Вы тут

Ці праўда па Мірскім замку блукае прывід маленькай князёўны Сонечкі?


Вядома, у вандроўцы па містычных мясцінах Беларусі нельга абысці Мірскі замак... Сам выгляд ягоных магутных сцен з чорнымі вачніцамі байніц і чырванню цэглы ўспрымаецца як фон для здымак касцюміраваных фільмаў, з мячамі, шаблямі, стрэламі гармат... Дарэчы, для мяне так і стала — у Мірскім замку здымалі многія сцэны фільма па кнізе «Авантуры Пранціша Вырвіча» майго аўтарства, і менавіта па гэтым брукаваным дворыку ездзіла створаная на «Беларусьфільме» Жалезная Чарапаха — танк на паравым рухавіку па эскізах Леанарда да Вінчы. Тут па сігнале рэжысёра ўзрываліся ядры, стукаліся клінок аб клінок... А ўночы, у святле пражэктараў, па канаце, працягнутым высока над брукаванкай, ад акна да акна, караскаўся юны шляхціц Пранціш Вырвіч, выкрадаючы паланянку — прыгажуню Саламею Рэніч…


Праклятае возера

Вядома, кожнаму экскурсанту, які прыязджае сюды, расказваюць легенды пра мясцовых прывідаў. Абавязкова пакажуць на возера — яго, маўляў, загадаў выкапаць адзін з уладальнікаў замка, Мікалай Святаполк-Мірскі, а для гэтага давялося знішчыць квітнеючы сад, пасаджаны ранейшым арандатарам, Пуцятам...

Высякаць дрэвы ў квецені — грэх і дрэнная прыкмета... Сяляне адмаўляліся... Але сад усё ж быў знішчаны, і праклён лёг на створаны на тым месцы маляўнічы вадаём. Кожны год возера забірае ахвяр, і патануць у ім нібыта мусіць столькі людзей, колькі квітнеючых дрэў было ссечана. І адной з першых яго ахвяр аказалася дванаццацігадовая князёўна Сонечка. Яе пахавалі ў прыгожай капліцы, а паколькі капліцу ўвесь час затаплялі воды і рабавалі грабежнікі, дух Сонечкі паказваецца ў выглядзе Белай Дамы ў адной з вежаў замка.

Звычайна ў аповедах экскурсаводаў і шматлікіх «містычных» артыкулах у сеціве можна заўважыць некаторыя нестыкоўкі. Часта Сонечку называюць дачкой Мікалая Святаполк-Мірскага, радзей — унучкай. Сустракала і азначэнне «ўладальніца замка», што з прычыны дванаццацігадовага ўзросту князёўны выглядае дужа сумніўна.

Што ж хаваецца за легендай, якія гістарычныя факты?

Хто такая Сонечка?

Адразу скажу, што ў Мікалая Святаполк-Мірскага дачок не было, у радаводзе значацца сем сыноў. І яшчэ адзначу, што род Святаполк-Мірскіх да Мірскага замка да канца XІX стагоддзя дачынення не меў, хоць і мае беларускія шляхецкія карані. Проста генерал ад кавалерыі, вайсковы наказны атаман Войска Данскога Мікалай Святаполк-Мірскі з задавальненнем скарыстаўся магчымасцю набыць замак, які можна выдаць за ўласны маярат з прычыны супадзення прозвішча. Замак прадала княгіня Марыя Гагенлоэ-Шылінфюрст, якой ён дастаўся ў спадчыну ад брата, Пятра Вітгенштэйна, а той атрымаў замак ад сына Льва, а апошняму замак дастаўся ад жонкі, Стафаніі Радзівіл.

Затое ў аднаго з сыноў Мікалая Святаполк-Мірскага, Івана, сапраўды была дачка Сонечка, якая памерла ў 12-гадовым узросце. У аповедзе расійскай пісьменніцы Наталлі Рамодзінай так апісваецца гасцяванне ў Мірскім замку: «У гаспадароў замка нядаўна скончылася жалоба: маладая жонка другога сына старога князя, Варвара Міхайлаўна, хуткім чынам памерла, пакінуўшы сіратой гадавалую дачку з дзіўным імем Кіра. Усе ў маёнтку ведалі, што з прыўкраснай палячкай Іван павянчаўся таемна, знаходзячыся ў Варшаве, а родныя не прызналі гэтага шлюбу. Іван быў яшчэ занадта малады для сямейнага жыцця. Несуцешны ўдавец, Іван Мікалаевіч, 25 гадоў ад нараджэння, вінаваціў свайго бацьку ў тым, што той шэсць гадоў таму загадаў высечы шыкоўны яблыневы сад у квецені. Паводле падання, ссячы квітнеючае дрэва — значыць загубіць бязвінную душу. Па маёнтку хадзілі чуткі, што нібыта Мікалаю Іванавічу з'явілася адна з даўно памерлых (не сваёй смерцю) насельніц Мірскага замка і прадказала, што кожны год у маёнтку будуць ахвяры.

Варвара Міхайлаўна, лічыў Іван Мікалаевіч, стала адной з такіх ахвяр. Але гучна заяўляць пра тое бацьку — гэта сярод дваран лічылася «не камільфо», таму Іван Святаполк-Мірскі сычэў скрозь зубы, паглядаючы спадылба».

Не ведаю, якая тут доля аўтарскай фантазіі, але Іван Святаполк-Мірскі сапраўды рана ажаніўся, таемна павянчаўшыся ў Варшаве з чытальніцай адной старой княгіні, то-бок фактычна служанкай, прыгажуняй Барбарай Рудавай. Іх дачка Кіра пражыла доўгае жыццё, яна памерла ў 1968 годзе, пакінуўшы нашчадкаў. Барбара памерла ў Варшаве хутка пасля нараджэння дачкі, таму невядома, ці лічыў Іван датычным да яе смерці праклён Мірскага замка. Тым больш што праз чатыры гады пасля смерці Барбары ён, афіцэр кавалерыі, ажаніўся ў Новачаркаску з Надзеяй Васілеўнай Энгельгард. Відавочна, што гэта сваячка ягонай бабулі па маці Соф'і Энгельгард. Жылі яны ў сваім маёнтку пад Жытомірам, прыязджалі ў Мір гасцяваць... Менавіта там, у Жытоміры, нарадзілася ў іх пяцёра дзяцей, старэйшае — Сонечка. Год яе нараджэння — 1901, год смерці — 1913. Яе астанкі і сапраўды ў капліцы Мірскага замка, якую па загадзе бабулі Сонечкі, Клеапатры Міхайлаўны, пабудавалі ў 1910-м.

Захаваліся дакументы, якія сведчаць аб тым, што Соф'я Святаполк-Мірская была пахаваная ў гэтай капліцы 3 мая 1913 года. Няўжо князёўна і праўда патанула ў возеры каля сцен Мірскага замка? Але дакументы з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі пра яе пахаванне сведчаць, што дзяўчынка патанула ў Балгарыі — напэўна, сям'я знаходзілася там на адпачынку. Труну прывезлі на станцыю Замір'е, дзе правялі паніхіду святар Хлябцэвіч і дыякан Занцэвіч, потым жалобная працэсія адправілася ў Мір, дзе маленькая нябожчыца спачыла ў радавым склепе.

Вядома, варта яшчэ пераправерыць, але, падобна, князёўна сапраўды патанула, хоць і далёка ад дому...

Дарэчы, шлюб Івана і Надзеі Энгельгард распаўся, яны развяліся ў 1915-м, Іван пераехаў у Мір.

На праклён спісвалі і смерць Клеапатры Міхайлаўны — яна лягла ў збудаваную ёю капліцу ў 1910-м, і самога Мікалая Святаполк-Мірскага, які памёр яшчэ ў 1898-м. Хаця ягоныя 65 гадоў на той час — узрост дастаткова паважны, каб не лічыць смерць заўчаснай. Астанкі чалавека, які ссек яблыневы сад, таксама былі перапахаваныя ў капліцы.

Дык ці праўда па Мірскім замку блукае прывід маленькай князёўны Сонечкі?

Мне здаецца, каб адшукаць падставу змрочнай легенды, варта паглыбіцца далей у часе, да першых уладальнікаў і будаўнікоў замка, Іллінічаў.

Нядружная сямейка Іллінічаў

Замак абавязаны свайму з'яўленню Юрыю Іванавічу Іллінічу.

Кажуць, менавіта яго і ягоных чатырох сыноў сімвалізуюць магутныя замкавыя вежы.

Сустрэла дзіўную версію, нібыта на будаўніцтве замка настаяла жонка старэйшага сына Юрыя Іллініча Івана, дачка князя Слуцкага Ганна, у якую нібыта быў закаханы ейны свёкар. Тая міфічная Ганна Слуцкая мела княжацкія амбіцыі, а для таго, каб сям'я Іллінічаў, часткай якой яна стала, таксама магла прэтэндаваць на статус княжацкай, патрэбны быў замак.

Думаецца, каханне да нявесткі — домысел, Юрый Іллініч і сам спаў і сніў сябе князем. Таму і ўклаў усе запасы ў будаўніцтва замка, у тым ліку давераныя яму каралём Жыгімонтам «10 тысяч залатых вугорскіх чырвоных» памерлага падскарбія Аўрама Езафовіча.

Зрэшты, справа з тымі дукатамі дужа заблытаная — ці то пазыка была, ці нахабнае прысвойванне... Але дакладна ў гісторыі зафіксавана, што адносіны Юрыя Іллініча з сынамі былі вельмі напружаныя. Прынамсі, калі ён паміраў, завяшчаў распараджацца сваёй маёмасцю «экзекутарам», давераным асобам. А сыны маглі скарыстацца спадчынай толькі пасля таго, як выплацяць свае даўгі. Старэйшы сын Іван, у жонку якога нібыта быў закаханы Юрый, увогуле быў пазбаўлены спадчыны, «иж он мне отцю своему жалости и прикрости великие чинил».

Пасля смерці Юрыя сыны так апантана пачалі біцца за ягоныя багацці, што... забыліся пахаваць бацьку. У шляхты, дарэчы, доўгія пахаванні былі справай звычайнай, цела нябожчыка бальзамавалі і ўчынялі працяглыя пышныя провады... Вялікага гетмана Радзівіла Рыбаньку сын, Пане Каханку, гэтак хаваў цэлы год, поячы-кормячы цэлае княства. Але тут справа была іншая. Давялося ўмешвацца каралю, каб прымусіць спадчыннічкаў успомніць пра абавязкі сыноўскія.

Вядзьмарка Навіцкая

Другі сын, Мікалай, памёр у наступны год пасля смерці бацькі. І ўладальнікам замка зрабіўся сярэдні сын, Станіслаў. Чатыры гады ён валодаў замкам, а потым быў атручаны проста за бяседным сталом. У некаторых крыніцах гаворыцца, што гэта было ягонае вяселле. За следства ўзяліся старэйшы брат Іван і малодшы, Шчасны. Хутка знайшлі і вінаватага: жонку сотніка па прозвішчы Навіцкая. Нібыта яна раней знаходзілася ў свіце жонкі Івана.

Каб усё было праўдападобна, няшчасную Навіцкую абвінавацілі ў вядзьмарстве. Здабылі і прызнанне: «Без жадного каранья, сама вызнала, иж она з направы некоторых неприятелей своих трутизну п(а)ну Станиславу дала, якъ он у ихъ дому на учсте был...»

Чула жаласлівую гісторыю, што Навіцкая была закаханая ў князя Станіслава, які стаў яе палюбоўнікам... А магчыма, ён яе згвалціў, і яна адпомсціла. Але, думаю, сапраўднасць больш празаічная — грошы і змаганне за маёмасць «некоторых непріятелей», і ці не братоў шчаслівага ўладальніка замка?.. Па патрабаванні Івана і Шчаснага «ведзьму» Навіцкую Наваградскі трыбунал асудзіў да спалення на вогнішчы, што надзвычай рэдка практыкавалася ў Вялікім княстве Літоўскім.

Дарэчы, пасля пакарання Навіцкай Фелікс Шчасны атрымаў ва ўладанне замак, а старэйшаму брату, Івану, кароль вярнуў права на спадчыну, і той забраў іншыя ўладанні. Гісторык Андрэй Янушкевіч, які даследваў гэтую гісторыю, дадае: «Страціўшы жонку, Навіцкі патрабаваў ад гаспадара спагнаць са Шчаснага Юр'евіча Іллініча галоўшчыну, аднак Жыгімонт Стары 28 кастрычніка 1533 г. таго цалкам апраўдаў».

У Шчаснага, які сканцэнтраваў у сваіх руках усё багацце роду, быў адзіны сын. Ён памёр бяздзетным, пакінуўшы Мірскі замак стрыечнаму брату Радзівілу Сіротку.

Прывід спаленай Навіцкай можа блукаць па галерэях Мірскага замка ці, напрыклад, лётаць у выглядзе белага голуба... А Сонечка Святаполк-Мірская? Што ж, фантазію абмежаваць немагчыма, а муры старажытнага замка здольныя змясціць шмат, вельмі шмат легендаў, паданняў і... зданяў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Князёўна Сонечка альбо атручвальніца Навіцкая?

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік