Вы тут

Душа ў справах. Як вясковы святар дапамагае выхоўваць моладзь


За дзесяць кіламетраў ад Нясвіжа, што ў Мінскай вобласці, знаходзіцца вёска Салтанаўшчына. Кажуць, што населены пункт атрымаў сваю назву ад прозвішча мясцовага памешчыка Солтана, які арандаваў зямлю ў князёў Радзівілаў. Час будаўніцтва тут першай царквы дакладна невядомы.


Як сведчыць вопіс царкоўнай маёмасці 1696 года, у Салтанаўшчыне былі дзве старыя драўляныя царквы, якія з часам разбурыліся. Сляды гэтых святыняў можна было заўважыць яшчэ ў XІX стагоддзі. Але пра час іх узвядзення сведчанняў не засталося. Сучасная Свята-Троіцкая царква пабудавана ў 1826 годзе намаганнямі ўніяцкага свяшчэнніка Аляксандра Календы на ахвяраванні жыхароў навакольных вёсак. Як сведчыць павер'е, узвядзенне храма звязана з бачаннем жыхаркай вёскі Кудзінавічы Прасвятой Багародзіцы. Пасля на гэтым месцы з'явіліся два камяні. Яны і цяпер знаходзяцца там жа. На адным з іх быў бачны адбітак ступні (па павер'і — Багародзіцы), а на другім — выява крыжа ў невялікім заглыбленні, дзе незалежна ад пары года і надвор'я з'яўляецца вада. Гэтая вада нібыта дапамагае пазбавіцца ад хвароб.

З 1997 года ў Святой Жыццепачатнай Троіцкай царкве служыць настаяцелем Алег Абрамовіч. Сёлета айцец Алег удастоены прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне». Гэтую высокую ўзнагароду ён заслужыў за вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне духоўных каштоўнасцяў сярод дзяцей і моладзі, арганізацыю дабрачыннай дзейнасці брацтва ў гонар Праабражэння Гасподняга.

— Айцец Алег, як вы ўспрынялі навіну аб узнагароджанні? — пацікавілася ў яго.

— Ведаеце, гэта было для мяне нечакана. І я вельмі ўдзячны за аказаны мне гонар.

У сваю чаргу вернікі ўдзячныя святару за чыстае, шчырае сэрца, бездакорную службу ў імя Бога і людзей, за яго добрыя справы. І асабліва за клопат пра падрастаючае пакаленне, дзяцей, падлеткаў, каб яны выраслі маральна і духоўна багатымі, сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. Менавіта святар арганізаваў пры царкве работу круглагадовага праваслаўнага дзіцячага лагера. У лагера няма пастаяннага папячыцеля, ці, так бы мовіць, спонсара. Але айцец Алег разам з дзецьмі, нераўнадушнымі людзьмі пабудавалі на тэрыторыі пры храме своеасаблівы гарадок, дзе дзеці бавяць свой час пад наглядам дарослых з цікавасцю і карысцю для сябе. Кожны дзень у яго насельнікаў пачынаецца з малітвы і падняцця сцяга лагера. Гэты працэс даручаюць самым адказным хлопчыкам і дзяўчынкам, якія выдатна сябе зарэкамендавалі. Вечарам усе ідуць на вячэрнюю малітву. А затым пачынаецца хрэсны ход вакол тэрыторыі лагера. Работа лагера прадугледжвае профільныя змены.

— Напрыклад, нашы дзеці любяць спяваць. Таму ім вельмі даспадобы прыйшлося спеўнае, вакальнае майстэрства, — кажа мой суразмоўнік.

Не першы год удзельнікамі гэтых змен становяцца дзеці з Нясвіжскага раёна і іншых прыходаў Слуцка-Салігорскай епархіі. Наогул, дзверы адкрытыя для ўсіх ахвотных, хто хоча пашырыць свае вакальныя здольнасці. А дзецям сапраўды ёсць у каго павучыцца, з імі займаюцца прафесіяналы. Напрыклад, адзін час заняткі па вакале, як калектыўныя, так і індывідуальныя, вялі педагогі хору «Вясёлка» з Баранавіч.

З нецярпеннем дзеці чакаюць сустрэч з цікавымі людзьмі, якія сваім жыццём, працай, грамадскай дзейнасцю паказваюць прыклад служэння Айчыне. Тут пабывалі і ветэраны вайны, і спорту, і культуры, мастацтва, народныя ўмельцы. Адна справа, калі любімага героя паказваюць па тэлевізары, і зусім іншая, калі з ім можна пагутарыць у рэальнасці, сам-насам, задаць разнастайныя пытанні. Напрыклад, у людзей старэйшага пакалення пацікавіцца пра вайну, цяжкае пасляваеннае дзяцінства, пра тое, як настойліва яны імкнуліся да ведаў, да таго, каб атрымаць адукацыю, зрабіць нешта карыснае для сваёй Радзімы. Незабыўнай атрымалася сустрэча з Верай Слабадзянюк. Вера Міхайлаўна — заслужаны трэнер па парашутным спорце, чэмпіёнка свету, дзесяціразовая рэкардсменка свету. З цікавасцю выслухалі дзеці і гісторыю поспехаў яе мужа. Анатоль Іванавіч — ветэран працы, лётчык-інструктар цяжкай транспартнай авіяцыі, спартсмен-планерыст. Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў сумяшчае працу свяшчэнніка і навуковую, выкладае ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, уваходзіць у кагорту вядучых астраномаў Беларусі. Размова з ім атрымалася цікавая і карысная. А галоўнае, яе ўдзельнікі зразумелі, што праваслаўная царква ніколі не была тормазам для навукі і адукацыі.

Багата ў плане гістарычнага, культурнага досведу даюць дзецям розныя паездкі, экскурсіі. Яны шмат дзе пабывалі, шмат чаго пабачылі. Напрыклад, у Жыровіцкім ды іншых манастырах Беларусі, у Брэсцкай крэпасці, на Кургане Славы.

Дзяцей і падлеткаў вучаць міласэрнасці, суперажыванню да блізкага. Яны пастаянныя госці ў інтэрнатах для састарэлых, інвалідаў, у розных сацыяльных установах. І прыязджаюць туды не з пустымі рукамі, гатуюць розныя пачастункі, а таксама ставяць канцэрты.

Падчас работы лагера малыя атрымліваюць і працоўныя навыкі, ім прывіваюць павагу і любоў да любой працы. Яны дапамагаюць на тэрыторыі храма нешта рамантаваць, добраўпарадкаваць, разбіваюць кветнікі, саджаюць дрэвы. Напрыклад, сёлета яны ладзілі агароджу.

— А бацькі наведваюць сваіх дзяцей у лагеры?

— Гэта ў нас не забаронена. Часам на тэрыторыі лагера жывуць цэлымі сем'ямі. Некаторыя падлеткі, якія ўпершыню прыйшлі да нас у лагер, выраслі, абзавяліся сем'ямі. Цяпер тут удзельнічаюць іх дзеці. Адна з дзяўчынак, якая пачынала з першай змены, ужо шматдзетная маці.

З 2002 года на тэрыторыі пры храме Свята-Троіцкай царквы ладзіцца праваслаўны злёт «Святая Русь», на які збіраецца каля 700 чалавек з розных куткоў Беларусі, а таксама Расіі, Украіны, Германіі, Грэцыі. А ў 2017-м упершыню прайшоў першы Усебеларускі злёт праваслаўнай моладзі. Менавіта такія мерапрыемствы мацуюць дружбу, давер паміж рознымі нацыянальнасцямі, выхоўваюць павагу да гісторыі і культуры, традыцый розных народаў.

— Айцец Алег, як вы ўсё паспяваеце? Акрамя, скажам так, грамадскай работы, у вас шмат клопатаў — богаслужэнні, паўсядзённыя гаспадарчыя справы?

— Калі мы пачыналі справу, то разумелі, што будуць цяжкасці. Напрыклад, у тым жа аздараўленчым дзіцячым лагеры працуюць спецыялісты, педагогі на платнай аснове, на ўтрыманне лагераў дзяржава выдзяляе субсідыі. У нас жа ўсё выбудавана на энтузіязме, грамадскіх пачатках.

— І напрыканцы, што б вы хацелі пажадаць усім праваслаўным вернікам, нашым чытачам?

— Шчасця, здароўя. Добрага чалавечага шчасця. Як кажа Гасподзь, радуйцеся і бесперапынна маліцеся, каб была радасць у жыцці і былі сілы для малітвы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Адказ на гэтыя і іншыя пытанні ведае наша гераіня.

Грамадства

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Якой сёння павінна быць маладзёжная газета? Пра што і як размаўляць з моладдзю?

Грамадства

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.