Вы тут

Як музеі Беларусі і Расіі захоўваюць гістарычную памяць аб Вялікай Айчыннай вайне


Немагчыма падзяліць памяць, боль, гонар. Таму музеі Беларусі і Расіі ладзяць шмат сумесных мерапрыемстваў, каб захоўваць гістарычныя веды і перадаваць іх наступным пакаленням. У межах святкавання 75-годдзя Перамогі рэалізаваны новыя цікавыя сустрэчы, заключаны пагадненні і дагаворы аб супрацоўніцтве паміж установамі. Нягледзячы на няпростую эпідэмічную абстаноўку, у рэжыме анлайн праведзены дзясяткі навукова-практычных канферэнцый, форумаў і «круглых сталоў».


У Мінску выдадзены ўнікальны альбом «Рарытэты ваенна-гістарычных музеяў Беларусі і Расіі», у які ўвайшлі гісторыі ста экспанатаў з фондаў музеяў абедзвюх краін, сярод якіх зброя, баявыя ўзнагароды, прыватныя рэчы ўдзельнікаў вайны, напрыклад медаль «За адвагу» Інакенція Смактуноўскага, школьны сшытак Зоі Касмадзям'янскай, самаробная гармата, сабраная беларускімі партызанамі.

Музейная мазаіка

Сведчанні пра вайну могуць быць розныя. Дзесяцігоддзямі музейшчыкі Беларусі і Расіі збіралі рарытэты, дакументы, успаміны сведак, асэнсоўвалі атрыманы матэрыял і складалі з яго розныя экспазіцыі. З гэтых непаўторных гісторый, акцэнтаў, іх нюансаў складаецца адзіная памяць пра вайну. Падчас дыскусійна-выставачнага мерапрыемства, што прайшло ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, супрацоўнікі музейных устаноў Беларусі і Расіі падзяліліся сваімі напрацоўкамі, ідэямі і занепакоенасцямі. Усё ж сёння трэба змагацца не толькі з банальным няведаннем гісторыі, але і з фальсіфікацыяй.

Хто б мог падумаць, што праз 75 гадоў ваенная гісторыя будзе пераасэнсоўвацца і давядзецца даказываць раней вядомыя ісціны. Генеральны дырэктар Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі Ірына Веліканава звярнула ўвагу на тое, што яшчэ на Нюрнбергскім працэсе былі названыя злачынцы і пацярпелыя, рашэнні прымаліся на міжнародным узроўні, а сёння ваенныя падзеі трактуюцца на новы лад: «Экспанаты расказваюць лепш за словы. Наш музей пачаў камплектаваць свае фонды з першых дзён вайны, яго супрацоўнікі пабывалі ў гарадах пасля іх вызвалення ад фашыстаў. Выстаўка «Шлях да Перамогі. Гістарычныя крыніцы» сведчыць, як Чырвоная Армія вызваляла краіны Еўропы. Яна прыйшла ў Еўропу не як заваёўнік, а як вызваліцель. Аказвалася шырокая гуманітарная
дапамога, напрыклад выдзялялася малако дзецям і цяжарным жанчынам. Нам трэба «захопліваць» інтэрнэт, не хочацца прайграваць вайну, якая супраць нас вядзецца тымі, хто фальсіфікуе гісторыю». Таму музейшчыкі зрабілі і мультымедыйную версію выстаўкі, пераклалі тэксты на мовы краін, дзе яна паказваецца, размясцілі на сайтах пасольстваў. Таксама музей да юбілею падрыхтаваў выстаўку «Чалавек і вайна. Нерасказаная гісторыя», якая знаёміць з лёсамі людзей. Ірына Якаўлеўна заўважыла, што не хапае даследаванняў, прысвечаных так званым «батанікам у шынялях», бо часта ў апалчэнне ішлі людзі, якія толькі вучыліся трымаць зброю ў руках. Многія з іх гінулі.

Кадры сведчаць

Дзяржаўны музейна-выставачны цэнтр РАСФОТА рыхтуе праект «Вызваленая Еўропа», установа назапашвае фотадакументы, якія сведчаць аб вызваленні 12 краін Еўропы. Адзін жа з выставачных праектаў установы «Яўген Халдзей. Сцяг Перамогі», які ўжо пабачылі аматары гісторыі з больш чым дзясятка гарадоў, выстаўляўся ў Мінску ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. З 1936 года Халдзей працаваў карэспандэнтам «Фотахронікі ТАСС». Ён прайшоў доўгі шлях па дарогах вайны ад Мурманска да Берліна, пераадолеў тысячы кіламетраў на караблях, самалётах, машынах, танках, аленях, пешшу. Сотні метраў адзнятай ім плёнкі паказваюць Керч, Новарасійск, Растоў-на-Доне, Кубань, Ялту, Севастопаль, Балгарыю, Румынію, Югаславію, Венгрыю, Аўстрыю, Германію, Патсдам. Нюрнбергскі працэс, Харбін, Порт-Артур, Парыж і Каны. Ім створаны партрэты савецкіх военачальнікаў, афіцэраў, салдат. Па яго работах меркавалі аб трагедыях вайны, а некаторыя былі пададзены як доказы ў Нюрнбергскі трыбунал. Ён зафіксаваў, чым жылі людзі ў тыя гады, калі вырашаўся лёс чалавецтва, перадаў чалавечыя эмоцыі.

Дырэктар расійскага Дзяржаўнага цэнтральнага музея кіно Ларыса Саланіцына запрашае беларусаў знаёміцца з ваеннай гісторыяй, вывучаючы работу франтавых аператараў. У музеі захоўваюцца адзнятыя імі матэрыялы і экспанаты, звязаныя з побытам аператараў на вайне і прызнаннем іх заслуг на міжнародным узроўні. Так, у 1942 годзе была зроблена дакументальная стужка «Разгром нямецкіх войскаў пад Масквой». Пасля карціна была пераманціравана і пад назвай «Масква наносіць удар у адказ» дэманстравалася ў Амерыцы. Была адзначана Оскарам — праўда, фігурка, што захоўваецца сёння ў расійскім музеі, не залатая. У ваенныя часы любыя металы лічыліся стратэгічным таварам, таму ўзнагарода зроблена з гіпсу з абяцаннем, што пасля будзе перададзена і яе залатая копія. Музейшчыкі ўпэўненыя, што Джорж Лукас, здымаючы эпізод «Зорных войнаў», невыпадкова даў яму назву «Імперыя наносіць удар у адказ» (гэта сведчыць пра яго веданне гісторыі сусветнага кіно). Да 75-годдзя Перамогі музей кіно падрыхтаваў выстаўку «Цана кадра», якая знаёміць з жахлівай статыстыкай: кожны другі аператар быў паранены, кожны чацвёрты забіты. У архіве музея захоўваецца вялікая колькасць мантажных лістоў з ваенных відэаздымак. Значная доля іх прысвечнана баявым дзеянням, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Ларыса Отаўна ўпэўнена, што сёння музейшчыкі павінны шукаць новыя формы работы, у тым ліку выходзіць на рэсурсы, якія выкарыстоўвае моладзь. Музейныя супрацоўнікі нават ставараюць сваё праграмнае забеспячэнне, каб трансліраваць гісторыю.

Часовыя выстаўкі, падрыхтаваныя беларускімі музеямі, прайшлі сёлета ў Расіі. У сваю чаргу, расійскія калегі прапануюць для паказу ў Беларусі свае экспазіцыі, напрыклад, прысвечаныя людзям, якія ў гады вайны працавалі на ваенных заводах, зброі Перамогі.

Падчас «круглага стала» была агучана ідэя аб стварэнні цэнтра памяці, дзе мяркуецца сабраць інфармацыю па персаналіях і праз музейныя сродкі паказаць, якія страты несла цывільнае насельніцтва. Дзякуючы музейным сродкам наведвальнікам раскажуць пра спаленыя вёскі, халакост, вынішчэнне людзей на акупаванай тэрыторыі, прымусовыя выгнанні на работы ў Германію. Музейшчыкі ўпэўненыя, што падобны праект будзе аб'ядноўваць не толькі Беларусь і Расію, але і іншыя краіны.

Абнаўленне і паглыбленне

Сучасныя музеі моцна мяняюць сваё аблічча. Новыя тэхналогіі і падыходы ў афармленні экспазіцый дазваляюць наведвальніку паглыбіцца ў гісторыю, адчуць сябе ўцягнутым у яе. Напрыклад, Тульскі дзяржаўны музей зброі аснашчаны мультымедыйнымі сродкамі, электроннымі энцыклапедыямі, віртуальнымі апавядальнікамі, галаграфічнымі вітрынамі, міні-кінатэатрамі і аб'ёмнымі прасторавымі малюнкамі, сістэмамі дапоўненай і віртуальнай рэальнасці, тут ствараюцца эфекты прамой і зваротнай праекцыі, ажываюць партрэты і карціны. Музей пастаянна прапануе сваім гасцям дыялог, супрацоўніцтва, сутворчасць і суперажыванне. Экспанаты дазваляюць экскурсаводам абвяргаць шэраг фальсіфікацый гісторыі і міфаў пра Вялікую Айчынную вайну.

Музейшчыкі прапануюць стварыць беларуска-расійскія турыстычныя маршруты, у тым ліку дзіцячыя, дзякуючы выставачнай дзейнасці наладжваць культурна-асветніцкую работу. А таксама гатовыя праводзіць для моладзі на зум-платформе міжнародныя бліц-турніры «Музейныя баталіі».

У адным з самых вялікіх у Расіі мемарыялаў — Ржэўскім — штогод адбываецца больш за 500 мерапрыемстваў і праз яго праходзіць каля мільёна наведвальнікаў. Паўтара года таму ўстанова паставіла перад сабой складаную задачу — стварыць асяроддзе, якое  прываблівала б моладзь і магло канкурыраваць з кіно, інтэрнэтам, камп'ютарнымі гульнямі. Цалкам была абноўлена прастора галоўнага будынка музея. Створана новая маштабная экспазіцыя. Аналагаў тэхнічным і творчым рашэнням, якія тут прадстаўлены, у музейнай практыцы свету яшчэ не было. Экспазіцыя наглядна сведчыць, чым жыла краіна, уцягнутая ў вайну, расказвае пра эвакуацыю прамысловасці і насельніцтва, акупацыю, супраціўленне, жыццё людзей у прыфрантавой зоне і глыбокім тыле, паказвае, як працавалі заводы, шпіталі, бібліятэкі, музеі. На плошчы ў больш чым 3000 квадратных метраў прадстаўлена амаль сем тысяч сапраўдных экспанатаў, восем тысяч архіўных і кінафотадакументаў, трохмерныя гісторыка-мастацкія панарамы. У музейную прастору інтэгравана 58 мультымедыйных інфармацыйных комплексаў. Гэта інтэрактыўныя карты, плакаты, галаграфічныя праекцыі, мультымедыйныя даведнікі. Створаны 22 фільмы рэканструкцыі падзей, якія дэманструюцца на сценах экспазіцыі. Усім гэтым дасягаецца эфект поўнага паглыблення ў эпоху ваеннага часу. Неверагоднае ўражанне, калі насустрач наведвальніку выходзяць ахвяры канцлагераў і на мультымедыйным экране рассыпаюцца ў попел. Дарэчы, і самі супрацоўнікі музея ўцягнутыя ў працэс. Яны апранутыя ў адзенне тых гадоў і выконваюць розныя ролі.

Экспазіцыя ўнікальная і паводле зместу. Была праведзена вялізная даследчыцкая праца, якая ахоплівае практычна ўсе бакі жыцця краіны. Да даследавання падключыліся архівы, музеі, кіношнікі і нават бібліятэкары. Гэта праца некалькіх тысяч чалавек! У тым ліку матэрыялы прадставілі супрацоўнікі мемарыяла «Брэсцкая крэпасць-герой» і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. І адзін з першых раздзелаў экспазіцыі — вялікая трохмерная гісторыка-мастацкая панарама «Брэсцкая крэпасць. 1941»; сюды з Беларусі былі перададзены рарытэты, знойдзеныя пошукавікамі пасля Вялікай Айчыннай вайны, а таксама фатаграфіі і інфармацыйныя матэрыялы аб абаронцах крэпасці, аб лёсе іх сем'яў, аб брэсцкім падполлі.

Быў запушчаны знакавы праект «Твары Перамогі», які павінен стаць самым буйным банкам даных прыватных гісторый мільёнаў людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Як паведаміў дырэктар расійскага Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Школьнік, гэта будзе пункт збору агульнанароднай памяці, і музей запрашае далучыцца ўсіх, хто захоўвае ў сямейных архівах звесткі пра сваякоў, якія ваявалі ці працавалі ў тыле. У музеі будзе забяспечаны інтэрактыўны доступ да гэтых звестак. Кожны наведвальнік, які даслаў сюды матэрыялы, зможа ўбачыць іх у спецыяльнай экспазіцыі, вывесці на вялікі экран і паказаць дзецям, унукам.

Музейшчыкі ўпэўненыя, што сёння трэба аб'ядноўваць намаганні дзеля таго, каб здзяйсняць транзіт гістарычнай памяці і спрыяць патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.

Таму тры гады назад у Расіі быў распачаты праект «Тэрыторыя Перамогі», які аб'ядноўвае больш за 200 ваенна-гістарычных і краязнаўчых музеяў. Толькі за мінулы год да яго далучыліся 11 музеяў краін СНД, сярод якіх чатыры — беларускія. Такое супрацоўніцтва дае шматразовае павелічэнне аўдыторыі, памнажае колькасць удзельнікаў сумесных акцый і мерапрыемстваў. Адбываецца абмен выставачнымі праектамі, зараджаюцца новыя ідэі і ініцыятывы, а галоўнае — фарміруецца адзіная прастора гістарычнай памяці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?

Грамадства

У музеі ВАВ адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

У музеі ВАВ адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое.