Вы тут

МАЗ адкрыў у Жодзіна новую зборачную вытворчасць электратранспарту


На яго плошчах будуць выпускаць тралейбусы розных мадыфікацый і найноўшыя электробусы. Штогод тут змогуць збіраць больш за 300 транспартных сродкаў.


Фота БЕЛТА.

Корпус зборачнай вытворчасці займае больш чым 6600 «квадратаў». «З яго дапамогай МАЗ плануе выйсці на новы ўзровень стварэння высокаэкалагічнага электратранспарту», — адзначыў на цырымоніі адкрыцця тэхналагічнага цыкла мэр Жодзіна Дзмітрый ЗАБЛОЦКІ.

У прыватнасці, на МАЗе адзначаюць, што тут будуць выпускаць тралейбусы МАЗ 203Т розных мадыфікацый, у тым ліку з павялічаным аўтаномным ходам. Такая тэхніка ў ідэале зможа самастойна (без «рожкаў») праходзіць на акумулятарах больш за 15 кіламетраў. У будучыні ў Жодзіна таксама будзе арганізавана зборка электрабусаў МАЗ 303Е10. Іх вытворчасць пачнецца ўжо сёлета.

Зборка электратранспарту будзе адбывацца па поўным цыкле, уключаючы зварачныя, рэгулявальныя і фарбавальныя работы. Прадугледжаны таксама ўчасткі для наладкі сістэм кіравання, дыягностыкі электронных сістэм, кантролю і прыёмкі прадукцыі.

Стварэнне высокатэхналагічнага віду транспарту патрабуе вялікіх выдаткаў часавых і матэрыяльных рэсурсаў. Спецыялістам Мінскага аўтамабільнага завода ўдалося забяспечыць вытворчы цыкл, пры якім з тэхналагічнай лініі за год будзе схадзіць больш за 300 адзінак пасажырскага электратранспарту. Іх плануецца як пастаўляць у беларускія гарады, так і экспартаваць у краіны СНД і далёкага замежжа.

Цыкл вытворчасці такі: спачатку каркасы падаюцца на ўчастак для ўстаноўкі восяў і колаў. Следам ідзе рыхтоўка кузава, а за ёй — ашалёўка маторнага адсека, устаноўка вузлоў і агрэгатаў электрапрывада. На ўчастку абліцоўвання мацуецца ўнутраная і знешняя ашалёўка, прыварваюць дах і мантуецца падлога, пасля чаго тралейбус перадаецца на афарбоўку і сушку. Таксама ўсталёўваецца падлогавае пакрыццё, шкло, акумулятарныя батарэі і вонкавае электраабсталяванне. Пасля гэтага мацуюцца дзверы, аварыйныя люкі і іншыя элементы. Усё робіцца вельмі тэхналагічна і хутка.

У наступным тралейбус падаецца на ўчастак адладкі і даводкі механізмаў, а дно апрацоўваецца супраць карозіі. На фінальным этапе — абкатка з наступным аглядам і прыёмкай.

Тралейбусы з аўтаномным ходам — адзін з трэндаў у развіцці электратранспарту ў нашай краіне. Спецыялісты адзначаюць, што выбар на карысць такой тэхнікі з’яўляецца найбольш аптымальным для гарадоў, якія маюць кантактную сетку, паколькі не патрабуе дадатковых капітальных укладанняў у развіццё інфраструктуры.

Прынцып работы такога віду транспарту і яго галоўнае адрозненне ад звычайнага тралейбуса складаецца ў тым, што машына на хаду атрымлівае зарад электрычнасці, які назапашваецца ў блоках батарэй. Але ў любы момант тралейбус можа адключыцца ад токапрыёмнікаў і далей ехаць аўтаномна — запасу ходу хапае больш чым на 15–20 кіламетраў у залежнасці ад тыпу батарэі. Пры гэтым тралейбусы з аўтаномным ходам дазваляюць пашыраць маршрутную сетку ў новых жылых раёнах без пракладкі кантактных сетак і адначасова павышаюць эфектыўнасць выкарыстання дзеючай сеткі. Да таго ж яны больш манеўраныя ў параўнанні са сваімі субратамі, якія працуюць толькі ад кантактнай сеткі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?