Вы тут

Магія родных узораў: кобрынская дызайнерка Марына Баніфацьева вырабляе нацыянальныя строі


Сёння нацыянальны касцюм, аўтэнтычны народны строй часта выступаюць у якасці дзейснага імпульсу для творчага пошуку дызайнераў адзення. Дарэчы, не толькі ў моднай індустрыі, але і ў цэлым у сучаснай культуры назіраецца павышэнне цікавасці да старадаўніх форм народнай творчасці.

Нацыянальны стыль у fashion-дызайне прадстаўлены ў мностве варыянтаў і аўтарскіх рашэнняў. Найлепшыя ж уборы ствараюцца майстрамі, якія глыбока ўвабралі ў сябе духоўны вопыт свайго народа. Так высока ацэньваюць спецыялісты льняныя сукенкі і кашулі кобрынскай дызайнеркі Марыны БАНІФАЦЬЕВАЙ.


Усё пачынаецца з кахання

«І лёд растае, калі мы шчасцем свецімся, і сэрцы адкрываюцца,

калі мы кахаем, і цуды адбываюцца, калі мы верым!»

Гэтыя словы Марына Баніфацьева нядаўна пазначыла як лейтматыў да яе сённяшняга дня. Яна не саромеецца выказваць прызнанне і падзяку каханаму мужу, не хавае, што яе творчыя поспехі закладзены ў сям’і. Андрэй Баніфацьеў служыць настаяцелем царвы ў вёсцы Хідры. Менавіта з жадання прыгожа апрануць мужа-святара для службаў у храме і пачаўся яе дызайнерскі шлях.

«Ведаеце, што насамрэч важна ў жыцці? Каб быў побач чалавек, які сярод усіх тваіх сумневаў і дрэннага настрою знойдзе тваю ўсмешку. Адшукае яе і зноў падорыць табе, і ўсміхнуцца не проста твае вусны — зноў ўсміхнецца тваё сэрца… Вось ужо 21 год нашы сэрцы ўсміхаюцца адно аднаму». Марына шчыра ўдзячная лёсу, што сцяжынкі яе і Андрэя злучыліся ў адну дарогу.

Сваю першую прафесію — краўчыхі індывідуальнага пашыву — Марына атрымала яшчэ школьніцай старэйшых класаў. У юнацтве дзяўчына шукала сябе ў многіх сферах: займалася вакалам, захаплялася рукадзеллем, актыўна наведвала розныя гурткі. Пасля школы вырашыла паступаць у Мінскую духоўную семінарыю на рэгенцкае аддзяленне, потым некаторы час працавала рэгентам дзіцячага хору ў Свята-Аляксандра-Неўскім саборы ў Кобрыне.

Пасля замужжа неспадзявана ёй прыйшло разуменне, што прыгожае дыхтоўнае адзенне для святара знайсці вельмі няпроста. Вырашыла паспрабаваць пашыць сама. Ідэя знайшла падтрымку ў мужа, і яны разам з Андрэем сталі шукаць інфармацыю пра царкоўнае шыццё і вышыўку. Было хваляванне, але клопат пра каханага чалавека дапамагаў спасцігаць новыя прыёмы, падбіраць узоры. Спачатку Марына шыла толькі для мужа. Аднак, бачачы прыгожыя рэчы, прасіць аб замовах сталі іншыя святары, сябры і суседзі: хто вышыць кашулю, хто сукенку, хто — дзіцячыя ўборы. Так у яе творчым багажы стала з'яўляцца розная адзенне: ад хрысцільных кашуль да святочных мужчынскіх вышыванак.

Марына зразумела, што ёй гэта сапраўды цікава — працаваць з вышыўкай, з народнымі ўзорамі. Каб больш дасканала спасцігнуць кваліфікацыю кройкі і шыцця, яна паступіла вучыцца на швачку ў Брэст, а паралельна адточвала майстэрства царкоўнага шыцця і вывучала каноны ў манастыры.

Сёння шыкоўныя вышытыя работы ад матушкі Марыны — царкоўнае адзенне, харугвы, плашчаніцы — выкарыстоўваюцца падчас службаў не толькі ў Беларусі, але і ў праваслаўных храмах Сан-Францыска, Германіі, Італіі, Канады, Эстоніі, Польшчы, Расіі, Украіны, Швейцарыі.

Любімы беларускі лён

Першыя гады Марына Баніфацьева ў свае вышыванкі апранала выключна ўдзельнікаў народных калектываў і самадзейных артыстаў. Давялося вывучыць сумежныя рамёствы: пляценне паясоў, мастацкі роспіс па палатнянай тканіне.

А потым нечакана адзенне ў этна-стылі стала модным і суперпапулярным. Гэтая раптоўная вялікая цікавасць да самабытнай вышыўкі ў народных матывах спрыяла росквіту таленту Марыны Баніфацьевай. Яна пачала ствараць уласныя дызайнерскія калекцыі, прымаць удзел у модных паказах.

На першым у яе жыцці паказе ў Нацыянальнай школе прыгажосці Марына сама, следам за мадэлямі, смела ступіла на подыум. Іншы раз яе сукенкі паказвалі не прафесійныя мадэлі, а звычайныя жанчыны-мамы — такой была яе творчая задумка.

Свае ўборы Марына Баніфацьева звычайна шые з аршанскага лёну. У калекцыях ёсць працы як з традыцыйным беларускім арнаментам, так і з аўтарскімі ўзорамі, якія навеяны нацыянальнымі матывамі. Марына дзеля гэтага наведваецца ў вёскі, кансультуецца з пажылымі народнымі майстрыхамі, вывучае спецыялізаваную літаратуру па этнаграфіі.

Захапленне выклікае адмысловае валоданне Марынай Баніфацьевай майстэрствам машыннай вышыўкі. Акуратна вымалёўваючы кожны арнамент або ўзоры з «бабуліных ручнікоў», Марына пераносіць іх у камп’ютарную праграму. Працэс можа займаць і некалькі гадзін, і нават месяц — усё залежыць ад аб'ёму і складанасці вышыўкі.

На любых выставе або фестывалі, дзе ўдзельнічае Марына Баніфацьева, яе калекцыі адзення ў народным стылі карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Вырабы спалучаюць у сабе прастату і стыльнасць, а гэта — мастацтва высокай якасці. Ільняное адзенне з аўтэнтычнай вышыўкай ацанілі самыя заўзятыя беларускія модніцы. Сукенкі Баніфацьевай апраналі неаднойчы на свецкія рауты, нават на каралеўскі прыём у Стакгольме. Сярод незвычайных замоў — калекцыя для замежных жанчын-паслоў у Беларусі.

Уборы ад Марыны Баніфацьевай прадаюцца ў крамах Брэста і Мінска, за сукенкамі і вышыванкамі едуць да яе ў Кобрын. Беларускія ўзоры разлятаюцца па свеце: Новая Зеландыя, ЗША, Швецыя, Англія, Германія. Год назад кобрынская майстрыха была ўшанавана званнем рэспубліканскага конкурса «Жанчына года». Чарговая прыступка на творчым шляху дызайнера Марыны Баніфацьевай — прыём у Беларускую палату моды.

З марамі пра аграсядзібу

Марына Баніфацьева — актыўная ўдзельніца папулярнага ў Брэсцкай вобласці агратурыстычнага кластара «Муховэцька кумора». Яна не проста назірае, як працуюць аграсядзібы, чым здзіўляюць сваіх гасцей гаспадары. Галоўнае — не ленавацца, і ўсё атрымаецца! Муж і жонка Баніфацьевы сёння таксама падумваюць аб адкрыцці ўласнай аграсядзібы. Першы крок зроблены: домік у вёсцы ў іх ужо ёсць.

— Гэты хутар з'явіўся ў нашай сям'і шмат гадоў таму, — распавядае Марына. — Такі вясковы пейзаж добра вядомы большасці беларусаў: драўляная хата, утульная кухня, таму што там ёсць печка, а за парогам — бязмежны прастор, збожжавыя палі з валошкамі… Гэта месца майго адпачынку і набыцця новых сіл, майго натхнення і мараў.

З дачкой.

З сынам, дачкой і мужам

Баніфацьевы любяць свой хутар і, вядома, клапоцяцца пра яго добраўпарадкаванне. За апошнія гады ён набыў асаблівую атмасфернасць, найперш дзякуючы захапленню мужа Андрэя мастацкай апрацоўкай дрэва. Яго хобі перадалося сыну, які зараз вучыцца разьбе па дрэве ў Кобрынскім політэхнічным каледжы. Дачка ж асвойвае прафесію швачкі ў Кобрынскім швейна-прамысловым ліцэі. Дзеці выраслі падтрымкай і прадаўжэннем бацькоў, і стварэнне сямейнай аграсядзібы можа стаць для Баніфацьевых сапраўды сумеснай творчай і вельмі цікавай справай. «Чалавеку важна не заспакойвацца на тым, чаго ён дасягнуў, варта засвойваць новыя ўменні, ісці наперад, набываць новыя веды. І гэта дае адчуванне шчасця ў жыцці». Простыя ісціны, простыя словы…

Алена ВАСІЛЬЕВА

Фота з архіва Марыны БАНІФАЦЬЕВАЙ

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа... 

Калейдаскоп

Правілы чамадана. Парады па зборы ў адпачынак ад розных спецыялістаў

Правілы чамадана. Парады па зборы ў адпачынак ад розных спецыялістаў

 Куды б вы ні накіроўваліся, пытанне «Што пакласці ў чамадан, а што пакінуць дома?» цяпер актуальнае для многіх.

Культура

Рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская: Мая работа — гэта творчасць кожны дзень!

Рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская: Мая работа — гэта творчасць кожны дзень!

«Жанчыну, якая займаецца танцамі, відаць здалёк!»