Вы тут

Байкер з васьмідзясятых сабраў калекцыю савецкіх матацыклаў


Як ні дзіўна, але аб цікавай экспазіцыі даведалася выпадкова. А між тым аграгарадок Парэчча, дзе жыве Генрых Дзітко, лічу сваёй другой радзімай. Тут прайшлі самыя лепшыя школьныя гады. Дарэчы, дом калекцыянера таксама знаходзіцца на вуліцы Школьнай. І, уявіце сабе, за ўвесь гэты час амаль ніхто не ведаў, што ў вялікім ангары былога інжынера знаходзіцца незвычайная калекцыя матацыклаў амаль усёй савецай эпохі. Дык чаму яны не могуць стаць музейнай экспазіцыяй? З гэтым і іншымі пытаннямі накіравалася ў госці да Генрыха Адамавіча.


У душы і на «Яве»

Як аказалася, Генрых Дзітко — колішні байкер. У маладосці ён ганяў на «Яве», што па мерках 80-х гадоў было даволі прэстыжна. І хоць чэшскія матацыклы былі не танныя, малады інжынер набыў гэту тэхніку, калі пасля інстытута працаваў на МТЗ. Пераехаўшы ў Гродна, стаў удзельнічаць у аўтапрабегах. Тады былі папулярныя розныя турыстычныя вандроўкі — пешшу альбо на ровары, сплавы на байдарках. Генрых Адамавіч увайшоў у групу матацыклістаў.

— Гэта быў канец 70-х — пачатак 80-х гадоў. Тады яшчэ не было такога слова — «байкер». Але мы таксама вандравалі. Збіраліся групы маладых хлопцаў па 10-12 чалавек. Ездзілі па маршрутах мінулай вайны — у Брэсцкую крэпасць, Хатынь, Мінск. Выязджалі на Дзень Перамогі. Праўда, не так яскрава, як ездзяць байкеры цяпер, але таксама было даволі відовішчна, — успамінае суразмоўца.

Такія паходы  доўжыліся ад некалькіх дзён да тыдня. Бралі з сабой палаткі. Пасля прабегу група атрымлівала турыстычную катэгорыю ў залежнасці ад кіламетражу. Прычым такі мотапрабег праходзіў арганізавана, а вось тэхніка была ў кожнага свая, у асноўным ездзілі на «Явах». Па словах Генрыха Адамавіча, асабістых працяглых вандровак было мала, ехаць на мора, напрыклад, было нязручна. Звычайна ездзілі па «беларускім коле».

— Цяпер байкеры ездзяць на крутой тэхніцы, у мяне такой няма. І я не ставіў сабе мэту набыць такі байк. У мяне іншае захапленне — сабраць калекцыю матацыклаў, што выпускалі савецкія заводы, на якіх ездзіла наша насельніцтва і якія «працавалі» на гаспадарку, — гаворыць Генрых Дзітко і расчыняе дзверы свайго гаража.

Ад «Урала» да «Мурашкі»

Здаецца, што ў памяшканні безліч матацыклаў. На самай справе іх каля трыццаці. А ўражанне масавасці ствараюць матацыклы з каляскамі, і такіх тут нямала. Вось, напрыклад, магутны «Урал». Іх выпускаў расійскі завод «Ірбіт». Завод існуе і цяпер, але выпускае ў асноўным дарагія матацыклы, якія ідуць на экспарт, тлумачыць калекцыянер. У яго ёсць два «Уралы». Даволі ўмяшчальная каляска — тут спакойна могуць сесці два чалавекі. Такі матацыкл быў вельмі зручны ў гаспадарцы. У калясках вазілі і збожжа, і бульбу, і дровы... Яшчэ адным памочнікам быў матацыкл «Мурашка». Яго выпусцілі тульскія вытворцы. І хоць гэта быў лёгкі мотаролер, ён мог перавозіць да 250 кілаграмаў грузу ў прычэпе.

А вось чорны «Днепр». Іх выпускаў кіеўскі завод. Тут сабраныя матацыклы, якія выпускалі заводы ў савецкі час і краінамі СЭУ — Польшчы, Германіі, Венгрыі, Чэхаславакіі. Напрыклад, венгерскі чорны матацыкл Раnnanonіa Генрых Дзітко набыў адным з першых. Праўда, каляску асобна. Паасобку купіў і «Яву» з каляскай. На той час гэта быў адзін з самых хуткасных матацыклаў. А вось самымі папулярнымі ў насельніцтва былі «Іж» і «Днепр». «Іж-49» — адзін з першых экзэмпляраў калекцыі і самы «ўзроставы». У масавую вытворчасць Іжэўскі завод запусціў гэту тэхніку ў 70-я гады, але ў вясковым гаражы знаходзіцца экзэмпляр сярэдзіны 50-х. Калекцыянер звяртае ўвагу, што матацыкл па форме нагадвае японскую «Хонду». А вось прызначэнне матацыклы збольшага мелі практычнае. Прамысловасць была скіравана на тое, каб мадыфікаваць тэхніку пад патрэбы гаспадаркі.

— Вось гэты сіні «Іж» з каляскай дастаўся, можна сказаць, у спадчыну. Яго мы з братам купілі, калі я прыйшоў з арміі. Тады мы з ім паехалі на рынак і набылі для бацькі ў вёску гэты матацыкл. І столькі на ім усяго перавезлі! Ён доўга працаваў, а цяпер на «заслужаным адпачынку», — усміхаецца суразмоўнік.

Пазней удалося набыць матацыкл «Іж» — «Планета-5». Гэта адзін з апошніх матацыклаў Іжэўскага завода, але яго прадавалі без каляскі, замест яе — дошкі. На гэтай платформе, відаць, вазілі грузы.

— Тады менш было машын, а вяскоўцы набывалі ў асноўным матацыклы. І па сельскіх дарогах на іх зручней ездзіць, і па цане даступныя. Калі аўтамабіль каштаваў пяць тысяч рублёў, матацыкл — 400-500 рублёў. І на дачы потым сталі ездзіць, — распавядае Генрых Дзітко.

У калекцыі прадстаўлены матацыклы ўральскага, кіеўскага, тульскага, серпухоўскага, каўроўскага, іжэўскага заводаў. З беларускіх — два віды матацыклаў «Мінск», а ўсяго тут выпускалі дзесяць відаў. Дарэчы, у Гродне была зладжана вытворчасць матацыклаў «Нёман». Гэта былі лёгкія мотаролеры, і іх было няшмат.

Мясцовы калекцыянер марыць сабраць поўныя лінейкі розных мадэляў савецкіх матацыклаў. Некаторыя мадэлі набыць цяжка з-за іх абмежаванага выпуску і дарагога кошту. Між тым калекцыя папаўняецца. Летась Генрых Адамавіч купіў яшчэ адзін «Іж» і «Яву» — менавіта тых мадэляў, якіх не было.

«Гэта не проста жалеза...»

Многія экспанаты набываліся ў даволі дрэнным стане. Большасць з іх стаяла ў прыбудовах ці проста на падворках. Вядома, пры эксплуатацыі яны выглядалі не так, а калі гаспадары пераселі на машыны, матацыклы аказаліся непатрэбныя. Таму амаль усе прыйшлося абнаўляць: рамантаваць, фарбаваць. У гэтай справе калекцыянеру дапамагае і жонка. На трэці экспанатаў калекцыі пры жаданні можа ездзіць. Аднак Генрых Адамавіч не спяшаецца даць ім другое жыццё. Абслугоўванне такой тэхнікі патрабуе значных затрат, да таго ж, у калекцыянера іншая мэта. Ён імкнецца паказаць моладзі тэхнічную спадчыну савецкага перыяду, тых часоў, калі матацыклы былі памочнікамі ў гаспадарцы, працаўнікамі, сябрамі.

— Гэта не проста жалеза. Над стварэннем гэтай тэхнікі працавалі нашы бацькі і дзяды, але, на жаль, яна знікае, таму яе хочацца захаваць. Каб моладзь убачыла гэтых тэхнічных памочнікаў, бо цяпер матацыклы робяць больш для моладзі, для вандровак, для хуткасці, — тлумачыць калекцыянер. І нагадвае, што гэта хобі для душы.

Хобі, як вядома, не абыходзіцца без затрат. Наколькі гэта накладна? Генрых Дзітко не лічыць, што занадта дорага. Канешне, кожны экспанат чаго-кольвек каштуе. Але калекцыя збіралася не год-два, а цэлую чвэрць стагоддзя. Многія экспанаты былі ў такім стане, што гаспадары з радасцю аддавалі іх за 100-150 долараў.

А як наконт музея?

Прызнацца, гэтае пытанне не магло не цікавіць. Здаецца, для прыватнага музея ёсць усе ўмовы. Па-першае, даволі прасторны і з густам абсталяваны «ангар». Тут нават падлога з дрэва, як у аграсядзібах, ды і само памяшканне ў такім жа стылі. Па-другое, наяўнасць унікальных экспанатаў. Ды і цікаўнасць да гэтай тэхнікі ёсць. Сюды прыходзяць на экскурсію школьнікі, нават прыязджаюць з іншых гарадоў. Вядома, цікавяцца байкеры.

Генрых Дзітко ведае, што музей матацыклаў ёсць, напрыклад, у польскім Беластоку. У нас такіх музеяў, відаць, пакуль няма. Хоць асобныя калекцыянеры, канешне, ёсць. Некаторыя займаюцца рэканструкцыяй рэтраматацыклаў, якія выпускаліся ў 30-я гады. У Мінску нават праводзіцца адпаведны фестываль.

За музейную справу Генрых Дзітко ўзяцца пакуль не гатовы. І час на гэта патрэбны, і фармальнасцяў шмат... Да таго ж калекцыянер сумняваецца, ці будзе гэта цікава шырокаму колу людзей. Маўляў, спецыфічныя экспанаты. Ды і турызм на мясцовым узроўні не вельмі развіты.

І ўсё ж, здаецца, для аграгарадка такі музей можа быць даволі прэстыжным аб'ектам. Парэчча знаходзіцца на добрым транзітным шляху, тут працуе санаторый, ёсць нямала турыстычных баз. Людзі маглі б зацікавіцца тэхнікай, якая, магчыма, была ў іх сем'ях. Моладзь атрымае магчымасць параўнаць тое, што было раней, з сучаснай тэхнікай. Бо дзе яшчэ ў нас можна ўбачыць столькі рэдкіх экзэмпляраў матацыклаў у адным месцы?..

У тэму

У Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры паведамілі, што прыватных музеяў у раёне няма. А вось у Гродне іх два. Абодва прадстаўляюць прадметы хатняй гаспадаркі. Уласнік музея прасаў расказаў, што ён аформіў сваю ўстанову як індывідуальны прадпрымальнік, плаціць падаткі ў 5 % з абарачэння. Перад упраўленнем культуры ніякай справаздачы не мае. Затое ёсць дамоўленасць з 15-ю дзяржаўнымі арганізацыямі. І хоць праект камерцыйны, як кажуць у музеі, ён трымаецца ў асноўным на энтузіязме.

Маргарыта Ушкевіч

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск. 

Грамадства

Справы жыццёвыя, ці ўсё пра будаўніча-тэхнічную экспертызу

Справы жыццёвыя, ці ўсё пра будаўніча-тэхнічную экспертызу

Даволі часта грамадзяне сутыкаюцца са спрэчнымі сітуацыямі ў побыце.