Вы тут

​Стваральнікі мемарыяльнага комплексу «Ала» ўдастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне»


Высокая ўзнагарода прысуджана Прэзідэнтам Беларусі аўтарскаму калектыву галоўных архітэктараў праекта — Сяргею Пярвіцкаму і Віктару Бельцюкову. Лаурэатам прэміі стаў таксама ідэйны натхняльнік стварэння мемарыяла, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровы грамадзянін Светлагорска — Ізяслаў Катляроў.


Фота: БелТА.

Боль, які нельга забыць, скульптары і архітэктары на стагоддзі ўвекавечылі ў камені. Мемарыяльны комплекс — напамін аб трагедыі невялікай вёсачкі, дзе карнікі знішчылі ў 12 разоў больш людзей, чым у Хатыні. У студзені 1944 года ў Але ахвярамі сталі 1758 мірных жыхароў, з іх 950 дзяцей...

Вёска пачала адраджацца пасля вайны. У 1948 годзе ў Але ўжо быў 21 двор, адкрыта пачатковая школа. У 1958-м на месцы брацкіх могілак, дзе акрамя мірных жыхароў пахаваны савецкія ваенныя і партызаны, устаноўлены памятны знак. Але з цягам часу Ала «вымірае»: далёка ад дарогі, навокал лясы і балоты. Апошняга свайго месціча населены пункт страціў напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя. У 1990-я гады, як згадваюць тыя, хто прыязджаў да помніка, аб тым, што ў глухой мясціне некалі была вёска, нагадваў пахілены каркас хаты ды калодзежны журавель. Успамінаюць і тое, што зараснікі не кранулі месца брацкага пахавання і пасляваеннага помніка — фактычна «алтар» жудаснай кары, дзе за 70 гадоў не прарасло ніводнае дрэва.

У 2013-м у былой вёсцы з'явіліся паклонны крыж і памятны знак, які нагадваў аб трагедыі. Дзякуючы намаганням будаўнічых і меліярацыйных арганізацый Светлагорскага раёна, а таксама пры падтрымцы дэпутатаў, у глухім лясным кутку з'явілася дарога. Ідэя стварэння новага мемарыяла ў Але належыць паэту, журналісту, краязнаўцу, ганароваму грамадзяніну Светлагорска Ізяславу Катлярову. Ён зрабіў і першы ўнёсак у вялікую справу — адкрыў дабрачынны рахунак і першы ж яго папоўніў. Марыў, каб яго задуму падтрымалі такія ж неабыякавыя людзі. Але справа ішла павольна. У снежні 2019 года падчас сустрэчы Прэзідэнта са студэнтамі і выкладчыкамі медуніверсітэтаў пытанне аб неабходнасці стварэння мемарыяла ў Але ўзняла студэнтка адной з гомельскіх ВНУ. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў і падтрымаў патрыятычную ініцыятыву.

Напрыканцы лютага ў вобласці прайшоў суботнік, выручку ад якога накіравалі на ўзвядзенне мемарыяла. Свой уклад ва ўвекавечанне гэтай мясціны памяці на Светлагоршчыне зрабіла і ўся краіна, бо на будаўніцтва аб'екта была накіравана значная частка сродкаў ад рэспубліканскага суботніка.

— Памяць варта абараняць, яна патрабуе гэтай абароны. Менавіта цяпер, калі час таксама, здаецца, цалкам непадыходзячы, узведзены мемарыял, — заўважае лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Ізяслаў Катляроў. Ізяслаў Рыгоравіч — на Светлагоршчыне з канца 1960-х. Амаль 35 гадоў жыцця прысвяціў рабоце ў раённай газеце «Светлагорскія навіны». У 1992-м менавіта ён быў адным з ініцыятараў і стваральнікаў гарадской карціннай галерэі «Традыцыя». Неаднойчы абіраўся дэпутатам гарсавета, быў кіраўніком раённай арганізацыі Саюза журналістаў. Узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры «За асабісты ўнёсак у развіццё культуры Беларусі».

Стварэнне архітэктурнай канцэпцыі мемарыяльнага комплексу — заслуга групы архітэктараў ААТ «Інстытут Гомельграмадзянпраект».

— Комплекс мог бы развівацца па розных канцэпцыях, бо мы не былі абмежаваныя ў прасторы, напрыклад, так, як пры стварэнні гарадскіх праектаў. Аднак Ала — у першую чаргу сімвал спаленай вёскі, дзе загінулі мірныя жыхары. Вырашылі ўзяць за аснову ідэю вясковай вуліцы, якая вядзе да месца памяці, месца, дзе былі пахаваныя ахвяры трагедыі, — адзначыў лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», архітэктар Віктар Бельцюкоў. — Гэтая высокая ўзнагарода, безумоўна, не персанальная, бо за намі — каманда, калектыў «Гомельграмадзянпраекта». Акрамя аўтараў, значны ўнёсак зрабілі праекціроўшчыкі, канструктары, спецыялісты генеральнага плана, мастакі і скульптары.

Многія наведвальнікі «Алы» адзначаюць, што аўтары праекта паставіліся вельмі ашчадна да месца — «прыродны малюнак» навокал, здаецца, таксама частка мастацка-архітэктурнай канцэпцыі. Між тым лес навокал стварае і натуральны вечназялёны фон для самога комплексу. Сімвалічная «дарога памяці» заклікае прачуць душой трагедыю Алы.

— Чалавек ідзе, ён бачыць лічбы, чытае, спрабуе зразумець, усвядоміць, але гэтыя рэчы не для розуму, яны для сэрца. Таму дарога вядзе яго скрозь партал. Праходжанне скрозь любы праём — гэта счытваецца чалавекам падсвядома — пераход да іншага стану, — тлумачыць галоўны архітэктар мемарыяльнага комплексу «Ала», лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Сяргей Пярвіцкі.

Для Гомельшчыны «Ала» — насамрэч народны праект памяці, напамін аб адзіным у Беларусі населенным пункце, дзе ў Вялікую Айчынную вайну адначасова загінула самая вялікая колькасць мірных жыхароў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Памяць варта абараняць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Кожны грыб у рукі бяруць, ды не ўсякі ў кузаў кладуць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ЦЯЛЕЦ. Усё ідзе паспяхова, калі не лічыць адной зусім нязначнай, але вельмі непрыемнай штукі, і імя ёй — лянота. Калі пераадолееце яе, то ўсё ў вашым прафесійным жыцці будзе выдатна.

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт