У 2020 годзе Нацыянальным інстытутам адукацыі Міністэрства адукацыі было выпушчана 52 навучальныя дапаможнікі для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Аб гэтым расказала намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Людміла РАМАНОЎСКАЯ.
— Яны даюць магчымасць асвойваць прадметы на павышаным узроўні. Да кожнага з іх распрацаваны электронныя дадаткі, якія размешчаны на спецыяльным рэсурсе profіl.adu.by. Навінкай стала і распрацоўка рэсурсу lіngvo.adu.by, на якім змяшчаюцца электронныя дадаткі да навучальных дапаможнікаў па замежных мовах. З дапамогай спецыяльных спасылак можна вельмі хутка перайсці да адукацыйнага кантэнту, які дапаўняе асноўны матэрыял. Гэта аўдыёзапісы, начытаныя носьбітамі мовы, фанетычныя практыкаванні, ілюстрацыі, інтэрактыўныя заданні і іншае. У пытаннях стварэння вучэбных дапаможнікаў па замежных мовах і электронных дадаткаў на працягу шэрагу гадоў мы вядзём плённае супрацоўніцтва з выдавецтвамі «Вышэйшая школа», «Народная асвета», а таксама Выдавецкім цэнтрам БДУ. Істотна пашырылася супрацоўніцтва з «Беларускай энцыклапедыяй імя П. Броўкі». Рэалізаваны сумесныя праекты з выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне». Так, у абноўленай канцэпцыі выйшлі выданні «Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку» і «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Акрамя таго, выдадзены метадычны дапаможнік «Гонар за Беларусь».
Дзякуючы агульным намаганням Нацыянальнага інстытута адукацыі, выдавецтваў «Народная асвета», «Адукацыя і выхаванне», ААТ «Паліграфкамбінат імя Я. Коласа» ў бягучым годзе выпушчаны сем навучальных дапаможнікаў, заснаваных на рэльефна-кропкавай сістэме Брайля. «Гэта вельмі карпатлівыя, фінансава затратныя праекты, але разам з тым вельмі патрэбныя для нашых дзяцей. Да 2021—2022 навучальных гадоў будуць выдадзены 40 падручнікаў, якія забяспечаны электроннымі праграмамі для асваення навучальных прадметаў на павышаным узроўні, а таксама запланаваны выпуск выданняў на рэльефна-кропкавым шрыфце з электронным дадаткам, — звярнула ўвагу Людміла Раманоўская. — У 2021 годзе выдавецкім цэнтрам Нацыянальнага інстытута адукацыі будзе выдадзены буквар для першакласнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на беларускай мове ад Вольгі Свірыдзенкі і Вольгі Цірынавай, яго асаблівасцю стане ярка выражаны нацыянальны кантэнт — заданні і практыкаванні, якія адлюстроўваюць каштоўнасці і традыцыі беларускай культуры».
Дар'я ШЛАПАКОВА
Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца.
«Абеліскі параненай зямлі».
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.