўсіх работнікаў беларускай пракуратуры з Новым годам.

«Будзем спадзявацца, што і для вас, і для краіны гэты год будзе прасцей, лягчэй, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І нам удасца вырашыць тыя задачы, якія перад намі стаяць».

Прэзідэнт адзначыў, што прайшло амаль чатыры месяцы пасля прызначэння Андрэя Шведа на пасаду Генеральнага пракурора Беларусі.

«Лічыце, як год па беларускім часе, — заўважыў ён. – Я думаю, у вас ёсць свае ўражанні, свае высновы, тым больш, што так атрымалася, што год заканчваецца на вашы чатыры месяцы. Хацеў бы ад вас пачуць ацэнку тых крымінальных спраў, якія спецыяльна валам абрынуліся на вас, для таго каб, як яны казалі (нашы сапернікі, праціўнікі), паралізаваць праваахоўную сістэму».

Гэтага не атрымалася, дадаў Аляксандр Лукашэнка, праваахоўная сістэма як працавала, так і працуе.

«Тым не менш, якая сітуацыя з тымі зваротамі і запытамі, які да прыходу вашага ў пракуратуру былі накіраваныя ў розныя інстанцыі? — спытаў Прэзідэнт. — Вы за гэтым не проста сачылі — вывучалі гэтую тэматыку, хоць, здавалася б, ужо адышла праблема, але тым не менш урокі з яе нам трэба браць».

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў зрабіць даклад не ў выглядзе справаздачы (для гэтага яшчэ будзе час, сказаў ён і прапанаваў кіраўніку пракуратуры падумаць, у якой форме ажыццявіць аналіз работы ўсяго праваахоўнага блоку краіны).

«Паглядзім заканадаўства, зараз усе краіны ўдасканальваюць заканадаўства. Вы бачыце, у Расійскай Федэрацыі вельмі сур’ёзна яны прайшліся па асноўных законах, якія забяспечваюць абарону і бяспеку грамадзян», — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка напомніў, што прадказваў да выбараў сітуацыю, калі буйныя геапалітычныя гульцы пачнуць «дзяліць і перадзельваць свет».

«Так яно і адбываецца. Пандэмія з чыста медыцынскай праблемы стала не проста эканамічнай праблемай, але гэтага трэба было чакаць, яна і не была ніколі медыцынскай праблемай, — сказаў ён. — Тым не менш, нам трэба гэта ўлічваць, каб не патрапіць у жорны, каб нас не перамалолі ў год, які наступіў».

2021 год будзе няпросты, паўтарыў Прэзідэнт: «Нам трэба, чаго б гэтага не каштавала, вытрымаць, захаваць свой суверэнітэт».

Пытанні сённяшняга даклада кіраўніку дзяржавы ўпіраюцца ў названую палітычную рэальнасць, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Андрэй Швед запэўніў Прэзідэнта, што крымінагенная сітуацыя ў Беларусі знаходзілася і знаходзіцца пад поўным кантролем праваахоўных органаў.

«Нягледзячы на тое, што ў перыяд спробы дэстабілізацыі грамадскай абстаноўкі было здзейснена больш за 1000 злачынстваў, у тым ліку і цяжкіх, у нас летась адзначаецца агульнае зніжэнне асабліва цяжкіх злачынстваў на 14 %, цяжкіх — на 27 %, злачынстваў у быту — на 11 %. Практычна па ўсіх асноўных відах злачынстваў адзначаецца зніжэнне ўзроўню злачыннасці».

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, як змянілася дынаміка так званых звычайных злачынстваў у сувязі з тым, што ў другой палове мінулага года ўвага міліцыі і пракуратуры была адцягнута на стабілізацыю абстаноўкі ў краіне.

«Што датычыцца негатыўнай тэндэнцыі, якая распачалася ў жніўні мінулага года, у цэлым, як я вам і дакладваў, па большасці складу злачынстваў сітуацыя знаходзілася і знаходзіцца пад кантролем, — адказаў Генеральны пракурор. — Але праявілася адна негатыўная тэндэнцыя — значны рост злачынстваў, якія звязаныя з кібермахлярствам. Калі ў 2019 годзе такіх правапарушэнняў у нас было зарэгістравана трохі больш за 10 тысяч, то па выніках мінулага года, асабліва ў другой палове, рост адбыўся істотны — больш за 25 тысяч злачынстваў (у 2,5 разы)».

Андрэй Швед лічыць, што кібермахляры, у асноўным з-за мяжы, скарысталіся нервовай абстаноўкай у Беларусі, нагнятаннем істэрыі, адцягваннем увагі праваахоўнага блоку на стабілізацыю грамадскай сітуацыі і кінуліся падманваць даверлівых грамадзян, пенсіянераў. Тэндэнцыя была заўважаная генеральнай пракуратурай ужо ў лістападзе.


Андрэй Швед паведаміў журналістам, што далажыў кіраўніку дзяржавы пра прынятыя меры ў барацьбе з кіберзлачыннасцю. 

«У гэтай рабоце павінны быць задзейнічаныя ў тым ліку і грамадскія арганізацыі, іншыя дзяржаўныя органы, бо вельмі важна казаць людзям, тлумачыць, што нельга даваць свае дадзеныя чужым асобам і адпаведна трапляць у поле зроку такіх махляроў», — сказаў ён. 

Генеральны пракурор таксама далажыў Прэзідэнту пра тое, як выкананыя яго даручэнні пры прызначэнні на пасаду. 

«У першую чаргу гэта пра меры па навядзенні парадку на нашых вуліцах, — расказаў Андрэй Швед. — Даложана пра тое, што той комплекс мер, які быў выпрацаваны і рэалізуецца, дае станоўчыя вынікі, і гэта бачна простым вокам. Сёння на нашых вуліцах забяспечваецца бяспека, спакой, і праваахоўны блок і далей будзе дзейнічаць у такім ключы».

Прынцып няўхільнасці пакарання рэалізуецца ў поўным аб’ёме, дадаў кіраўнік пракуратуры. 

«Даложана пра вынікі работы па пошуку і прыцягненні да адказнасці ўсіх удзельнікаў масавых беспарадкаў і пра перспектывы гэтай работы, — таксама паведаміў ён. — Хачу сказаць, што ў 2021 годзе інтэнсіўнасць пошуку такіх асоб будзе толькі ўзмоцненая. Пастаўленая задача кіраўніка дзяржавы, каб ніводная асоба, якая замахнулася на грамадскі парадак, падняла руку на праваахоўніка, не пазбегла строгай адказнасці».

Даклад змяшчаў вынікі работы пракуратуры і па іншых напрамках. У прыватнасці, у чацвёртым квартале мінулага года праверана выкананне заканадаўства па выплаце заробкаў. Высветлілася, што ў некаторых арганізацыяй, асабліва малых (да 15 супрацоўнікаў), работнікі не атрымлівалі заробак па 2–3 месяцы. 

«Больш за 500 такіх арганізацый намі знойдзеныя, прынятыя меры рэагавання, і зараз практычна ва ўсіх іх людзі атрымалі заробак, — дадаў Андрэй Швед. — Гэтыя пытанні знаходзяцца на пастаянным кантролі».

Датычна заканадаўчых ініцыятыў размова ішла пра пашырэнне паўнамоцтваў пракурораў, у першую чаргу, у працэсуальным аспекце, у тым ліку ў сувязі з падтрыманнем дзяржабвінавачвання, праінфармаваў журналістаў Генеральны пракурор. Даручэнне Прэзідэнта — унесці сёлета адпаведную прапанову. 

«Акрамя таго Генеральная пракуратура рыхтавала блок, які звязаны з узмацненнем адказнасці за экстрэмізм і парушэнне грамадскага парадку. І ў гэтай частцы таксама даручана Прэзідэнтам Беларусі сёлета ўнесці адпаведную прапанову. Не толькі па пытаннях узмацнення адказнасці за экстрэмізм, а ўвогуле (змяненне. — «Зв.») усяго блоку заканадаўства, які тым альбо іншым чынам будзе забяспечваць стабільнасць і грамадскую бяспеку ў нашай краіне».

Пракуратура, у прыватнасці, прапануе канкрэтызаваць пэўныя дзеянні і кваліфікаваць іх як экстрэмізм, узмацніць адказнасць, у тым ліку крымінальную, за экстрэмізм і злачынствы, якія з ім звязаныя. Размова таксама пра больш дакладныя крытэрыі, па якіх тыя альбо іншыя дзеянні будуць мець прыкметы экстрэмізму.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».