Вы тут

Доктар Дабрыня. Так называлі сучаснікі Івана Здановіча


Сёння мы хочам расказаць пра выдатнага чалавека, урача ад Бога, мецэната, грамадскага дзеяча, падзвіжніка Івана Здановіча, які шмат зрабіў для Мінска і сучаснай Мінскай вобласці. Іван Усцінавіч карыстаўся вялікай павагай у грамадстве, асабліва яго любілі простыя людзі. У народзе называлі «Доктар Дабрыня».


Найлепшыя якасці ад продкаў

Іван Усцінавіч нарадзіўся 25 мая (6 чэрвеня) 1864 года. Яго бацька Іусцін (Аўгусцін) Здановіч працаваў у Мінскай духоўнай семінарыі, займаўся навуковай работай. Дзед па лініі маці Пётр Яліноўскі быў протаіерэем Мінскага кафедральнага сабора. Гэта былі адукаваныя і нераўнадушныя да патрэб іншых людзі. Усе найлепшыя якасці ад іх узяў сын і ўнук. Ён закончыў Мінскую класічную гімназію, а ў 1890 годзе — медыцынскі факультэт Кіеўскага Імператарскага ўніверсітэта Святога Уладзіміра. Іван Усцінавіч працаваў сельскім урачом Лошніцкага ўчастка Барысаўскага павета, Заслаўскага ўчастка Мінскага павета, галоўным урачом Мінскай губернскай бальніцы. Усе яго веды, намаганні, практычны вопыт былі скіраваны на паляпшэнне і ўдасканаленне сістэмы аховы здароўя, укараненне новых метадаў лячэння. Менавіта ён арганізаваў курсы масажу, якому вучыўся за мяжой. Іван Усцінавіч не толькі вёў адпаведны курс, але і кантраляваў асоб, якія вывучалі масаж. А менавіта прымянялі яго ў дачыненні да хворых, што мелі ў гэтым патрэбу, пад яго наглядам.

Найлепшы сродак ад воспы — гіпс

На пасадзе ўрача Мінскай губернскай бальніцы Іван Здановіч неаднаразова звяртаў увагу вышэйшых чыноў і губернскай управы на цяжкія ўмовы працы, прасіў аказаць садзейнічанне, у прыватнасці, у будаўніцтве новай медыцынскай установы за мяжой горада, паколькі вялікая колькасць пабудоў не лепшым чынам уплывала на санітарна-эпідэміялагічную сітуацыю. Іван Усцінавіч нават падабраў пляцоўку паблізу хутара Людамон (у раёне сучаснага парка Перамогі). Але бальніца так і не была перанесена.

Ён рабіў усе захады па забеспячэнні медыцынскай установы больш сучасным абсталяваннем. Па хадайніцтве галоўнага ўрача губернская земская ўправа ў 1905 годзе дазволіла набыць абсталявання на суму да 1300 рублёў. А таксама прыняла рашэнне выдаць 500 рублёў на набыццё рэнтгенаўскага апарата. Дзякуючы Івану Здановічу закупляліся таксама хірургічныя інструменты для аперацыйнай. Здановіч нават дабіўся набыцця дэзынфекцыйнай камеры. Па яго ініцыятыве быў уведзены курс гігіены ў Мінскай і Марыінскай жаночай гімназіях, дзе ён чытаў бясплатныя лекцыі ў старэйшых класах. Вялікая заслуга яго і ў адкрыцці бясплатнага гарадскога радзільнага прытулку. Ён сам знайшоў будынак, які падыходзіў для гэтых мэт, адрамантаваў памяшканне, набыў неабходнае абсталяванне і здаў яго на баланс гарадскога самакіравання.

Іван Здановіч з'яўляўся правадзейным членам Таварыства мінскіх урачоў, якое на той час было цэнтрам перадавой медыцынскай навукі Паўночна-Заходняга краю. Неаднаразова выступаў з дакладамі. На аснове асабістага вопыту прыйшоў да высновы, што найлепшым сродкам пры воспе з'яўляецца сухі гіпс. Ён таксама распрацаваў фільтр для ачысткі вады.

Першае вучылішча для сляпых

Цяжка пераацаніць унёсак Івана Здановіча ў развіццё медыцыны. Але, бадай, галоўным яго дасягненнем можна назваць адкрыццё першага ў Беларусі вучылішча для сляпых дзяцей у 1897 годзе. Напачатку яно месцілася на прыватных кватэрах, а ў верасні 1900-га займела ўласны будынак (сучасны раён Дома ўрада і вуліцы Берсана). З цягам часу вучылішча стала найлепшым у былой Расійскай імперыі, мела пяць асобных дамоў, лазню, пральню, гаспадарчыя пабудовы, краму па продажы тавараў, вырабленых сляпымі. Дырэктар асабіста ўдзельнічаў у праектаванні і будаўніцтве ўсіх аб'ектаў. Дабіўся дазволу ўзвесці пры вучылішчы царкву, каб сляпыя змаглі наведваць богаслужэнні. Урачыстае асвячэнне храма ў гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» прайшло ў лістападзе 1907 года. У 1915 годзе ўстанова эвакуіравалася ў Калужскую губерню. На той час тут выхоўвалася 30 хлопчыкаў. Пасля яе дзейнасць аднавілася на ранейшым месцы ў Мінску. Але з пачаткам будаўніцтва Дома ўрада пераехала ў Чырвоны Бераг, затым у Магілёў і Гродна. У 1986 годзе ў сталіцы адкрыта спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку, дзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Акрамя таго, на нагрудным знаку «Заслужаны дзеяч акцыянернага таварыства «БелТІЗ» змешчаны барэльеф з выявай І. А. Здановіча. З гісторыяй медыцыны, дзейнасцю і поспехамі айчынных урачоў у цэлым і Івана Усцінавіча Здановіча ў прыватнасці можна азнаёміцца ў Музеі гісторыі медыцыны.

Як узніклі Ждановічы

У канцы мая мінулага года да 155-годдзя з дня нараджэння Івана Усцінавіча Здановіча па ініцыятыве педагогаў і вучняў Ждановіцкай сярэдняй школы адкрыты памятны знак у гонар доктара Здановіча.

Што ж звязвае Ждановічы з асобай Івана Здановіча? Менавіта дзякуючы Івану Усцінавічу і з'явіўся санаторый «Крыніца». А пачалося ўсё ў 1906 годзе, калі Доктар Дабрыня купіў за горадам дом пад дачу на беразе Свіслачы. Падчас прагулкі па ваколіцы, яго зацікавіла крыніца, што прабівалася з-пад зямлі. Вада тут бруіла нават у моцныя маразы і мела саланаваты смак. Проба была дастаўлена ў лабараторыю Санкт-Пецярбурга. Як выявілі даследаванні, гэта мінеральная вада мае лекавыя ўласцівасці. Потым доктар абсталяваў тут аддзяленне на шэсць месцаў для хворых на страўнікава-кішачныя захворванні.

За свае грошы Іван Здановіч пабудаваў чыгуначную платформу, каб усім ахвотным было зручна дабірацца да крыніцы. Дарэчы, тут спыняліся не толькі прыгарадныя, але і міжнародныя цягнікі. Яе ў народзе назвалі платформа Здановіча. На карце гэтую назву можна было сустрэць яшчэ ў 1933 годзе. Пасля вайны першая літара «з» была заменена на «ж» і назва трансфармавалася ў платформу «Ждановіча» (сучасная станцыя «Ждановічы»). З цягам часу тут узнікла невялікае паселішча, якое назвалі Ждановічы.

Памёр Іван Усцінавіч нечакана на сваім рабочым месцы 11 (24) жніўня 1915 года ва ўзросце 51 года. Дакладна невядома месца яго пахавання. Магчыма, на Старажоўскіх могілках, дзе многія пахаванні былі разбураны пры зносе могілак у 1940—1970 гадах.

Заслугі Івана Здановіча адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. У прыватнасці, ордэнамі Святога Станіслава ІІ і ІІІ ступені, ордэнам Святога Уладзіміра ІV ступені, сярэбранымі медалямі. За дабрачынную дзейнасць ён таксама ўдастоены падзякі імператрыцы Марыі Фёдараўны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Адказ на гэтыя і іншыя пытанні ведае наша гераіня.

Грамадства

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Якой сёння павінна быць маладзёжная газета? Пра што і як размаўляць з моладдзю?

Грамадства

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.