Вы тут

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь: Толькі разам можам выратаваць гэты кавалак зямлі


У свята Раства Хрыстовага па праваслаўным календары Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў сталічны храм Узвіжання Святога Крыжа.


«Мы пакі і пакі вяртаемся да гэтай падзеі — прыходу ў свет Збаўцы — перажываем, разважаем пра яе і звязваем з ёй многія надзеі, бо калі Хрыстос прыйшоў на зямлю дзеля нас, значыць Ён нам і дапаможа, і наладзіць усё да дабра кожнага з нас і ў цэлым Айчыну нашу», — звярнуўся Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Веніямін да прыхаджан.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў светлае свята Раства усе чакаюць перш за ўсё дабра, але і цудаў. 

«Гэта светлае, добрае свята, — сказаў ён. — І асаблівасць такіх святаў, маіх любімых святаў, у тым, што кожны з нас, кожны чалавек, не толькі ў Беларусі, ідзе сваёй дарогай да свайго храма. Гэта той вялікі здабытак, які мы з вамі маем».

Мэта такога шляху кожнага чалавека да храму — мір, дараванне і хрысціянскія каштоўнасці, упэўнены беларускі лідар. 

«Больш за дзве тысячы гадоў таму Раство стала пэўнай кропкай адліку новай цывілізацыі, новага светаўладкавання, дзе пануюць любоў, справядлівасць, дабро і міласэрнасць», — дадаў Прэзідэнт. — Менавіта тады, больш за дзве тысячы гадоў таму, пачалася гэтая эра».

«Мы павінны разумець, што толькі разам можам выратаваць гэты кавалак зямлі»

Гэтыя рысы характару абсалютна ўласцівыя беларускаму народу, заўважыў Прэзідэнт. 

«У некага іх больш, у некага менш, але ў цэлым памкненне да сумленнасці, прыстойнасці і справядлівасці ў нас у крыві», — падкрэсліў ён.

«І вы ведаеце, першая хваля сусветнай хваробы, другая хваля гэтай хваробы (я вельмі дасканала аналізую сітуацыю, фактычна жыву ёй, бо гэта вельмі важны момант у жыцці беларускага грамадства) — павінен сказаць, што Бог нас ахоўвае. Тое самае і ў гэтую цяжкую хваробу другой хвалі, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Дай Бог, каб не было горш». 

Сiтуацыю ў шэрагу іншых краін Аляксандр Лукашэнка назваў грамадскай катастрофай і падзякаваў Богу за тое, што і ў першую, і ў другую хвалю пандэміі на каранавірус беларусам удалося гэтага пазбегнуць. 

«Гэта кажа пра тое, што ў нас засталося тое святое, што было закладзенае Ім (Богам. — «Зв.») дзве тысячы гадоў таму», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

Новая Крыжаўзвіжанская царква — гэта перш за ўсё помнік тым вайскоўцам і мірным людзям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, напомніў Прэзідэнт. 

«Гэта людзі, якія не здрадзілі, не здаліся. Гэта людзі, якія змагаліся і загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — сказаў ён. — Гэта вельмі важна для нас зараз. Уся наша Беларусь, як я часта кажу — гэта помнік той вайне. Не павінны мы, беларусы, нават у дробязях, гераізаваць нацызм, не павінны, у імя памяці тых загінулых, хто ляжыць тут, дзе пабудаваны гэты помнік. Мы павінны свята шанаваць тых людзей, дзякуючы якім мы сёння жывём».

Гэта важна асабліва для тых, каго няма зараз у храме, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. 

«Нам трэба ўзяць ў рукі галаву і задумацца пра нашу будучыню», — дадаў ён. 

Прэзідэнт лічыць, што выпрабаванні, якія закранулі амаль кожнага чалавека ў апошні час, — папярэджанне звыш.

«Паглядзіце, як жылі папярэднія пакаленні, пасля вайны. Ён (Бог. — «Зв.») нас папярэджвае пра тое, каб мы думалі пра будучыню, — мяркуе Аляксандр Лукашэнка. — Думалі пра будучыню нашых дзяцей. Гэта вельмі актуальна і вельмі важна. Мы павінны разумець, што толькі разам можам выратаваць гэты кавалак зямлі, і нашы дзеці змогуць пасля нас жыць сваім розумам на сваёй зямлі».

У сваім навагоднім звароце кіраўнік дзяржавы папярэджваў пра пагрозу страты таго, што Беларусь і беларусы маюць. 

«Але самае страшнае, што мы можам гэта згубіць беззваротна, — дадаў ён. — Мы зноў вернемся да таго, як жылі папярэднія пакаленні пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, да яе. Але не хочам мы, я гэта дакладна ведаю, каб нашы дзеці хадзілі ў лапцях і зноў пад бізуном. Ну не патрэбна нашым дзецям гэта».

Раство — свята, якое вызначае новае жыццё, самае малае — на год наперад, лічыць Аляксандр Лукашэнка. 

«Я вельмі хачу, каб не паўтарылі папярэдні год, хоць я не ганьбіў яго — нам патрэбны быў гэты год, каб мы зразумелі, калі возьмемся за розум, і падумалі пра будучыню. Каб мы ўбачылі ўсіх, хто з намі побач. Каб дакладна вызначыліся, хто ёсць хто. Нам патрэбны быў гэты год, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Але ён патрэбны быў нам у мінулым. Я не хачу, каб ён паўтарыўся сёлета і ў будучым годзе. Хачу, каб будучы год быў лепшым. І ён будзе лепшым, калі мы не проста захочам, але зробім усё неабходнае, што залежыць ад кожнага з нас».

Кіраўнік дзяржавы перадаў храму ў дар абраз Божай Маці «Спагнанне загінулых». У іконе адлюстраваны вобраз Багародзіцы, якая схіляецца да Немаўля Ісуса і суцяшае яго смутак. Гэтым Божая Маці ўвасабляе апошні прытулак і апошнюю надзею для тых, хто ўжо амаль здзейсніў фатальны крок і пераступіў парог смерці як фізічнай, так і духоўнай. Перададзены ў дар абраз выраблены ў майстэрні Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра Мінска.

У сваю чаргу мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін ўручыў кіраўніку дзяржавы бронзавы макет храма Узвышэння Святога Крыжа, сувенірны звон у памяць аб заканчэнні будаўніцтва гэтага храма, а таксама кнігу Мікалая Гаўрылава «... І выцера Бог кожную слязу». Кніга апавядае пра лёс салдат і афіцэраў Чырвонай арміі, якія трапілі ў палон у першыя дні вайны. У цэнтры падзей лагер ваеннапалонных у Масюкоўшчыне.

Мітрапаліт падзякаваў кіраўніку дзяржавы за падарунак і ўвагу да яшчэ адной праваслаўнай святыні ў Беларусі.

«Сённяшні дзень, які мы згадваем, дае шмат для разваг, — сказаў першаіерарх Беларускай праваслаўнай царквы і згадаў прыказку пра тое, што рыба шукае там, дзе глыбей, а чалавек — там, дзе лепей. — І тут мы бачым у вобразе Хрыста, які прыйшоў на зямлю, што ён паступае зусім супрацьлегла. Ён не шукае, дзе яму лепей нарадзіцца, не шукае, каб больш лёгка праходзіла б Яго служэнне. Здаецца, ён насуперак усяму гэтаму здзяйсняе свой жыццёвы шлях».

Мітрапаліт заўважыў, што тым самым Хрыстос вучыць нас жыць не для сябе, а для бліжніх, для іншых, і заклікаў прыносіць Госпаду падзяку ў сэрцы, рабіць справы свае як богаўгодны дар. 

«Без сумнення, будучыня нашай краіны ў многім залежыць ад таго, наколькі мы зараз звернемся да Хрыста, — дадаў Патрыяршы экзарх. — Да яго прыкладу, вялікага, узвышанага, непаўторнага. І важна, каб мы ўсе, ад малога да вялікага, ад старэйшых да малодшых, прыносілі свае дары да Хрыста».

Жыццё цяпер складанае, пагадзіўся беларускі лідар, і прызнаўся, што марыць пра тое, каб людзі, якія жывуць хаця б у Беларусі, разумелі тую палітыку, якую яму даводзіцца ажыццяўляць. 

«Але я рэаліст, ведаю, што вялікае бачыцца на адлегласці, і ўсё пазнаецца ў параўнанні. Гэта не я прыдумаў. Гэта аксіёма, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Жыццё такое, што вакол ідуць інфармацыйныя войны. Выкарыстоўваюць любы выпадак, нават вось гэтую пандэмію».

Ён напомніў пра свае папярэджванні яшчэ ў пачатку мінулага года: «пройдзе гэтая пандэмія, але дзе будзем мы ў выніку?»

«Я вас папярэджваў аб тым, што гэтым момантам людзі, якія маюць уладу, паспрабуюць скарыстацца. Глядзіце, сітуацыя няпростая. І нам трэба аб’яднацца, каб не страціць сваё — тое, што належыць нам. Хто б мог, Уладыка, падумаць, што сёння ў ноч (па нашым часе) будуць штурмаваць Капітолій — цытадэль дэмакратыі сусветнай, як яны сябе падавалі. Хто б мог падумаць? Ніхто. Хоць, у гэтым ёсць нейкая справядлівасць з боку Трампа. Але гэта дрэнна. Гэта дрэнна, калі ідуць на штурм і гінуць людзі», — пракаментаваў Прэзідэнт беспарадкі ў ЗША. 

«Таму нам трэба сабрацца, нам трэба супакоіцца. Не нам, якія стаяць тут. Няхай той невялікай купкі, якая сёння па выхадных ходзіць па Мінску. Я ж вас папярэджваў: дрэнна, калі яны ходзяць па вуліцы, яшчэ горш, калі яны ідуць у двары, будзе невыносна, калі яны прыйдуць у вашы кватэры. Мы не павінны гэта дапусціць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Разумення і не спяшацца з асуджэннем яго як кіраўніка дзяржавы папрасіў ён у мінскім храме на Раство. 

«Паспрабуйце зразумець. Я чалавек мірны. Але я не магу дапусціць, каб хтосьці прыйшоў сюды і вось так адкрыта разбурыў гэтую нашу святыню. Таму мы павінны ўсе разам сабрацца і абразуміць тых, хто сёння гэтага не разумее. Нам не патрэбныя ні войны, ні сутыкненні. Нам іх прынясуць, паглядзіце: нам спакойнага жыцця не дадуць. Нам свабодна дыхаць ніхто не дазволіць, у цэнтры Еўропы. Гэта сутычка. І не дай Бог яна ператворыцца ў гарачую вайну на гэтай нашай тэрыторыі. Але дзе не будуць вырашацца нашы пытанні, дзе не будзе нашых інтарэсаў. Вось гэтага дапусціць нельга. Гэта галоўнае», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

Ён падзякаваў беларускім свяшчэннаслужыцелям за захаванне міжканфесійнага міру. 

«Усім хапае месца, — адзначыў Прэзідэнт. — Так і павінна быць. У нас няма міжнацыянальнай варожасці. Нам трэба гэты мір захаваць. Мы для ўсёй планеты, усіх краін прыкладам з’яўляемся. Няма нідзе такога міру і спакою, як у Беларусі. Няма гэтай міжнацыянальнай і міжрэлігійнай бойкі. Ні ў адной краіне гэтага няма. Гэта трэба захаваць».


Храм-помнік пабудаваны ў 2020 годзе побач з мемарыяльным комплексам «Масюкоўшчынскі лагер смерці». Летась мемарыялу быў прысвоены статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання.

Комплекс з'яўляецца месцам для памінання аб пахаванні больш за 80 000 ваеннапалонных і мірных савецкіх грамадзян, якія былі закатаваныя ў нямецкім канцлагеры ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У храме дзейнічае рэлігійная абшчына «Прыход храма Узвіжання Святога Крыжа ў горадзе Мінску Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы». Храм размешчаны па вуліцы Ціміразева, 96.

Храм уваходзіць у архітэктурны комплекс, які ўключае ў сябе ўваходную браму са званіцай, царкоўна-прыходскі дом, у якім размяшчаецца нядзельная школа і музей подзвігу савецкіх ваеннапалонных-вязняў Шталаг 352 у горадзе Мінску.

Святыня была асвечаная 26 верасня 2020 года, у суботу перад Узвіжаннем. Будаўніцтва храма доўжылася чатыры гады. 

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі. 

Грамадства

 Вольга Чамаданава: «Калі здарылася бяда — ідзіце туды, калі можаце дапамагаць — дапамагайце»

Вольга Чамаданава: «Калі здарылася бяда — ідзіце туды, калі можаце дапамагаць — дапамагайце»

Яшчэ нядаўна Вольга Чамаданава лічылася тварам беларускай міліцыі.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на сераду (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на сераду (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Культура

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Тэма антысавецкага падполля падчас ВАВ — складаная тэма ў гісторыі.