Вы тут

З’есці цукерку… разам з абгорткай


Беларускія вучоныя вынайшлі свой спосаб упакоўваць харчовыя прадукты ў ядомую плёнку

Напаўпразрыстая паперка, у якую загорнутая цукерка пад фанцікам; чайны пакецік; тонкая абгортка мафіна — усё гэта ўяўляецца настолькі дробным пластыкавым ці папяровым смеццем, што мы не надаём яму значэння. Аднак у агульнай масе бытавых адходаў доля падобных дробязяў, якія не падлягаюць перапрацоўцы, складае тысячы тон. Каб рэальна скараціць колькасць палімерных адходаў, НДІ фізіка-хімічных праблем Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прапануе ўпакоўваць харчовыя прадукты ў ядомую плёнку.

Пра новую распрацоўку расказвае загадчык лабараторыяй раствораў цэлюлозы і прадуктаў іх перапрацоўкі, доктар хімічных навук, прафесар Дзмітрый ГРЫНШПАН.


Дзмітрый Грыншпан.

Дзмітрый Давыдавіч, ядомая плёнка — гэта вынаходства вашай лабараторыі?

— Наогул упакоўка, якую можна з’есці разам з прадуктам, – ідэя не новая. Шматлікія краіны ўжо выпускаюць ядомую плёнку. Некалькі гадоў таму нас запрасіў універсітэт кітайскага горада Ханчжоу як спецыялістаў-палімершчыкаў. Нам паказалі завод, дзе з чыстага крухмалу вырабляюць тонкую ўнутраную абгортку (тую, якая пад каляровым «фанцікам») для ліпкіх цукерак тыпу ірысак. Мы ўбачылі, па-першае, што гэта абгортка нетрывалая, рассыпаецца ў руках. А па-другое, умовы, у якіх на заводзе працуюць жанчыны, жудасныя: стопрацэнтная вільготнасць пры тэмпературы +50 градусаў! І мы з калегамі вырашылі прыдумаць сваю плёнку, якая будзе адрознівацца лепшымі якаснымі параметрамі і вырабляцца з выкананнем патрабаванняў аховы працы.

Кітайская цукерка.

Колькі часу пайшло на даследаванні і эксперыменты, каб дасягнуць пастаўленых мэтаў?

— Пяць гадоў, каб выйсці на новы ўзровень. Мы вынайшлі безадходную вытворчую тэхналогію. Для атрымання плёнкі неабходныя: крухмал (лепш кукурузны), харчовыя палімерныя мадыфікатары, вада і натуральныя смакавыя дабаўкі. Увесь працэс ажыццяўляецца пры звычайнай тэмпературы. Цяпер пакажу вам вынікі.

Чай і прыправы ў растваральных пакеціках.

Дзмітрый Давыдавіч выкладвае на стале рознакаляровыя жэлацінавыя цукеркі ў празрыстых абгортках, з выгляду яны не адрозніваюцца ад поліэтыленавых, але варта пакласці цукерку ў рот — і ахоўная абалонка пачынае раставаць. Следам з’яўляюцца формачкі для кексаў і капкейкаў.

Ядомыя формачкі для кексаў і тарталетак.

— Ядомая плёнка ідэальна падыходзіць у якасці індывідуальнай упакоўкі ў наборах пірожных, зефіру, пасцілы, шакаладных цукерак, каб засцерагчы ласункі ад перасыхання, зліпання і разбурэння, — тлумачыць навуковец. — Мы правялі эксперымент: загарнулі ў такую плёнку суфле і пакінулі на год. Распакавалі, праверылі — ласунак ані не страціў сваіх якасцяў. У ядомую ўпакоўку можна ўводзіць розныя дабаўкі. Напрыклад, куркуму ці гваздзіку — яны павялічваюць тэрмін захоўвання прадуктаў. Ці антыкарыесныя кампаненты — ешце цукеркі, колькі жадаеце, зубы будуць цэлыя. Па гэтым жа прынцыпе выраблены асвяжальныя пласцінкі, якія рассмоктваюцца, для поласці рота. Яны заменяць жавальную гумку.

Асартымент прадуктаў, якія можна ўпакаваць у ядомую плёнку, вельмі разнастайны. Напрыклад, пакецікі з чаем і вострымі прыправамі, якія раствараюцца ў гарачай вадзе. Калі мы купляем спецыі ў буйной расфасоўцы і часта чэрпаем іх лыжачкай з пакета ці слоіка, водар часткова выветрываецца. Герметычная парцыённая ўпакоўка дазваляе пазбегнуць гэтага. Прыправы і масла да вермішэлі тыпу «Ролтана» таксама вельмі зручна адразу заліць кіпенем, не раскрываючы празрыстыя «падушачкі», якія цалкам раствараюцца.

Вермішэль з дабаўкамі ў раствавальных пакеціках.

— Вялікую цікавасць у пчаляроў выклікалі маленькія порцыі мёда, запячатаныя ў ядомую плёнку, — кажа Дзмітрый Грыншпан. — Іх можна падаваць да чаю ў цягніках, самалётах і нават на касмічным караблі.

Аднаразовыя порцыі мёда.

— Ці можа ядомая плёнка ўжывацца яшчэ ў якіх-небудзь сферах, акрамя харчовай?

— У фармацэўтыцы, медыцыне. Можна, напрыклад, уносіць у яе дозы некаторых лекавых прэпаратаў і даваць пацыентам рассмоктваць. Спатрэбіцца такая плёнка і для лячэння жывёл. Хітры сабака абавязкова паспрабуе выплюнуць таблетку, якую вы засунеце яму ў пашчу. Але пазбавіцца ад прыліплай да языка плёнкі з лекамі ў яго не атрымаецца.

— Дзе выраблены доследныя ўзоры для вашай лабараторыі?

— На Барысаўскім заводзе палімернай тары «Поліміз». Па нашых запытах сканструявалі эксперыментальную прамысловую ўстаноўку з 50-літровым рэактарам для растварэння крухмалу. На гэтым абсталяванні былі паспяхова выраблены першыя рулоны палімернай ядомай плёнкі.

— Які сабекошт такой прадукцыі?

— Яна ў пяць разоў даражэй за поліэтылен. Зразумела, што наўрад ці хтосьці стане закупляць яе асобна. Таму прадпрыемствам харчпрама мэтазгодна адразу наладзіць выпуск сваіх прадуктаў у ядомай плёнцы. Іншы рацыянальны варыянт — холдынг з двух заводаў: адзін выпускае плёнку, іншы ўпакоўвае ў яе прадукты. Тады, напрыклад, вермішэль хуткага гатавання з дабаўкамі ў растваральных пакеціках падаражэе ўсяго толькі на 5 % і будзе ў цэлым канкурэнтаздольнай у пакупнікоў.

Нашы цукеркі ў ядомай плёнцы.

— Ці ёсць сярод айчынных прадпрыемстваў жадаючыя наладзіць выпуск перспектыўнай безадходнай упакоўкі?

— Каб вынаходкі, якія з’явіліся на свет у лабараторыях, увайшлі ў паўсядзённы ўжытак, патрэбныя сур’ёзныя фінансавыя ўкладанні. Пакуль прапановы ад прадпрыемстваў да нас не паступалі. Але паглядзіце: агульнасусветная тэндэнцыя цяпер — паступовая адмова ад пластыку. Калі поліэтылен забароняць, якая будзе альтэрнатыва? Многія думаюць, што папяровыя пакецікі лепш, таму што яны лёгка раскладаюцца. Аднак працэс іх вытворчасці на цэлюлозным камбінаце надзвычай шкодны для навакольнага асяроддзя. Час пераходзіць на біяраскладальныя прыродныя палімеры.

***

Спадзяёмся, што ў нашай краіне хутка знойдуцца спонсары, зацікаўленыя ва ўкараненні ў вытворчасць і побыт гэтай карыснай упакоўкі.

Святлана ІШЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.