Вы тут

Як зменіцца Беларускае радыё ў новым сезоне?


Са студзеня радыёканалы медыяхолдынга пачынаюць новы вяшчальны сезон. На хвалях Беларускага радыё з'явяцца прэм'ерныя праекты — інфармацыйныя, аналітычныя, палітычныя, эканамічныя, культурныя праграмы, а таксама хіт-парады і віктарыны.


У спісе навінак Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё спецыяльны публіцыстычны праект «Грамадства і ўлада», прысвечаны ходу падрыхтоўкі і правядзення VІ Усебеларускага народнага сходу, рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады. З'явіцца на хвалях Першага нацыянальнага і спецыяльны пазнавальны праект «Эфірны летапіс» пра важнейшыя падзеі гісторыі Беларусі 1918—2000 гадоў, дзе зможам пачуць унікальныя аўдыяматэрыялы з фондаў Беларускага радыё. А вось аўтары штодзённага інфармацыйна-аналітычнага праекта «Адукацыя.by» сарыентуюць слухачоў у нацыянальнай сістэме адукацыі. У новым сезоне нас чакае таксама інфармацыйна-пазнавальны праект «Медыяцыя» пра асаблівасці прымянення практыкі дасудовага вырашэння канфліктаў. Плануецца па традыцыі правядзенне юбілейнага Х Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі». У рамках праекта яго ўдзельнікаў чакаюць творчыя сустрэчы і майстар-класы ад пераможцаў мінулых гадоў і артыстаў творчага аб'яднання музычных калектываў Белтэлерадыёкампаніі.

У эфіры міжнароднага радыё «Беларусь» павялічыцца доля грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных праграм. Сярод навінак, напрыклад, праект на рускай і англійскай мовах «Вектар супрацоўніцтва», інфармацыйна-аналітычны праект на рускай, англійскай і польскай мовах «Рэгіянальны аспект» і іншыя.

Канал «Культура» ў новым сезоне плануе правесці шэраг мерапрыемстваў. Спецыяльныя праекты будуць прымеркаваны да 20-годдзя канала. Парадуюць тут слухачоў і прэм'ерамі музычных праектаў, сярод якіх перадача пра творчасць сучасных сусветных кампазітараў «Музычны мэйнстрым»; праграма аб стваральніках і выканаўцах джазавай музыкі «Час на джаз»; пазнавальны праект «Музыка тэатра і кіно». Публіцыстычная праграма «Алгарытм гармоніі» з удзелам псіхолагаў, арт-тэрапеўтаў прапануе слухачам абмеркаваць актуальныя тэмы эмацыянальнага інтэлекту людзей, а новы гібрыдны праект «На паліцах фанатэкі» раскажа пра ўнікальныя дакументальныя і мастацкія фонды Беларускага радыё... Для самых юных слухачоў на «Культуры» з'явіцца новы мастацкі праект «Дзіцячы радыётэатр», дзе дзеці змогуць пазнаёміцца з найлепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры. Пра паэтычную спадчыну класікаў і аўтараў-пачаткоўцаў даведаемся ў праграме «Прачулым радком...».

Аснову музычнага напаўнення радыёстанцыі «Сталіца» ў новым сезоне будуць складаць найлепшыя сучасныя хіты, а таксама сусветная класіка рока. У ліку новых праектаў інфармацыйна-пазнавальная праграма аб вядомых людзях Беларусі «Лініі лёсу», музычна-пазнавальная праграма пра класічную рок-музыку «Больш за чатыры», праект «Невядомая сталіца», які пазнаёміць з гісторыяй Мінска, і г. д.

На радыёстанцыі «Радыус- FM» пачуем не толькі заходнюю і беларускую поп-музыку, але і папулярных расійскіх выканаўцаў. Слухачоў чакаюць тэматычныя віктарыны і конкурсы. Сапраўдным сюрпрызам стане для аўдыторыі і абноўленае ранішняе шоу «Тэорыя вялікага ранку», дзе з'явяцца новыя рубрыкі з розыгрышамі. Яшчэ можна будзе паслухаць тут тэматычныя праграмы пра спартсменаў «Спорт, спорт, спорт!», пра ўнутраны турызм і вядомыя мясціны Беларусі «Накіроўвайся за мной», пра навінкі кінаіндустрыі раскажа «Кіналюкс», а вось з жыццём і вопытам паспяховых людзей бізнесу пазнаёміць «Брэнд-Вох».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.