Асноўныя прыкметы творчасці Кірыла Стаселькі, вядомага чытачу па кнігах «Дзіцячы маніфест», «Marginalis», «Дзевяць жыццяў Віта Морэ», — паказ размаітасці і шматграннасці жыцця, сцвярджэнне своеасаблівага «космапалітызму», універсальнасць. Апавяданні маладога празаіка пакідаюць даволі супярэчлівае ўражанне. З аднаго боку, пэўная прэтэнцыёзнасць, жанравая хаатычнасць, сюжэтная неадназначнасць. З іншага — неўтаймоўны творчы патэнцыял, бурлівая фантазія і філасофскі падыход да распрацоўкі матэрыялу. Аднак усё гэта ў сукупнасці і стварае аўтарскі стыль — адметны і пазнавальны.
Дошка
Гануся, унучка Адэлі, расла ціхмяным дзіцём. Дзяўчынка была нешматслоўная — пачуць яе ўважалася ў мясцовых добрай прыкметай. Яна была такой спакойнай, што бацькі маглі на некалькі дзён забыцца на яе існаванне, а згадаўшы, знаходзілі на тым самым месцы, дзе бачылі раней.
Здавалася, унутры Ганусі або зусім пуста, або, наадварот, прарасло мноства вельмі складаных лабірынтаў. Густыя цёмныя вочы ахутвалі таямніцай, а маленькія ручкі падманвалі далікатнасцю. Аднагодкі асцерагаліся яе як незнаёмай цемры, у якую можна праваліцца або з якой можа нешта з'явіцца. А дарослых яна здзіўляла не менш, чым месяц у лобе быка.
Ніхто не ведаў, навошта, але аднойчы млынар падарыў ёй жменю мукі, якую змалоў не толькі з зерня, але і з костак чорнага пеўня, кары стагадовага дуба і заморскага арэха. Млынар той пракаўтнуў язык і нікому не дарыў ні слова, ні позірку. Не кажучы ўжо пра большае. Адно зрэдку жанчыны бачылі, як употайкі раздае прыгаршчы мукі вятрам. Падмурак яго млына падтрымлівалі бедныя сіроты. А побач жылі тры чорныя каты, два чорныя пеўні і адзін чорны конь.
Гануся ўпадабала гульбу з гэтай мукой. Брала чорную дошку, якую некалі прынесла рака, сыпала на яе белы пыл і пальчыкам рабіла малюнкі. То лісточак намалюе, то вясёлку, то смутак. І заўважылі бацькі, што спраўджваецца ўсё, што намалюе. Намалюе хмару і кроплі — неўзабаве вырастае вясёлка. Намалюе малога — адчыняюць вокны і дзверы. Намалюе няўцямную фігурку — кот адразу хвост задзірае і пачынае лашчыцца. Ніхто дакладна не ведаў, ці то Гануся паказвае заўтрашні дзень, ці то загадвае яго. А таму ніхто не адважваўся прасіць яе дапамагчы.
Аднойчы намалявала млын і агонь. Млынар прыйшоў і доўга глядзеў дзяўчынцы ў цёмныя вочы, якія і яго ахутвалі таямніцай. Але яна так і не зацёрла малюнак. Праз адно сонца Гануся знікла. Можа, яна ўцякла, а можа, проста недзе ціха чакала, калі яе зноў знойдуць. Неўзабаве сышоў млынар. А праз адну поўню і адно сонца згарэў млын.
Калі Гануся знікла, бацькі вярнулі муку ветру і рацэ, але дошку — раней чорную, а цяпер белую — пакінулі. Пасля яны паклалі сабе на грудзі квадратны камень, кіслінку ў рот, павекі наблізілі да зямлі, а на галовах далі прыстанак крумкачам. Улюбёнае дрэва дзяўчынкі, у цяні якога яна плёскалася і якое ёй напявала добрыя гісторыі сваіх братоў і сясцёр, паклала лісце ўніз, галінкі абнялі камель, а карані пусціліся далей на пошукі Ганусі. Дрэва не квітнела дзевяць сотняў начэй. А калі заквітнела і пусціла сок, нарадзілася дзяўчынка.
Малая выглядала гэтаксама, як Гануся, адно што была дужа гучная і шматслоўная. Такая гучная, што яе маўчанне мясцовыя лічылі добрай прыкметай. Варта было бацькам міргнуць, як была ўжо ў іншым месцы. Яе светлыя вочы свяціліся таямніцай. Таму бацька і маці назвалі яе Ясунаг. А белую дошку схавалі так, каб дачка не знайшла.
Жучок
Гэтая фігурка жучка захоўвае напамін пра нашага Андруся і яго бацькоў. Напэўна, шмат каму падаецца, што іх дзеці цалкам невыносныя, а яны — ідэальныя бацькі…
Штодня Андрусь жыў, нібы ўпершыню з’явіўся на зямлі, якую падтрымліваюць кіты. Штодня ён спалучаў неспалучальнае, падзяляў непадзельнае, хлусіў праўдай, падманваў ісцінай, казаў, што ўсе Андрусі хлусліўцы, глядзеў рукамі, слухаў спінай, двойчы ўваходзіў у адну раку, прадаваў даверлівым цень асла. Штодня словы і навучанні іншых заляталі ў яго рот і выляталі праз вушы. Штодня ён выносіў з хаты абраз, што вісеў на покуці, а на Купалле выносіў з хаты смецце. Штодня ён нараджаўся наноў.
Кожны новы дзень быў для яго займальным лабірынтам. Кожнай дзірцы або расколіне ён лёгка знаходзіў прыдатнае тлумачэнне. Здаралася, збіраў яблыкі ў суседскім садзе, а казаў, што Божаньку патрапіла ў горла воблака, ад якога ён так чхнуў, што ўсе яблыкі паразляталіся ажно да Воўчай Зоркі. Здаралася, зламае нешта ў лазні, а скажа, што гэта Лазнік раззлаваўся на яго за частыя хаджэнні і так моцна выцяў кулаком, што палок ляснуўся. Здаралася, запэцкаецца ад левага пальца на назе да правага на руцэ, а распавядзе, што яго лознікі ў лазу загналі. Здараецца, згубіць што, а скажа, быццам гэта шат скраў. Здараецца, не зробіць, як бацька загадаў, а пасля сцвярджае, што голуб прыляцеў і закалыхаў яго.
Неяк сусед пажартаваў, быццам у горле таго, хто хлусіць, з часам заводзяцца жучкі. Бо хлусня, як і ўсялякі бруд, — спрыяльная глеба для інсектаў. А ў чыстым горле нічога дрэннага не з'яўляецца, як і ў добрай моцнай гарэлцы.
Аднойчы Андрусь праглынуў свае вушы. Сонца арала неба, ноч душыла дзень. Чуліся гукі — напачатку ледзь чутныя і эпізадычныя, пазней — гучнейшыя і шапаткія, а затым — суцэльны скрыгат. Над плячыма станавілася цяжэй, цяпер шыя насіла не толькі галаву, але і яшчэ штосьці. Слабыя дотыкі казыталі сліну, што падала ў горла. Некалі маленькі самотны вёрткі жучок пладзіўся і грубеў. Ён круціўся і разам са сваімі дзецьмі бегаў унутры, аглядаючы ўладанні. Жучок не пускаў праз зубы паветра і ежу, а вонкі не выпускаў не толькі хлусню, але і праўду. Ён падзяліў Андруся на «да» і «пасля», на «тут» і «там». Каб пазбавіцца ад непажаданых гасцей, Андрусь стукаў па горле, пальцам дастаючы ледзь не да нутраной пяткі, выварочваўся навыварат, дзьмуў з усёй моцы, крактаў, хрыпеў і кашляў. З яго выляталі вятры і ўраганы, ён вывяргаў грымоты і маланкі. Яго кашаль сягаў суседніх вёсак і палохаў худобу, аглушаючы нават глухіх. Цела напіналася струной, нацягвалася ды рвалася.
Так доўжылася... пакуль яго чэрава не трэснула.
Ланцужок
Жылі сабе тры браты: Язэп, Сымон і Яўхім. Трэці быў старэйшы, другі — сярэдні, а першы — малодшы. Дамы іх знаходзіліся далёка адзін ад аднаго, але гэта не перашкаджала праліваць агульныя слёзы і расцягвацца ў адзінай усмешцы. На траіх яны дзялілі адну вену, дзве галавы і тры сэрцы. Калі чаго не было ў першага брата, то было ў другога. Калі не было ў другога, было ў трэцяга. Калі не было і ў трэцяга, то абавязкова было ў першага. Таму ў іх заўжды ўсяго ставала. І радасці, і смеласці, і зямлі.
Кожны з братоў меў сваю студню. Казалі, што ў першага калодзежа тры дна: жалезнае, срэбнае і залатое. У другога — два: земляное і жалезнае. А ў трэцяга — толькі адно — земляное. Вада з тых трох калодзежаў валодала гаючай моцай, а калі пусціць яе яшчэ праз тры ключы, то ўсялякую хворасць загубіць.
Браты зачынілі свае студні пасля таго, як у іх нешта скралі. Што — ніхто ўжо не памятае, але ваду набіраць яны болей не дазвалялі. За гэта мясцовыя настроіліся супраць братоў. А ў найцямнейшую ноч хтосьці атруціў ваду ва ўсіх трох калодзежах. Тады ўжо браты пайшлі да людзей па ваду, але цяпер для іх усе замкнулі свае крыніцы.
Толькі Багдан — трэці сын другога брата прадзеда Ядзі — пагадзіўся дапамагчы. За гэта кожны падараваў Багдану крыжык: адзін — залаты, другі — срэбны, а трэці — мядзяны. Узлаваліся мясцовыя і забаранілі адзін аднаму (дзед — бацьку, а бацька — сыну) браць у жонкі Багданавых дачок.
Так два карані зрасліся пад аднымі шатамі. Дочкі Багдана сталелі і браліся з дзецьмі Язэпа, Сымона і Яўхіма. Наймаладзейшая і найпрыгажэйшая Адэля пабралася з Андрэем — сынам Язэпа. Такой прыгожай яна была, што цень ад дрэва не хацеў падаць на яе нават у самы спякотны дзень, а ўначы заўжды заставалася хаця б адна зорка, каб адганяць ад яе змрок. Сляпыя пачыналі бачыць, а благія гублялі вочы. Яна была такой прыўкраснай, што адлюстроўвалася не ў адным, а адразу ва ўсіх люстэрках. Калі б адшукалі падобнае сузор'е, абавязкова назвалі б яе імем. Вочы Адэлі адлюстроўвалі святло зорак, якія хаваліся ў яе грудзях, а ў нагах блыталіся каметы. Рукі Адэлі былі такія мяккія і цёплыя, што птушанё магло вылупіцца з яйка.
Кожны жадаў бы ўзяць яе ў бацькоўскі дом, калі б не загад бацькоў і дзядоў пра дачок Багданавых. Таму дасталася яна Андрэю, а іншым заставалася толькі абліваць падпаленым поглядам сваіх жонак і дзяцей і вэндзіць уласныя думкі. А думкі вэнджаныя, як вядома, добра ўгнойваюць забароненыя яблыні. І калі адна такая яблыня адужэла і глыбока пусціла карані, сарвалі мужчыны мясцовыя сабе па яблыку. Падвабілі яны Андрэю Апіўня, а потым увогуле завялі яго ў багну.
З гора Адэля выкінула тры крыжыкі, якія падаравалі Багдану, у тры студні — Язэпа, Сымона і Яўхіма, а ланцужкі перавязала ў адзін ланцуг, якім сябе трымала ад іншых, а іншых — ад сябе. А сына свайго ад Андрэя яна назвала Сіф.
Рыдлёўка
Гэтая рыдлёўка можа спатрэбіцца сыну твайго праўнука.
Ад Дамінікі, прапрабабкі майго прапрадзеда, уцяклі ўсе дзеці пасля таго, як яна тры сонцы і тры месяцы не разгіналася. Чаго яна потым толькі не спрабавала, каб заснуць — нават жавала лісце хітрага куста, слухала песню дзятла, хавала думкі далей ад вачэй, але нічога не дапамагала.
Падчас гэтай пошасці шмат чаго Дамініцы давялося пабачыць. Як сабачы брэх гуляе вясковымі дарогамі. Як Вадзянік шчыкае за грудзі вадзяніц. Як сны ходзяць па наваколлях у пошуках незанятых галоў на начлег. Як жывыя ператвараюцца ў камень, а нябожчыкі прыходзяць да іх. Як чэрці ў лазні мыюцца. Як сляпая маланка падае, зачапіўшыся за дрэва. Як мошкі выходзяць на скокі. Як багі хаваюцца ад людскіх мараў. Як цішыня шумам заторквае вушы. Як плот губляе патрэбу. Як расліны дыхаюць свежасцю. Як раса завітвае да травінкі. Як певень запрашае сонейка на падворак.
Так доўжылася да падзення зоркі. А як абняло неба зямлю, праз вёску праязджаў ці то лекар, ці то навуковец. У сэрцы яго была туга, на галаве — заморскі капялюш, у руках — рашучасць, над вушамі валтузіліся думкі, а пад носам па выходных прачыналася весялосць, асабліва калі карчма ніштаватая.
Параіў ён Дамініцы глядзець на печ, не адводзячы вачэй, а самой уяўляць, нібыта ходзіць па хаце і маракуе, куды б лепей манеты схаваць. Першую ноч яна так і зрабіла, але гэта не дапамагло. Тады чужынец параіў ёй уявіць, што ходзіць яна па вёсцы і шукае, дзе хто мог свае манеты схаваць. Але і так яна праспала не даўжэй, чым вяртаецца назад грахоўны плод. Тады падарожнік параіў ёй уявіць, быццам яна блукае ў вялікім горадзе з мноствам пышных палацаў на сотні пакояў, высозных храмаў, спічакі якіх ірвуць аблокі, тэатраў, у якіх гледачоў не меней, чым у адлюстраваннях шматлікіх люстэрак, і спрабуе адгадаць, дзе схаваны чужыя заганы і таямніцы, ды разважае, куды надзейней схаваць уласныя, каб нават бог і д'ябал не адшукалі. Прыняла яна і гэтую параду, як зямля прымае нябесную вільгаць, але гэтым разам заснула так моцна, што болей ніколі не прачыналася.
Праз колькі гадоў, калі незнаёмец зноў праходзіў праз вёску, у яго спыталі, калі ачуняе Дамініка. Ён адказаў, што пабудзіць яе давядзецца сыну сваёй маці праз дванаццаць пакаленняў.
Пазней ужо казалі: яна спіць пад кустом агрэста ў нашым садзе. То не забудзьцеся ж пабудзіць!
Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»
На гэтым тыдні досыць хутка наступіла доўгачаканае цёплае лета.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.