Вы тут

Лёс і творчая спадчына Яна Дамеля. Ён маляваў шляхту і быў несправядліва абвінавачаны ў падробцы грошай


У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстаўка «Ян Дамель. Палатно, папера, лічба», якая прымеркавана адразу да дзвюх дат, звязаных з жыццём мастака: 240-годдзя з дня нараджэння і 180-годдзя са дня смерці.


— Ведаеце, у біяграфіі Яна Дамеля мяне найбольш уражвае яго трагічны лёс, несправядлівае асуджэнне і высылка ў Сібір, дзе творца правёў тры гады, — распавядае куратар выстаўкі, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Дзмітрый Моніч. — Але і пасля гэтага ён застаецца чалавекам з адкрытым сэрцам. Хоць сам ніколі не быў багаты, мог, дапамагаючы камусьці, аддаць апошняе. Ян Дамель стварыў вялікую колькасць партрэтаў беларускай шляхты Мінска і наваколля. На жаль, цяпер вядомыя толькі адзінкі з іх, бо шмат твораў было вывезена ў Польшчу пасля вайны 1919—1920 гадоў. На шчасце, захаваўся адзін з яго найбольш вядомых твораў, які раней знаходзіўся ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, а зараз ён у калекцыі нашага музея — гэта «Маленне аб чашы». Сучаснікі называлі яго своеасаблівым надмагіллем мастака. Дарэчы, у пачатку наступнага года плануецца ўстаноўка мемарыяльнай шыльды ў Кальварыйскім касцёле, якая нагадае, што там пахаваны Ян Дамель.

Пра тое, што менавіта Кальварыйскія могілкі сталі апошнім прытулкам мастака, згадваў у свой час вядомы пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля: «Сама капліца... мае з вялікім алтаром велічную фрэску — выяву гары Іерусалімскай кальварыі, жалобнай крыжовай Галгофы. У цэнтры гэтай фрэскі вялікі, у пазалочанай раме, абраз Хрыста, які лічыцца адным з найлепшых твораў Дамеля. Пад гэтымі сімваламі пакуты і смерці, пад заслонаю тварэння ўласнага пэндзля, пад вялікім алтаром спачываюць астанкі самога Дамеля. Ані ў капліцы, ані ў надворнай яе сцяне грабніцы мастака няма — маўзалеем яму служыць уласны твор»...

А вось калі казаць пра колькасць твораў, якія засталіся як творчая спадчына Дамеля, то тут, як заўважае Дзмітрый Моніч, важна рабіць папраўку «на сённяшні дзень»:

— Напрыклад, нядаўна быў выяўлены твор, пра месцазнаходжанне якога раней не ведалі. Ён вышэй за два метры і называецца «Аляксандр І падпісвае амністыю пасля вайны 1812 года». Чапляючыся за розную інфармацыю, я даведаўся, што знаходзіцца карціна ў музеі-запаведніку «Паўлаўск».

Загадкавых момантаў адносна Дамеля не становіцца менш. Па сцвярджэнні даследчыка, на сённяшні дзень вядома каля 50 яго жывапісных твораў. Найбольшая калекцыя Яна Дамеля знаходзіцца ў Польшчы. Калі гаварыць пра графічныя малюнкі, гэта каля трох сотняў, большасць з якіх — эцюды. Пяць такіх альбомаў зноў жа знаходзяцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Яшчэ варта адзначыць, што Ян Дамель вядомы шырокай публіцы як аўтар твора «Адступленне французскай арміі праз Вільню». Падчас вывучэння біяграфіі мастака даследчыку ўдалося знайсці некалькі варыяцый гэтага сюжэту. Напрыклад, ёсць дзве акварэлі, адна знаходзіцца ў Каўнасе, а другая, з якой потым рабіліся шматлікія гравюры ў Віленскім альбоме, цяпер у Львове. Разам з тым месцазнаходжанне многіх твораў, якія згадваюцца сучаснікамі, на жаль, сёння невядомае.

Нарадзіўся будучы мастак на тэрыторыі Курляндыі ў сям'і гандляра, пазней быў студэнтам Віленскага ўніверсітэта, дзе вучыўся на факультэце літаратуры і вольных мастацтваў. Пасля дзесяці гадоў навучання Ян Дамель атрымаў ступень магістра вольных мастацтваў і пачаў працаваць выкладчыкам малюнка ў мясцовай гімназіі. У Сібір ён нясправядліва трапіў пасля справы аб падробцы асігнацый — іх, як сцвярджаюць даследчыкі, вырабляў сябар мастака Ігнат Цэйзік. Яны пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце. Спачатку Дамель праходзіў як сведка, а потым сам апынуўся на лаве падсудных і ў рэшце рэшт аказаўся сасланы… У высылцы рабіў шматлікія замалёўкі і вёў дзённік. У 1823 годзе мастак быў памілаваны і вярнуўся ў Мінск, дзе пражыў да апошніх дзён... Лічыцца, што памёр ён у жніўні 1840 года ва ўзросце 60 гадоў...

Ян Дамель быў вучнем Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма і адносіўся да мастакоў кола віленскага класіцызму. Класічная адукацыя і акадэмічнае асяроддзе не перашкодзілі яму натхняцца і ствараць у духу еўрапейскага рамантызму. На выстаўцы экспануюцца арыгінальныя палотны Яна Дамеля, а таксама настаўнікаў і калег творцы па Віленскім універсітэце, архіўныя дакументы з малюнкамі самога мастака і лічбавыя копіі яго твораў, якія захоўваюцца за межамі Беларусі.

Выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі чакае наведвальнікаў да 27 студзеня 2021 года.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.