Вы тут

Кандыдат мастацтвазнаўства: Сучасная мода не навязвае, яна прапануе выбар. Кожны выбірае па сабе


«Мода як ежа — вы не павінны зацыклівацца на адной страве», — казаў японскі мадэльер і дызайнер Кензо Такада. Ці атрымліваецца ў беларусаў «не зацыклівацца» на кітайскім шырспажыве? Сусветныя трэнды ці нацыянальныя традыцыі вызначаюць пошук айчынных дызайнераў? Чаму ў гардэробе беларусаў абавязкова павінны быць рэчы жыццярадасных колераў? Што страчваюць у жыцці тыя, хто ігнаруе моду?

Пра гэта гутарым з кандыдатам мастацтвазнаўства, дацэнтам кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Галінай МЯШКОВАЙ.


— Галіна Якаўлеўна, калі вы ідзяце па вуліцы, у вас ёсць адчуванне, што беларусы ўлічваюць модныя тэндэнцыі? Ці ўсё ж такі мы вельмі ўніфікаваныя, на думку спецыяліста?

— На мой погляд, беларусы сочаць за моднымі трэндамі. Гэта не заўсёды і не ўсе заўважаюць, таму што сучасная мода дэмакратычная, яна прапануе, але не дыктуе, не патрабуе. Хочаце — апранайце кітайскі пухавік, хочаце — вырабы беларускіх дызайнераў або рэчы вядомых заходніх брэндаў. Сёння актуальныя і практычнасць, і элегантнасць. Падабаецца стыль «унісекс» — фарміруйце гардэроб з кашуль, джынсаў, абутку на нізкай падэшве. Аддаеце перавагу жаноцкаму вобразу — выбірайце сукенкі і спадніцы. Цяперашні этыкет не патрабуе, а сучасны рытм жыцця не дазваляе пераапранацца тройчы ў дзень. Можна ў адных і тых жа рэчах прыйсці на работу, у тэатр, у госці, памяняўшы хіба што аксэсуары. Дарэчы, маленькая чорная сукенка Како Шанэль стала пачаткам уніфікацыі, але пры гэтым дазволіла адчуваць сябе ўпэўнена ў любым месцы, бо можна дапаўняць і ўпрыгожваць яе на свой густ.

— Беларускія дызайнеры сёння ствараюць свае калекцыі цалкам пад уплывам сусветных трэндаў або ўлічваюць і нацыянальныя традыцыі?

— Мы развіваемся ў кантэксце еўрапейскай моды. Калекцыі нашых дызайнераў ствараюцца з улікам трэндаў, зададзеных на тыднях моды ў Мілане, Парыжы, Лондане. Больш прыкметны становіцца ў свеце і ўплыў азіяцкіх куцюр'е.

Разам з тым вельмі важна не забываць пра нацыянальную моду, каб у эпоху глабалізацыі ўзбагачаць сусветную, уносіць у яе этнічныя матывы і асаблівасці. Сучасныя айчынныя спецыялісты ўбіраюць у сябе спадчыну мінулага, актуалізуюць яе. У Беларусі, пачынаючы з 1993 года, складалася арганізацыя рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў моды, якія спрыялі аб'яднанню і прафесійнаму росту маладых дызайнераў: «Міла плюс», «Белая амфара», «Супермадэль Беларусі», «Беларускі вянок», «Найлепшая мадэль года», «Міс Беларусь», «Млын моды», «Блакітная Пралеска», «Лён», «Пакаленне Next», «Паркалёвы баль» і іншыя.

У 2010 годзе ўпершыню прайшоў конкурс маладых дызайнераў New Names у рамках Тыдня моды BFW. Пад уплывам сусветных тэндэнцый маладое пакаленне дызайнераў стала актыўна распрацоўваць вельмі папулярную экалагічную тэму. Створаныя імі калекцыі з лёну і воўны высока ацанілі на Захадзе. На ААТ «Камволь» сёння вырабляюць лінейку мужчынскіх касцюмаў, шыюць жаночыя паліто і касцюмы, якія адпавядаюць усім міжнародным крытэрыям якасці і моды.

— Како Шанэль казала: «Я люблю, калі мода выходзіць на вуліцу, але не дапускаю, каб яна прыходзіла адтуль». Але хіба тыя ж ірваныя джынсы не прыйшлі на подыум «з вуліцы», стаўшы раптам неверагодна папулярнымі?

— Тэма занядбанасці, неахайнасці заявіла пра сябе ў модзе яшчэ ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя з падачы япі — заможнай моладзі, якая, каб не выдзяляцца ў натоўпе, стварала эфект зношанасці, пацёртасці свайго адзення. А рваныя джынсы адпавядаюць агульнай тэндэнцыі разняволенасці, ўсёдазволенасці. Мне многае падабаецца ў маладзёжнай модзе — яна нясе зарад энергіі, наватарства, драйву. Але вось празмерную аголенасць цела і неахайнасць лічу маветонам і рада, што рваным джынсам сёння ёсць альтэрнатыва.

— Чым тлумачыцца тэндэнцыя да свабодных, аб'ёмным формаў у адзенні?

— У сучаснай модзе суіснуюць розныя стылі і кірункі. Але ўсе дызайнеры працуюць, выкарыстоўваючы чатыры асноўныя сілуэты — прамавугольны, трапецыяпадобны, авальны ды іксападобны («пясочны гадзінннік»). Пастаянна ідзе пошук новых формаў, каб прыцягнуць увагу спажыўца. Свабодны сілуэт дазваляе хаваць недахопы фігуры. Адзенне oversіze з'явілася з жадання схавацца, ахінуцца, абараніцца — не толькі ад кепскага надвор'я, але і ад душэўнага холаду. Вялізныя шалікі, снуды, хусткі — рэчы таго ж парадку.

— А што з колеравай гамай, са спалучэннем колераў — як тут узнікаюць фаварыты? Наколькі з імі трэба лічыцца?

— Колеравыя сезонныя трэнды вызначае французскі Pantone Color Іnstіtute. На вясну-лета 2021 года фаварытамі абвешчаны нябесна-блакітны, залаціста-аранжавы, ярка-малінавы, колер сонечных прамянёў. Акрамя гэтага, у трэндзе застаюцца і класічныя, універсальныя адценні: малочны, бэжавы, глыбокі цёмна-сіні, шэры, зялёны. Традыцыйна актуальным і вельмі запатрабаваным застаецца чорны колер, не выходзіць з моды і чырвоны. Ёсць колеры, якія «сябруюць» паміж сабой, і такія, якія не вельмі «ладзяць» адзін з адным. Але з падачы заканадаўцаў моды на піку папулярнасці могуць апынуцца і не вельмі спалучальныя. Вядома, трэба лічыцца і з індывідуальнымі асаблівасцямі. Ёсць, напрыклад, жанчыны, якім катэгарычна не пасуе шэры колер, а ёсць тыя, каму ён вельмі да твару. У Беларусі мала сонечных дзён, і таму ў нашым гардэробе абавязкова павінны быць, на мой погляд, рэчы яркіх, насычаных колераў, каб падымаць настрой. Саюз зялёнага і бэзавага, сіняга і памяранцавага — гэта смела, для некага нязвыкла, але паспрабуйце сумясціць іх, і, напэўна, такая гама прынясе радасць.

— Прыгожая палова чалавецтва даўно ўжо не ўяўляе свайго гардэроба без мужчынскіх рэчаў: штаноў, кашуль, кепі, нават гальштукаў. Прадстаўнікі моцнага полу таксама, хоць і менш актыўна, запазычваюць рэчы з жаночага гардэроба. Гэтая тэндэнцыя да унісексу, па вашых прагнозах, захаваецца?

— Прагнозы — няўдзячная справа. Але асабіста я спадзяюся, што мода будзе ярчэй падкрэсліваць мужнасць мужчын і жаноцкасць жанчын.

— Што такое, на ваш погляд, добры і дрэнны густ у адзенні?

— На мой погляд, галоўны маркер — пачуццё меры. Добры густ мае на ўвазе пачуццё формы, стылю, колеравай гамы. Жанчына з пышнымі формамі не будзе апранаць міні або легінсы і майку ў абліпку. Таму што на гэта непрыемна глядзець. Ёсць людзі з прыроджаным пачуццём густу. Але большасць жанчын і мужчын імкнецца яго выхаваць. Гэта так важна! Як казала Како Шанэль: «Мода прыходзіць і сыходзіць, а стыль застаецца».

— Каго з вядомых людзей вы лічыце іконамі стылю?

— Марлен Дзітрых, Одры Хепбёрн, Жаклін Кенэдзі, Како Шанэль. Маргарэт Тэтчэр апраналася быццам бы заўсёды аднолькава і досыць строга, але разам з тым вельмі элегантна. З сучасніц падабаецца, як выглядае Меланія Трамп. Жонка прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона Брыжыт нашмат старэйшая за мужа, але дзякуючы ўдала падабранаму гардэробу розніца ва ўзросце размываецца. Цудоўнае пачуццё стылю мае, на мой погляд, вядомая расійская актрыса і рэжысёр Рэната Літвінава.

— І ўсё ж такі стыль — гэта прэрагатыва багатых, заможных людзей...

— Неабавязкова. Важна правільна выбраць добрыя рэчы, якія вам пасуюць. Іх не павінна быць шмат. Амерыканская дызайнер і мадэльер Дона Каран праславілася на ўвесь свет тым, што стварыла базавы гардэроб «Сем простых рэчаў», у які ўвайшлі пінжак, спадніца, штаны, кашаміравы світар, скураная спадніца, сукенка і бодзі. Гэтых рэчаў, выкананых у чорна-белай і малочнай гаме з дабаўленнем чырвонага, дастаткова, каб адчуваць сябе элегантна на працягу дня і вечара.

— Галіна Якаўлеўна, а навошта ўсё ж такі, па-вашаму, патрэбна мода? Як вы рэагуеце, калі чуеце выказванні накшталт таго, што «мяне мода не цікавіць», «не звяртаю ўвагі на трэнды»?

— Рэагую спакойна. Хоць і не вельмі веру ў шчырасць такіх сцвярджэнняў. Адзенне — візітоўка чалавека. Вы яшчэ нічога не сказалі, а пра вас па знешнім выглядзе ўжо склалася ўражанне. Адзенне — наша ахоўная абалонка, якая дапамагае забяспечваць душэўны камфорт, падымае настрой, натхняе. Акрамя таго, мода дазваляе самавыявіцца, не дае застываць у адным і тым жа вобразе, заахвочвае да пошуку. Паглядзіце, як змяняюцца ўдзельніцы перадачы «Модны прысуд» за кошт правільна падабранага гардэроба. Калі б моды не было, яе варта было б прыдумаць — хоць бы дзеля таго, каб зрабіць жыццё больш цікавым і святочным.

Вядома, тое, што прапануе высокая мода, у штодзённым жыцці насіць немагчыма. Але гэта цудоўнае відовішча, а выдатнае не бывае бескарысным! На такіх паказах прысутнічаюць эксперты. Яны адбіраюць «музейныя экспанаты», якімі будуць натхняцца паслядоўнікі. Яны патрэбныя для нараджэння новых ідэй, адкрыццяў новых імёнаў. Колькі фантазій таго ж Аляксандра Макуіна і сёння натхняюць яго калег па ўсім свеце! А якія шоу ладзіў Карл Лагерфельд! Куцюрныя рэчы жывуць вельмі доўга. Многія шэдэўры мадэльераў мінулых стагоддзяў цешаць вока і сёння.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіва Галіны Мяшковай

Загаловак у газеце: Прысуд адмяняецца, або Свята, якое заўсёды з табой

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.

Калейдаскоп

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Мама - гэта галоўны чалавек у жыцці. Мама - гэта дабро і адданасць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. На гэтым тыдні планавыя мерапрыемствы могуць сарвацца, а вось тое, што будзе атрымлівацца спантанна, пройдзе выдатна. 

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.