Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


...Мы ажывілі казкі

Ну якія ж гэта цудоўныя святы — Каляды, Новы год, калі ўсе чакаюць чагосьці незвычайнага, усміхаюцца і адзін аднаму жадаюць дабра, калі дарослыя мараць вярнуцца ў дзяцінства!

І многія вяртаюцца: прыбіраюцца ў розных дзядоў, ваўкоў ды тыграў, пачынаюць выступаць, забаўляцца, дурэць... І ніхто тады нават не падумае папракнуць іх альбо асудзіць, а вось далучыцца гатовы многія.

У маёй мамы ў маленстве было шмат цацак з пап'е-машэ. Я спытала, што гэта такое, і яна расказала пра вельмі старажытны спосаб нештачка зрабіць, прычым досыць хутка і амаль з... нічога. Маўляў, кавалачкі паперы слаямі наклейваюцца на гатовую форму ў выглядзе розных цацак, шкатулак, збаночкаў, потым высушваюцца і разразаюцца, рэч знутры дастаецца, а атрыманая форма зноў склейваецца і размалёўваецца.

Мне захацелася паспрабаваць, і мы з мамай і татам узяліся за справу. Так у нашым доме з'явіліся Снежная Каралева і Кай, чароўная Танцоўшчыца і Стойкі алавяны салдацік, Пастушка і Камінар.

Пра ўсё гэта я расказала ў школе і тым самым зацікавіла сваіх аднакласнікаў. Разам з імі мы сталі ствараць маленькія ёлачныя цацкі. А мама ў гэты час прыдумала зрабіць вялікія... Напрыклад, ляльку, якая ростам была б... з мяне.

Так у нас атрымаўся яшчэ і Снегавік, якога мы прыбралі ў ільняны каптан з каляровымі латкамі і адмысловы капялюш-кацялок. Яго (а таксама венік) зрабіў мой тата Васіль Мікалаевіч…

З нашых твораў атрымалася ўжо цэлая калекцыя, аднак спыняцца нам усё роўна не хацелася. А паколькі для пап'е-машэ неабходна шмат паперы, то «падносіць» яе ўзяліся бацькі іншых вучняў — Дашы Ананіч, Насты Анташук, Лізы Цыберавай...

У выніку ў нашым класе з'явіўся сімвал Новага 2021 года — Бычок, а каб яму аднаму не сумаваць, я зрабіла цэлую сямейку — з воўны.

Наша школа накіравала яе на раённы конкурс, і яна заняла там першае месца. Другое было на гарадскім. Цяпер «статак» нашых бычкоў — недзе на рэспубліканскім. Вынікі яго пакуль невядомыя. Ды і не яны нам важныя... Галоўнае, што мы ажывілі казку і нават знайшлі работу для Снегавіка: ён цяпер вартуе нашу школу.

Настасся Зубок, вучаніца СШ № 69, г. Мінск


Добрыя людзі тут недалёка

Тут і цяпер гэта дарэчы: «Вітаю, спадарства!», «Добрым людзям (дрэнныя «Звязду» наўрад ці чытаюць) добрых дзён!», «Маё шанаванне!» і, вядома ж, «Добрага здароўя!»

Па-рознаму, карацей, віталіся і вітаюцца ў Беларусі, па-рознаму віншуюць са святамі. У свежай рэдакцыйнай пошце — не адзін дзясятак лістоў і паштовак з найлепшымі пажаданнямі, кароткімі і вельмі каштоўнымі прыпіскамі: «Жывём са «Звяздой» 28 гадоў», «Чытаем, каб помніць мову», «Дзякуем за дапамогу», за «Нефармат» Святлане Яскевіч, за артыкулы Алене Ляўковіч, за рубрыку «Так гаварыў...», за фота на першай старонцы, за «Чырвонку» і «Сямейную газету»...

Асобным радком — падзяка «аўтарскаму цэху» Валянціны Доўнар... Гэта значыць, усім, хто пісаў нам (і, хочацца верыць, будзе пісаць) — лісты, праўдзівыя гісторыі, вершы, замалёўкі, усім, хто друкаваўся ў рубрыках «Алё, народ на провадзе!», «Хто каго?», на адмысловых старонках «Што людзі пішуць»... Яна, вось гэта зваротная сувязь з чытачамі, у «Звязды» заўсёды была і, спадзяёмся, будзе! Пішыце. І помніце (як помнім мы і сям'я Літошыкаў з Мінска):

Добрыя людзі тут недалёка.

Добрыя людзі, з вамі так лёгка,

З вамі так светла ў свята і ў будзень —

Дзякуй за гэта, добрыя людзі!

А таму ўсім нам добрых навін, уражанняў і шчырых усмешак у новым 2021-м!


Мы ехалі дамоў...

Апошнім часам я двойчы і з камфортам, можна сказаць (бо на машыне), з'ездзіла ў Баранавічы: спачатку — на могілкі да бабулі-дзядулі, потым — на прыём да акуліста. У першым выпадку кіроўца быў з вялікім вопытам, машына добрая, але мне ўсю дарогу здавалася, што еду не на ёй, а на нервах... А вось другі раз...

На прыём да акуліста мы запісаліся ледзь не ўсёй сям'ёй і сталі думаць, як да яго дабрацца? Маршруткі ў Баранавічы ад нас не ходзяць, цягнік у будныя дні адпраўляецца ў шэсць гадзін раніцы, а вяртаецца толькі вечарам. Значыць, хочаш не хочаш, а мусіш ехаць на машыне, хоць гэта і вельмі няпроста: і сын, і нявестка за рулём менш чым год, а Баранавічы, як вядома, горад немалы... Добра яшчэ, што на ўездзе жыве наша сваячка.

Вырашылі, што спачатку завітаем да яе, пакінем гасцінцы, машыну, а далей будзем дабірацца на грамадскім транспарце.

Усё, відаць, так і было б, калі б...

Спачатку мы затрымаліся з выездам, потым (дарога для сына зусім незнаёмая) праскочылі паварот на аб'язную. Зразумеўшы гэта, прамарнавалі час, яе шукаючы...

Карацей, у Баранавічы мы ўехалі не з усходу, як планавалі, а з поўдня і ледзь не адразу ў цэнтр. Машын там — процьма, святлафораў таксама, а вось часу ў нас — з гулькін нос...

— Можа, папярэдзіць доктара, што спазняемся? Папрасіць, каб пачакаў, — стала непакоіцца нявестка. — А то раптам сыдзе? Мы ж апошнія ў чарзе.

— Не бойся, — папрасіў яе сын. — І ўключы навігатар.

Я ведала, што гэта разумная прылада, але ж тут убачыла, наколькі! «Праз сто метраў павярніце направа, — камандавала яна. — Праз дзвесце — налева, едзьце прама...»

Унукі сядзелі, як мышы пад венікам. Ды і я толькі бога прасіла, каб нам дапамог!

І што вы думаеце? «Спрацавала»: мы даехалі, прычым за пяць хвілін да прыёму!

...Пасля яго адразу ж пазванілі нашай сваячцы. Яна, бедная, у свае 90 (дай бог ёй здароўя!) ужо выходзіла нас шукаць.

...Па дарозе дамоў і потым, прыехаўшы, я неяк па-новаму паглядзела на сына і падумала, як жа добра, што ён вось такі: што за ўсю вось гэту досыць доўгую і цяжкую дарогу нікога ні ў чым не папракнуў, не страціў раўнавагі, не спасаваў, што мы з ім усё паспелі. Нават пагасціць у сваячкі.

Нехта можа сказаць, што ў гэтым няма нічога незвычайнага. Для старонніх людзей — магчыма, а вось для мяне...

Адзін з найлепшых успамінаў 2020-га.

Таццяна Новік, г. Клецк


А зіма тады прыходзіла чыстай

У шасцідзясятыя-сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя ў маёй вёсачцы Грабава, што на Іўеўшчыне, былі дзве вуліцы з пачатковай школай, магазінам, хатай-чытальняй, з дружнымі, руплівымі людзьмі, з дзецьмі.

У цяплейшыя часіны мы, яшчэ малыя, днямі гулялі на выгане, да пасінення плавалі ў рэчцы, загаралі, пасля дажджоў — басанож гойсалі па лужынах, якія тады не прасыхалі, як здавалася, круглы год, а таму ўздоўж платоў на вуліцах ляжалі кладкі. Дзеці, дурэючы, неаднойчы звальваліся з іх, траплялі ў гразь і потым «адграбалі» ад бацькоў за спэцканыя адзенне і абутак...

А зіма тады прыходзіла чыстай — з моцнымі маразамі і глыбокімі снягамі. Аж не верыцца: намятала да самых стрэх, і вяскоўцы, каб прайсці да хлявоў ды на вуліцу, пракопвалі сцежкі-тунэлі, каб узняцца на гурбы, «высякалі» ў снезе прыступкі.

Гэта быў мой любімы час, любімая пара. Калі пачынала цямнець, мы, малыя (расчырванелыя, шчаслівыя, мокрыя ад снегу), адпраўляліся па дамах і вечарамі на цёплых печах чыталі кніжкі.

...Так успамінаецца маё дзяцінства, бо іншых — вясковых успамінаў — амаль няма: пасля школы, у 17 я пакінула сваё Грабава і потым не так часта, як хацелася б, прыязджала туды: не адпускалі работа і свая сям'я, трымала гаспадарка, палохала адлегласць. А калі не стала бацькоў, у лік перашкод дадаўся і звычайны страх...

Не сцерці з памяці, як аднойчы пад'ехалі да нашага падворка, а насустрач нам сусед выводзіць каня — ён гаспадарыць на сядзібе. Ад неспадзеўкі, ад болю страты палыхнула жарам у твар, аднекуль з'явіліся, наплылі радкі:

Рупліва працуе чужы

 гаспадар

Ля роднай бацькоўскае хаты.

Туга мне з дакорам

глядзела ў твар

Вачыма матулі і таты.

Тут кожны куточак

струменіць цяпло,

Што хваляй ахутае сэрца.

Як добра калісьці... калісьці

 было,

Было... Чую гукі, здаецца...

Пахадзіла я тады па апусцелым двары, пастаяла на ганку, аглядаючы ўсё вакол, каб запомніць... Як найлепшую сяброўку, абняла старую грушу.

З'ездзіла тады і ў канец вёскі, каб яшчэ раз пабачыць выган ды тую дарогу да рэчкі, якая так часта клікала ў снах... І зноў затрымцела сэрца: бур'ян да пояса, дрэвы ў абхват на месцы выгана, а дарога — яе проста няма.

І толькі ў памяці вёска застаецца ранейшай — прыгожай, гаманкой, працавітай. Яна і сёння з надзеяй углядаецца ў будучыню.

Галіна Нічыпаровіч, в. Магільна, Уздзенскі раён

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.