Вы тут

Як працуе віцебская «хуткая»?


Ці паўплывала летась пандэмія на колькасць выклікаў «хуткай»? Колькі тэлефануюць у навагоднюю ноч? А як выклікаць медыкаў... глуханямому? Гэтымі пытаннямі наш карэспандэнт напярэдадні свят пацікавіўся на Віцебскай гарадской станцыі хуткай і неадкладнай дапамогі.


Налета 7 лістапада будзе святкавацца 100-я гадавіна дзейнасці «хуткай». Дарэчы, гістарычная паралель: тады таксама была эпідэмія, толькі халерная (аб'явілі 29 ліпеня 1922 года, а ліквідавалі 4 кастрычніка). На той час у Віцебску жыло 80 тысяч чалавек, сёння — каля 364 тысяч.

7 лістапада 1922-га, да пяцігадовага юбілею рэвалюцыі, пры бальніцы былога Чырвонага Крыжа быў адкрыты пункт хуткай дапамогі. Знаходзіўся ён на цяперашняй вуліцы Дзімітрова. Разам з дзяжурным урачом працаваў санітар, у абавязкі якога ўваходзілі адказы на тэлефонныя званкі, арганізацыя прыёму хворых. У 1925—1926 гадах працавалі ўжо пяць урачоў, тры тэлефаністы, санітар і тры рамізнікі.

Станцыя «хуткай» знаходзіцца каля аўтавакзала, недалёка ад чыгуначнага. Можна сказаць, «элемент брамы горада». У гэтым будынку калісьці была яўрэйская бальніца для беднякоў.

Паводле слоў галоўнага ўрача Віцебскай гарадской станцыі хуткай і неадкладнай дапамогі Віктара Гоманава, пандэмія не стала прычынай для рэзкага росту выклікаў. Для параўнання, калі пазалетась па дапамогу выязджалі штомесяц каля 12,5 тысячы разоў, то летась — 13,2 тысячы.

На першым паверсе будынка станцыі нас з фотакарэспандэнтам запрасілі туды, дзе прымаюць званкі патэнцыйных пацыентаў. Фельчары па прыёме і перадачы выклікаў, калі быў час па-за работай, трохі расказалі пра нюансы. Звычайна іх на змене па шэсць.

Паколькі мы мелі стасункі напярэдадні навагодняга свята, яны расказалі пра асаблівасці ночы з 31 снежня на 1 студзеня. Сказалі, што традыцыя — першыя дзесяць хвілін цішыні ў чарговым годзе. Потым тэлефануюць і расказваюць, што нешта здарылася: выпаў з акна, апёкі атрымаў ад піратэхнікі, пабіўся з госцем... У глуханямых, аказваецца, ёсць магчымасць выклікаць «хуткую» пры дапамозе СМС-паведамленняў.

Прыкладна трэць выездаў — звароты з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. 17,5 % — праблемы з органамі дыхання, на трэцім месцы — траўмы, атручванні, потым — псіхічныя захворванні. Наконт апошніх, у Віцебску толькі адна спецыялізаваная брыгада. І «галоўны» ў ёй не тэрапеўт, а псіхіятр-нарколаг. У сумачцы гэтага медыка ёсць дадатковыя лекавыя сродкі, каб супакоіць агрэсіўнага пацыента. І ніякіх наручнікаў, уціхамірвальных кашуль, тым больш балончыкаў з газам. Усё гэта выдумкі. Дзяцей абслугоўваюць педыятрычныя брыгады.

У Віцебску людзям дапамагаюць 34 «хуткія». У Полацкім раёне — 9, Наваполацку — 10, Аршанскім раёне — 14. Усё залежыць ад колькасці насельніцтва. Але ў кожным раёне ёсць спецыялізаваная брыгада «хуткай». Калі трэба, медыкі суседзям дапамагаюць. Калі адлегласць перавышае 50 кіламетраў, дзейнічаюць падстанцыі, напрыклад, у Віцебскім раёне — у гарадскіх пасёлках Суражы і Янавічах, былых райцэнтрах, дарэчы.

Былі выпадкі, калі і ў суседнюю Расію прыязджалі, каб дапамагчы тым, хто пацярпеў, напрыклад у ДТЗ, надзвычайных сітуацыях. Цікава было ўбачыць картку з «фішкамі» — такім чынам раней адзначалі дзе знаходзяцца брыгады. Было вельмі складана кіраваць шляхамі руху аўто. У стагоддзе інтэрнэту ўсё прасцей.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Алега Клімовіча

Загаловак у газеце: Едзе «хуткая» на выклік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.