Такі падарунак сабе, мужу і старэйшай дачцэ 1 студзеня зрабіла вясковая жыхарка з Альхоўкі Дзіяна Базюк.
Малога назвалі Ягор. Непасрэдна ў цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы прайшла і ўрачыстая рэгістрацыя новага грамадзяніна нашай краіны. Жанчыну і нованароджанага з гэтай нагоды прыехалі павіншаваць раённае кіраўніцтва выканаўчай улады і грамадскай арганізацыі БСЖ.
— Тэрмін родаў мне ставілі на 5 студзеня, але ў 10 гадзін вечара 31 снежня прыйшлося ехаць у бальніцу, — кажа Дзіяна. — А ў 2:35 на свет з’явіўся сын. У новай бальніцы я ў першы раз. Усё падабаецца — медперсанал вельмі ўважлівы і да парадзіх, і да дзетак.
А вось Ірына Барысенка другое дзіця нарадзіла вечарам 31 снежня — яе хлопчык стаў 278 дзіцём, якое нарадзілася ў Астравецкім раёне ў 2020 годзе.
— У Астравец мы пераехалі з Віцебскай вобласці, я вельмі перажывала, як усё пройдзе. Але роды прайшлі вельмі добра, парадавала новае, прыгожае аддзяленне, уважлівыя лекары і медсёстры — хочацца вярнуцца сюды яшчэ.
Неабходны каментар
Святлана НІКАЛАЕНКА, раённы акушэр-гінеколаг:
— Астравец — горад маладых, і мы спадзяваліся, што калі-небудзь у нас народзіцца першае дзіця ў вобласці. Нараджальнасць у 2020-м павялічылася — і ёсць надзея, што колькасць жыхароў будзе расці. Прыемна бачыць мам з каляскамі або цяжарных жанчын — сёння ў Астраўцы гэта не рэдкасць. Умовы ў бальніцы добрыя. Кожная палата разлічана на 1–2 чалавекі і абсталявана санвузлом і душавой кабінкай. Штогод да нас на працу прыязджаюць маладыя спецыялісты, яны добра падрыхтаваныя — і нам могуць пазайздросціць іншыя раёны.
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.