Вы тут

Савет «Белай Русі» зацвердзіў дэлегатаў на VI Усебеларускі народны сход


Сёння дэлегатаў на VI Усебеларускі народны сход зацвердзіў пазачарговы савет Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».


Напярэдадні яго пасяджэння намеснік кіраўніка арганізацыі Аляксандр Шацько ў размове з журналістамі расказаў аб тым, як ішло вылучэнне кандыдатаў у дэлегаты. Гэта быў даволі складаны працэс, бо канкрэтных квот на кандыдатуры не было. Тым не менш, паводле слоў Аляксандра Шацько, актывісты «Белай Русі» вылучылі больш за 230 чалавек у якасці кандыдатаў на сход. Усе яны разам нібы ўяўляюць сабой зрэз грамадства, сукупнасць асоб, якія складаюць яго сацыяльную аснову. Сярод вылучэнцаў людзі самых розных прафесій: рабочыя, настаўнікі, медыцынскія работнікі, будаўнікі, прамыслоўцы, прадпрымальнікі, кіраўнікі вядомых у краіне прадпрыемстваў, прадстаўнікі органаў мясцовай улады, дэпутаты Саветаў розных узроўняў.

Аляксандр Шацько звярнуў увагу і на тое, што многія кандыдаты ў дэлегаты шмат папрацавалі па прапановах да сходу, арганізоўвалі і актыўна ўдзельнічалі ў «круглых сталах», на дыялогавых пляцоўках у сваіх рэгіёнах, выказвалі слушныя прапановы па розных актуальных палітычных, ідэалагічных, эканамічных пытаннях нашага жыцця, у прыватнасці, дзяржаўнага будаўніцтва, развіцця партыйнай сістэмы і г. д. Напрыклад, гучала прапанова ўкараняць змешаную выбарчую сістэму.

Аляксандр Шацько закрануў папулярную сёння сярод многіх членаў «Белай Русі» тэму стварэння партыі народнага адзінства. Пытанне спрэчнае і неадназначнае, бо многія актывісты аб’яднання не хочуць працаваць у партыйнай сістэме: на іх погляд, у складзе грамадскай арганізацыі больш магчымасцей для крэатыву, манеўру, няма барацьбы за палітычнае лідарства.

— Але калі мы і будзем ствараць нейкую партыйную структуру, то ў кааліцыі з іншымі грамадскімі арганізацыямі. Проста мы добра структураваныя і маем свой рэсурс у кожным рэгіёне, — сказаў намеснік кіраўніка арганізацыі.

Між тым, для аб’яднання мінулы год быў у значнай ступені выпрабавальным. Немалая частка людзей, прыкладна тры з паловай тысячы, адмовіліся ад членства ў «Белай Русі». З іншага боку, у гэта грамадскае аб’яднанне ўступілі амаль пяць тысяч новых аднадумцаў і прыхільнікаў, адзначыў Аляксандр Шацько.

У сваю чаргу старшыня савета Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Генадзь Давыдзька звярнуў увагу прысутных на складанасць моманту і абставін, у якіх адбудзецца Усебеларускі народны сход. А гэта значыць, што сам час нібы ўзнімае на новую прыступку адказнасць кожнага дэлегата за будучыя вынікі работы сходу.

Зацвярджэнне дэлегатаў прайшло арганізавана, дакладна і без нечаканасцей. Варта адзначыць, што ў кожнай абласной дэлегацыі былі свае асаблівасці па фармаванню корпуса кандыдатаў. Напрыклад, палову дэлегатаў з Віцебска склалі педагагічныя работнікі. Тлумачыцца гэта тым, што ў абласной арганізацыі «Белай Русі» палова яе членаў — настаўнікі.

Многія кандыдаты прыехалі ў Мінск з канкрэтнымі ідэямі і планамі. Святлана Вараніца абрана ад Гродзенскай абласной арганізацыі «Белай Русі». Яна кажа, што цяпер, як дэлегат на Усебеларускім народным сходзе, мяркуе актыўна ўдзельнічаць у абмеркаванні надзённых пытанняў і праблем, якія паўсталі перад нашым грамадствам у розных сферах. «У прыватнасці, надышоў час вызначыць верагодныя шляхі пераўтварэнняў палітычнай сістэмы дзяржавы. Ці, скажам, жыццё прыспешвае выпрацаваць новыя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Тут вельмі шырокае кола для канструктыўнай дыскусіі, прыняцця ўзважаных рашэнняў», —  гаворыць Святлана Уладзіміраўна. Таксама яна лічыць, што варта грунтоўна абмеркаваць пытанне аб уласнасці на зямлю, павышэнні ролі органаў мясцовай улады, у першую чаргу сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Падобны настрой і ў іншых абраных сёння дэлегатаў. Яны выказвалі канкрэтныя ідэі і прапановы па наданні рабоце Усебеларускага народнага сходу большай эфектыўнасці, дынамізму, выніковасці.

Леанід ТУГАРЫН

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў, які захаваўся ў некранутым стане і які за разнастайнасць азёр, рэк і балот празвалі Еўрапейскай Амазонкай (ці морам Герадота), усё яшчэ застаецца невядомым шырокаму колу турыстаў

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.