Вы тут

Гімнаст Ягор Шарамкоў: Цяжка прыходзіць на трэніроўку, не ведаючы, навошта


Спартсмены — людзі не толькі з моцным целам, але і духам. Спорт вучыць думаць на тры крокі наперад, аналізаваць сітуацыю і прымаць правільныя рашэнні. Таму ў атлетаў ёсць чаму вучыцца. У новай рубрыцы «Звязды» мы прапануем даведацца, аб чым думаюць спартсмены.

Ягор Шарамкоў — магілёўскі хлопец, які ў снежні 2020 года ўвайшоў у гісторыю беларускай спартыўнай гімнастыкі, заваяваўшы на чэмпіянаце Еўропы бронзавы медаль у вольных практыкаваннях і сярэбраны ў апорным скачку. Гэта першыя беларускія ўзнагароды кантынентальнага першынства з 2013 года. Ягор падзяліўся сваімі думкамі аб створанай ім сенсацыі і спартыўнай гімнастыцы ў цэлым.


Новая старонка ў кар'еры

Перанос чэмпіянату Еўропы. Спачатку ён павінен быў прайсці ў маі ў Баку, але праз пандэмію каранавіруса быў перанесены на снежань. Потым з Баку яго перанеслі ў турэцкі Мерсін. Да апошняга не верыў, што турнір адбудзецца і я на ім выступлю. Было цяжка прыходзіць на трэніроўку і не ведаць, навошта ты гэта робіш. Кожнаму спартсмену патрэбны спаборніцтвы. Але ў маім відзе спорту форму можна страціць літаральна за некалькі дзён, таму я пастаянна працую, нягледзячы ні на што. Тым больш што ў спартыўнай гімнастыцы 60 элементаў, шэсць снарадаў — работы хапае.

Медалі. Едучы ў Турцыю, разлічваў, што ў мяне будзе медаль. Я ведаў, што добра падрыхтаваны і мая форма дазваляе канкурыраваць з найлепшымі спартсменамі. Калі б гэта было не так, я б проста не паехаў на чэмпіянат.

Каманда. На чэмпіянаце Еўропы я быў адзіны прадстаўнік Беларусі. З розных прычын іншыя нашы спартсмены не паехалі на турнір, і ад гэтага мне было цяжка. Хацелася з кімсьці пагаварыць, пажартаваць, адным словам — пераключыцца ад выступленняў і не думаць аб іх. Увогуле, калі побач свая каманда, неяк спакайней.

Канкурэнцыя. Моцнай канкурэнцыі ў нашай нацыянальнай камандзе няма. У спартыўнай гімнастыцы цяжка перайсці з юніёрскага ўзроўню на дарослы. І, на жаль, не ва ўсіх спартсменаў атрымліваецца замацавацца сярод дарослых.

Дыета. Некаму гэта можа здацца дзіўным, але мы, спартыўныя гімнасты, не прытрымліваемся вельмі строгай дыеты. Усе лішнія грамы лёгка сыходзяць за адну трэніроўку. Падчас навагодніх свят гэта асабліва важна.

Узляцець на каня

Дарослы ўзровень. Выступаць сярод дарослых спартсменаў складаней і цікавей, чым на юніёрскім узроўні. Тут не ведаеш, якія камбінацыі будуць паказваць сапернікі. Але дакладна ведаеш, што кожны з іх здольны на многае. На юніёрскім узроўні можна прыкладна прадказаць, хто як выступіць.

Любімыя снарады. Мае «фаварыты» — апорны скачок і конь. Конь дазваляе шмат працаваць і пры гэтым не моцна стамляцца. Скачок люблю, таму што ў мяне добра атрымліваецца скакаць. Максім Горкі казаў, што народжаны поўзаць лятаць не можа. У спартыўнай гімнастыцы той, хто добра скача, не вельмі добра лятае. Таму ў мяне цяжкія адносіны з кольцамі і перакладзінай.

Кожны снарад — асаблівы. Вольныя практыкаванні — артыстычныя, конь — спакойны. Апорны скачок — імклівы, прабег, падскочыў і ўсё. Кольцы — складаныя, яны патрабуюць шмат сіл, і пакуль іх не набярэш, на медалі прэтэндаваць не можаш. Брусы — манатонныя, нібыта іх трэба ўвесь час кудысьці цягнуць. Перакладзіна — хутчэй бы яна скончылася, я яе нават пабойваюся.

Кумір. Мне падабаецца, як выступае ўкраінскі гімнаст Ігар Радзівілаў. Не скажу, што ён быў маім кумірам, але нешта блізкае. На чэмпіянаце Еўропы я стаяў разам з ім на п'едэстале і разумеў, што гэта звычайны спартсмен, з якім магу спаборнічаць.

Суб'ектывізм. Не думаю аб тым, што на мой вынік можа паўплываць суб'ектывізм суддзяў. Навошта мне аб гэтым думаць? Як я магу на гэта паўплываць?

Спартыўная гімнастыка як спосаб жыцця

Пачатак. Я быў вельмі актыўным дзіцем і, калі мне было пяць гадоў, бацькі вырашылі, што з маёй энергіяй я добра праяўлю сябе ў спорце. Некалі мой тата займаўся футболам, але са спортам у яго не задалося. Магчыма, ён не хацеў такога для мяне. Таму, калі многія мае равеснікі гулялі ў футбол, я займаўся спартыўнай гімнастыкай. Мне спатрэбілася 13 гадоў, каб зразумець, што я хачу займацца сур'ёзна менавіта гэтым відам спорту.

Трэнеры. Я прайшоў праз «рукі» пяці трэнераў. Пётр Герасімаў прыйшоў да нас у дзіцячы садок і не ўзяў мяне да сябе ў секцыю, бо я быў вельмі маленькі, але адзначыў мяне ў сваім блакноце, каб потым па мяне вярнуцца. Але праз год яго апярэдзіў Андрэй Казлоў, з якім я працаваў пяць гадоў. Потым ён пераехаў у Аўстралію, а я перайшоў да Івана Макаранкі і працаваў з ім да заканчэння школы. Пасля паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры я стаў працаваць з Віталем Рыбалтоўскім. З аднаго боку добра, што працую з рознымі трэнерамі — у кожнага свой падыход, новы погляд на работу. А з іншага боку, толькі прывыкнеш да чалавека, наладзіш зносіны, як трэба пераходзіць да іншага.

Жаданне ўсё кінуць. Спартыўная гімнастыка — зусім не манатонны спорт. Працуючы на шасці снарадах, вывучаючы 60 элементаў, сумаваць не прыходзіцца. Але, нават нягледзячы на гэта, стамляешся. У мяне былі моманты, калі ўсё надакучвала і хацелася скончыць са спортам. Але гэта як наркотык, я ўжо не ўяўляю, чым мне займацца без трэніровак. Хацелася ўсё кінуць, калі я заканчваў школу і пераходзіў на больш сур'ёзны спартыўны ўзровень. Вялікі дзякуй родным і блізкім, што тады падтрымалі мяне і не далі зрабіць такую памылку.

Першы медаль. Мая першая міжнародная перамога была ў 2015 годзе на летнім Еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі ў Тбілісі. Там я заваяваў золата ў апорным скачку... І згубіў той медаль. Праз вялікую стомленасць забыў яго ў зале і больш ніколі не бачыў.

Алімпійскія мары. Як і любы спартсмен, я хачу выступіць на Алімпійскіх гульнях. Гэта можа стаць рэальнасцю ўжо на Алімпіядзе 2021 года ў Токіа. Трэба толькі выдатна падрыхтавацца да чэмпіянату Еўропы, запланаванага на ліпень, і там як мага бліжэй быць да лідараў. Усё павінна атрымацца — калі добра папрацую, зразумела.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?