Вы тут

З рысамі балівудскай масалы


З рысамі балівудскай масалы

У Выдавецкім доме “Звязда” выйшла кніга Алёны Беланожкі “Зорка Ракхігархі” — авантурна-прыгодніцкая аповесць, якая друкавалася ў часопісе “Маладосць” як працяг “Чамадана з кракадзілавай скуры”. Віншуем аўтара і з нагоды выхаду кнігі даём тут аўтарскія развагі над творам (якія таксама прайшлі праз часопіс у час друкаванні твора на яго старонках).

Індыйскае сонца ў беларускім снежні, або Як правільна рабіць «масалу»

Калі разгортваеш новую кнігу, з першых старонак можна зразумець, што любіць аўтар і аб чым марыць.

Хто возьмецца чытаць «Зорку Ракхігархі», адразу зразумее, што аўтар фанацее ад — дыяментаў. О, так! Я люблю каменьчыкі. Я магу вельмі доўга і грунтоўна распавядаць, дзе знаходзяцца лепшыя радовішчы рубінаў, ізумрудаў і сапфіраў, якія формы агранкі камянёў існуюць, колькі каштуюць самацветы на сусветным рынку, як яны адрозніваюцца па чысціні, колеры, каратнасці. Я ведаю, якімі магічнымі і лекавымі ўласцівасцямі вызначаюцца розныя камні. Было б вельмі дзіўна, калі б у маёй аповесці не з’явіўся вельмі рэдкі дыямент неверагодных памераў з проста фантастычнымі характарыстыкамі. А калі вы раптам захочаце пацікавіцца, што за каменьчыкі ў мяне на пальчыках і ў завушніцах, то рызыкуеце выслухаць вельмі доўгі і падрабязны аповед аб тым, дзе я іх набыла (з выгаднымі зніжкамі!) і як цудоўна яны ўплываюць на мой жаночы лёс. І, вядома, падчас размовы вы даведаецеся, што адны з лепшых радовішч каштоўных камянёў знаходзяцца, акрамя Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі і Расіі, канешне, у Індыі.

Больш за тое, калі я буду ў добрым настроі, частка аповеду прагучыць на хіндзі. О, так — я абавязкова блісну сваімі ведамі, бо нездарма ж вывучаю хіндзі ў Індыйскім культурным цэнтры і лічу гэтую мову надзвычай прыгожай. А санскрыт — нібы карункі, тэкстам на санскрыце можна любавацца вечна. नमस्ते! आप कैसे हैं? सब ठीक है? (Прывітанне! Як вы? Усё ў парадку?) Так ужо адбылося, што я шчыра захапляюся Індыяй, багатай культурай гэтай казачнай краіны, яе старажытнымі эпасамі… і сучасным індыйскім кінамастацтвам. Балівуд дорыць людзям свята! Гэта сапраўдная фабрыка мрояў, феерыя фарб, сюжэтаў і страсцей! Дарэчы, індыйскія тэлешоу і серыялы балівудскім стужкам не саступаюць, а калі-нікалі нават пераўзыходзяць іх па якасці вытворчасці, музычным афармленні і касцюміраванні. Ведаеце, як называецца самы папулярны жанр кіно ў Балівудзе? Масала. Гэта выключна індыйскае жанравае вынаходніцтва, якое атрымала назву папулярнага ў Індыі напою. Масала — чай з малаком і спецыямі, добра завараны, церпкі, тлусценькі, салодкі, вельмі смачны! Дык вось, у кіношнай масале, як і ў напоі, намешана ўсяго патрошку: тут вам і меладрама, і камедыя, і гістарычны эпас, і трылер — усё ў адным, на што толькі хопіць фантазіі сцэнарыстаў і рэжысёраў. Гледачам падабаецца — можна паплакаць, пасмяяцца, паразглядаць ювелірна вырабленыя касцюмы і ўпрыгожванні, а калі-нікалі і жахнуцца з таго, што ўчыняе адмоўны персанаж. Эклектыка, якая ў паўтарамільярднай Індыі карыстаецца вялікім попытам.

Вось і «Зорка Ракхігархі», калі разглядаць яе жанравую прыналежнасць, атрымала некаторыя рысы балівудскай масалы. Вядома ж, я гэта зрабіла наўмысна, бо, шчыра кажучы, мне заўсёды крыху цеснавата ў рамках аднаго азначанага жанру: жыццё куды больш шматграннае, чым чыстая меладрама або камедыя. Трымаем раўненне на індыйцаў! Яны мудрыя, у іх старажытныя традыцыі — словам, ведаюць, што робяць.

Яшчэ чытачу «Зоркі Ракхігархі» будзе цяжка не заўважыць, што аўтар гэтага опуса захапляецца рознымі паранармальнымі, загадкавымі, патаемнымі рэчамі, сапраўдны сэнс і прызначэнне якіх губляюцца ў цемры стагоддзяў. Нават у цемры тысячагоддзяў. Адкуль тады ў аповесці ўзялася б ваджра — даўняя зброя багоў (пра якую, дарэчы, не дужа вядома, была яна зброяй ці чым-небудзь іншым, і ўвогуле, ці існавала яна насамрэч, або гэта чыстая прыдумка аўтараў эпасу «Махабхарата»)? І «Спадчына продкаў» гэтаксама не ўзнікла б у галаве такой пекнай паненкі, як я, на роўным месцы. Так, мяне цікавіць, што такое неверагоднае можна адшукаць у архівах сакрэтных структурных падраздзяленняў. Магчыма, што-небудзь прыйшлося б на карысць сучаснаму грамадству. Увогуле, калі вы шукалі шчырага прыхільніка розных «сакрэтных матэрыялаў» і «тэорый змоў» — прыемна пазнаёміцца! Таму што проста жыць і ведаць, што ўсё ў нашым жыцці ляжыць на паверхні, не мае ніякіх сакрэтных прызначэнняў, двайнога дна, скрытых сэнсаў і дзесяцітысячагадовай гісторыі — гэта вельмі сумна і не павучальна. Складана ісці наперад, калі ты не ведаеш, адкуль выйшаў і куды б не хацеў прыйсці…

Яшчэ я, як сапраўдная дзяўчынка, люблю баляванні. Але такія, сапраўдныя, каб шырокі крыналін, мігценне свячэй у кандэлябрах, іскры святла на дамскіх калье, кароны, пер’е паўлінаў, жывы аркестр… Напэўна, ёсць ува мне кропля шляхетнай крыві. Люблю ўяўляць сябе прынцэсай. Само сабою, у аповесці проста не магло абысціся без баляванняў. І без рыцараў. Хоць сама з’ява сярэднявечнага рыцарства ў дваццаць першым стагоддзі выглядае як абсалютны атавізм і шчыра мяне забаўляе, але ў адпаведных дэкарацыях рыцары выглядаюць цалкам адэкватна. Калі, канешне, не пачынаюць весці баі на пластыкавых бутэльках. Як мне падаецца, рыцар дваццаць першага стагоддзя павінен ўмець не толькі тачыць меч, граць на лютні і спраўляцца з канём. Да сучасных рыцараў — значна больш высокія патрабаванні. У тым ліку і інтэлектуальныя. Як, між іншым, і да сучасных высакародных паненак.

Хаця, буду шчырай, на мой погляд, чыста знешне, беларускім рыцарам, запакаваным у даспехі, вельмі далёка да герояў індыйскіх стужак. Ах, гэтыя карыя вочы, чорныя бровы, ах, гэтыя густыя вусы над сурова сціснутымі вуснамі! Дарэчы, ці ведалі вы, што індыйскім паліцэйскім даплочваюць грошы за тое, каб яны насілі вусы? Лічыцца, што мужчына з вусамі выглядае больш мужна. Чорныя бровы, белыя зубы — і я растаяла. Таму ў аповесці не абышлося і без супергероя-індыйца, які прыйшоў і ўсіх выратаваў. У лепшых традыцыях Балівуда. Напэўна, гэта мая мара з дзяцінства — каб прыйшоў супергерой-індыец і выратаваў мяне ад чаго-небудзь. І даў патрымаць сваю ваджру.

Дрэсіраваны бабёр. Тут складана патлумачыць, як ён нарадзіўся ў маёй галаве. Дакладней, складана патлумачыць, чаму менавіта бабёр, а не ліса або хахуля. Тое, што прышпільная жывёлка ўсё-ткі на старонках аповесці з’явіцца, я ведала з самага пачатку. Без жывёлкі, у лепшых сцэнарна-драматургічных кіношных традыцыях, ніяк нельга. Але жывёлка павінна быць з нацыянальным каларытам. Час дзеяння — снежань. Буслы зляцелі на курорты. Вожыкі спяць. Зубр — жывёліна занадта беларуская, але дужа нязручная ў плане транспартыроўкі і не вельмі пластычная. Рогі, капыты… Не, не зубр. Хто яшчэ з фаўны ў нас пражывае? О, я чытала, што ёсць у нас такая птушка, вяртлявая чаротаўка. Ажно восемдзесят працэнтаў усёй яе папуляцыі жыве на тэрыторыі Беларусі! Але ж, Бог ты мой, чаротаўка! Вяртлявая! Ну… хто ж яе, гэтую чаротаўку, ведае? Карацей кажучы, шляхам перабору і разваг застаўся адзін бабёр, якога давялося тэрмінова будзіць і вымаць з падводнай хаткі...

Вітаўт, Тахтамыш, Тамерлан. Вось тут, я вам прызнаюся, давялося крыху пакарпець, пачытаць інфармацыю, гістарычныя звесткі, каб было ад чаго адштурхнуцца. На маё дзявочае шчасце, Тамерлан сапраўды бываў у Індыі з паходамі. Праўда, мяркуючы па картах яго перасоўванняў, да Ракхігархі ён усё-ткі не дабраўся. Але быў вельмі-вельмі блізка ад гэтага старажытнага месца. І вось тут я шчодрым росчыркам пяра «накінула» на яго маршрут пару-тройку соцень кіламетраў і адправіла палкаводца туды, куды мне было патрэбна. І сюжэт сам выбудаваўся так, як мне было неабходна!

Масала, эклектыка, фарс. Можна называць па-рознаму, але сутнасць застанецца аднолькавай. Мне хацелася, каб аповесць атрымалася арыгінальнай, вясёлай, запамінальнай, сапраўды прыгодніцкай, на нацыянальным матэрыяле, але з экзатычнымі ноткамі. Каб у ёй было шмат колераў і адценняў, было дзе разгуляцца і фантазіі чытачоў, і алоўку мастака-ілюстратара. І каб з цягам часу яе можна было ператварыць у кінасцэнарый і зняць вясёлую прыгодніцкую стужку — у Беларусі і Індыі.

І цяпер аўтару застаецца толькі чакаць, якія з пастаўленых падчас стварэння аповесці мэт будуць дасягнуты.

Зычу ўсім сонечнага жыцця, яркіх прыгод і захапляльных адкрыццяў!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.