Вы тут

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў «Гарызонт»


У праграме візіту кіраўніка дзяржавы былі знаёмства з фінансава-гаспадарчай дзейнасцю і перспектывамі развіцця ААТ «Кіруючая кампанія холдынга „Гарызонт“», з работай цэнтра даследаванняў і распрацовак інавацыйных прадуктаў і гутарка з калектывам кампаніі.


«Крызіс — гэта заўсёды час магчымасцяў. Вы скарысталіся гэтымі магчымасцямі»

Сустрэчу з калектывам кіраўнік дзяржавы распачаў з тлумачэння мэты свайго візіту. Ён гэта робіць заўсёды. І сярод галоўнай ён назваў жаданне паглядзець, як развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі на вытворчасці на прыкладзе «Гарызонту». У нечым — гэта канкурэнт Парку высокіх тэхналогій. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што інфармацыйныя тэхналогіі таксама развіваюцца і на базе Нацыянальнай акадэміі навук.

«Калісьці даўно мы марылі навуку нашага холдынгу сабраць у кучу, як беларусы кажуць: сабраць тут разумных людзей. Ну і я рады, што тут з’явілася альтэрнатыва нашым айцішнікам, пра якіх мы кажам і лічым, што гэта айці-парк толькі і ўсё. Нічога падобнага, — сказаў ён. — Вельмі магутны айці-кластар — цэлы пласт вучоных —з’явіўся ў Акадэміі навук. На вытворчасці з’явіліся айцішнікі і розніца паміж вамі і імі (у ПВТ — «Зв.») у тым, што тыя працуюць на аўтсорсінгу, а вы ствараеце прадукт».

Прэзідэнт назваў Інавацыйны цэнтр «Гарызонт» добрай альтэрнатывай, дзе сабраныя таленавітыя, не горш, чым у ПВТ, людзі.

«Не хачу іх (іншых айцішнікаў — «Зв.») пакрыўдзіць, але патрэбна канкурэнцыя, патрэбны некалькі кропак кампетэнцый», — патлумачыў ён.

Відавочна, што Прэзідэнт застаўся не проста задаволены ўбачаным на «Гарызонце», але і ўражаны. Ён пахваліў холдынг за тое, што той здолеў за апошні год прыбавіць у вытворчасці і продажы.

«Крызіс — гэта заўсёды, як мы казалі, час магчымасцяў. Гэта не толькі праблемы і беды. Гэта час магчымасцяў. Вы скарысталіся гэтымі магчымасцямі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пандэмія і прыпыненне вытворчасці ў канкурэнтаў дазволіла беларускім вытворцам даказаць, што іх прадукцыя не горш, чым у вядомых брэндаў, і мае свае перавагі. 

«Вы працуеце сёння дзень і ноч, попыт ёсць, на складзе залежаў няма. Гэта тая вялікая справа, якую вы зрабілі. Мы прайшлі гэты шлях, аказаліся ў выйгрышы», — парадаваўся беларускі лідар.


«Я не вораг уласнаму народу і самому сабе»

Кіраўніка дзяржавы папрасілі пракаментаваць рашэнне аб’явіць гэты год Годам народнага адзінства. «Я проста хачу пацвердзіць, што я гэта рабіў не для таго, каб нешта камусьці паказаць. Хоць і ў гэтым, напэўна, ёсць сэнс, каб людзі разумелі, што я не вораг уласнаму народу і сам сабе перш за ўсё. Я хачу, каб у краіне было ціха і спакойна. Напэўна, вы і самі гэтага хочаце. Калі вам не падабаецца цяперашні Прэзідэнт, то толькі выбары могуць вырашыць гэтае пытанне. Толькі выбары. Я гэта кажу, як бы камусьці не падабалася», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы, асабліва ў Мінску, павінны разумець, што акрамя Мінска ў нас (уся астатняя. — Заўвага. БЕЛТА) Беларусь. Кажуць, маленькая. Яна вялікая! — падкрэсліў беларускі лідар. — Так, вы (моладзь. — Заўвага БЕЛТА) — будучыня. Мы сыдзем. Вам потым берагчы гэтую краіну. Вы — будучыня. Але выбары — гэта ж калі і ў маладога чалавека (18 і больш гадоў), і старому — бюлетэні аднолькавыя».

Аляксандр Лукашэнка заклікаў не парушаць закон і кожнаму займацца сваёй справай, развіваючы вытворчасці, і ў першую чаргу думаць не пра сябе, а пра сваіх дзяцей, дзе яны пасля будуць працаваць.

«Няхай гэтая меншасць, але гэта мае людзі, як бы ні пафасна гучала», — сказаў кіраўнік дзяржавы аб тых, хто супрацьстаіць дзеючай уладзе.

«Калі хтосьці заблукаў, я таксама хачу, каб яны пачулі: іншага кавалка зямлі ў нас не будзе. І не забывайце, мы (вось гэта імгненне найважнейшае) можам страціць усё. Незваротна. Мы ўжо ніколі не вернемся да гэтага», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Калі ў нас не будзе гармоніі з прыродай, мы будзем хворымі, і дзеці будуць жабракамі»

У кіраўніка дзяржавы пацікавіліся пытаннямі пераводу жыллёвага фонду на абаграванне электрычнасцю. Справа ў тым, што на «Гарызонце» наладзілі выпуск даступных і канкурэнтных электрычных воданагравальнікаў.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў гэтым напрамку ў краіне ўжо вядзецца праца, будуюцца новыя дамы з электраабаграваннем, электраплітамі. «Цалкам на электрычнасць пераводзім. І вы бачыце, што электрамабілі свае мы ўжо пачынаем вырабляць. Не толькі купляць. Вельмі стымулюем», — адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, у сферы гарадскога транспарту ўжо актыўна выкарыстоўваюцца электробусы.

«У сваім пасланні (навагодні зварот. — Заўвага БЕЛТА) я электрамабілі згадваў, але галоўны пасыл быў, што Бог нас, напэўна, каранавірусам і пакараў, што мы проста па-хамску ставімся да прыроды. Калі ў нас не будзе гармоніі з прыродай, мы будзем хворы, і дзеці нашы будуць жабракамі», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў шэрагу еўрапейскіх краін ужо вызначаны тэрміны, калі з вуліц павінны знікнуць аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання. «У нас ёсць шанц раней гэта зрабіць, і мы гэта будзем рабіць», — упэўнены беларускі лідар.


Даведка «Звязды»:

У холдынг «Гарызонт» уваходзяць 16 камерцыйных арганізацый, тут у розных сферах — ад распрацоўкі да лагістыкі і паслуг — працуюць каля 4 тысяч супрацоўнікаў.

Летась кампанія працавала ў 6 бізнес-напрамках:

  • даследаванні і распрацоўка (стварэнне новых прадуктаў);
  • спажывецкая тэхніка і электроніка (вытворчасць тэлевізараў, ЗВЧ-печаў, воданагравальнікаў);
  • вытворчасць вырабаў аўтатрактарнай і прамысловай электронікі, сродкаў тэлекамунікацый, сродкаў інфармацыйных тэхналогій, вырабаў з пластмас, тэхналагічнай аснасткі, дапаможнага інструмента для станкоў, тавараў народнага спажывання;
  • выраб электрычных лямп (больш за 300 найменняў);
  • сацыяльная сфера (дзіцячыя садкі, аздараўленчыя лагеры, медыцынскі цэнтр);
  • дэвелапмент камерцыйнай нерухомасці і транспартна-лагістычныя паслугі.

За апошнія пяць гадоў прамысловыя прадпрыемствы холдынгу павялічылі аб’ём вытворчасці амаль у чатыры разы. Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі летась склала каля 74 %.

Па выніках 11 месяцаў мінулага года прадпрыемствы вырабілі прадукцыю ў фактычных цэнах на без малога 350 мільёнаў рублёў. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала каля 400 мільёнаў рублёў (на аднаго сярэднеспісачнага работніка — 138 тысяч рублёў).

Больш за 90 % вырабленай прадукцыі холдынгу ідзе на экспарт (у Расію, Украіну, Казахстан, Малдову, Літву, Польшчу, Фінляндыю, Індыю). Са студзеня да лістапада 2020 года прададзена тавараў за мяжу больш, чым на 120 мільёнаў долараў.

Рэнтабельнасць продажу за той жа час — амаль 7 %. Аб’ём інвестыцый — 4,6 мільёнаў рублёў. Сярэдні заробак — 1042 рублі. Запасы прадукцыі цягам мінулага года знізіліся і на снежань склалі паводле ацэнкі 19 мільёнаў рублёў. Прыбытак ад рэалізацыі па выніках 2020 года ацэньваецца ў 28 мільёнаў рублёў, чысты прыбытак за 11 месяцаў — 20 мільёнаў рублёў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА і па матэрыялах БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».