Вы тут

56-ты «Зорны паход» стартуе ў БДПУ 26 студзеня


У час зімовых канікул (з 27 па 29 студзеня) у БДПУ адбудзецца інтэрнацыянальны 56-ты Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Плануецца, што 8 атрадаў (больш за 250 студэнтаў і выкладчыкаў) наведаюць у гэтыя дні Дзяржынскі, Крупскі, Любанскі, Слуцкі, Салігорскі і Чэрвеньскі раёны на Міншчыне, а таксама Лідскі і Навагрудскі раёны ў Гродзенскай вобласці.


Падчас паходу студэнты і выкладчыкі правядуць мітынгі і ўскладуць кветкі да брацкіх магіл воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады вайны, выступяць з канцэртнымі праграмамі ва ўстановах адукацыі рэгіёнаў, правядуць прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі, арганізуюць майстар-класы і спартыўныя спаборніцтвы.

Ідэя правядзення «зорных паходаў» нарадзілася ў 1965 годзе, калі студэнты тады яшчэ Мінскага педагагічнага інстытута ўзялі ўдзел ва Усесаюзным паходзе моладзі па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы савецкага народа. Яны адправіліся з розных населеных пунктаў краіны, але на карце схема маршруту па форме нагадвала зорку, што і падарыла зімоваму паходу назву «зорны».

А ў 2015 годзе «зорныя паходы» адзначылі ўжо свой паўвекавы юбілей. За прайшоўшы час мерапрыемства ніколькі не страціла сваёй актуальнасці. З кожным годам расце колькасць атрадаў і ўдзельнікаў, павялічваецца ахоп раёнаў. Адной з новых традыцый стала далучэнне замежных грамадзян, якія атрымліваюць адукацыю ў БДПУ, бо «зорны паход» — гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з нашай гасціннай краінай, яе гісторыяй і культурай. Сёлета яго ўдзельнікамі стануць студэнты БДПУ з Кітая, Расіі і Туркменістана. 

А старт паходу будзе дадзены падчас ўрачыстага мітынгу, які пройдзе 26 студзеня ў помніка студэнтам і выкладчыкам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ва ўнутраным дворыку БДПУ. Гэта таксама яшчэ адна шматгадовая традыцыя. 

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?