Вы тут

Лінія кахання. Літаграфіі Пікаса, Маціса і Шале экспануюцца ў сталіцы


На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва формы эротыкі зазнавалі розныя змены пад уздзеяннем рэлігійных і сацыяльных табу. Пэўную трансфармацыю мы назіраем і сёння, нават з улікам таго, што пісьменнікі і мастакі мінулага стагоддзя разбурылі пазачасавы ідэал цялеснага і звыклыя ўяўленні пра сексуальнасць. Выстаўка «Лінія кахання. Эратызм у творчасці вялікіх майстроў ХХ стагоддзя», што працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, прадстаўляе каляровыя літаграфіі творцаў, якія перайначылі мастацкі свет і канчаткова знялі табу з дэталёвага даследавання пачуццёвага боку жыцця. Гэта Пабла Пікаса, Анры Маціс і Эган Шыле (творы апошняга экспануюцца ў Беларусі ўпершыню). Варта адзначыць, што настолькі адкрытай і вузкапрофільнай выстаўкі ў нашай краіне яшчэ не было.


Анры Маціс. Блакітная аголеная. 1952 г.

Адметнасці ўспрымання

Фармат выстаўкі прадугледжвае дзве часткі: сегмент замежных творцаў і экспазіцыю айчынных мастакоў.

— Зразумела, галоўныя героі гэтай выстаўкі — Пабла Пікаса, Анры Маціс і Эган Шыле. Акрамя іх прадстаўлены яшчэ чатыры замежнікі, меней папулярныя, чым той жа Пікаса, але, на маю думку, нават больш прывабныя, — адзначае куратар выстаўкі Алег Рыжкоў і пералічвае знакавыя для мастацтва імёны: Луі Бертом Сэн-Андрэ, Карнэйль (Гільём Карнэліс ван Бэверлоа), Фрэнсіс дэ Ласю Сэн-Жэні і Пауль Вундэрліх.

У свой час кожны з іх адлюстроўваў дастаткова тонкую тэму эратызму, прыгажосць аголенага (але не толькі) цела, узаемаадносіны мужчыны і жанчыны, пачуццёвасць і каханне згодна са сваім успрыманнем. Шыле, напрыклад, быў крыху дэпрэсіўным чалавекам, таму нават аўтапартрэты, на якіх мастак любіў адлюстроўваць сябе голым, атрымліваліся даволі экспрэсіўныя і жорсткія.

— Іншая справа — Пікаса, — працягвае Алег Рыжкоў. — У яго жыцці было вельмі шмат жанчын, і, натуральна, усе яны станавіліся натуршчыцамі. Спачатку кожная была музай, але з часам яны пачыналі нерваваць мастака, што заўважна ў яго работах. Так, адна і тая ж жанчына ў розныя перыяды стасункаў з Пікаса выглядае па-рознаму: спачатку яна вельмі мілавідная, а ў канцы жахлівая. Мастак здзекуецца з яе цела, якое ў выніку становіцца незразумелым. Здаецца, найбольш вытрыманы з гэтых аўтараў Маціс. Яго ўспрыманне жанчын было больш спакойнае. Да таго ж ён вельмі смела працаваў са святлом, таму вылучаецца з прадстаўленай тройкі мастакоў.

Беларускія творцы вельмі актыўна ўдзельнічаюць у экспазіцыях такога кшталту. З кожным разам колькасць удзельнікаў павялічваецца (магчыма, мінулы год у нечым нават паспрыяў адасобленай працы і ім ёсць што прадставіць на выстаўках). У праекце прымаюць удзел больш як 70 аўтараў. Арганізатары былі вымушаны нават абмежаваць колькасць работ ад кожнага ўдзельніка да дзвюх. У выніку экспазіцыя атрымалася даволі насычанай: ад цалкам умоўных да крыху скандальных матываў, падкрэслівае Алег Рыжкоў. З улікам спецыфікі выставачны праект адзначаны ўзроставым абмежаваннем 18+.

Усе творы ўдала ўпісаліся ў выставачную прастору Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў на праспекце Незалежнасці. Экспазіцыя заняла некалькі залаў на двух паверхах, таму ўспрымаецца лёгка, у адрозненне ад праектаў, якія па тых ці іншых прычынах размешчаны ў адным вялікім пакоі. Да таго ж аматараў мастацтва ёсць выбар: прайсціся па ўсіх калідорах і ацаніць шматграннасць матэрыялу, што прапаноўваецца, ці бліжэй пазнаёміцца з работамі любімых аўтараў. Усё ж буйных праектаў апошнім часам не так шмат. (Дарэчы, анонсы на гэты год — экспазіцыя, прысвечаная японскай культуры, персанальная выстаўка Рэнэ Магрыта, а таксама зборная выстаўка шэдэўраў сусветнай класікі XVII—XIX стагоддзяў.)

Між тым наведвальнікам падчас вандроўкі дапамогуць спецыяльныя інфармацыйныя стэнды, а таксама дакументальныя фільмы пра творчасць найвялікшых майстроў мінулага стагоддзя. Наведаць надзвычай змястоўную выстаўку «Лінія кахання. Эратызм у творчасці вялікіх майстроў ХХ стагоддзя» можна да 8 сакавіка.

«...Нічога, акрамя кахання...»

Для Анры Маціса (1869—1954) цялеснасць як форма цікавейшая, чым душэўныя перажыванні і запал. Для яго быў важны не столькі стан, колькі лад карціны: якое месца займаюць прадметы на лісце, як суадносяцца прамежкі паміж імі. Абстрактныя фігуры, у якіх усё ж праглядаецца чалавечае цела, лёгкія і простыя. Максімальнага спрашчэння мастацкай мовы Маціс дасягае ў сваім праекце «Джаз» — зборніку аўтарскіх тэкстаў і ілюстрацый. Кожная з іх уяўляе сабой геаметрычную кампазіцыю з абрэзкаў паперы, пафарбаваных гуашшу. І ўсё ж за гэтай лаканічнасцю, яснасцю хаваецца асоба, якая спасцігла глыбіню ўспрымання свету, якая ўбачыла тое, што здольны ўбачыць не кожны.

Іншы эратызм у Пабла Пікаса (1881—1973), творцы гарачага, эмацыянальнага, які палае любоўю да жыцця, мастацтва, жанчын (гісторыя захавала імёны сямі каханых). Пікаса дагэтуль лічыцца самым дарагім мастаком: на аўкцыёнах яго творы каштуюць больш за работы іншых творцаў, нягледзячы на тое, што мастак працаваў у вельмі розных стылях. У экспазіцыі прадстаўлена адна літаграфія з серыі «Авіньёнскі пацалунак» і некалькі работ з серыі 347 (па колькасці гравюр), пры стварэнні якой Пікаса выкарыстаў розныя тэхнікі: траўленне, акватынту, паліроўку, сухую іголку. Над гэтым цыклам майстар працаваў кожны дзень на працягу сямі месяцаў у 1968 годзе, ва ўзросце 87 гадоў. Мастацтвазнаўцы называюць яго мастацкім дзённікам Пабла Пікаса, які выпісваў такім чынам свае фантазіі і ўспаміны, малюючы на белым фоне мужчын і жанчын у мудрагелістых позах. Гумар, іншы раз вельмі дзёрзкі, абыгрыванне палотнаў знакамітых папярэднікаў, нястрымная гульня ўяўлення, кароткія гісторыі, расказаныя некалькімі штрыхамі, — усё гэта падкрэслівае кантраст адкрытага і сарамлівага, жывёльнага і вытанчанага. У кожнай рабоце ўдумлівы глядач знойдзе канфлікт — супярэчнасць паміж перамогай і паразай, пачуццёвасцю і агрэсіўнасцю, прыцягненнем і адштурхваннем, прыгожым і пачварным. Усё гэта перадае само жыццё. «У рэшце рэшт, карані мастацтва трэба шукаць у эратызме, — пісаў Пікаса. — У аснове няма нічога, акрамя кахання, якім бы яно ні было».

Пабла Пікаса

Мабыць, самая скандальная частка выстаўкі — работы Эгана Шыле (1890—1918), аўстрыйскага мастака з надзвычайным лёсам і загадкавым унутраным светам. Ледзь не на кожнай рабоце людзі паказаны ў нязручных, адкрытых позах, са скурай ненатуральных колераў, напружанымі выразамі твараў.. Карціны Шыле, на якога, у сваю чаргу, паўплываў Густаў Клімт, поўныя маўклівай істэрыкі і болю. Вельмі часта побач з рознымі ацэнкамі работ мастака фігуруе словазлучэнне «аголены нерв». Мастацтвазнаўцы адзначаюць важную дэталь: у карцінах няма перспектывы, фону, акружэння. Гэта можа казаць аб тым, што яго цікавіў не час, не грамадства, тым больш не сацыяльны кантэкст. Белы арэол, якім акружаны некаторыя вобразы, падкрэслівае іх адчужанасць і ізаляванасць. Мастак ніколі не выпраўляў свае малюнкі. Калі яго не задавальняла лінія або натуршчыкі трохі змянялі позу, ён працягваў працу, робячы побач іншую лінію. З-за гэтага ад некаторых карцін узнікае адчуванне раздвойвання, уласцівае пачуццям яго герояў.

У Шыле складаны лёс. За сваё нядоўгае жыццё — мастак памёр у 28 гадоў ад іспанкі — ён перажыў арышт, абвінавачванні ў разбэшчванні малалетніх, канфіскацыю работ, аб’яўленне яго творчасці парнаграфіяй. Аднак вядомасць і прызнанне ў мастацкім асяроддзі прыйшлі яшчэ пры жыцці.

Лініі, стыль, гульня

Другая палова выстаўкі — карціны больш блізкіх да нашага часу мастакоў. Так, Луі Бертом Сэн-Андрэ (1905—1977) атрымаў вядомасць менавіта дзякуючы працы ў жанры эратычнай ілюстрацыі. Ён стаў аўтарам малюнкаў да твораў Поля Верлена, Шарля Бадлера, Дэні Дзідро, Вальтэра. Для «Дэкамерона» Джавані Бакача Луі Бертом Сэн-Андрэ выканаў 45 каляровых афортаў, даволі натуралістычных і не вельмі яркіх. Некаторыя з іх прадстаўлены на выстаўцы і датуюцца 1931 годам.

Пра нідэрландца Карнэйля (1922—2010) мастацтвазнаўцы кажуць як пра майстра колеру. Сам ён называў сябе «мастаком радасці». Сапраўды, Карнэйль напаўняе колер філасофскім і сімвалічным зместам. Яго стыль знарок дзіцячы, прымітыўны. Работы насычаны фантастычнымі вобразамі жанчын, птушак, катоў. Жанчына ў іх, як правіла, — увасабленне двюх крайнасцей: кахання і смерці, рэальнасці і фантазіі. Натхненне ён шукаў у творах Пікаса, а таксама Паула Клее і Хуана Міро.

Работы Пауля Вундэрліха (1927—2010) спадабаюцца аматарам ірацыянальнага. Нямецкі графік, скульптар, жывапісец, дызайнер эксперыментаваў з мадэрнам, рэалізмам, ташызмам (еўрапейскай разнавіднасцю абстрактнага экспрэсіянізму ў 1940—60-х гадах), але ў выніку стаў паслядоўнікам магічнага (фантастычнага) рэалізму, ці неасюррэалізму. Нягледзячы на тое, што карціны Вундэрліха — гульня з класікай, адначасовае спляценне гісторыі і міфалогіі, яны могуць напалохаць сваёй жорсткасцю і недагаворанасцю.

Творчасць Франсіса дэ Ласю Сэн-Жэні (1925—2018) прадстаўлена толькі парай работ, але яны падаюцца найбольш рамантычнымі. Так, твор «Да канца (II)» (другая палова XX ст.) адлюстроўвае пацалунак асоб, падобных да камянёў.

Святлана Валасюк. Тры мексіканкі. 2019 г.

(Не) адкідваючы абсалютную бессаромнасць

Каб уважліва пазнаёміцца з работамі ўсіх айчынных мастакоў, прадстаўленых на выстаўцы «Лінія кахання», сапраўды, трэба некалькі гадзін. Але, што тычыцца значнай часткі карцін, заўважна адна тэндэнцыя: большая канцэнтрацыя пяшчоты і далікатнасці ў параўнанні з еўрапейцамі. Тут і пачуццёвая стрыманасць у работах Кацярыны Шабуні ці Ірыны Кошман-Пятроўскай, і размытасць ідэалу ў карцінах Марыі Скакун ці Юрыя Бурмістрава, і захапленне дэталямі Аліка Замосціна ці Арцёма Пясецкага... Тым не менш нельга адкідваць і абсалютную адкрытасць і бессаромнасць, уласцівую палотнам некаторых айчынных творцаў, напрыклад, Уладзіміра Кандрусевіча і Анастасіі Кравец, хоць «хімера» апошняй — прамая адсылка да «Аголенай» Шыле.

Як правіла, аўтары даследуюць прыгажосць жаночага цела, малюнкі з мужчынамі сустракаюцца значна радзей і пераважна ў кампаніі з жанчынай. Між тым сустракаюцца работы, што выбіваюцца з агульнай канцэпцыі (прынамсі, пакуль не прачытаеш подпіс, але і гэта часам не дапамагае). Гаворка найперш пра карціну Вольгі Анашкінай пад назвай «Феномен кахання як цёмнага, што разбурае» (2020). Найперш збіваюць з панталыку адлюстраваныя на ёй немаўляты, па-другое, абраныя колеры — цалкам чорны фон, чорныя фігуры, белая галава аднаго з дзяцей і шэрыя вочы другога. Інтэрпрэтацый можа быць колькі заўгодна, але ці адпавядае хоць адна з іх агульнай плыні выстаўкі, ці не супярэчыць ёй кожная з трактовак? Да таго ж вельмі сціпла глядзяцца ў экспазіцыі творы накшталт «Час цвіцення» Надзеі Букі (2019), дзе, акрамя краю сукенкі і ўмоўных кветак, гледачу няма за што зачапіцца.

Некаторыя работы, нядзіўна, напоўнены алюзіямі і адсылкамі да твораў знакамітых мастакоў (у адрозненне ад іншых работ мастачкі на выстаўцы). Сярод іх — «Дзяўчынка з птушкай» (2017) Андрэя Савіцкага, серыя работ «Зіначкі» (2018) Ксеніі Лагавой, «Афрадыта» (2020) Уладзіміра Бяскроўнага, «Купальская ноч» і «Спякотная чэрвеньская ноч» (2020) Анастасіі Рыдлеўскай, «Ноч» (2019) Дзіны Ляонавай, «Жанчына з гадзіннікам» (2019) Надзеі Рэўтовіч — дарэчы, рэдкі экспанат, які прэзентуе на выстаўцы вязанне і вышыўку.

Звяртае на сябе ўвагу і скульптура, даволі шырока прадстаўленая ў прасторы залаў. Сярод адметных работ — «Жаночы торс» Галіны Гаравой (1999), «Сон» Алега Варвашэні, «Захапленне» (2001) і «Мроі» (2020) Хізры Асадулаева, а таксама «Адам і Ева — сімфонія раўнавагі» (2018) Ліліі Нішчык. Такім чынам, вечныя сюжэты ды іх інтэрпрэтацыя — адзін з асноўных складнікаў выстаўкі «Лінія кахання. Эратызм у творчасці вялікіх майстроў ХХ стагодззя». Шукаць і пазнаваць іх — асаблівая асалода.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў ЛІМе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Адказ на гэтыя і іншыя пытанні ведае наша гераіня.

Грамадства

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Якой сёння павінна быць маладзёжная газета? Пра што і як размаўляць з моладдзю?

Грамадства

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.