Вы тут

100 гадоў таму Якуб Колас вярнуўся ў Беларусь з Куршчыны


2021 год з'яўляецца знакавым для Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. У 1921 годзе паэт разам з сям'ёй вярнуўся з Куршчыны (Расія), дзе быў у эвакуацыі падчас Першай сусветнай вайны.


— Пагадзіцеся, што ўнёсак народнага песняра ў развіццё беларускай мовы і літаратуры, навукі, нацыянальнай культуры каласальны, — дзеліцца сваімі разважаннямі дырэктар музея Аляксандр ХРАМЫ. — І цяжка ўявіць, што б наша Бацькаўшчына страціла, калі б пісьменнік застаўся на чужыне. Прыемна, што ўжо ў студзені мы пачынаем рэалізоўваць цэлую праграму з самых розных мерапрыемстваў. Па-першае, 14 студзеня правядзём прэзентацыю кніг Якуба Коласа, якія выдалі намаганнямі музея ў апошні час, — а гэта паэмы «Міхасёвы прыгоды», «Рак-вусач», кніга вершаў, адрасаваных дзецям. Па-другое, ў музеі была адкрыта выстаўка графічных твораў таленавітай мастачкі Алесі  Жыткевіч да 85-годдзя з дня выхаду ў друк паэмы «Міхасёвы прыгоды». Дарэчы, гэтыя работы сталі ілюстрацыямі да кніг, якія мы толькі што выдалі. Спадарыня Алеся прыняла рашэнне падарыць сваю кніжную графіку ў фонды музея.

Яшчэ адзін юбілей — 95 гадоў з дня нараджэння малодшага сына песняра, Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча, — 31 студзеня 2021 года. І гэтая дата таксама будзе адзначана ў музеі. Так супала, між іншым, што ў самым пачатку сёлетняга студзеня ў зборы Коласаўскага музея ўнучка паэта Вера Данілаўна Міцкевіч перадала «Міхасёвы прыгоды» 1935 года выдання з аўтографам беларускага класіка вядомаму рускаму пісьменніку-марыністу, аўтару «Цусімы» Аляксею Сілычу Новікаву-Прыбою. Вера Данілаўна ў свой час атрымала кнігу ад родных рускага празаіка. Дарэчы, паэма — 94-е па ліку выданне з коласаўскім аўтографам у зборах музея.

— Запрашаем усіх цікаўных да жыцця і творчасці Коласа ў наш музей, — гаворыць Аляксандр Храмы, — 14 студзеня а 12-й гадзіне. Нагадваем наш адрас: Мінск, вуліца Акадэмічная, 5.

Мікола Берлеж

Загаловак у газеце: Да юбілеяў — і музейныя здабыткі

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.