Аляксандр лічыў сябе шчаслівым. Ужо некалькі дзясяткаў гадоў яны з жонкай жылі душа ў душу. Цяпер, калі з узростам у яго ўзніклі праблемы з памяццю, ён быў вельмі ўдзячны сваёй палавіне за клопат пра яго. Каб падтрымаць сябе ў добрым стане, Аляксандр наведваў групавыя заняткі ў доме дзённага знаходжання, дзе займаўся творчасцю і выконваў спецыяльныя практыкаванні для падтрымкі памяці. Менавіта ў адзін з такіх дзён да яго падышла жанчына.
— Саша, мне так шкада, — звярнулася яна да яго. — Прымі шчырыя спачуванні ў сувязі са смерцю тваёй жонкі.
Аляксандр разгублена паглядзеў на жанчыну. Яна аддалена яму некага нагадвала...
— Але мая жонка жывая, — няўпэўнена адказаў мужчына дрыжачым голасам.
У гэты час да іх падышла псіхолаг, яна паклала на плячо падапечнага сваю руку.
— Добры дзень, Алена, — звярнулася яна да жанчыны. — Ты нешта пераблытала, жонка Аляксандра дома, гатуе яму абед.
Псіхолаг падала знак, і валанцёры адцягнулі ўвагу пажылога мужчыны.
У Аляксандра сапраўды памерла жонка. Ён вельмі цяжка перажываў страту. Але дэменцыя зрабіла сваю справу, мужчына забываў пра гэта, і прыходзілася зноў і зноў перажываць цяжкія эмоцыі, калі яму паведамлялі пра смерць жонкі. Сацыяльны работнік, якая даглядала Аляксандра, па просьбе сваякоў не разупэўнівала яго, што яна — не жонка, а проста клапацілася аб мужчыне. Такому ж падыходу — не спрачацца і не разупэўніваць — навучаны ўсе супрацоўнікі і валанцёры грамадскай дабрачыннай яўрэйскай арганізацыі «Хэсэд-Рахамім».
У Беларусі арганізацыя лічыцца першапраходцам у інавацыйных формах сацыяльнай работы з пажылым насельніцтвам. Дарэчы, супрацоўнікі шчодра дзеляцца сваімі ведамі з усімі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі Беларусі, якія працуюць з пажылымі людзьмі.
Пра сённяшнія дасягненні ў рабоце з людзьмі, якія жывуць з дэменцыяй, і пра тое, як клапаціцца аб пажылых падчас пандэміі, нам расказала Соф'я АБРАМАВА, вядучы спецыяліст па сацыяльнай рабоце арганізацыі «Хэсэд-Рахамім».
— Сучасная дэмаграфічная сітуацыя ў краіне, ды і ва ўсім свеце характарызуецца павелічэннем працягласці жыцця, і ў той жа час у людзей сталага ўзросту набываюць даволі масавы характар кангітыўныя парушэнні і дэменцыя, якую ў дакументах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя называюць «эпідэміяй стагоддзя». З дапамогай нашага асноўнага спонсара «Джойнт», МГА «Узаемапаразуменне», Праграмы падтрымкі Беларусі нямецкага ўрада, Лонданскай арганізацыі WJR мы атрымалі веды і вопыт работы з пажылымі людзьмі, у прыватнасці, з дэменцыяй. Памятаю, як нас уразілі падыходы да работы з такімі людзьмі ў Лондане. Там вельмі своеасабліва былі абсталяваны пакоі для людзей з дэменцыяй. У пакоях старых была зусім дамашняя абстаноўка (за выключэннем таго, што мэбля непрамакальная), і чулася музыка. У пакоях можна было знайсці мноства «зачэпак» — рэчаў, якія маюць каштоўнасць менавіта для гэтага чалавека і выклікаюць у яго прыемныя ўспаміны... Я ўпэўнена, што людзей з дэменцыяй нельга спісваць як непатрэбных, з якімі ўжо няма пра што размаўляць, неабходна ўспрымаць іх як роўных. І самае галоўнае — ствараць такім людзям камфортныя і дастойныя ўмовы жыцця.
— Што з таго, што вы бачылі і аб чым даведаліся ў іншых краінах, атрымалася ўвасобіць у нас?
— Думаю, тут гаворка больш аб тым, каб адаптаваць убачанае да нашай рэальнасці і культуры. Некаторыя рэчы мы змаглі зрабіць з нашымі падапечнымі, напрыклад, альбомы памяці і скрынкі ўспамінаў.
Відавочна, у нас у краіне існуе неабходнасць удасканальвання існуючых формаў, відаў, тэхналогій сацыяльнага абслугоўвання людзей, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі захворвання на дэменцыю, ці тых, хто жыве з ёю. Наша арганізацыя разам з Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа (БТЧК) рэалізавала праекты, накіраваныя на адпрацоўку мадэляў падтрымкі такіх людзей і іх сем'яў.
На базе нашага дома было арганізавана функцыянаванне дзённага цэнтра для людзей, якія маюць кагнітыўныя парушэнні ці жывуць з дэменцыяй. Мы ставілі сваёй задачай падаўжэнне здольнасці гэтай катэгорыі людзей жыць у звыклым для іх асяроддзі і па магчымасці запаволіць цячэнне хваробы, замацаваць існуючыя навыкі, а таксама навучыць членаў іх сем'яў мець гарманічныя зносіны і правільна даглядаць сваіх пажылых сваякоў.
БТЧК ж апрабавала аптымальную інтэграцыйную мадэль дамашняга медыка-сацыяльнага догляду людзей, якія жывуць з дэменцыяй.
Праекты ажыццяўляліся пры экспертнай падтрымцы НДІ працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў садружнасці з нямецкімі партнёрамі і беларускімі грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі.
Таксама былі падрыхтаваны, апублікаваны і распаўсюджаны кнігі «Як быць побач», «Дэменцыя як новы сацыяльны выклік» і іншыя. Мы здымаем спецыяльныя навучальныя ролікі, распаўсюджваем тэматычныя брашуры. Адным з самых важных дасягненняў нашай арганізацыі з'яўляецца навучанне. Мы арганізоўвалі серыі семінараў, інфармацыйныя сустрэчы і стажыроўкі для зацікаўленых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. І сёння мы таксама адкрытыя для тых, каму цікавая гэтая тэма, заўсёды гатовы дзяліцца вопытам.
— Вы сказалі пра цэнтры дзённага знаходжання. Як там была пабудавана работа з пажылымі людзьмі?
— Сваіх падапечных мы падзялілі на некалькі груп — па ступені страты кагнітыўных функцый і па магчымасцях. Нашы псіхолагі праводзілі з імі падтрымліваючыя і карэкцыйныя заняткі. Спецыялісты займаліся з імі творчасцю, якая таксама накіравана на трэніроўку кагнітыўных функцый. Валанцёры дапамагалі ў ажыццяўленні асабістага арыенцірнага падыходу. Нашы падапечныя пачалі размаўляць паміж сабой і знайшлі сяброў. Справа ў тым, што некаторыя людзі з дэменцыяй усведамляюць страту сваёй памяці, яны не памятаюць нешта і дакараюць сябе. Гэта вельмі цяжка. Ім здаецца, што падстаў мець з імі зносіны, па сутнасці, няма. Але на самой справе можна спраўляцца! Для гэтага неабходна падтрымліваць у рабочым стане тыя функцыі, якія ў чалавека яшчэ захаваліся. Работа ў групах праходзіла так, каб падтрымліваць добры настрой пажылога чалавека, каб ён не «скаціўся» ў дэпрэсіўны стан і тым самым не пагоршыў дэменцыю або пачатковыя страты некаторых функцый памяці. Канешне, для дастойнага і камфортнага жыцця людзям з дэменцыяй усё роўна патрэбна падтрымка навакольных.
— Вы гаварылі пра альбомы памяці і пра скрынкі ўспамінаў. Раскажыце падрабязней, што гэта такое?
— Гэтыя рэчы вельмі важныя ў рабоце з людзьмі з дэменцыяй. Калі чалавек яшчэ пры добрай памяці збярэ такую скрынку, у якой будуць пэўныя прадметы, што выклікаюць тыя ці іншыя ўспаміны, у будучым гэта вельмі дапаможа.
Такія скрынкі і альбомы даюць магчымасць вярнуць чалавека да зносін з навакольнымі. Ён нібыта перастае адчуваць сваю недасканаласць, разумее, што акружаны добразычлівымі людзьмі і што можа паразважаць на нейкія тэмы.
Ёсць людзі, якія наогул нічога не памятаюць, але калі ўключыць музыку іх маладосці, яны раптам ажываюць і пачынаюць падпяваць. Дык вось, у скрыні можа ляжаць плэер з любімай музыкай або цацка, з якой чалавек гуляў у дзяцінстве. Увогуле любыя дарагія сэрцу прадметы.
Альбом памяці — гэта звычайна фатаграфіі сваякоў і блізкіх. Каб стварыць такі альбом, працуем з пажылымі людзьмі, задаём адпаведныя пытанні. Напрыклад, на фота два чалавекі. Валанцёр пытаецца: дзе гэта, можа, у санаторыі са сваяком ці сябрам? Калі чалавек нешта памятае, то ў альбоме вядзецца запіс. Пакідаюць фота, пра якія чалавек можа нешта расказаць. Нават калі стары з дэменцыяй трапіць у бальніцу і возьме з сабой гэты альбом, то яму не будзе самотна. Ён можа паказаць яго суседу па палаце і пагаварыць. Важна ствараць камфортную атмасферу вакол пажылога чалавека. Але гэтак жа памятаць, што для кожнага камфортнымі могуць быць зусім розныя рэчы. Нашы псіхолагі працуюць над тым, каб даведацца, што для канкрэтнага чалавека з'яўляецца камфортам, праз вербальнае і невербальнае ўзаемадзеянне. Таксама нашы спецыялісты могуць навучыць сваякоў і валанцёраў таму, як зразумець чалавека, які ўжо не можа размаўляць.
— Але як мець зносіны з такімі людзьмі падчас пандэміі? Як сёння вы арганізавалі з імі работу?
— Яшчэ ў сакавіку мы сышлі ў анлайн. Мне давялося асабіста тэлефанаваць кожнаму падапечнаму, іх сваякам ці сацыяльным работнікам. Такім чынам я высвятляла, якія сродкі сувязі даступны людзям. У некаторых толькі стацыянарны тэлефон, таму працуем па тэлефоне. З некаторымі працуем у групе праз «Вайбер» ці «Скайп». Работа не запавольваецца. Цяжэй за ўсе, канешне, з тымі, у каго ў доступе толькі стацыянарны тэлефон. Але і тут нам удалося знайсці выйсце. У выпадках, дзе назіраецца вялікая страта кангітыўных магчымасцяў, нам дапамагаюць сваякі ці пастаянныя памочнікі, якія знаходзяцца з чалавекам увесь дзень. Заняткі доўжацца не больш за 40 хвілін, каб людзі не стамляліся. Псіхолаг праводзіць свае заняткі, а спецыяліст па творчасці — свае. Сёння ў нас працуюць чатыры групы, ёсць і індывідуальны фармат. Для распаўсюджвання інфармацыі аб тым, якія заняткі можна праводзіць для падтрымкі кагнітыўных функцый і памяці, мы здымалі ролікі. Яны ёсць у адкрытым доступе, і таму сваякі, якія даглядаюць пажылога чалавека з дэменцыяй, могуць праглядзець іх і праводзіць такія заняткі самастойна, каб пажылы чалавек адчуваў клопат, павагу і быў задаволены сваім жыццём.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.