Вы тут

Дырэктар Гродзенскай гарадской гімназіі аб адукацыйных дасягненнях, творчых поспехах і пандэміі


Упершыню падыходжу да кабінета дырэктара і не хвалююся. Перад дзвярыма Юліі Анісімавай стоўпатварэнне — прыходзіцца на хаду вырашаць арганізацыйныя пытанні. Тым больш што ў Гродзенскай гарадской гімназіі цяпер мноства клопатаў, звязаных з правядзеннем рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці».

Таму знаёмства пачалося з асабістых вынікаў і агульных перамог.


Складаная задача

Па прызванні і адукацыі Юлія Анісімава — музычны педагог. Менавіта ў гэтай якасці яна ўпершыню прыйшла працаваць у Гродзенскую гарадскую гімназію ў пачатку двухтысячных гадоў. Пазней жыццё, зрабіўшы віток, зноў верне яе ў «Дух альфы», цэнтрам якой і стане наша гераіня. Чаму альфа? Гэта сімвал гімназіі, першая літара грэчаскага алфавіта. Прынцып — быць першымі заўсёды, і гэты статус тут падтрымліваюць дастойна.

— Я пачала працаваць у Гродзенскай гарадской гімназіі ў жніўні мінулага года, — кажа яе дырэктар, — і першы год у школе супаў са святкаваннем вялікага юбілею. У 2020 годзе сярэдняй навучальнай установе споўнілася 80 гадоў. З гэтай нагоды было праведзена мноства маштабных мерапрыемстваў, у арганізацыю якіх трэба было хутка ўнікнуць.

Усе сустрэчы прайшлі, як і планавалася. Мы падрыхтавалі цудоўны канцэрт, на якім сабраліся выпускнікі і мноства гасцей. Асаблівае задавальненне выклікалі госці з Беластока з сяброўскай гімназіі, з якой у нас наладжаны дагавор аб супрацоўніцтве, — дзеліцца кіраўнік гімназіі.

Таму год прынёс мноства перамог, нягледзячы на перажыванні, якімі з хваляваннем падзялілася Юлія Анісімава.

— Наша ўстанова не мае патрэбы ў тым, каб яе падымаць з каленяў, — разважае кіраўнік. — Я прыйшла ў гімназію, якая займае адну з самых высокіх пазіцый у краіне. І гэты статус неабходна ўтрымаць, што можа быць яшчэ больш складана.

Аб поспеху сведчаць вынікі. Акрамя шматлікіх перамог на алімпіядах, Гродзенская гарадская гімназія ганарыцца сваімі ўзорнымі калектывамі. Іх у школе тры — гэта ансамбль скрыпачоў «Ліра», вакальная студыя «Пераменка» і вакальная студыя «Юнікс-Star», якая з'яўляецца тварэннем Юліі Іванаўны.

Творчы калектыў рэгулярна ўдзельнічае ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. Таму гарадская гімназія ганарыцца не толькі адукацыйнымі дасягненнямі, але і творчымі поспехамі.

У нас няма «цякучкі»

Прыкладна 97—99 % выпускнікоў Гродзенскай гарадской гімназіі паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, з іх не менш за 75—78 % праходзіць на бюджэтную форму навучання.

На працягу гэтага года вучні гімназіі станавіліся пераможцамі міжнародных спаборніцтваў, нягледзячы на складанасці, выкліканыя пандэміяй. Цяпер школьнікі актыўна рыхтуюцца да рэспубліканскіх конкурсаў.

— Хачу адзначыць, што да групы педагогаў, якія рыхтуюць алімпіяднікаў, падключыліся многія іншыя настаўнікі. Мы далі ім стымул і натхнілі, — з гонарам расказвае Юлія Іванаўна.

Поспехі ўстановы непасрэдна залежаць ад калектыву, а ён у Гродзенскай гарадской гімназіі зладжаны і моцны. Многія з педагогаў працуюць тут на працягу ўсяго жыцця.

— Калі калектыў зладжаны, галоўная роля кіраўніка заключаецца ў правільнай каардынацыі. Кагосьці пахваліць, камусьці зрабіць заўвагу, бо ў нас няма «цякучкі». У нас усе працуюць доўга — у многіх калег адзін запіс у «працоўнай». Яны правялі тут усё жыццё і неўзабаве сыдуць на заслужаны адпачынак, — кажа дырэктар школы.

Людзі, якія працуюць шмат гадоў побач, могуць дасягаць значных вынікаў, бо работа праводзіцца максімальна скаардынавана.

Падыходзілі да адукацыі дзяцей індывідуальна

Немагчыма было не крануць самага праблемнага — навучальнага працэсу ва ўмовах пандэміі. Мноству школ даводзілася вырашаць гэтае пытанне лакальна, бо Міністэрства адукацыі не стала разбураць традыцыйную сістэму.

Дырэктар гімназіі ўпэўнена, што здароўе важней за ўсё, але адукацыйны працэс ніхто не адмяняў. Разам з тым кіраўніцтва ішло насустрач бацькам, якія не адпускалі дзяцей з дому.

Даводзілася прымяняць самыя разнастайныя методыкі. Тым больш што школа не сыходзіла на каранцін, а заняткі ў асноўным наведвалі старшакласнікі, якім трэба рыхтавацца да выпускной кампаніі і ЦТ. Шмат у чым камунікацыю спрашчала электронная сістэма дзённікаў, якая дазваляе дыстанцыйна наладзіць зваротную сувязь.

— Паколькі многія дзеці заставаліся дома, настаўнікі спрабавалі па-свойму выбудаваць вучэбны працэс. Да кожнага дзіцяці быў арганізаваны індывідуальны падыход, — дзеліцца дырэктар гімназіі. — Напрыклад, настаўнік даваў заданне, дзеці выконвалі яго пісьмова дома, а бацькі прывозілі ў школу.

Для збору хатніх работ у Гродзенскай гарадской гімназіі былі арганізаваны спецыяльныя боксы, у якія можна было пакласці выкананыя заданні. Па словах педагога, кожны настаўнік шукаў магчымасць у дачыненні да сваёй прадметнай вобласці, каб можна было максімальна эфектыўна наладзіць кантакт з дзецьмі.

У новым навучальным годзе дзеці прыйшлі ў школу ў поўным складзе.

— Мы прымаем усе магчымыя меры па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. У гімназіі дзейнічае масачны рэжым, усюды выкарыстоўваюцца антысептыкі.

Пра тое, як на гэта рэагуюць бацькі, дырэктар сцвярджае, што вельмі па-рознаму, але ў цэнтры ўвагі калектыву знаходзіцца дзіця.

— Вядома, некаторыя бацькі выступалі катэгарычна, што дзеці ў школу не пойдуць. Мы прапанавалі ім мноства варыянтаў, каб захаваць навучальны працэс на належным узроўні, бо дзеці не вінаватыя ў тым, што даводзіцца жыць у новых умовах, і тым больш не павінны цярпець ад наступстваў.

Асабліва гэта актуальна таму, што наперадзе ў многіх навучэнцаў атэстацыя, і сама гімназія ў наступным годзе павінна будзе прайсці акрэдытацыю.

Але цяпер складана будаваць планы, кажа Юлія Анісімава.

— Мы доўга не ведалі, ці будзе рэспубліканскі этап алімпіяд. Вось уявіце, як гэта для выпускнікоў, якія рыхтаваліся да выпрабаванняў шмат гадоў. Настаўнікі ж таксама перажывалі, ехалі за вучнямі. Усе разумеюць, наколькі гэта важна. Таму жадаю, каб 2021 год для нас быў больш паспяховы, лёгкі і пазітыўны.

Акрамя таго, дырэктар школы звяртае ўвагу, што з канікулаў і вучням, і настаўнікам лепш прыйсці ў школу здаровымі, каб адна вялікая гімназічная сям'я магла снаваць планы на будучыню больш упэўнена.

Аліса СКІБА

Загаловак у газеце: «Дух альфы»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.