Вы тут

Каляндар садавода. Што рабіць у студзені?


Узімку ў гаспадара саду больш работы ў доме, чым на вуліцы, дзе мала святла і холадна. Тым не менш сякія-такія невялікія справы ў студзені прыйдзецца рабіць і ў садзе.


Кветнік

У студзені галоўная задача — прадухіляць, абмяжоўваць або ліквідаваць наступствы неспрыяльнага для раслін надвор'я. Калі ідзе снег, то трэба сачыць, каб на раслінах яго не было занадта шмат, а калі снегу няма або мала, то трэба абараняць расліны ад марозу дадатковым покрывам.

Калі нападала шмат снегу, то ў час змены перыядаў адлігі і марозу ён можа пашкодзіць і нават загубіць расліны. Таму рэгулярна прыбірайце залішні пласт снегу, у тым ліку і з жывой агароджы.

Найлепшае сховішча для кветніка зімой — 20-сантыметровы пласт лёгкага снегу, які нападаў на мёрзлую глебу. Пад ім захоўваецца ўстойлівая тэмпература, якая стварае ідэальныя ўмовы для зімоўкі многіх раслін. І калі такога снегу замала, можна яго намесці на клумбы з дарожак. Але снег павінен быць чысты, без солі, пяску і каменнай крошкі.

Калі снегу няма, то ружы і мнагалетнікі прыкрываюць яловымі лапамі, а цюльпаны і іншыя вясновыя цыбульныя кветкі прысыпаюць торфам і мульчай.

У студзені пачынае часцей выглядваць сонца, і яго яркія цёплыя прамяні могуць нашкодзіць елкам і асобным сартам туй, а таксама рададэндранам, цісам, самшытам і іншым раслінам з вечназялёным лісцем.

Абараніць расліны ад празмернай вільгаці і сонечных апёкаў можна, прыкрываючы або зацяняючы іх у другой палове зімы.

Пладовы сад

Пладовыя сады зімой больш за ўсё пашкоджваюцца марозам і грызунамі, таму за дрэвамі час ад часу трэба назіраць. У мароз да маладых пладовых дрэў трэба падграбаць снег, каб карані не пацярпелі ад холаду. Побач са ствалом снег трэба прытаптаць, каб абмежаваць доступ грызунам. Для абароны ад грызуноў ствалы можна абвязаць яловымі галінкамі, якія таксама абароняць ад неспрыяльных умоў надвор'я.

Старыя дрэвы ў студзені трэба паўторна бяліць. Бяліць трэба ўсе пладовыя дрэвы, а асабліва — сліву, чарэшню і абрыкос. Рабіць гэта трэба ў сухі і не вельмі марозны дзень (калі не халадней за -5 градусаў). У студзені да вапны трэба дадаваць злучальнае рэчыва — напрыклад, сталярны клей у прапорцыі 1 літр на 10 літраў вапнавага раствору.

З галінак дрэў трэба змахваць лішні снег, інакш яны могуць паламацца. Калі мароз ці грызуны пашкодзілі дрэва, на гэтыя месцы трэба нанесці садовы вар.

Расада і пакаёвыя расліны

У студзені пачынаюць выганяць расаду. Падумайце, што вы хочаце пасеяць і пасадзіць у новым сезоне,  вырашыце, што будзеце вырошчваць самі, а якія кветкі купіце і проста перасадзіце на клумбу. Набудзьце патрэбнае насенне і прыступайце да першых пасяўных работ.

У сярэдзіне студзеня сеюць кветкі з доўгім вегетацыйным перыядам. Насенне высаджваюць у субстрат і не прысыпаюць глебай. Субстрат накрываюць плёнкай або шклом, а яго паверхню рэгулярна рыхляць. Калі насенне пачынае прарастаць, забяспечваюць тэмпературу ў +18 ... +20 градусаў і асвятленне 14 гадзін у дзень. На падаконніку можна пачаць прарошчваць цыбуліны, саджаць сельдэрэй, буракі і пятрушку.

Што датычыцца пакаёвых раслін, хоць дзень і пачынае павялічвацца, але святла яшчэ недастаткова, таму іх не трэба часта ўгнойваць і паліваць. Але калі ў доме вельмі цёпла і суха, то сачыце за вільготнасцю глебы, рэгулярна апырсквайце расліны і па неабходнасці палівайце.

А ў некаторых раслін у студзені працягваецца перыяд цвіцення — напрыклад, у зігакактуса, ці каляднага кактуса. Такія расліны трэба не толькі добра паліваць, але і ўгнойваць.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

У свеце

Чарназём з дастаўкай. Чаму ва Украіне зямлю выставілі на продаж?

Чарназём з дастаўкай. Чаму ва Украіне зямлю выставілі на продаж?

Набываць землі сельгаспрызначэння замежнікам па-ранейшаму не дазваляецца.

Культура

Які будзе каралеўскі палац у Старым замку?

Які будзе каралеўскі палац у Старым замку?

Гэта другая чарга рэстаўрацыі.

Грамадства

Вучоба анлайн і афлайн. Як лічбавыя тэхналогіі дапамагаюць спраўляцца з выклікамі часу?

Вучоба анлайн і афлайн. Як лічбавыя тэхналогіі дапамагаюць спраўляцца з выклікамі часу?

Пасля пандэміі каранавіруса адукацыя ўжо ніколі не будзе ранейшая.