Вы тут

Кніжныя навінкі. Шосты том пра шосты рэгіён


У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пабачыў свет шосты том энцыклапедыі «Рэгіёны Беларусі», прысвечаны Магілёўскай вобласці (кніга 1). Інфармацыя пра ўсе сферы жыцця Магілёўшчыны пададзена ў выглядзе энцыклапедычных артыкулаў, сістэматызаваных у алфавітным парадку.


Энцыклапедыя «Рэгіёны Беларусі» для нашай краіны з’яўляецца сацыяльна значным выдавецкім праектам. Кожны, хто цікавіцца гісторыяй і развіццём той ці іншай вобласці, бясспрэчна, знойдзе ў даведніку інфармацыю, якая яго цікавіць. Энцыклапедыя ўключае сем тамоў, кожны з якіх расказвае пра пэўную вобласць Беларусі. Апошні, сёмы том, прысвечаны Мінску. Выпуск выдання ажыццяўляецца супольна з абласнымі, гарадскімі і раённымі выканаўчымі камітэтамі пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У першай кнізе энцыклапедыі «Рэгіёны Беларусі. Магілёўская вобласць» пададзены артыкулы на літары А — К. Тут можна знайсці інфармацыю пра гістарычную і культурную спадчыну Магілёўшчыны, пра эканамічнае, сацыяльнае жыццё вобласці, звесткі пра ахову прыроды, здароўя, развіццё спорту, турызму, адукацыі. Важнае месца адведзена выдатным асобам, якія зрабілі ўнёсак у развіццё Магілёўскай вобласці і нашай краіны ў цэлым. Сярод іх — дзяржаўныя і гаспадарчыя дзеячы, Героі Сацыялістычнай Працы, спартсмены, вучоныя, творцы, героі Вялікай Айчыннай вайны.

Магілёўская зямля спарадзіла шмат таленавітых творчых людзей. Яна славіцца асобамі, што развівалі тут даўнія літаратурныя традыцыі. Менавіта на Магілёўшчыне нарадзіўся і займаўся выдавецтвам кніг аўтар знакамітага «Буквара» Спірыдон Собаль. Ураджэнцамі Магілёўшчыны з’яўляюцца такія вядомыя пісьменнікі, паэты, драматургі, як В. Дунін-Марцінкевіч, М. Аўрамчык, А. Адамовіч, П. Галавач, М. Гарэцкі, С. Грахоўскі, К. Кірэенка, А. Кобец-Філімонава і інш. У 20-я гады ХХ стагоддзя ў Бабруйску жыў, працаваў і пісаў свае творы М. Лынькоў. Знакамітым ўраджэнцам Магілёўскай вобласці з’яўляецца паэт А. Куляшоў, які часта згадваў у сваёй творчасці родны край і замілавана апяваў яго ў вершах:

I людзі ўсміхаюцца хмарцы сваёй,

I ўдзячны ўслед ёй крычу я:

— Расці, магілёўская хмарка,

З зямлёй

Трымаючы сувязь жывую!

У хрэстаматыйным вершы «Мая Бесядзь» А. Куляшоў піша пра раку, што працякае ў Магілёўскай вобласці. Выданне «Рэгіёны Беларусі. Магілёўская вобласць» пра гэтую раку змяшчае энцыклапедычны артыкул. Беларускі пісьменнік Л. Левановіч пра Прыбесяддзе напісаў цыкл раманаў, дзе паказаў жыццё ад часу вызвалення да канца ХХ стагоддзя. Важным падзеям менавіта гэтага часу прысвечаны яго раман «Бесядзь цячэ ў акіян».

На Магілёўшчыне развіваўся і талент слыннага беларускага паэта С. Гаўрусёва, які выдаў паэтычныя зборнікі «Паходныя кастры», «Шчодрасць», «Ураган», «Водсветы», «Пладаноснасць» і інш. Асобна трэба згадаць А. Пісьмянкова, які ўславіў край радзімічаў у зборніках «Белы камень», «Чытаю зоры», «Вершы», «Журавель над студняй», «Я не памру, пакуль люблю».

Гартаючы старонкі энцыклапедыі, увага міжволі засяроджваецца на ілюстрацыях твораў вядомых беларускіх мастакоў. Сваю творчасць роднай зямлі прысвяцілі В. Бялыніцкі-Біруля, С. Абрамаў, В. Альшэўскі, Т. Арасланава, Л. Бартлаў, А. Бархаткоў, І. Басаў, Э. Белагураў, Л. Гоманаў, В. Грамыка, С. Давідовіч, А. Концуб і інш. Выданне змяшчае сціслую энцыклапедычную інфармацыю пра аўтараў, а работы мастакоў абраны самыя яркія. Гэта натхняе чытача звярнуцца да іншых крыніц, у якіх больш падрабязна расказваецца пра творчасць таго ці іншага мастака. Задача энцыклапедыі — не толькі коратка прадставіць звесткі, але і абудзіць у чытача цікавасць, — цалкам выканана.

Сярод выдатных асоб Беларусі, якія нарадзіліся, жылі і працавалі ў Магілёўскай вобласці, — акцёры, музыканты, народныя артысты М. Бялінская, І. Балоцін, Л. Гарэлік, Б. Уладамірскі, Ю. Гальперына, Г. Забара, кампазітар В. Іваноў і інш. З Магілёўшчынай звязаны беларускія спартсмены, пераможцы і прызёры алімпійскіх гульняў і чэмпіянатаў свету Р. Ачкіна, Аляксандр і Андрэй Багдановічы, А. Галуза, А. Жукоўскі і інш. У выданні расказваецца пра выдатных прадстаўнікоў беларускай навукі, сярод якіх навукоўцы, акадэмікі і члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Важная частка выдання — артыкулы пра герояў і падзеі Вялікай Айчыннай вайны, што адбываліся на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Пра партызанскі і падпольны антыфашысцкі рух расказваюць артыкулы «Бялыніцкае антыфашысцкае падполле», «Бабруйскае антыфашысцкае падполле», «Клімавіцкае камсамольска-моладзевае падполле», «Краснапольскае антыфашысцкае падполле», «Крычаўскае антыфашысцкае падполле», «Круглянскае антыфашысцкае падполле». Шмат артыкулаў прысвечанана арганізатарам і кіраўнікам партызанскага і падпольнага антыфашысцкага руху.

У энцыклапедыі пададзены звесткі пра адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі вобласці: тут можна знайсці падрабязную інфармацыю пра Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі і Круглянскі раёны, а таксама пра раённыя гарады, гарадскія пасёлкі і нават невялічкія вёсачкі. У выданні згадваецца пра знакамітую ў Беларусі вёску Александрыю, якая вядома рэспубліканскім святам «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»).

У энцыклапедыі «Рэгіёны Беларусі. Магілёўская вобласць» прысутнічае інфармацыя пра такія значныя для краіны прамысловыя прадпрыемствы, як «Белшына», «Беларускі цэментавы завод», «Крычаўцэменташыфер», «Крычаўскі завод жалезабетонных вырабаў» і іншыя, якія працуюць у Магілёўскай вобласці. Пададзена шмат звестак пра інфраструктуру вобласці, развіццё аўтамабільнага, чыгуначнага і паветранага транспарту, водныя рэсурсы і водны ўнутраны транспарт, жыллёвае будаўніцтва, побытавае абслугоўванне насельніцтва, развіццё аховы здароўя. Змешчаны артыкулы пра галоўныя ўпраўленні і камітэты Магілёўскага аблвыканкама, цэнтры культуры і народнай творчасці, сродкі масавай інфармацыі, творчыя калектывы, якія маюць званне «Заслужаны» і «Народны», гістарычную і архітэктурную спадчыну вобласці, помнікі археалогіі, замкі, храмы, даўнейшыя сядзібы. Кніга падкажа, што гісторыка-культурнымі аб’ектамі вобласці з’яўляюцца Бабруйская крэпасць, мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», Крычаўскі курган Славы, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль.

Можна таксама даведацца пра музейную сетку Магілёўскай вобласці, якую складаюць такія ўнікальныя музеі, як Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя В. Бялыніцкага-Бірулі, Бабруйскі, Клічаўскі, Касцюковіцкі краязнаўчыя музеі, Быхаўскі гісторыка-краязнаўчы, Клімавіцкі раённы краязнаўчы, Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны і Круглянскі раённы гісторыка-краязнаўчы музеі.

Магілёўшчына славіцца сваімі міжнароднымі і рэгіянальнымі фестывалямі, сярод якіх — міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер», міжнародны пленэр па мастацкай кераміцы «Арт-Жыжаль», міжнародны пленэр па скульптуры з каменя «Каменная казка», міжнародны фестываль «Вянок сяброўства», фестывалі народнай творчасці «Веснавыя колеры», «Дрыбінскія таржкі», «З крыніц жыватворных», міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» і інш.

У даведніку «Рэгіёны Беларусі. Магілёўская вобласць» можна знайсці любую інфармацыю пра гісторыю, сучасны эканамічны і культурны стан адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Магілёўшчыны. Выданне багата ілюстраванае. Энцыклапедыя дапамагае даведацца пра нашу краіну шмат новага і цікавага, а таму заслугоўвае ўвагі кожнага чытача.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Прэв’ю: freepik.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.